Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай адмяніў перамовы з Пэнтагонам па пытаньнях бясьпекі


Кітайскія ўлады адмянілі заплянаваныя на кастрычнік перамовы па бясьпецы зь міністрам абароны ЗША Джэймсам Мацісам. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка ЗША.

Гэта адбылося празь некалькі дзён пасьля таго, як у Пэкіне заявілі пра адсутнасьць падстаў для хваляваньня з нагоды напружанасьці, якая ўзьнікла ў адносінах паміж краінамі, тлумачыць агенцтва. Пра тое, што менавіта стала прычынай адмены перамоваў, не паведамляецца.

У апошні час паміж Вашынгтонам і Пэкінам паўстала шмат спрэчных пытаньняў. Вашынгтон увёў мыта на кітайскія тавары на суму 250 мільярдаў даляраў. Нядаўна ЗША ўвялі супраць Кітаю санкцыі за куплю расейскага ўзбраеньня. Амэрыканскі флёт рэгулярна курсіруе каля спрэчных выспаў, якія Пэкін лічыць сваёй сувэрэннай тэрыторыяй.

На мінулым тыдні ва ўрадзе КНР заявілі, што Кітай не дазволіць Амэрыцы ўжываць да яго «шантаж» і «ціск» у эканамічнай сфэры.

На мінулым тыдні прэзыдэнт Дональд Трамп абвінаваціў Пэкін у спробе ўмяшацца ў парлямэнцкія выбары з тым, каб перашкодзіць рэспубліканцам захаваць большасьць месцаў у Кангрэсе і тым самым спыніць гандлёвую палітыку Трампа. Кіраўнік Белага дому не прадставіў доказаў сваіх сьцьвярджэньняў. У Пэкіне адкінулі абвінавачваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG