Кітай увёў санкцыі супраць ЗША і шэрагу няўрадавых арганізацый са штаб-кватэрай у ЗША. У паведамленьні МЗС КНР гаворыцца, што гаворка ідзе пра рэакцыю на «безадказныя паводзіны» з боку Вашынгтона і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Кітая ў сувязі з падзеямі ў Ганконгу.
Кітайскія ўлады маюць на ўвазе прыняты ў ЗША на днях закон аб абароне правоў чалавека і дэмакратыі ў Ганконгу, дзе ўжо больш за паўгода працягваюцца масавыя пратэсты супраць абмежаваньня аўтаноміі горада кітайскімі ўладамі.
Закон прадугледжвае ўвядзеньне санкцый у дачыненьні да кітайскіх і ганконскіх афіцыйных асоб, адказных за парушэньне правоў чалавека ў Ганконгу. Акрамя таго, ЗША ўвялі забарону на экспарт у Ганконг паліцэйскага абсталяваньня і тэхнікі, якія выкарыстоўваюцца для разгону дэманстрацыяў.
Улады Кітая з панядзелка прыпынілі разгляд запытаў на наведваньне Ганконга амэрыканскімі ваеннымі караблямі і самалётамі.
Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя супраць арганізацыяў Human Rights Watch, Нацыянальнага фонду дэмакратыі і Freedom House. Кітайскія ўлады абвінавацілі іх у падтрымцы пратэстаў у Ганконгу.