Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у Беларусі і ва Ўкраіне: праблемы аднолькавыя, падыходы розныя


Агітацыя да засьцярогі ад каранавірусу, Харкаў
Агітацыя да засьцярогі ад каранавірусу, Харкаў

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) прагназуе, што пандэмія каранавірусу можа завяршыцца толькі ў сярэдзіне 2022 году.

Цяпер па ўсім сьвеце ідзе другая хваля пандэміі, якая характарызуецца фактычна аднолькавымі тэндэнцыямі ў розных краінах: колькасьць новых выпадкаў павялічваецца, і захворваньне суправаджаецца больш цяжкімі ўскладненьнямі.

Свабода параўнала сытуацыю ў Беларусі і ва Ўкраіне, паводзіны грамадзян ва ўмовах эпідэміі і рэакцыю ўладаў на новыя выклікі.

Дэзынфэкцыя школы, Бараўляны пад Менскам, 2 траўня 2020 году.
Дэзынфэкцыя школы, Бараўляны пад Менскам, 2 траўня 2020 году.

Карантын, локдаўн і абмежаваньні

Украіна, як і большасьць эўрапейскіх краін, зь першай жа хвалі распаўсюду каранавірусу ў 2020-м увяла карантын. Ён будзе дзейнічаць да 28 лютага, а ў выпадку неабходнасьці яго падоўжаць.

За час эпідэміі Ўкраіна двойчы, хоць і з рознымі абмежаваньнямі, уводзіла гэтак званы локдаўн. У сакавіку 2020-га зачынілі ўсё, апроч аб’ектаў крытычнай інфраструктуры, а таксама закрылі межы. У студзені 2021-га — межы засталіся адкрытыя, працуе грамадзкі транспарт, а ў некаторых рэгіёнах мясцовыя ўлады адмовіліся закрываць дзіцячыя садкі і пачатковыя школы.

Паміж локдаўнамі ва Ўкраіне ўводзіліся часовыя абмежаваньні на дзейнасьць абʼектаў харчаваньня, а таксама карантын «выходнага дня», калі не працавалі вялікія гандлёвыя цэнтры і цэнтры для адпачынку.

Для кантролю за выкананьнем умоў ізаляцыі ва Ўкраіне вельмі хутка стварылі дадатак для тэлефонаў «Дій вдома».

Беларускія ўлады адрэагавалі на пандэмію абмежаваньнямі толькі ўвосень, папярэдзіўшы, што з 21 сьнежня забараняецца выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску.

Што праўда, многія палічылі гэтыя захады рэакцыяй на няспынныя пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Кавярні і рэстарацыі ў Беларусі пачалі зачыняцца ня толькі праз пандэмію, а і за ўдзел увосень у нацыянальным страйку.

Наглядная агітацыя на Палтаўшчыне
Наглядная агітацыя на Палтаўшчыне

Абавязковыя маскі

Ва Ўкраіне нашэньне масак у грамадзкіх месцах стала абавязковым ад пачатку пандэміі, з сакавіка 2020-га, а ў Беларусі — толькі летась у лістападзе.

У краінах і розныя захады кантролю за выкананьнем «маскавага рэжыму». У Беларусі пракуратура інспэктуе абʼекты абслугоўваньня і адукацыйныя ўстановы ды выносіць прадпісаньні аб ліквідацыі парушэньняў.

Ва Ўкраіне зь лістапада 2020 году дзейнічаюць штрафы за знаходжаньне ў грамадзкім месцы бяз маскі, а ад 16 студзеня штрафы будуць плаціць і ўласьнікі кампаній, калі іхны пэрсанал або кліенты будуць знаходзіцца ў памяшканьні бяз масак. Для грамадзян памер штрафу — да 9 даляраў у эквіваленце, а для юрыдычных асобаў — да 180 даляраў.

Але ў абедзьвюх краінах багата грамадзян ігнаруюць абмежаваньні — носяць маскі на падбародзьдзі і не захоўваюць рэкамэндаванай дыстанцыі.

Пэрспэктывы вакцынацыі

Ва Ўкраіне ўлады абяцаюць пачаць вакцынацыю ў лютым. Цяпер, як сьцьвярджае міністар аховы здароўя Максім Сьцяпанаў, вядуцца перамовы з усімі вытворцамі замежных вакцын, за выключэньнем расейскай. Але, нягледзячы на такую катэгарычнасьць уладаў, адна з харкаўскіх фармацэўтычных кампаній зьвярнулася ў Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны па рэгістрацыю расейскай вакцыны «Спутник V».

Пакуль што Ўкраіна чакае кітайскай вакцыны Sinovac Biotech — ужо заключаны кантракт, які будзе рэалізаваны толькі ў выпадку пасьпяховага завяршэньня трэцяй фазы клінічных дасьледаваньняў.

Гаворка аб 1,9 мільёна дозаў вакцыны. Яшчэ 8 мільёнаў дозаў Украіна чакае бясплатна па праграме COVAX ад Сусьветнай арганізацыі здароўя. Але нават такая дзейнасьць уладаў выклікае рэзкую крытыку грамадзкасьці і апазыцыі. Ва Ўкраіне застаецца дастаткова высокі ўзровень недаверу да любой вакцынацыі.

Беларусь абвясьціла аб пачатку вакцынацыі са студзеня 2021-га расейскай вакцынай «Спутник V». Яе зарэгістравалі, але пакуль што вакцына дайшла толькі да буйных РНПЦ. Парадак і месцы вакцынацыі абяцаюць вызначыць пасьля 20 студзеня.

Афіцыйная статыстыка

На 14 студзеня ва Ўкраіне каранавірусам перахварэлі 1 138 764 грамадзян, памерлі 20 376. Агульная колькасьць насельніцтва ў краіне — 41,9 мільёна чалавек. За апошнія суткі зарэгістравана 7925 новых выпадкаў і 162 сьмерці.

Усе рэгіёны Ўкраіны вядуць сваю статыстыку і публікуюць яе кожны дзень. Але нават пры такой празрыстасьці апазыцыя не давярае афіцыйнай статыстыцы, кажа, што ёю маніпулююць, каб прадэманстраваць эфэктыўнасьць захадаў, якія робіць урад.

За ўвесь час ва Ўкраіне не было такога, каб лякарні перапаўняліся.

Менская гарадзкая клінічная інфэкцыйная лякарня
Менская гарадзкая клінічная інфэкцыйная лякарня

Паводле беларускай статыстыкі, за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі перахварэлі 215 724 грамадзян і 1535 памерлі, пры агульнай колькасьці насельніцтва 9,4 мільёна. Рэгіянальнай статыстыкі не публікуюць. Але беларускія лекары прызнаюцца журналістам, што шпіталі перапоўненыя, а колькасьць памерлых у дзясяткі разоў перавышае афіцыйна абвешчаныя лічбы.

Як ва Ўкраіне ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі

Ва Ўкраіне прадстаўнікі прарасейскіх палітычных сілаў заяўляюць, што Беларусь павінна быць прыкладам у барацьбе з каранавірусам. Асобную ўвагу факусуюць на тым, што ў Беларусі захавалася сыстэма эпідэміялёгіі, якая дазваляе праводзіць якасныя расьсьледаваньні ланцужка заражэньняў і кантраляваць самаізаляцыю кантактаў, каб зьменшыць далейшы распаўсюд вірусу.

Колішняя міністарка аховы здароўя Ўкраіны Ўльляна Супрун, якая ва ўрадзе Пятра Парашэнкі намагалася правесьці мэдычную рэформу, ацэньвае дасягненьні Беларусі больш скептычна. Як яна адзначыла ў інтэрвію Эўрарадыё, «савецкая сыстэма аховы здароўя, якая дагэтуль існуе ў Беларусі, не дазваляе ўжываць найбольш актуальныя мэтады лячэньня, інтэнсіўнай тэрапіі, выкарыстоўваць новыя лекі і шляхі».

Улады ж Украіны не выказваюцца наконт мэтадаў барацьбы з каранавірусам у Беларусі.

Як у Беларусі ацэньваюць сытуацыю ва Ўкраіне

Беларускія ўлады перакананыя, што ва Ўкраіне сыстэма аховы здароўя цалкам зьнішчана. Менавіта гэта гучыць лейтматывам ва ўсіх публічных выступах Аляксандра Лукашэнкі. У сьнежні 2020 году, на сустрэчы з мэдыкамі ў Магілёве, ён заявіў, што ва Ўкраіне «няма ні лекаў, ні чарта няма, а лекары пачалі звальняцца». І тады ж запрасіў украінскіх мэдыкаў на працу ў Беларусь.

На беларускім тэлебачаньні ў навінавых праграмах ледзь ня штодня расказваюць пра вялікую колькасьць сьмерцяў ва Ўкраіне ад каранавірусу і пра тое, што мэдычная сыстэма не дае рады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG