Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маўчаць пра хваробу неэтычна». Як у штабе Ціханоўскай хварэлі на COVID-19


Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская
Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Франак Вячорка расказаў, як ён сам, Ціханоўская і паплечнікі перахварэлі на COVID-19, чаму важна адкрыта гаварыць пра гэта, як часта здаюць тэсты на  COVID-19, як мяняецца графік сустрэч і адкуль у каманды маскі з нацыянальнай сымболікай.

Сьцісла

  • Мы гэтым самым адрозьніваемся ад Лукашэнкі, адрозьніваемся ад дыктатараў, ад усіх тых, хто не прызнае важнасьць каранавіруснай пандэміі.
  • Мы здаём тэсты на каранавірус двойчы на тыдзень. За апошнія некалькі месяцаў я здаваў тэст больш за 15 разоў.
  • Я вельмі цешуся тым, што Сьвятлана Ціханоўская на кожнай сустрэчы з кожным эўрапейскім палітыкам, з кіраўніцтвам ЭЗ пытаньне вакцынаў для беларусаў уздымае ў першую чаргу.


Пра перанесеную хваробу

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка

Перад Калядамі схапіла хвароба. Некалькі чалавек з нашага офісу перад гэтым таксама хварэлі. Гэта было прадказальна, і ўсе зьдзіўляліся, чаму хвароба падступіла толькі праз чатыры месяцы. Нейкім чынам праносіла, магчыма таму, што насілі маскі, паводзілі сябе асьцярожна, але ўжо перад Калядамі не ўберагліся. Цяпер адчуваю сябе лепш. Пабываў і ў віленскім шпіталі, сустрэўся зь літоўскай мэдыцынай, паглядзеў, як тут лечаць, як клапоцяцца пра ковідных пацыентаў. Я хварэў больш за 15 дзён. У Сьвятланы Ціханоўскай усё было нашмат лягчэй, яна даволі лёгка гэта перанесла. Калегі ў штабе па-рознаму хварэлі: адны сядзелі хворыя дома, некаторыя зьвярталіся па дапамогу ў лякарні. Цяпер я ўжо амаль ачуняў, але, безумоўна, сама па сабе хвароба не праходзіць, і яна вельмі складаная.

Наколькі мне вядома, дзеці Сьвятланы здаровыя, сямейнікі не захварэлі, сама Сьвятлана хутка вылечылася, ачуняла. Мела таксама нейкія сымптомы, але ўжо некалькі дзён яна ходзіць на працу, праводзіць сустрэчы, і мы плянуем абавязкова зрабіць тэсты на антыцелы, каб мець магчымасьць падарожнічаць і працягваць палітычныя сустрэчы.

Пра лячэньне ў Літве і ў Беларусі


Увосень у Літве амаль не было праблемы з каранавірусам. Колькасьць хворых у параўнаньні зь іншымі краінамі была мінімальная. У лістападзе гэтая лічба пачала імкліва расьці, межы закрыліся, Літва ўвяла вельмі жорсткія абмежаваньні. Фактычна быў уведзены локдаўн. Грамадзкія месцы былі зачыненыя, перамяшчэньне па вуліцы, нават паміж офісамі, паміж памяшканьнямі, — толькі ў масках. У сьнежні, на пачатку студзеня ніякія публічныя ўстановы, ніякія ўстановы грамадзкіх паслуг не працавалі. Усе шпіталі пераарыентаваныя на працу з ковіднымі пацыентамі. Асобныя карпусы адведзеныя на прыём людзей з сымптомамі каранавірусу.

Калі мяне забірала хуткая, то машыну завезьлі ў адмысловую сэкцыю, дзе прымаюць ковідных пацыентаў, робяць ім тэсты, першыя неабходныя аналізы, і трымаюць асобна ад усіх іншых пацыентаў. Калі пацыент застаецца на лячэньні ў шпіталі, то зь ім, натуральна, працуюць тамтэйшыя лекары; калі яго вяртаюць назад дадому, то зь ім працуе спэцыяліст з паліклінікі. Мне лекар віленскай паліклінікі кожны дзень тэлефанаваў і пытаўся пра самаадчуваньне. Лячэньне адбывалася дыстанцыйна — выпісваліся лекі, замяралася тэмпэратура, кісларод — мяне дэталёва распытвалі і адпаведна прапісвалі лячэньне.

Пра арганізацыю працы ва ўмовах пандэміі

Брусэль, 16 сьнежня.
Брусэль, 16 сьнежня.

Мы часта камунікуем з іншаземцамі. І калі тэст на каранавірус пазытыўны, нам трэба паінфармаваць кожнага чалавека, кожнага замежніка, кожнага дыплямата, з кім мы сустракаліся. Найхутчэй, мы заразіліся ў Вільні, бо тут вельмі шмат сустрэч, размоваў, шмат актывістаў прыходзяць, прыяжджаюць журналісты, госьці зь Беларусі часам завітваюць. Вельмі цяжка адсачыць, і нават калі ты ў масцы (у нас у офісе збольшага носяць маскі, усе сустрэчы адбываюцца толькі ў масках, ніводная нарада, паседжаньне, сустрэча не адбываецца бяз захадаў бясьпекі), усё роўна не ўберажэсься. Калі працуеш у адным памяшканьні ці часта кантактуеш, ясна, што вірус пранікае.

Пра паездку ў ЗША ды іншыя краіны


Цяпер усе сустрэчы адмяняюцца, і ў гэтым няма нашай віны. Паездка ў Штаты пераносіцца на люты, таму што ня будзе традыцыйнай інаўгурацыі. Яна адбудзецца ў віртуальным фармаце, замежныя лідэры не прыедуць у Вашынгтон. Мы чакаем афіцыйнага запрашэньня. Ці гэта будзе сустрэча з камандай Байдэна, ці сустрэчы ў Кангрэсе, мы яшчэ ня ведаем. Праз сытуацыю з COVID-19 у Нарвэгіі перанеслася на некалькі тыдняў сустрэча ў Осла, якая мусіла адбыцца ў панядзелак. Наступная паездка плянуецца ў Эстонію, дзе сытуацыя больш-менш нармальная. У Фінляндыю ня ведаю, як будзе. Вырашаецца ўсе за некалькі дзён.

Пра складаную лягістыку праз каранавірус

Цяпер у прынцыпе палітычныя выезды цяжка арганізаваць. Калі рыхтавалася паездка ў Гішпанію, літаральна за некалькі дзён прэм’ер Гішпаніі пайшоў на ізаляцыю, бо кантактаваў з прэзыдэнтам Францыі, у якога выявілі каранавірус. У выніку сустрэча з прэмʼерам была перанесеная ў онлайн-фармат. Квіткі на самалёт немагчыма здабыць. Даты мяняюць, на некаторых рэйсах бывае 2-3 чалавекі ў салёне. Рэйсы могуць зьяўляцца за дзень да меркаванага выезду, іх вельмі часта скасоўваюць, таму ўся міжнародная лягістыка цяпер вельмі складаная.


Чаму нельга маўчаць пра каранавірусную хваробу

Па-першае, гэта этычна. Гэта міжнародная этыка, дыпляматычная этыка. Калі ёсьць рызыка, што ты кагосьці можаш заразіць, камусьці нашкодзіць, трэба быць максымальна адкрытымі. Калі Сьвятлана сустракалася зь міністрам замежных справаў Славеніі, і потым у яго выявілі каранавірус, то ён паведаміў кожнаму асабіста, у тым ліку Сьвятлане, пра гэтую сытуацыю, і яна пайшла добраахвотна на самаізаляцыю. Мы гэтым самым адрозьніваемся ад Лукашэнкі, адрозьніваемся ад дыктатараў, ад усіх тых, хто не прызнае важнасьць каранавіруснай пандэміі. І мы павінны даваць добры прыклад. Мы павінны паказваць, што мы празрыстыя, адкрытыя, шчырыя, сумленныя. Да гэтага вельмі добра ставяцца партнэры. Калі ёсьць рызыка і ёсьць сымптомы, якія могуць быць зьвязаныя з ковідам, мы пра гэта паведамляем у адмысловых лістах службам пратаколу, зь якімі маем зносіны.

Як часта здаюць тэсты ў штабе Ціханоўскай

Мы здаём тэсты на каранавірус двойчы на тыдзень. За апошнія некалькі месяцаў я здаваў тэст больш за 15 разоў. Мы здаём тэсты перад кожнай паездкай і пасьля яе. У Бэрліне мы здавалі адмысловы тэст перад сустрэчай з Мэркель. Не таму, што нас папрасілі ці нам загадалі, а таму, што гэта было этычна, сумленна, таму што так прынята. Здаваць тэст на каранавірус — гэта норма, і гэта адзіны эфэктыўны спосаб запабегчы пашырэньню інфэкцыі. Хто, як не палітыкі, павінен даваць прыклад.

Пра вакцынацыю


Прышчэпкі трэба рабіць, вакцынацыю трэба праводзіць, і ў людзей павінен быць выбар, якой вакцынай карыстацца. Цяпер у Эўропе ёсьць некалькі акрэдытаваных вакцынаў, якія ўжо пачалі рэалізоўвацца ў некаторых дзяржавах. Мы працуем над тым, каб ЭЗ забясьпечыў беларусаў эўрапейскай акрэдытаванай вакцынай. Мы ведаем, што ў Лукашэнкі ёсьць кантракты на агульную вакцынацыю «Спутником», разумеем, што ёсьць нейкія дамовы і на пастаўкі, і на рэалізацыю, і ўжо арганізавана абсталяваньне і сама сыстэма. Але я думаю, што будзе сумленна і справядліва, калі ў беларусаў будзе выбар. Таму мы абавязкова зьвернемся да эўрапейскіх структураў і да ААН з просьбай паспрыяць вакцынацыі беларусаў. Гэта можа адбывацца самымі рознымі шляхамі, безумоўна. Для гэтага неабходная супраца зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, але я думаю, што яны ня будуць пазбаўляць наш беларускі народ магчымасьці атрымаць нармальную і якасную вакцыну.

Гэта пытаньне адказнасьці за людзей. Ніхто іншы не паклапоціцца пра людзей так, як гэта можа зрабіць Сьвятлана Ціханоўская. Я вельмі цешуся тым, што яна на кожнай сустрэчы з кожным эўрапейскім палітыкам, з кіраўніцтвам ЭЗ пытаньне вакцынаў для беларусаў уздымае ў першую чаргу. Няважныя палітычныя погляды, няважна, што Лукашэнка ўтрымлівае ўладу ў Менску, мы павінны думаць найперш пра здароўе людзей. І, дай Божа, у найбліжэйшыя тыдні атрымаецца прасунуцца з гэтым.

Пра маскі з сымболікай у каманды Ціханоўскай

Ціханоўская адказвае на пытаньні журналістаў.
Ціханоўская адказвае на пытаньні журналістаў.

У нас ёсьць офісныя маскі — чорныя зь бел-чырвона-белай стужкай. Іх пашылі адмыслова для нас мясцовыя беларусы, якія жывуць у Літве. Яны пашытыя паводле ўсіх патрабаваньняў для ковіднай маскі і абараняюць, прынамсі на базавым узроўні, іншых людзей. Такія маскі ёсьць у Сьвятланы Ціханоўскай, ва ўсёй каманды, ва ўсіх, хто ўдзельнічае ў міжнародных сустрэчах, у палітычных сустрэчах. Масак у нас шмат, яны шматразовыя, і мы стараемся трымацца гэтага стылю. Ёсьць асобныя маскі ў валянтэраў каманды Сьвятланы Ціханоўскай, якія працуюць у Беларусі. Яны выглядаюць трошкі інакш, але таксама бел-чырвона-белыя, зь лягатыпам Офіса Ціханоўскай. Маскі — гэта ня толькі спосаб бясьпекі, але і нейкі атрыбут прыналежнасьці да кампаніі, да нашага Офісу.

Пажаданьні тым, хто цяпер хварэе


Я жадаю ўсім трымацца і перажыць гэтую навалу, заразу, і ставіцца да гэтага сурʼёзна. Самая вялікая праблема і беларусаў, і ўсіх людзей у сьвеце, што мы неадказна ставімся да здароўя. А менавіта ад нашай адказнасьці, ад нашых паводзінаў у грамадзтве, ад падтрыманьня элемэнтарных правілаў этыкі (насіць стала маску, нават калі здаецца, што гэта і ня трэба) залежыць здароўе нашых родных, паплечнікаў, сяброў, суграмадзянаў. Тым, хто хварэе, зычу адужаць, заставацца пазытыўнымі, аптымістычнымі, слухаць лекараў, падтрымліваць іх, дзе гэта магчыма, і, калі дойдзе да вакцынацыі, абавязкова зрабіць прышчэпку сабе, сямʼі і заклікаць іншых гэта рабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG