Першыя карантынныя абмежаваньні ва Ўкраіне ўвялі 12 сакавіка, калі зьявілася інфармацыя аб інфікаваньні каранавірусам траіх грамадзян. Цягам наступнага тыдня ў краіне прыпынілі міжнародныя і ўнутраныя транспартныя зносіны, закрылі межы.
Празь месяц ва Ўкраіне лябараторна пацьвердзілі ўжо 4161 выпадак захворваньня на COVID-19, у тым ліку 116 — сьмяротных.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Пазьбеглі найгоршага
Украінскія эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што, калі б ўлады спазьніліся з рашэньнем аб увядзеньні агульнанацыянальнага карантыну, сытуацыя магла б разьвівацца паводле «гішпанскага» сцэнару (цяпер Гішпанія займае другое месца ў сьвеце ў колькасьці ініфікаваных і тэмпах сьмяротнасьці).
Ва Ўкраіне рэкорд інфікаваньня быў зафіксаваны 15 красавіка, калі небясьпечны каранавірус падхапілі адразу 392 асобы. Але ўвесь гэты час штодзённы прырост захворваньня пакуль не перавышаў 400 выпадкаў.
Цяпер найбольш асьцерагаюцца, што велікодныя сьвяты могуць кардынальна зьмяніць эпідэмічную сытуацыю, таму заклікаюць і цэрквы, і вернікаў адмовіцца ад наведваньня богаслужэньняў і могілак.
Інфармаваньне — кожны дзень
Штодзённа Міністэрства аховы здароўя і ўрад інфармуюць грамадзян аб разьвіцьці эпідэміі і павелічэньні ахопу насельніцтва тэставаньнем на каранавірус, а прэзыдэнт выступае зь відэазваротамі, у якіх заклікае дакладна вытрымліваць усе карантынныя захады.
«Сядзі дома» — сёньня найбольш распаўсюджаны тэг ва ўкраінскім сэгмэнце сацыяльных сетак, у якіх лідэры грамадзкай думкі заклікаюць людзей клапаціцца ня толькі пра сябе, але і пра сваіх блізкіх.
«У апошнія дні можна адзначыць пэўную стабілізацыю. Рэзкага скачка не адбылося дзякуючы сьвядомасьці грамадзян, якія стала прытрымліваюцца самаізаляцыі. І гэта варта падоўжыць. Мусім усьвядоміць: расслабляцца рана і небясьпечна. Калі Італія і Гішпанія ўжо прайшлі або праходзяць пік эпідэміі, то ў нас ключавы, вызначальны пэрыяд наперадзе. Гэта 20 красавіка», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Сродкаў засьцярогі бракуе
Як і для большасьці эўрапейскіх краін, найбольшым выпрабаваньнем для Ўкраіны стала стварэньне бясьпечных умоў для мэдыкаў і адсутнасьць сродкаў засьцярогі для грамадзян.
Цяпер лекары складаюць амаль пятую частку ад агульнай колькасьці інфікаваных — 788 з 4161 выпадкаў.
«Мы аналізуем кожны выпадак захворваньня мэдычнага работніка — у сувязі з чым яно адбылося, у якой лякарні і ў якіх умовах. Што тычыцца сродкаў індывідуальнай засьцярогі, мы кожны дзень павялічваем забясьпечанасьць», — заявіў сёньня на брыфінгу міністар аховы здароўя Ўкраіны Максім Сьцяпанаў.
Замежная дапамога
За час карантыну ва Ўкраіну прыбылі дзясяткі самалётаў з гуманітарнай дапамогай — з Кітаю і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Ад ураду ЗША Украіна атрымала 1,2 мільёна даляраў гуманітарнай дапамогі, якая выкарыстоўваецца на стварэньне сеткі лябараторый для тэставаньня на каранавірус.
Эўразьвяз выдаткаваў 80 мільёнаў эўра, якія Ўкраіна накіроўвае на падтрымку сыстэмы аховы здароўя, малога і сярэдняга бізнэсу.
Карантын ня ўсім падабаецца
Паводле дасьледаваньня сацыялягічнай групы «Рейтинг», 61 % украінцаў лічаць карантынныя абмежаваньні аптымальнымі, 17 % — мяккімі, 15 % — занадта жорсткімі. Іншыя не змаглі вызначыцца з адказам.
Паводле сацыёлягаў, 70 % грамадзян падтрымліваюць рашэньне аб падаўжэньні карантыну да чэрвеня, 23 % выступаюць за скасаваньне абмежавальных захадаў. Сярод апошніх найбольш прыхільнікаў партый «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі і «Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё» Віктара Медзьведчука. Абедзьве гэтыя палітычныя сілы заклікаюць уладу перагледзець карантынныя абмежаваньні, каб уратаваць украінскую эканоміку і краіну ад дэфолту.
Сацыёлягі таксама перакананыя, што падаўжэньне карантыну да канца чэрвеня канчаткова зьнішчыць малы і сярэдні бізнэс.
Абмежаваньні падоўжаць, але ня ўсе
У такіх умовах урад вымушаны балянсаваць між бясьпекай для здароўя людзей і бясьпекай для эканомікі. Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што ў траўні карантынныя захады будуць паступова зьнімацца, але для пэўных катэгорый насельніцтва, якія ўваходзяць у групы рызыкі інфікаваньня каранавірусам, абмежаваньні захаваюцца:
«У траўні Ўкраіна павінна выйсьці на працу. У якіх умовах, у якіх новых сацыяльных стандартах, у якіх часовых межах — гэта тыя пытаньні, над якімі ўрад працуе разам з аналітыкамі».
Прэм’ер удакладніў, што гаворка ідзе найперш аб завяршэньні навучальнага году, аднаўленьні руху грамадзкага транспарту, доступу ў зоны адпачынку. Але для гэтага будуць выпрацаваныя новыя правілы. Цяпер дакладна вядома толькі адно — нашэньне маскі застанецца абавязковым як мінімум да канца чэрвеня.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ