30 сьнежня міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч падпісаў загад № 1412 «Аб вакцынацыі супраць інфэкцыі COVID-19». Ён запэўніў, што Расея паставіла ў Беларусь першую партыю вакцыны «Спутник V». Першымі будуць вакцынаваць мэдработнікаў, пэдагогаў і спэцыялістаў, якія шмат кантактуюць зь людзьмі. Ужо створана сыстэма захоўваньня вакцыны, якая дазваляе не перарываць «холадавы ланцуг»; закуплена адмысловае абсталяваньне для транспартаваньня вакцыны.
Вакцына пакуль дайшла толькі да буйных РНПЦ
Масавай вакцынацыі мэдыкаў не пачалося. Прынамсі, да паліклінік і рэгіёнаў вакцына яшчэ не дайшла — толькі да буйных РНПЦ.У Менскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі (МНПЦ ХТГ, былая 9-я лякарня) вакцынацыя расейскім прэпаратам «Спутник V» праводзіцца. У аддзяленьнях складалі сьпісы ахвотных. Прышчапляюць тут толькі сваіх работнікаў.
«У першы дзень, як толькі было абвешчана, што можна прышчапляцца, першую дозу вакцыны атрымалі 4 чалавекі. Але я б не сказала, што мэдыкі актыўна прышчапляюцца. Некаторыя не давяраюць расейскай вакцыне. А многія і дактары, і мэдсёстры, і санітаркі перахварэлі на COVID-19, таму кажуць, што няма сэнсу прышчапляцца. Хоць магчымасьць вакцынацыі, прынамсі ў нашым шпіталі, ёсьць», — расказала на ўмовах ананімнасьці лекарка МНПЦ ХТГ.Пасьля 20 студзеня Міністэрства аховы здароўя вызначыць парадак і месцы вакцынацыі
У аддзеле маркетынгу, замежнагандлёвай дзейнасьці і тэндэрных закупак РУП «Белфармацыя» паведамілі, што першая партыя вакцыны была зусім малая, таму трапіла яна толькі ў РНПЦ.
«Цяпер прыйшла вялікая партыя вакцыны, яна праходзіць кантроль якасьці на беларускім баку. І пасьля 20 студзеня Мінздароўя павінна вызначыць парадак вакцынацыі ў сувязі з умовамі захоўваньня вакцыны (мінус 20 градусаў), а таксама паведаміць мэдыкам, дзе можна будзе прышчапіцца. Пакуль няма іншай інфармацыі», — кажа супрацоўнік РУП «Белфармацыя», якое зьяўляецца манапалістам у куплі вакцыны.
Перамовы пра куплю вакцыны РУП «Белфармацыя» вядзе толькі з Расеяй. Пра куплю іншых вакцын, напрыклад ад фармацэўтычных кампаній Pfizer i BioNTech, якімі цяпер прышчапляюць у краінах Эўразьвязу, або амэрыканскай вакцыны Moderna, у Белфармацыі гаворкі не вядзецца.
Недзяржаўныя ўстановы да рынку антыковідных вакцын увогуле не дапускаюцца. Хаця раней сумеснае закрытае акцыянэрнае таварыства «Мэдвакс» пастаўляла ў Беларусь францускую вакцыну ад грыпу «Ваксігрып Тэтра». Цяпер закупляць імпартныя вакцыны ад каранавірусу «Мэдваксу» не дазваляюць. Такую інфармацыю паведамлялі ў «Мэдваксе» ў канцы мінулага году.
Да шараговых мэдыкаў вакцына можа дайсьці не раней за люты
А вось мэдыкі, якая працуюць у сталічных паліклініках, звычайных шпіталях, прышчапіцца пакуль ня могуць.
У Менскім гарадзкім цэнтры вакцынапрафіляктыкі паведамілі, што вакцынацыя мэдычных работнікаў яшчэ не пачалася, і параілі патэлефанаваць не раней як праз тыдзень.
«Няма вакцыны нават для мэдыкаў. Магчыма, пасьля 20 студзеня зьявіцца больш канкрэтная інфармацыя. Але пакуль вакцыну наш цэнтар не атрымліваў ні для сябе, ні цэнтралізавана для іншых установаў. Магчыма, мэдыкаў пачалі прышчапляць у 5-й гарадзкой паліклініцы — там свой пэўны кантынгент. Паўтаруся, пакуль для нашага цэнтру вакцыны не далі нават для прышчэпак мэдыкаў. Пра астатніх гаворкі пакуль не вядзецца», — паведамілі ў Менскім гарадзкім цэнтры вакцынапрафіляктыкі.
У Менскай гарадзкой клінічнай паліклініцы № 5, куды накіравалі з Цэнтру вакцынапрафіляктыкі, таксама паведамілі, што пакуль прышчапіцца нават мэдыкам немагчыма.
«Вакцыны яшчэ няма. Дзе яе браць? І калі зьявіцца, не магу сказаць. Пакуль жа Беларусь не запусьціла сваю вытворчасьць расейскай вакцыны, казалі ж пра люты-сакавік. Не вакцынуюць нават мэдыкаў», — паведамілі ў прыёмнай 5-й паліклінікі Менску.
Не дайшла вакцынацыя і да рэгіёнаў. Згодна з загадам № 5 Магілёўскага абласнога ўпраўленьня аховы здароўя ад 5 студзеня, у тэрмін да 20 студзеня мэдычныя ўстановы вобласьці павінны падаць інфармацыю аб гатоўнасьці арганізацый да правядзеньня вакцынацыі.
На ўмовах ананімнасьці лекар Магілёўскага гарадзкога шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі расказаў, што было толькі вуснае апытаньне, хто мае жаданьне прышчапіцца расейскай вакцынай.
«Вусна ў нас пыталіся, хто ахвотны, але ні пра якія тэрміны нічога не казалі. Цішыня. Мы, шараговыя мэдыкі, ніякіх дакладных зьвестак пакуль ня маем, калі пачнецца вакцынацыя. Паміж сабой гэта мы, вядома, абмяркоўваем. Але шчыра, неадназначнае стаўленьне да расейскай вакцыны. Да таго ж многія мэдыкі ўжо перахварэлі на каранавірус. Калі нас апытвалі, ці хочам прышчапляцца, як мне здалося, большасьць казала, што хутчэй не, чым так», — расказаў лекар Магілёўскага шпіталя хуткай дапамогі.
У Ізраілі прышчапілі амаль чвэрць насельніцтва
Ізраіль вельмі хутка вакцынуе сваё насельніцтва ад каранавірусу, апярэдзіўшы ЗША і ўсе эўрапейскія краіны. Першую зь дзьвюх прышчэпак фірмы Pfizer атрымала больш за 20% насельніцтва краіны. Гэта мэдыкі, людзі, якім больш за 60 гадоў, і з групаў рызыкі. Праз тыдзень пачнуць прышчапляць настаўнікаў і тых, каму больш за 50 гадоў.
Да таго ж Ізраіль закупіў невялікую партыю амэрыканскай вакцыны Moderna для тых, хто сам ня можа даехаць да шпіталя ці паліклінікі (іх будуць прышчапляць дома).
Пры вялікім жаданьні ўжо і цяпер могуць атрымаць вакцынацыю людзі, якія не зьяўляюцца мэдыкамі ці не ўваходзяць у групу рызыкі, расказала доктарка ізраільскага шпіталя Інга Герынг. Яна зрабіла прышчэпку ў самы першы дзень вакцынацыі.
«Калі ў канцы дня ў шпіталі застаюцца дозы вакцыны, іх уводзяць усім ахвотным. Але там ёсьць чэргі, і ахвотных прышчапіцца фільтруюць па ўзросьце і фонавых захворваньнях. У Telegram ёсьць група, дзе людзі дзеляцца, дзе найбольшая імавернасьць атрымаць вакцыну ў канцы дня. Некаторыя едуць на пэрыфэрыю краіны, каб прышчапіцца. Калі чалавек атрымаў першую дозу, то другую ён дакладна атрымае — тут свае дакладныя пралікі».
Інга Герынг кажа, што на гэтым тыдні каля 2 мільёнаў ізраільцянаў атрымаюць ужо другую дозу вакцыны.
На сайце Міністэрства здароўя Ізраілю пастаянна публікуюцца справаздачы аб вакцынацыі.
Яшчэ адна беларуска — Дар’я Альперн-Каткоўская, якая жыве ў ізраільскім Эйлаце, 5 студзеня атрымала першую дозу вакцыны. Прышчэпкі ў Ізраілі бясплатныя. Перанесла вакцынацыю добра, толькі пару дзён крыху балела рука на месцы прышчэпкі.
Дар’я кажа, што да вакцынацыі вельмі стымулюе людзей тое, што праз тыдзень пасьля ўвядзеньня другой дозы прышчэпкі выдаецца пасьведчаньне — так званая «зялёная кніжка».
«Тыя, хто атрымае такое пасьведчаньне, будуць мець статус, аналягічны статусу таго, хто перанёс каранавірус і цалкам вылечыўся. Гэта значыць, чалавек будзе вызвалены ад праходжаньня карантыну і можа паехаць у месцы, вызначаныя як «зялёныя выспы».