Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На колькі гэтае „часова“ зацягнецца, пытаньне». Міністар фінансаў патлумачыў рост падаткаў з 1 студзеня


Беларуска-польскае памежжа
Беларуска-польскае памежжа

Ад 1 студзеня ў Беларусі запрацаваў абноўлены Падатковы кодэкс.

Сярод зьменаў — адмена льготаў падаходнага падатку для айцішнікаў; адвязаньне ад тэхагляду транспартнага падатку; новыя стаўкі для тых, хто здае ў арэнду кватэры, лецішчы, гаражы; падрос падатак на прыбытак для апэратараў электрасувязі, а таксама мясцовым уладам дазволілі ўводзіць збор за выезд за мяжу на машыне.

Партал Tut.by пацікавіўся ў міністра фінансаў Беларусі Юрыя Селіверстава, чаму ўлады вырашылі ўвесьці падатковыя зьмены.

Напрыклад, стаўкі падаходнага падатку для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій падвысілі ад 9% да 13%. Афіцыйнае тлумачэньне — «у мэтах кансалідацыі даходаў бюджэту для барацьбы з COVID-19». Юры Селіверстаў тлумачыць, што рашэньне часовае, на 2 гады. Пры гэтым ён нагадаў, што для ІТ-галіны існуюць іншыя льготы, у тым ліку ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

На пытаньне аб тым, што ІТ-рынку былі абяцаныя льготы на пэўны тэрмін, але іх зрэзалі раней часу, што выклікала незадаволенасьць і пытаньні, міністар адказаў, што і «каранавірусу таксама ніхто не абяцаў».

«Тое, што льготы былі абяцаныя... Але ж каранавірус нам таксама ніхто не абяцаў. І, па вялікім рахунку, жыцьцё ўносіць нейкія карэктывы, спатрэбіліся дадатковыя выдаткі, прычым сур’ёзныя на сыстэму аховы здароўя. Зразумела, што гэта часова, але на колькі гэта часова зацягнецца, таксама пытаньне», — сказаў Юры Селіверстаў.

Ад 1 студзеня скасаваная дзяржпошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку на ўдзел у дарожным руху. Цяпер будзе транспартны падатак. Плаціць прыйдзецца менш, а працэс адвязалі ад тэхагляду.

«Пытаньне, каб адвязацца ад тэхагляду і пакінуць тыя ж стаўкі, патрабавала значнай працы. Таму ўзважана разам з дэпутатамі прынялі такое рашэньне — стаўкі гэтыя трэба прыбраць у тым выглядзе, у якім яны былі, і зрабіць як па зямлі і нерухомасьці. Як і ў многіх краінах: ёсьць маёмасьць — ёсьць на яе і пэўны падатак. Пытаньне было ў тым, каб зрабіць стаўкі больш пасільнымі для людзей зь нізкімі даходамі, для пэнсіянэраў».

Чыноўнік не выключае, што новая схема можа паспрыяць таму, каб беларусы больш актыўна здымалі з уліку неэксплюатаваныя аўтамабілі і ўтылізавалі іх.

Мясцовым уладам цяпер дазволена ўводзіць збор за выезд за мяжу на машыне — да 87 рублёў (3 базавыя велічыні) за кожнае перасячэньне. Плаціць трэба, калі максымальная маса транспартнага сродку не перавышае 5 тон і ў ім маецца ня больш за 8 месцаў для сядзеньня, акрамя кіроўцы.

«Гэта рашэньне мясцовых уладаў, могуць увесьці, а могуць і не. У залежнасьці, як яны бачаць сытуацыю, можа такое рашэньне і не спатрэбіцца. Узважым дадаткова, як будзе разьвівацца сытуацыя», — удакладніў Юры Селіверстаў.

Пры гэтым ён мяркуе, што нават калі адна з двух суседніх абласьцей ўвядзе збор, а другая — не, наўрад ці «за суму ў тры базавыя ёсьць сэнс кружыць з аднаго рэгіёну ў іншы, каб перасекчы мяжу».

На думку міністра, падвышэнне памеру падатку на прыбытак з 18% да 30% для апэратараў электрасувязі і сотавай сувязі не адаб’ецца на кошце паслугаў для карыстальнікаў.

Тым часам у прэс-службе А1 заявілі, што выказваюць шкадаваньне ў сувязі з тым, што тэлекамунікацыйная і IT-галіны зноў сутыкаюцца з пагаршэньнем інвэстыцыйнага клімату. Але запэўнілі, што цяжар падатковай нагрузкі кампанія возьме на сябе.

3 студзеня апэратар сотавай сувязі life :) апублікаваў новыя тарыфы на паслугі. У кампаніі абверглі, што падвышэньне зьвязанае з тым, што падатак на прыбытак для іх вырас з 18% да 30%.

Каб працягнуць пашыраць пакрыцьцё, запускаць новыя паслугі і рабіць нашыя сэрвісы лепшымі, ад 12 студзеня будуць зьмененыя кошты, гаворыцца на сайце апэратара.

У офісе МТС, як і раней у кампаніі А1 заявілі, што не зьбіраюцца перакладаць падатковыя выдаткі на сваіх абанэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG