Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаражэе камуналка і электрычнасьць, павысіцца пэнсійны ўзрост. Што зьмяняецца з 1 студзеня


А таксама павялічацца штрафы за адміністрацыйныя парушэньні, бо вырасьце базавая велічыня. Сабралі ўсе зьмены з 1 студзеня ў адным матэрыяле.

Новы пэнсійны ўзрост

Павышэньне пэнсійнага зросту пачалося з 2017 году, яно праходзіць паэтапна. Калі ў 2019 годзе мужчыны выходзілі на пэнсію ў 61,5 года, а жанчыны ў 56,5, то з 2021 пэнсійны ўзрост для мужчын — 62 гады, для жанчын — 57 гадоў і 6 месяцаў.

У 2022 годзе мужчыны будуць выходзіць на пэнсію ў 63 гады, жанчыны ў 58 гадоў.

Замест сацыяльнай пэнсіі — працоўная па ўзросьце

Тым, хто адпрацаваў 10 гадоў, але менш за патрэбны стаж для пэнсіі па ўзросьце, будуць замест сацыяльнай пэнсіі прызначаць працоўную пры няпоўным страхавым стажы. Жанчынам такую пэнсію будуць прызначаць з 60 гадоў, мужчынам — з 65 гадоў.

За 10 гадоў страхавога стажу людзі змогуць разьлічваць на пэнсію 73% ад бюджэту пражытковага мінімуму пэнсіянэра. Плюс 3% ад гэтага бюджэту за кожны дадатковы год.

Вырасьце заробак у бюджэтнікаў

З 1 студзеня 2021 году вырасьце базавая стаўка — з 185 да 195 рублёў. Менавіта да гэтай велічыні прывязаны заробак бюджэтнікаў, таму вырасьце і ён.

Вырастуць штрафы

З новага году павышаецца базавая велічыня: было 27 рублёў, стала 29. Гэта значыць, вырастуць і прывязаныя да яе тарыфы: мінімальны заробак, напрыклад. Таксама вырастуць і штрафы: калі 10 базавых у 2020-м складалі 270 рублёў, то цяпер стане 290.

Стануць абкладаць падаходным падаткам манібэк

Карткі з зваротам грошай за пакупкі выпускалі многія банкі. На картку вярталі, як правіла, 1-2 працэнты ад сумы пакупкі. Цяпер з гэтых грошай будуць вылічаць 13%.

Вырасьце камуналка і плата за электраэнэргію

Сёлета плянуецца павышэньне аплаты за камунальныя паслугі на $5, з 1 студзеня гэтае павышэньне складзе прыкладна $4,2. Да гэтага падаражэе і электраэнэргія, рост будзе прыкладна на 10%.

Падаражэе гарэлка, цыгарэты, пладова-ягадныя віны

Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю з 1 студзеня павышае мінімальныя цэны на алькагольную прадукцыю. Кошт літру этылявага бязводнага сьпірту з улікам акцызу павышаецца на 2,7 рубля. Мінімальны кошт за 0,5 алькагольнага напою ў 40 градусаў — 5,05 рубля, цана ўраздроб — 6,68 рубля.

Мінімальная цана бутэлькі 0,7 л пладова-ягаднага віна цяпер складае 3,09 рубля, яно падаражэла на 10 капеек.

Вырастуць цэны на 194 маркі цыгарэт, у асноўным падаражаньне складзе 5–15 капеек.

Дарожны збор заменяць транспартным падаткам

Падатак будзе залежаць ад часу валоданьня аўтамабілем і ягоных фізычных парамэтраў. Міністэрства фінансаў разьлічвае зьбіраць ня меней за паўмільярда рублёў транспартнага падатку штогод.

Зарадка электрамабіляў стане платнай

Зарадка электрамабіляў у Беларусі заставалася бясплатнай з 2014 году. З 1 студзеня зарадка аўтамабіля на станцыях пастаяннага току (кошт аднаго кілявата) будзе каштаваць 39 капеек, на станцыях пераменнага току — 29 капеек.

Выезд за мяжу на машыне платны

Ужо з 1 студзеня 2021 мясцовыя органы ўлады могуць уводзіць збор за выезд на машыне празь мяжу Беларусі. Стаўка збору, якую прызначаюць мясцовыя ўлады, ня можа перавышаць трох базавых велічыняў — 87 рублёў (бо з 1 студзеня расьце і базавая велічыня).

Прымаць такую меру мясцовыя органы ўлады могуць да 1 студзеня 2023 году.

Адмова ад плястыку

Каб стымуляваць адмову ад плястыку, улады павышаюць з 270 да 360 рублёў стаўку збору для арганізацый, якія зь ім працуюць. Тут варта чакаць і падаражаньня прадукцыі, якая ў гэты плястык упакаваная.

Бясплатная спроба ЭКА

З 1 студзеня 2021 году для параў, дзе ўзрост жанчыны не перавышае 40 гадоў, будзе магчымасьць бясплатна зрабіць ЭКА. Бясплатнай будзе толькі адна спроба і пры ўмове адсутнасьці мэдыцынскіх супрацьпаказаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG