Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 18 сьнежня адразу ў двух чытаньнях прынялі законапраект «Пра зьмяненьне Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь». Глядзім, што зьменіцца.
Якія падаткі вырастуць
- Падатак на прыбытак апэратараў мабільнай сувязі — на 30% (было 18%).
- Падаходны падатак рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій — на 13% (было 9%).
- Адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў у Менску дазволілі павялічваць у 4 разы, у абласьцях — у 2 разы (раней мясцовыя ўлады мелі права стаўкі зьмяншаць).
- Акцызы на цыгарэты — на 15%
- Плата за рамесьніцтва і агратурызм — 2 базавыя (была 1) — да 54 рублёў.
- Арэнда і зямельны падатак з гандлёвых цэнтраў — 1,5% (было 0,7%).
Уводзяць плату за перасячэньне мяжы на аўтамабілі.
Транспартны падатак будуць спаганяць без прывязкі да тэхагляду.
Стаўкі падаткаў таксама індэксуюць з папраўкай на інфляцыю.
Таксама законам прадугледжваецца павышэньне падаткаў для фізычных асобаў і ІП. За рэпэтытарства ў Менску плянуюць падняць плату да 40 рублёў (цяпер 36 рублёў), у абласных гарадах да 35 рублёў (цяпер гэты збор, напрыклад, у Менскім раёне — 27 рублёў). Адзіны падатак за распрацоўку сайтаў плянуюць падняць да 116 рублёў (цяпер 97 рублёў).
Пасьля падняцьця акцызаў да 15% сур’ёзна могуць падаражаць цыгарэты і алькаголь. У бюджэце на 2021 год плянуецца атрымаць 19,5 мільярда даходаў ад падаткаў. У бюджэце на 2020 год даход ад падаткаў быў большы — 19,8 мільярда.
«Для бізнэсу важная прадказальнасьць, а ў Беларусі з гэтым праблемы»
У Беларусі ўвесь час мяняюцца ўмовы для бізнэсу, што для бізнэсу вельмі істотна. На гэта зьвяртае ўвагу дырэктар дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык.
«У разьвітых краінах падаткі вышэйшыя, але там прадказальная сытуацыя: выконваюцца законы, інвэстары абароненыя. У нас увесь час мяняецца заканадаўства, цяпер вось мяняецца падатковае. Гэта стварае дадатковыя складнікі непрадказальнасьці, не спрыяе таму, каб бізнэс трымаўся за Беларусь. Улады паказваюць, што сёньня яны паабяцалі адно, а заўтра перадумалі», — кажа Аляксандар Чубрык.
Павышэньне падаткаў, на думку экспэрта, можа дапамагчы атрымаць дадатковыя паступленьні ў бюджэт. Але гэта можа спрацаваць «толькі ў кароткай пэрспэктыве».
«У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта можа даць адваротны эфэкт. Калі айцішнікам зьменяць умовы і для іх будзе агульны падаткавы рэжым, гэта прыцісьне сфэру на пэўны час. Бізнэс можа пайсьці ў цень, можа зьехаць з краіны», — гаворыць эканаміст.
«Гэта пакараньне для сярэдняй клясы ад уладаў»
Павышэньне падаткаў не ўратуе эканоміку, мяркуе кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. На яго думку, такі крок выглядае пакараньнем для незадаволеных.
«У сытуацыі, калі бізнэсу не хапае абароту, дзірка ў бюджэце, у паловы беларусаў няма ніякіх ашчаджэньняў, — і тут падвышэньне падаткаў, гэта выглядае як палітычна-карная мера. Пакараць сярэднюю клясу за рэвалюцыю. Беларуская ўлада ўсё робіць, каб зьнішчыць сярэднюю клясу. Будуць зьяжджаць людзі, будуць пакідаць актывы, але ўладзе гэта не баліць, яны за гэта грошай ня плацяць», — кажа Яраслаў Раманчук.
Павышэньне падатку прывядзе таксама да пагаршэньня стану эканомікі, лічыць ён.
«Апошнія 5 гадоў бізнэс кажа пра цяжар падаткаў, а ўрад яшчэ павышае іх», — дадае Яраслаў Раманчук.
«Іншыя краіны зьмяншаюць цяжар для бізнэсу»
Падчас пандэміі многія краіны выдзелілі сродкі, каб падтрымаць бізнэс у цяжкіх умовах. Нават у Кітаі падаткі пачалі зьмяншаць, прыводзіць прыклад Яраслаў Раманчук. У многіх краінах на фоне пандэміі ўводзілі падатковыя вакацыі. У Беларусі такіх захадаў не было.
Ён не выключае, што ўлада павысіць налета і іншыя падаткі.