Пра гэта 17 сьнежня паведаміў першы намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко на пашыраным пасяджэньні камісіі Палаты прадстаўнікоў у бюджэце і фінансах.
«Ацэнка з улікам патэнцыйнай колькасьці платнікаў транспартнага падатку — прыкладна 450-500 млн рублёў, калі сыстэма запрацуе ў поўнай меры, гаворка пра 2022-2023 гады», — спасылаецца на чыноўніка БелТА.
Па яго словах, у 2021 годзе будзе пераходны пэрыяд, у які ад фізычных асобаў і арганізацый можа быць сабрана блізу 100 млн рублёў.
1 студзеня прапануецца адмяніць дзяржаўны збор за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, бо аўтааматары і юрыдычныя асобы адмаўляліся выплочваць неадэкватныя сумы. Паводле Дзяржаўтаінспэкцыі, фактычна палова транспарту езьдзіла без тэхагляду, да якога быў прывязаны збор.
Цяпер замест згаданага збору ўвядуць транспартны падатак, сума якога будзе залежаць ад актыўнасьці карыстаньня аўтамабілем. Стаўкі ў параўнаньні зь дзейнымі могуць зьнізіцца на 25% для прыватнікаў і на 15% для арганізацый.