Камітэт правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў апублікаваў рашэньне адносна скаргі былой старшыні гомельскага гарвыканкаму Сьвятланы Гальдадэ, перадае «Гомельская вясна». Рашэньне канчатковае і не падлягае абскарджаньню.
У 2012 годзе Гальдадэ, а таксама праваабаронцам Леаніду Судаленку і Анатолю Паплаўнаму забаранілі правесьці пікет у Гомлі ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага (яго тады кінулі за краты на 4,5 года за нібыта ўтойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Прычынай было патрабаваньне чыноўнікаў заключыць дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі на працу на пікеце. Рашэньне абскарджвалі ў судах, у тым ліку Вярхоўным, але суды ўсіх узроўняў занялі бок чыноўнікаў.
Суд у Жэнэве прыйшоў да высновы, што ўлады Беларусі парушылі артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, не далі грамадзянам права на мірны сход і вольнае выказваньне думак.
Паводле рашэньня Камітэту, цяпер улады цягам 180 дзён абавязаныя:
- даць аўтарам скаргі эфэктыўны сродак прававой абароны і адэкватную кампэнсацыю;
- зрабіць усе неабходныя крокі для прадухіленьня будучых парушэньняў такога кшталту, у тым ліку пераглядзець нацыянальнае заканадаўства і практыкі яго ўжываньня;
- паведаміць аб выкананьні рашэньня ў Камітэт, апублікаваць рашэньне ў сродках масавай інфармацыі на беларускай і расейскай мовах.
Прадстаўнікі беларускіх уладаў у час разгляду скаргі аспрэчвалі права заяўніцы прадстаўляць інтарэсы іншых пацярпелых, хоць у яе былі даверанасьці. Таксама яны настойвалі, што заяўнікі яшчэ ня вычарпалі ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, паколькі не зьвярнуліся да кожнага з намесьнікаў Генэральнага пракурора, а ня толькі да ўсіх намесьнікаў старшыні Вярхоўнага суду. Урэшце прадстаўнікі ўладаў Беларусі адмовіліся ад супрацы з Камітэтам у гэтай справе, расказалі праваабаронцы.