Якое палітычнае значэньне мае даклад АБСЭ па выбарах у Беларусі, падрыхтаваны ў межах Маскоўскага мэханізму? Чаму Эўразьвяз пашырыў санкцыйны сьпіс адносна Беларусі і ўключыў у яго Лукашэнку? Ці можа ЭЗ увесьці эканамічныя санкцыі адносна Беларусі?
Гэтыя тэмы палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст абмяркоўвае з палітолягам, экспэртам міжнароднай ініцыятывы iSANS (The International Strategic Action Network for Security), дырэктарам EAST Research Center Андрэем Елісеевым.
Елісееў
- Аўтар дакладу АБСЭ мог абмежавацца абцякальнымі фармулёўкамі. Але ён быў вельмі пэўны, яго выснова — гэтыя выбары нядзейсныя.
- Ён раіць беларускім уладам іх скасаваць, а ўладам іншых краінаў — іх не прызнаваць.
- Другі важны момант дакладу — ужываецца фармулёўка «злачынствы супраць чалавечнасьці» ў дачыненьні да катаваньняў і забойстваў, якія мелі месца ў Беларусі.
- Гэта дае Радзе бясьпекі ААН падставы для стварэньня адмысловага міжнароднага трыбуналу для Беларусі.
- Зразумела, што гэтыя ініцыятывы будуць блякавацца Расеяй і Кітаем, але гэта важны прававы крок.
- Я мяркую, што на наступным тыдні і МЗС РФ, усьлед за МЗС Беларусі, выступіць з асуджэньнем гэтага дакладу АБСЭ і заявіць, што Расея не зьбіраецца выконваць прапановы дакладу.
- Апошні раз Маскоўскі мэханізм АБСЭ ўжываўся адносна Расеі ў сувязі за злачынствамі, якія ўчыняюцца ў Чачні.
- «Плян Б» пакараньня датычных да катаваньняў — гэта ўнівэрсальная крымінальная юрысдыкцыя.
- Гэты даклад заклікае краіны сьвету ўчыніць крымінальны перасьлед беларускіх сілавікоў, датычных да катаваньняў, нават калі іх ахвяры не былі грамадзянамі гэтых краінаў.
- Калі гэты заклік будзе пачуты, то калі беларускія сілавікі, датычныя да злачынстваў супраць чалавечнасьці, паедуць, скажам, у Чарнагорыю ці Ўкраіну, іх там могуць судзіць паводле ўнівэрсальнай крымінальнай юрысдыкцыі.
- Што тычыцца другой хвалі санкцыяў Эўразьвязу, то калі прынятае першае рашэньне пра санкцыі, то далейшае пашырэньне санкцыйнага сьпісу ідзе ўжо прасьцей. Так было і раней.
- Калі казаць пра эфэктыўнасьць візавых санкцыяў, то гэта чыста сымбалічная мера.
- Як гэтыя санкцыі могуць прымусіць Лукашэнку і яго атачэньне да нейкіх рашэньняў? Гэтыя асобы ня маюць рахункаў у краінах ЭЗ.
- ЭЗ дае толькі сыгнал салідарнасьці беларускаму народу і паведамленьне іншым дзяржавам, хто вінаваты ў гвалце над беларусамі.
- ЭЗ можа дадаваць у санкцыйны сьпіс беларускіх прыдворных бізнэсоўцаў.
- Тады гэтае бізнэс-атачэньне Лукашэнкі можа задумацца, ці варта падтрымліваць беларускія ўлады.
- Пасьля прыняцьця ў 90-я гады пакету эканамічных санкцыяў супраць Іраку Садама Хусэйна былі вялікія гуманітарныя наступствы для насельніцтва Іраку.
- Тады ЭЗ прыняў дакумэнт, паводле якога ад санкцыяў, якія ўводзіць Зьвяз, не павінна цярпець насельніцтва краінаў, на якія санкцыі скіраваныя.
- ЭЗ зараз нават не абмяркоўвае эканамічныя, сэктаральныя санкцыі адносна Беларусі. Хаця БТ спрабуе даводзіць, што абмяркоўвае, што Ціханоўская заклікае ледзь не бамбаваць Беларусь.
- Для эканамічных санкцыяў патрэбна або рашэньне Рады бясьпекі ААН, або маштабы парушэньняў правоў чалавека павінны быць вельмі маштабныя, як гэта было ў Сырыі. У 2012 годзе ЭЗ увёў эмбарга на імпарт нафты з Сырыі.
- ЭЗ можа ўвесьці санкцыі толькі супраць бізнэсаў прыдворных бізнэсоўцаў Лукашэнкі.