Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўная пагроза для краіны — нелегітымная ўлада». Былы чыноўнік Савету бясьпекі, які перайшоў у каманду Латушкі


Яўген Буры
Яўген Буры

Яўген Буры адказвае за эканоміку і фінансы ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве. Шмат гадоў ён працаваў у Міністэрстве па падатках і зборах, а таксама ў Савеце бясьпекі Беларусі. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў пра свае пляны ў камандзе Паўла Латушкі і настроі сярод чыноўнікаў.

Пра сыход з Савету бясьпекі

У Дзяржаўным сакратарыяце Савету бясьпекі я працаваў больш за 5 год. Працаваў у якасьці дарадцы-кансультанта па пытаньнях эканамічнай бясьпекі. Акрамя гэтага, я быў чальцом-сакратаром міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў эканамічнай сфэры, якую ў свой час узначальваў Кірыл Руды, а пасьля Мікалай Снапкоў.

У мае абавязкі ўваходзілі выяўленьне, аналіз рызыкаў і пагроз у сфэры эканомікі і падрыхтоўка прапановаў для іх ліквідацыі. Асноўная праблема была акурат у тым, што гэтыя рызыкі і пагрозы сыходзілі ад самой улады. Пры існым палітычным ладзе яны не маглі быць ліквідаваныя. Гэта і была прычына рашэньня, каб пакінуць дзяржаўную службу.

Пра Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва

Я далучыўся да каманды Паўла Латушкі, таму што цалкам давяраю Народнаму антыкрызіснаму кіраўніцтву. Тут сёньня сабраныя ня проста ключавыя кампэтэнцыі, тут адукаваныя, разумныя, крэатыўныя і адважныя людзі. Гэта вялізны чалавечы рэсурс, практычна з усяго сьвету, які ніяк нельга заблякаваць, але да якога можна далучыцца.

Пра свае задачы

Першай задачай была распрацоўка пляну па эканоміцы і фінансах. Яго мэта — наблізіць пераходны пэрыяд і зьнізіць страты ад дзеяньняў цяперашняй нелегітымнай улады. Дзеля гэтага мы прымаем меры, каб спыніць усе магчымыя каналы фінансаваньня рэжыму. Мы выяўляем карупцыйныя схемы, гаманцы рэжыму. Мы прымаем меры для арышту актываў і вяртаньня іх у краіну. Прымаем меры па недапушчэньні нарошчваньня новых пазыкаў, заклікаем крэдытораў пераглядаць старыя пазыкі і, магчыма, патрабаваць іх датэрміновага пагашэньня.

Пра чыноўнікаў

У мяне даволі шырокае кола знаёмстваў сярод дзейных чыноўнікаў, зь якімі мы абмяркоўваем, сярод іншага, і падзеі ў краіне. Паверце, яны таксама хочуць пераменаў і таксама хочуць сыходу Лукашэнкі. Але многія зь іх працягваюць працаваць на сваіх працоўных месцах, бо іх дзейнасьць цяпер неабходная для выкананьня элемэнтарных функцый дзяржавы.

Некаторыя зь іх кажуць: «Мы ж не фальсыфікавалі выбары, таму мы як падпарадкоўваліся сыстэме, так і будзем далей. Самі мяняць нічога ня хочам, нам так зручна». Ад супрацоўніка пракуратуры я чуў, што ён асабіста ў нейкіх справах ня ўдзельнічаў, а таму не заплямлены, а тое, што бачу і ня дзейнічаю — ня лічыцца. Але я перакананы, што большасьць на баку новай Беларусі. Многія калегі ў міністэрствах і ведамствах працуюць на яе карысьць. Я гэта ведаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG