Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чакаецца анэмічны рост». Расейскія экспэрты пра рызыкі для эканомікі Беларусі ў 2021 годзе


У жніўні 2020-га на многіх заводах Беларусі былі пратэсты і страйкі з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі.
У жніўні 2020-га на многіх заводах Беларусі былі пратэсты і страйкі з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі.

Пры ўмове адсутнасьці новых шокаў эканоміку Беларусі ў 2021 годзе чакае анэмічнай рост на ўзроўні каля 1%. Да такой высновы прыйшлі экспэрты Цэнтра макраэканамічных дасьледаваньняў расейскага «Сбербанка» ў выніковым аглядзе 2020 года.

Аналітыкі, якіх цытуе БелаПАН, адзначаюць, што Беларусь, у адрозненьне ад астатніх краін, у 2020 годзе сутыкнулася адразу з двума відамі шокаў: эканамічным і палітычным.

Экспэрты зьвяртаюць увагу на некалькі вызначальных фактараў, якія шмат у чым абумовяць эканамічны ландшафт для Беларусі ў 2021 годзе.

У прыватнасьці, гэта пандэмія. «Нягледзячы на наяўнасьць унутраных праблем, глябальны выклік застаецца важным фактарам, якія ўплывае на стан зьнешняга попыту. Ад хуткасьці аднаўленьня сусьветнай эканомікі будуць залежаць як фізычныя, так і вартасныя аб’ёмы экспарту», — адзначаецца ў аглядзе.

Акрамя гэтага экспэрты зьвяртаюць увагу на палітычны крызіс. Па іх ацэнак, «характар і дынаміка напружанасьці ў палітычнай сфэры, у тым ліку, вызначаць жорсткасьць палітыкі Нацыянальнага банку Беларусі, траекторыю беларускага рубля і інфляцыю».

Яшчэ адным вызначальным фактарам будуць адносіны з Расеяй.

«Застаючыся асноўным гандлёвым партнэрам, Масква аказвае істотную падтрымку Беларусі праз розныя прамыя і ўскосныя каналы: крэдыты, інвэстыцыі, энэргетычную субсыдыю. Чарговы віток напружанасьці здольны адправіць эканоміку Беларусі ў глыбокую рэцэсію і адкласьці посткрызіснае аднаўленьне на нявызначаны тэрмін», — падкрэсьліваецца ў аглядзе.

У сваім базавым сцэнары на 2021 год экспэрты закладваюць паступовае аднаўленьне глябальнай эканомікі, некаторае паслабленьне палітычнай напружанасьці, захаваньне падтрымкі з боку Расеі і адмову ад эмісійнага фінансаваньня дзяржпрадпрыемстваў Беларусі.

«У гэтых умовах, якія прадугледжваюць адсутнасьць новых шокаў, Беларусь чакае анэмічны рост каля 1%», — гаворыцца ў аглядзе.

Зацьверджаны ўладамі Беларусі мэтавы сцэнар прагнозных парамэтраў на будучы год прадугледжвае рост ВУП у 2021 годзе на ўзроўні 1,8%.

Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на гэты год прадугледжваў рост ВУП на 2,8%, аднак летам, улічваючы нэгатыўны ўплыў пандэміі на эканоміку, урад паставіў новую мэта — не дапусьціць зьніжэньня ВУП у параўнанні зь мінулым годам. Між тым па выніках студзеня-лістапада ВУП зьнізіўся на 0,9%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG