Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткі Brexit адмяняецца: Вялікая Брытанія і Эўразьвяз дамовіліся


Борыс Джонсан і Ўрсула фон дэр Ляен
Борыс Джонсан і Ўрсула фон дэр Ляен

Урад Вялікай Брытаніі на чале з Борысам Джонсанам і Эўракамісія пад кіраўніцтвам Урсулы фон дэр Ляен дамовіліся аб умовах далейшага суіснаваньня Злучанага Каралеўства і Эўразьвязу

Пра гэта паведамляе ВВС.

Брытанія і ЭЗ у апошні момант перад канчатковым выхадам Злучанага Каралеўства са Зьвязу здолелі пазьбегнуць рэзкага разрыву без пагадненьня і дамовіцца аб тым, як ім жыць, гандляваць і супрацоўнічаць пасьля 31 сьнежня. Дэлегацыі пад кіраўніцтвам Мішэля Барнье і Дэйвіда Фроста, якія ўвесь гэты год амаль безвынікова спрачаліся пра асноўныя прынцыпы будучага пагадненьня, у апошнія тыдні зрабілі фінальны рывок і ўсё ж узгаднілі тэкст.

У найбліжэйшы час пагадненьне павінныя абмеркаваць і папярэдне ўхваліць амбасадары краінаў ЭЗ у Брусэлі, пасьля чаго, як чакаецца, яго зацьвердзяць Эўрапейская рада і брытанскі парлямэнт. Дакумэнт уступіць у сілу ў навагоднюю ноч, калі Вялікая Брытанія канчаткова выйдзе з ЭЗ.

Пагадненьне тычыцца адносінаў ЭЗ і Брытаніі ў гандлі, транспартных зносінах, рыбалоўстве, энэргетыцы, а таксама супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі і іншых галінах.

Калі б пагадненьня так і не ўдалося заключыць, ЭЗ і Брытанія павінны былі б з 1 студзеня перайсьці ад абсалютна вольнага перамяшчэньня тавараў празь мяжу на гандаль па ўмовах Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, гэта значыць з мытам і квотамі. Гэта пагражала вялікімі стратамі бізнэсу з абодвух бакоў.

Галоўнымі прадметамі спрэчак на перамовах было, па-першае, патрабаваньне Эўразьвязу, каб Брытанія абавязалася прытрымлівацца правілаў ЭЗ у частцы дзяржаўных субсыдыяў, аховы працы, тэхналягічных і экалягічных патрабаваньняў да вытворчасьці і г.д. Гэта было неабходна, каб брытанскія фірмы не атрымалі несумленных, з пункту гледжаньня ЭЗ, перавагаў пры канкурэнцыі на кантынэнце. Па-другое, абмяркоўвалася рыбалоўства, а менавіта — захаваньне доступу рыбакоў краінаў ЭЗ у брытанскія воды.

Аб адзіных правілах для бізнэсу бакі паэтапна дамовіліся. Дэталі невядомыя: самога тэксту дакумэнту аб’ёмам у сотні старонак яшчэ ніхто, акрамя непасрэдна датычных, ня бачыў.

Але з рэгулярных справаздачаў Мішэля Барнье перад амбасадарамі краінаў ЭЗ у Брусэлі прэса даведалася, што ў выніку бакі адмовіліся ад першапачатковага патрабаваньня ЭЗ аб аўтаматычным прыняцьці Лёнданам правілаў ЭЗ і прыйшлі да нейкага «рэактыўнага мэханізму». Ён дае бакам права адказваць увядзеньнем мыта ў канкрэтных галінах, калі партнэр паспрабуе сурʼёзна палегчыць жыцьцё сваім фірмам шляхам субсыдыяў, ільготаў або зьніжэньня патрабаваньняў да ўмоваў працы і вытворчасьці.

У апошнія дні нявырашаным заставалася толькі пытаньне рыбалоўства. У выніку бакі, паводле зьвестак з Брусэлю, вырашылі, што на пераходны пэрыяд працягласьцю ў некалькі гадоў рыбакі краінаў ЭЗ захаваюць права лавіць рыбу ў брытанскіх водах, але менш, чым дагэтуль.

Галоўны ж вынік гэтых дамоўленасьцяў — у тым, што паміж Брытаніяй і ЭЗ захоўваецца свабодны бязмытны гандаль.

Тэрмін, калі пагадненьне можна было зацьвердзіць з ратыфікацыяй усімі парлямэнтамі краінаў ЭЗ, бакі даўно прапусьцілі. Заставаўся варыянт з ратыфікацыяй толькі Эўрапарлямэнтам.

Юрыдычная служба Эўрапейскай рады ў аўторак заявіла, што калі тэксту дамовы ня будзе да 25 сьнежня, то нават і часова ўвесьці яго ў дзеяньне з 1 студзеня будзе немагчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG