Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС заявіла пра «меры ў адказ» на санкцыі ЗША


Будынак Міністэрства замежных спраў Беларусі, архіўнае фота
Будынак Міністэрства замежных спраў Беларусі, архіўнае фота

Міністэрства замежных спраў Беларусі зрабіла заяву ў адказ на рашэньне ЗША ўвесьці дадатковыя санкцыі.

Міністэрства фінансаў ЗША 23 сьнежня ўвяло санкцыі супраць чатырох юрыдычных і адной фізычнай асобы ў Беларусі ў сувязі з фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў і пасьлявыбарчым гвалтам з боку дзяржавы. Пад санкцыі падпалі: Цэнтральная выбарчая камісія, Атрад міліцыі асобага прызначэньня (АМАП), Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму, падразьдзяленьне «Альфа» КДБ, а таксама Генадзь Казакевіч, намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальнік крымінальнай міліцыі.

У заяве МЗС гаворыцца, што беларускі бок «прыняў да ведама» гэтае рашэньне Злучаных Штатаў. «Лічым, што названае рашэньне эмацыйнае і ня мае нічога агульнага з рэальным станам рэчаў. Дзеяньні амэрыканскіх партнэраў ідуць насуперак раней абвешчанай імі ж палітыцы ўцягваньня Беларусі ва ўзаемадзеяньне і ніякім чынам не скіраваныя на падтрымку незалежнасьці нашай краіны».

«Больш за тое, «дыктатура правоў чалавека», якая насаджаецца амэрыканцамі, выглядае асабліва недарэчна на фоне таго, што ў саміх ЗША з правамі чалавека далёка ня ўсё ў парадку», — гаворыцца ў заяве МЗС. Міністэрства заяўляе, што «меры ў адказ з нашага боку ўжо падрыхтаваныя і будуць уведзеныя ў дзеяньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG