Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля».
Намесьніца старшыні Эўрапарлямэнту Катарына Барлей падкрэсьліла, што на Лёндане ляжыць падвойная нагрузка з прычыны Брэксыту і новага штаму каранавірусу, так што пераходны пэрыяд варта падоўжыць.
Паводле Барлей, ЭЗ не прыбірае «працягнутую руку» з прапановай аб падаўжэньні пераходнага пэрыяду. Справа за прэм’ерам Борысам Джонсанам, які павінен прыняць гэтую прапанову. Інакш пераходны пэрыяд, падчас якога Вялікая Брытанія карыстаецца гандлёвымі прэфэрэнцыямі чальца ЭЗ, скончыцца 31 сьнежня 2020 году.
Пра гэта таксама заявіў нямецкі эўрадэпутат Дэйвід Макалістэр, які выказаў занепакоенасьць крытычнай сытуацыяй з новым штамам каранавірусу. Старшыня камітэту гандлю Эўрапарлямэнту Бэрнд Лянгэ таксама падтрымаў гэтую прапанову, аднак заўважыў, што наўрад ці Вялікая Брытанія яе прыме.
Перамовы паміж Лёнданам і Брусэлем аб адносінах пасьля Брэксыту працягваліся ў панядзелак 21 сьнежня, нягледзячы на зрыў нядзельнага дэдлайну. Цяпер Эўрапарлямэнт дакладна ня зможа да канца году ратыфікаваць будучае пагадненьне, калі яно будзе дасягнутае.
Брусэль і Лёндан не змаглі, у прыватнасьці, дамовіцца аб праве на рыбалоўства кампаніяў краінаў ЭЗ у брытанскіх водах. Акрамя рыбалоўства, галоўнымі спрэчнымі пытаньнямі паміж бакамі застаюцца роўныя ўмовы канкурэнцыі на рынку, а таксама меры пакараньня за парушэньне будучай дамовы пра Брэксыт. Калі дамоўленасьці ня будуць дасягнутыя, абодва бакі ўвядуць мыта з 1 студзеня 2021 году. Экспэрты адзначаюць, што гэта будзе мець значныя нэгатыўныя наступствы для эканомік абодвух бакоў.
Эўрапарлямэнт 18 сьнежня пачаў рыхтавацца да магчымага надзвычайнага становішча: дэпутаты прагаласавалі за шэраг надзвычайных захадаў у сфэры рыбалоўства, а таксама бясьпекі на транспарце на выпадак, калі гандлёвае пагадненьне не будзе дасягнутае.