За дакумэнт прагаласавалі 317 дэпутатаў, 38 былі супраць. Не падтрымалі ініцыятыву фракцыі КПРФ і ЛДПР.
У законапраекце гаворыцца, што рашэньне аб блякаваньні можа быць прынятае, калі плятформа абмежавала доступ да грамадзка важнай інфармацыі, у прыватнасьці, паводле прыкметаў нацыянальнасьці, мовы, а таксама праз санкцыі замежных дзяржаваў супраць Расеі ці яе грамадзян. Паводле расейскіх дэпутатаў, часьцей за ўсё цэнзуру дапускаюць сацыяльныя сеткі Facebook і Twitter, а таксама відэасэрвіс YouTube.
Адзін з аўтараў законапраекту, дэпутат урадавай фракцыі «Единая Россия» Аляксандар Хінштэйн падчас свайго выступу ў Думе паведаміў, што цягам апошніх месяцаў выяўлена больш за 20 выпадкаў «цэнзуры ў дачыненьні да расейскіх СМІ». У прыватнасьці, YouTube заблякаваў акаўнт тэлеканалу «Царьград».
Раней сацыяльныя сеткі YouTube, Facebook і Twitter за стасаваньне агульных правілаў мадэрацыі зьместу да расейскіх выданьняў крытыкаваў «Роскомнадзор». У прыватнасьці, у ведамстве назвалі цэнзурай узроставыя абмежаваньні YouTube для фільму тэлеканалу «Россия-1» пра захоп школы ў Беслане. Некалькі разоў «Роскомнадзор» патрабаваў ад Facebook, Google і Twitter спыніць пазначэньне расейскіх дзяржаўных СМІ.