Роўмінг паміж Расеяй і Беларусьсю да канца году не адменяць, бо «ёсьць тэхнічныя і фінансавыя праблемы», — паведаміў «РИА Новости» дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Грыгорый Рапота.
Пры гэтым Рапота прызнаў, што працэс не стаіць на месцы, паколькі «цяпер роўмінг ужо працуе па значна зьніжаных тарыфах». Ён адзначыў, што спэцыялісты глядзяць на тое, як зьмяненьне тарыфаў адаб’ецца на эканоміцы дзьвюх дзяржаў.
«Трэба набрацца цярпеньня менавіта дзеля таго, каб не абрынуць сыстэму сувязі. Даводзіцца ўлічваць інтарэсы як абанэнтаў, так і пастаўшчыкоў паслугі», — растлумачыў Рапота.
Але дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы пацьвердзіў імкненьне абедзьвюх краін да поўнай адмены роўмінгу.
Апэратары сувязі Беларусі і Расеі з 1 лістапада ў тэставым рэжыме перайшлі на новую тарыфікацыю ў роўмінгу: стаўка зьнізілася з 30 цэнтаў да 1,5 цэнта за хвіліну. Гэта дазволіла шматкроць зьнізіць кошт сувязі для кліентаў расейскіх апэратараў у Беларусі і наадварот.
Варта адзначыць, што задачу адмены роўмінгу паміж дзьвюма краінамі паставілі яшчэ 30 чэрвеня 2017 году. У сьнежні 2019 году міністры сувязі пацьвердзілі ранейшыя намеры сваіх урадаў падпісаньнем «дарожнай мапы» па гэтым пытаньні, але ў прапісаныя ў ёй тэрміны «саюзная дзяржава ня ўклалася», а законапраект адхіліла Дзярждума Расеі.