Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здача сувэрэнітэту або чарговы этап размоваў пра інтэграцыю? Два розныя погляды на публікацыю «Коммерсанта»


Беларускі прэмʼер-міністар Сяргей Румас і ягоны расейскі калега Дзьмітры Мядзьведзеў
Беларускі прэмʼер-міністар Сяргей Румас і ягоны расейскі калега Дзьмітры Мядзьведзеў

Яраслаў Раманчук перакананы, што Беларусь здае сувэрэнітэт. Аляксандар Чубрык ня верыць у магчымасьць зьмены Падатковага кодэксу да красавіка 2021-га.

Расейскае выданьне «Коммерсантъ» апублікавала апісаньне дакумэнту, які афіцыйныя Масква і Менск доўгі час хавалі ад грамадзкасьці — праграму эканамічнай інтэграцыі дзьвюх краін. Падпісаць яе зьбіраюцца 8 сьнежня, у падрыхтоўцы актыўна ўдзельнічалі абодва ўрады.

Афіцыйны тэкст дагэтуль застаецца закрытым, расейскае выданьне ў сваёй публікацыі не цытуе яго, а толькі дае ўласную трактоўку дамовы.

Што аб’ядноўваецца?

У першую чаргу новы этап інтэграцыі, паводле публікацыі расейскіх журналістаў, закране эканамічную сфэру. Плянуецца аб’яднаць падатковыя сыстэмы абедзьвюх краін, мытню, энэргетычную палітыку, распрацаваць адзіныя для Беларусі і Расеі «адмысловыя эканамічныя захады», стварыць адзіны мэханізм рэгуляваньня рынкаў сельгаспрадукцыі, гандлю, транспарту.

Пры гэтым няма гаворкі пра стварэньне агульных органаў кіраваньня. Міністэрствы эканомікі, напрыклад, застаюцца ў кожнай краіне свае, аднак яны будуць працаваць, зыходзячы з агульных для абедзьвюх краін правілаў. Тое самае і з мытнымі органамі, і зь іншымі дзяржаўнымі структурамі.

Калі ўсё гэта можа адбыцца?

Першы крок, пра які гаворыцца ў публікацыі «Коммерсанта», — адмена роўмінгу паміж Беларусьсю і Расеяй (заўважым, што ўнутры Расеі існуе роўмінг паміж асобнымі рэгіёнамі, ён па-ранейшаму застаецца). Гэта павінна адбыцца ўжо 1 чэрвеня 2020 году. Пераход на адзіную сыстэму падаткаабкладаньня — 1 красавіка 2021 году. Са студзеня 2022-га — «узгодненая палітыка на рынку працы і ў сфэры сацыяльнай абароны».

Што застаецца незразумелым?

Асноўная праблема ў тым, што «Коммерсантъ» не цытуе нават дробных фрагмэнтаў падрыхтаванага ўрадамі Беларусі і Расеі дакумэнту. Таму зразумець яго сутнасьць і шляхі рэалізацыі складана. Напрыклад, не да канца зразумела, што такое «адмысловыя эканамічныя захады», якія Беларусь і Расея нібыта зьбіраюцца ўводзіць узгоднена. Ці трапляюць у гэтую катэгорыю эканамічныя санкцыі, якія Расея ўвяла ў дачыненьні да шэрагу харчовай прадукцыі краін — удзельніц ЭЗ. У такім выпадку адмова ад галяндзкага сыру і польскіх яблыкаў можа распаўсюдзіцца і на Беларусь.

Зьнішчэньне санкцыйных прадуктаў у Расеі, архіўнае фота
Зьнішчэньне санкцыйных прадуктаў у Расеі, архіўнае фота

«Мы ўжо некалі мусілі ўвесьці расейскі рубель»

Дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ эканаміст Аляксандар Чубрык узгадвае, што Беларусь ня першы раз размаўляе з Расеяй аб інтэграцыі эканамічных сыстэм. Прычым рабілася гэта ў тым ліку на вельмі высокім узроўні, а мэты дэкляраваліся яшчэ больш гучныя.

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык

«Вельмі даўно, у 2003 годзе, мы ўжо мусілі ўвесьці безнаяўны расейскі рубель у Беларусі, — кажа экспэрт. — А ў 2015 годзе расейскі рубель мусіў стацца беларускай валютай. На вельмі высокім узроўні ўсё гэта абмяркоўвалася. Але чамусьці ні да чога не прывяло. Колькі разоў абмяркоўвалася адзіная валюта, розныя іншыя варыянты інтэграцыйныя. Але гэтыя размовы так нічым і ня скончыліся».

На думку Аляксандра Чубрыка, параўноўваць інтэграцыю эканомік краін — удзельніц Эўразьвязу і Беларусі з Расеяй не зусім карэктна. Гэта розныя гісторыі. Калі ў выпадку Эўразьвязу можна казаць пра падобныя эканомікі краін, агульныя інтарэсы, то ў выпадку Беларусі і Расеі гэта часта зусім ня так.

«Якая карысьць Беларусі ў такой глыбіннай інтэграцыі, апісанай у публікацыі „Коммерсанта“? — гаворыць Аляксандар Чубрык. — Я карысьці ня бачу. Шкода ёсьць, а карысьці для краіны няма. Заканадаўства павінна ўлічваць адметнасьці краіны. У нас іншая эканоміка. Арыентаваная на тое, каб меншага памеру прадпрыемствы, прычым збольшага прыватныя, самі зараблялі грошы. Як у новых рэаліях будзе выглядаць Парк высокіх тэхналёгій? Альбо вольныя эканамічныя зоны? Гэта толькі асноўныя рэчы. Зьмена Падатковага кодэксу ўплывае на ўсё астатняе».

На думку экспэрта, вынік прыняцьця апісанага «Камэрсантам» інтэграцыйнага пляну, можа быць розным. Аляксандар Чубрык скептычна ацэньвае верагоднасьць прыняцьця агульнага Падатковага кодэксу ўжо ў красавіку 2021 году і кажа, што ў Беларусі значна менш глябальныя рэформы, як правіла, займаюць куды больш часу.

«Здача сувэрэнітэту»

Эканаміст Яраслаў Раманчук на публікацыю «Коммерсанта» адрэагаваў у сваім «Фэйсбуку». За некалькі гадзін эмацыйны допіс назьбіраў больш за сотню лайкаў і дзясяткі рэпостаў.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Падатковая сыстэма Расеі, яе Падатковы кодэкс — гэта кашмар для вытворцаў тавараў і паслуг, — піша Раманчук. — Гэта рэшата, у якім камфортна сябе адчуваюць „вялікія рыбы“, а таксама тыя, хто нефармальна дамаўляецца з падатковымі / кантрольнымі / спэцыяльнымі службамі. Пераход на расейскую падатковую сыстэму — гэта прыняцьце Беларусьсю заганных падатковых практык і падатковай сыстэмы, якая зьяўляецца адной з асноўных прычын стагнацыі расейскай эканомікі і дэградацыі сыстэмы сацыяльнай абароны. Значыць, прымус да адзінай падатковай сыстэмы — гэта чыста палітычны крок, рэжым найбольшага спрыяньня буйному бізнэсу, фіскальным і кантрольным органам».

На думку Яраслава Раманчука, праект эканамічнай інтэграцыі, апісаны ў публікацыі выданьня «Коммерсантъ», ня мог ня быць узгоднены з Аляксандрам Лукашэнкам. Экспэрт зьвяртае ўвагу на сакрэтнасьць, у якой вялася праца ў падрыхтоўцы дакумэнту. А таксама на тое, што да яе не былі дапушчаныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, незалежныя экспэрты і навукоўцы.

«Румас практычна парафіяваў праграму здачы сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, — гаворыць Яраслаў Раманчук. — Пернікі для кіраўніцтва Беларусі — гэта цэны на газ, захаваньне рэжыму паставак нафты і нафтапрадуктаў, прадастаўленьне новых крэдытаў, доступ на расейскі рынак беларускіх тавараў, а таксама доступ да дзяржзаказу Расеі. Для Крамля прапанаваны варыянт інтэграцыі — гэта ўпэўненае паглынаньне лепшых актываў Беларусі, стварэньне расейскімі алігархамі магутнага лобі на ўсіх узроўнях улады РБ сваіх інтарэсаў, зачыстка органаў дзяржкіраваньня Беларусі ад чыноўнікаў, якія выступаюць за праект „Незалежная Рэспубліка Беларусь“, падрыхтоўка да канчатковага пераводу Беларусі ў прававой статус Татарстану, Башкартастану або Чачэніі».

Атрымаць камэнтар наконт публікацыі «Коммерсанта» ў прэс-службе беларускага ўраду на момант публікацыі не ўдалося. Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант заявіла «Нашай ніве», што гаворка пра канфэдэрацыю — «пусты журналісцкі штамп», а сувэрэнітэт і незалежнасьць краінаў — «чырвоныя сьцяжкі», за якія заходзіць ня будуць. Яна дадала, што «праграма стане праграмай, калі яе падпішуць прэзыдэнты», а па падрабязнасьці прапанавала зьвяртацца да «тых, хто гэтую інфармацыю зьліў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG