Пра гэта паведамляе партал Delfi са спасылкай на агенцтва BNS.
Арманайце кажа, што магчымыя кароткатэрміновыя палітычныя страты не павінны пераважваць пытаньняў правоў чалавека, а ціск можа спрыяць краху рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
«Я думаю, варта разгледзець гэтую прапанову. Спачатку, калі былі сфальсыфікаваныя выбары ў Беларусі і пачаліся рэпрэсіі, я сказала, што, нягледзячы на кароткатэрміновыя ўласныя эканамічныя інтарэсы, варта дапамагчы тым людзям, і эканамічныя санкцыі могуць стаць дзейснай зброяй», — заявіла будучая міністарка.
«Я не магу камэнтаваць канкрэтную мадэль, варта ўсё ацаніць», — сказала яна.
«Ёсьць пытаньні правоў чалавека, каштоўнасныя і важныя, ёсьць і эканамічныя інтарэсы, яны кароткатэрміновыя. Так, гэта можа мець нэгатыўныя наступствы для эканомікі Літвы, але гэта можа аказаць нэгатыўны ўплыў і на рэжым у Беларусі», — дадала яна.
Між тым, прызначаны міністрам замежных справаў лідэр Зьвязу Айчыны – Літоўскіх хрысьціянскіх дэмакратаў (кансэрватараў) Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што ў Літвы няма змогі ўводзіць аднабаковыя эканамічныя санкцыі. Паводле яго, гэта можа зрабіць толькі Эўразьвяз.
«Зараз у ЭЗ ужо ідзе дыскусія аб трэцім пакеце санкцыяў, у якім чакаюцца магчымыя санкцыі супраць прадпрымальнікаў і кампаніяў, якія фінансуюць рэжым», — паведаміў палітык.
Сьвятлана Ціханоўская заклікала ўрад Літвы разгледзець санкцыі супраць вытворцы калійных угнаеньняў «Беларуськалій», калі гэтае дзяржаўнае беларускае прадпрыемства і далей будзе перасьледаваць сваіх работнікаў за пратэсты супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
«Беларуськалій» карыстаецца літоўскай чыгункай і Клайпедзкім марскім портам для экспарту ўласнай прадукцыі. Нарвэская кампанія Yara нядаўна папярэдзіла, што можа абмежаваць закупкі угнаеньняў ў «Беларуськалію» з прычыны рэпрэсіяў супраць яго працаўнікоў.