Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчука асудзілі за камэнтар пад відэа з экс-намесьнікам міністра ўнутраных справаў Барсуковым


Іван Артус у судзе
Іван Артус у судзе

25-гадоваму Івану Артусу прысудзілі 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Зь яго не зьнялі падпіску аб нявыезьдзе, канфіскавалі тэлефон.

Маскоўскі раённы суд разгледзеў крымінальную справу, пачатую паводле артыкулу 369 (зьнявага прадстаўніка ўлады) супраць 25-гадовага Івана Артуса за зьнявагу былога намесьніка міністра ўнутраных справаў (цяпер памочнік прэзыдэнта ў Менску) генэрал-лейтэнанта міліцыі Аляксандра Барсукова.

Падставай для абвінавачаньня стаў камэнтар Івана Артуса зь нецэнзурнымі словамі, які ён пакінуў пад відэа «Зьдзекаў не было» з Аляксандрам Барсуковым у тэлеграм-канале «Банда Лукі».

Менавіта такі прысуд прасіў вынесьці дзяржаўны абвінаваўца.

Падчас публікацыі камэнтара, як казаў Іван, у чаце знаходзіліся тры тысячы чалавек, аднак, паводле дзяржаўнага абінаваўцы, гэты камэнтар маглі прагледзець «значна больш людзей, чым проста тры тысячы».

Барсукоў у суд не зьявіўся

Пацярпелы ў справе былы намесьнік міністра ўнутраных справаў Аляксандар Барсукоў у суд не зьявіўся «у сувязі з занятасьцю на службе».

Барсукоў быў дапытаны 20 кастрычніка. Ён сказаў, што ў пэрыяд з 13 па 14 жніўня наведваў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), заходзіў у кожную камэру, гутарыў з асобамі, якіх там трымалі, цікавіўся ўмовамі ўтрыманьня, пытаў, да каго супрацоўнікі міліцыі незаконна ўжывалі фізычную сілу. Паводле Барсукова, ад гэтых асобаў не было скаргаў на зьдзек з затрыманых. Калі ён выйшаў зь ЦІП, да яго пачалі зьвяртацца грамадзяне з пытаньнямі пра гвалтоўныя дзеяньні супраць вязьняў, на што ён адказаў адмоўна: «Ніякіх зьдзекаў не было, я з кожным пагутарыў».

Аляксандар Барсукоў каля ізалятара на Акрэсьціна 14 жніўня
Аляксандар Барсукоў каля ізалятара на Акрэсьціна 14 жніўня

8 верасьня намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня ўласнай бясьпекі МУС палкоўнік Новікаў падаў Барсукову скрыншоты з тэлеграм-каналу «Банда Лукі», дзе 14 жніўня было апублікавана відэа з Барсуковым пасьля наведваньня ЦІП. Пад ім быў публічны камэнтар «яўна зьняважлівага характару, які меў непрыстойныя выразы ў мой адрас як намесьніка міністра ўнутраных справаў Беларусі». Камэнтар зь ненарматыўнай лексыкай пакінуў карыстальнік пад імем «97%». Паводле Барсукова, камэнтар зьневажае яго як асобу і як службовую асобу, прадстаўніка ўлады, прыніжае яго гонар і годнасьць, закранае яго аўтарытэт і прафэсійныя якасьці. Было высьветлена, што камэнтар пакінуў 25-гадовы Іван Артус.

Барсукоў заявіў, што не даваў нагоды для зьнявагі, і настойвае, каб Артуса прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, бо яго дзеяньні нанесьлі «маральную шкоду».

Камэнтары выдаліў, прызнаў віну

Івана Артуса, які працуе прадаўцом-кансультантам, не затрымлівалі. У судзе ён прызнаў сваю віну. Ён сказаў, што цалкам ўсьведамляе сваю віну і напісаў камэнтар «пад эмоцыямі». Паводле яго, на «дэструкцыйным» тэлеграм-канале быў апублікаваны фатаздымак яго жонкі, якая працуе ў аддзеле інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкаму, і карыстальнікі спрабавалі высьветліць яе асобу. Ён уступіў у групу, каб прасачыць за інфармацыяй, а потым пакінуў камэнтар. Жонка Івана выступіла ў судзе як сьведка. Іван сказаў, што ня меў на мэце прынізіць гонар і годнасьць, зьняважыць Барсукова. «Гэта быў эмацыйны ўсплёск», — сказаў ён. Іван Артус паведаміў, што выдаліў камэнтар праз тры тыдні.

Артус заявіў, што ніякай непрыязьні да Барсукова ня мае, а ў сувязі з тым, што яго злачынства не нясе вялікай грамадзкай небясьпекі, прасіў вызваліць яго ад крымінальнай адказнасьці. Іван сказаў, што ўсьвядоміў сваю віну і раскайваецца, і папрасіў «не судзіць строга». Ён сказаў, што скарыстаўся б магчымасьцю асабіста папрасіць прабачэньня ў Барсукова.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG