Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-сьнежні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“
Сяргей, 46 гадоў, інжынэр, Менск:
„Я ніколі не галасаваў за Лукашэнку, але да гэтага жніўня ні ў якіх акцыях ня ўдзельнічаў, ня бачыў у гэтым пэрспэктывы. 9 жніўня адстаяў дзьве гадзіны ў чарзе на ўчастак — ён у нас вялікі, каля 3 тысяч выбарнікаў. Быў вельмі ўражаны, што амаль усе стаялі зь белымі бранзалетамі або стужкамі. Ніхто не спалохаўся дажджу, не сышоў. Чарга стаяла вялізная, сыгналілі машыны. Ужо днём прыехаў АМАП на ахову, прыходзілі нават старыя бабулі «за Сьвету», як яны казалі, мы іх пускалі без чаргі. А ўвечары нам плюнулі ў твар, вывесіўшы вынікі, дзе было 178 галасоў за Ціханоўскую. Назаўтра за 3 гадзіны жыхары раёну сабралі 600 зь лішнім подпісаў аб фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня для заявы ў пракуратуру. Гэта бяз мэсэнджараў, проста шляхам абыходу кватэр і аб’яваў на дзьвярах. Як вы разумееце, безвынікова. Пасьля гэтага засталося толькі пратэставаць на вуліцы.
Калі вы думаеце, што ўжо ганяеце ва ўсю моц, то пасьпяшаюся вас расчараваць — колькасьць пераўзыходзіць якасьць. Калі за вамі будзе несьціся дзясятак-паўтара амапаўцаў, то няхай вы чэмпіён спрынтараў або трэнэр стаераў — шанцаў у вас няма. Праз хвіліну-другую пагоні вас упячатаюць у газон, калі гэта ваш дзень, ці выцягнецеся вы на асфальце, калі нябёсы сёньня да вас непрыхільныя. Далей атрымлівайце асалоду ад стандартнай праграмы з усіх прагледжаных раней відосаў: заломваньне рук, часьцяком плястыкавыя сьцяжкі на іх і адвалаканьне ў танаваны бус. Усе, можна лічыць, што пашанцавала. Пашанцавала, бо наогул жа яшчэ ёсьць берцы, дубіны, газавыя балёнчыкі і стрэльбы. Такімі карыснымі ў наш неспакойны час ведамі мне дапамог узбагаціцца АМАП у адну з апошніх нядзеляў, 6 сьнежня.
Што далей? Гэтае пытаньне цікавіць большасьць з нас, бо тут відосы канчаюцца — тэлефон адбіраюць адразу. Таму далей ужо сур’ёзна і бяз жартаў. Таму што ўсё, што я ўбачыў потым, ужо зусім ня сьмешна. Яно ж і сафары за табой па тваіх родных дварах, як за нейкім рэдкім афрыканскім насарогам, зусім ня сьмешна, але тут ты хоць у сябе дома, ведаеш кожны куст і паварот, спадзяесься на лепшае. Гэтая надзея павольна зьнікае па меры набліжэньня да буса.
Дык вось. Паехалі. На ўваходзе ў бус адзін з амапаўцаў груба запатрабаваў тэлефон. Вось цікава, як мне яго дастаць з заламанымі рукамі? Рашэньне яны хутка знайшлі самі, абшукаўшы кішэні. Дасталі старую кнопкавую «цагліну». «І гэта ўсё???» — расчаравана працягнуў адзін зь іх. «Ага», — быў зларадны адказ. «У першы яго!» — паступіў загад ззаду.
Што такое «першы», я ўбачыў праз сэкунду — мяне засоўвалі ў малюсенькі жалезны пэнал зь мікралаўкай. Утрамбавалі і зачынілі дзьверы. Утрамбавалі, бо месца там ёсьць толькі для чалавека дастаткова дробнага целаскладу. Я сядзеў, моцна скурчыўшыся ўбок і ўпершыся ў дзьверы. Сьвятло зьверху адразу выключылі. «Добра, што ў мяне няма кляўстрафобіі», — прыйшла ў галаву думка. Бо сядзець у такой жалезнай мікратруне безь сьвятла зусім ня весела.
Пачаліся перамовы праз рацыю. Дзесьці побач ішоў адлоў «папаўненьня» ў наш бус. Прычым даволі пасьпяховы, мяркуючы з крыкаў і гукаў закідваных целаў. Наступных ужо кідалі проста на падлогу і раўлі: «Ляжаць!» Той, хто спрабаваў рухацца на падлозе, атрымліваў «заахвочваньне» ў выглядзе штурхяля і вокрыку. Са стогнаў новых прыбылых і іх просьбаў я зразумеў, што аднаму твар залілі зь пярцовага балёнчыка, ён дрэнна бачыў і ў яго моцна балелі вочы, у другога пры затрыманьні вывіхнулі плячо. Хлопец, «апрацаваны» з балёнчыка, увесь час прасіў вады ці яшчэ чаго-небудзь працерці вочы; стагнаў і затрыманы з траўмай пляча. Атмасфэрка тая яшчэ. Усяго ў бус, акрамя мяне, закінулі яшчэ пяцярых. Паезьдзіўшы крыху па раёне ў пошуках чарговых ахвяр, на якіх можна папаляваць, нас павезьлі ў РУУС.
«Нейкае ляяльнае РУУС трапілася», — падумаў я ў працэсе канваяваньня кудысьці ўніз вузкім калідорам на цокальны паверх — на вуліцы з паднятымі рукамі мы прастаялі ўсяго хвілін 10-15. «Вітаю, калегі!» — кінуў я на ўваходзе ў невялікую актавую залю, там ужо сядзелі некалькі сяброў па няшчасьці. Таварышы нязладжаным хорам адказалі нешта зь незабароненага сёньня лексыкону.
За сталамі ў прэзыдыюме засядалі адказныя асобы ў форме і безь яе, дзелавіта перабіралі паперы і рыхтаваліся афармляць «наркаманаў» і «прастытутак». Заля паволі запаўняўся разнамаснай кампаніяй. Грамадзяне начальнікі ў прэзыдыюме запусьцілі канвэер. Людзей выклікалі да стала, абшуквалі, усё канфіскоўвалі, здымалі матузкі, зразалі паясы з куртак і баек, даставалі папругі. Тэлефоны канфіскоўвалі да выплаты штрафу. Мой кнопкавы змылак грэбліва пакруцілі ў руках, але ўсё роўна канфіскавалі: «У яго ж ніхрана няма, апішы хоць гэта». Давялося расстацца з рарытэтам: «Глядзіце, толькі не згубіце!» Парагаталі. Паабяцалі дазволіць увечары патэлефанаваць жонцы.
Вакол кіпела праца: складалі пратаколы, запісвалі ўсе зьвесткі, фатаграфавалі з усіх бакоў, у моладзі, якая раней не здавала адбіткаў пальцаў, бралі іх. Са зьвестак затрыманых вымалёўвалася вельмі трывожная сытуацыя: алькагалізм, наркаманія і прастытуцыя расквітнелі буйным цьветам у ІТ-індустрыі, сярод лекараў і інжынэраў, эканамістаў, начальнікаў рознага ўзроўню і, не паверыце, пэнсіянэраў на 80-м годзе жыцьця! Я моцна ўразіўся таму, што «лялькаводы» амаль на 100% запоўнілі залю «авечкамі» з вышэйшай адукацыяй. Можна было проста на месцы адкрываць высокатэхналягічную вытворчасьць пад эгідай ПВТ — усе патрэбныя людзі ўжо тут! Нават сківічна-тваравы хірург для назіраньня за станам здароўя пэрсаналу меўся. І адважная бабуля, якая прайшла ў Другую сусьветную Галакост, а цяпер схавала тэлефон і ціхенька давала яго іншым, што ганялі ва ўсю моц, для адпраўкі SMS сваякам, нам бы таксама прыдалася. Вось, дарэчы, да гэтага часу не магу зразумець, чым кіраваліся тыя, хто затрымліваў і вёз яе ў РУУС??? І калі пасьпелі прадаць сумленьне тыя, хто ўсё ж такі аформіў на яе пратакол? Бо ў іх тэлевізары бесьперапынна і высакамоўна гавораць пра павагу да людзей, якія выжылі ў тую вайну. Ці паважаюць толькі тых, хто ходзіць з «правільным» сьцягам?
Цяпер трэш. Ня ўсім пашанцавала ганяць і не адхапіць. Мае пара-тройка сінякоў на нагах і руках вельмі хутка пацьмянелі на агульным фоне. Самым «бяскрыўдным» быў здаравенны фінгал, за якім паступова схавалася вока ў аднаго з затрыманых — вынік сустрэчы берца амапаўца зь ягоным тварам, калі хлопец ужо ляжаў на зямлі з завязанымі рукамі, з матывацыяй кшталту «Нефіг ад нас бегаць, с*ка».
Праз пару шэрагаў ад мяне пасадзілі маладога мужчыну зь невялікай круглай адтулінай на калашыне ў раёне сьцягна і чырвоным сьледам на шыі. На джынсавай тканіне паволі распаўзалася пляма, закапала кроў на падлогу. Падстрэлены расказаў, што, уцякаючы, атрымаў гумавую кулю ззаду ў нагу, а потым яшчэ другая прайшла па датычнай уздоўж шыі. Цікава, гэта ў Законе аб міліцыі напісана, што можна страляць у сьпіну мірным жыхарам? Ці яшчэ трэба сказаць «дзякуй», што кулі пакуль гумовыя? Людзі абураліся, прасілі яму выклікаць «хуткую» — безвынікова. Звадзілі ў туалет абмыць рану — і ў залю. Да вечара ўсё сьцягно ў яго было мокрае ад крыві, грамаў 300 ён страціў мінімум. Таксама да вечара чакаў «хуткую» хлопец з ЧМТ — яму выцялі пры затрыманьні чымсьці па галаве так, што на ёй была рана і гузакі. Са словаў прывезенага разам зь ім чалавека, гэты мужчына двойчы траціў прытомнасьць у бусе, яго ванітавала і ён дрэнна арыентаваўся. На гэтым фоне зламаны палец, вывіхнутае плячо і г.д. «дактарамі» ў пагонах дыягнаставаліся даволі проста: «Прысядзеце, там і падлечыцеся».
Дарэчы, наконт таго, што амаль абавязкова «прысядзеце», яны «радавалі» ўсіх: і жанчыну ва ўзросьце зь вялікай торбай, якая выйшла з прадуктовай крамы і асьмелілася ўсумніцца ў правільнасьці дзеяньняў сілавікоў у адносінах да хлопцаў, якіх цягнулі ў бус; і маладзенькую дзяўчыну, якая ў двары свайго дому карміла вулічных кацянят і асьмелілася здымаць на тэлефон, як вяжуць хлопца, які забег у яе двор (ніякія відэа з тэлефона і прад’яўлены корм для коцікаў пад увагу не прымаліся); і хлопца, які потым нам кляўся ў камэры ІЧУ, што рэальна выпадкова трапіўся на шляху, ішоў па сваіх справах і апынуўся ў бусе, бо паўгадзіны таму ў іхным раёне быў марш; і пажылога грамадзяніна нападпітку, які ішоў па дабаўку ў краму, а замест апахмелу злавіў 23.34... Траіх найбольш моцна пацярпелых адвезьлі на «хуткай» у лякарню толькі ўвечары, пасьля 4-5 гадзін чаканьня. Але ўсё роўна назаўтра яны ўжо стаялі з рукамі за сьпінай на Акрэсьціна і чакалі суду. «Лячыць» іх рэальна зьбіраліся ў камэры.
Падчас складаньня папер «наркаманы» памалу знаёміліся з «алькаголікамі», «прастытуткі» гуртаваліся з «авечкамі». Пры афармленьні пратаколаў, нягледзячы на абяцанае паслабленьне прысуду, калі прызнаеш удзел у маршы, толькі адзін малады хлопец з усім згадзіўся і падпісаў. Усе астатнія дружна ішлі ў краму, выходзілі зь яе, гулялі зь сябрамі, перасаджваліся з транспарту на транспарт і г.д. Вынік быў ва ўсіх усё роўна адзін — 23.34. Аднаму, які асабліва жвава ганяў, упаялі ў даважку і супраціў.
Крыху пазьней зьявілася нейкая дама ў цывільным адзеньні, якая па адным тузала будучых сядзельцаў у асобны кабінэт і на камэру спрабавала задаваць падступныя пытаньні. «Пратэстуны» дружна сышліся ў думцы, што гэта, відавочна, карэспандэнтка дзяржаўнай ТВ ці нейкая прэс-сакратарка МУС спрабуе знайсьці чарговую «зорку» на зьмену «хлопотному дельцу».
Час ішоў, некаторыя замаркоціліся. У дзяўчыны, якая клапоціцца пра коцікаў, выступілі сьлёзы і дрыжалі рукі. Бабуля і тыя, хто сядзелі побач, стараліся яе падбадзёрыць. Народ стаў задуменным: «Эх, не туды я пабег... Трэба было ня ўздоўж дому, а ў арку…» — разважаў адзін. «Я адтуль... І той, зь фінгаламі, таксама», — павярнуўся хлопец з траўмаваным плячом. «Гэта мяняе справу!» — парадаваўся свайму шанцунку той, што сядзеў ззаду.
Пасьля даволі павярхоўнага апытаньня на верхніх паверхах у крымінальным вышуку на прадмет «каардынацыі і арганізацыі» людзі чакалі канвой на Акрэсьціна ў ІЧУ. Зноў пашанцавала зь «ляяльнасьцю» РУУС — валянтэрам дазволілі перадаць маскі, ваду і ўсякіх сушак. Народ узбадзёрыўся: «А жыцьцё наладжваецца!» Крыху пазьней некаторым шчасьліўцам сваякі падвезьлі цёплыя рэчы. Але грамадзяне начальнікі папярэдзілі, што ў пакеце іх везьці на Акрэсьціна нельга. Утварылася стыхійная разьдзявальня ў калідоры: надзявалі на сябе па двое майтак, шкарпэтак, тэрмабялізну, нацягвалі другія байкі. Адпусьцілі да суду бабулю. Зьехалі трое на «хуткай».
«Даўно марыў пракаціцца ў аўтазаку…» — прамовіў малады хлопец побач. «Не сумнявайся, сёньня ўсе твае мары спраўдзяцца, неўзабаве ўсе пракоцімся…» — уздыхнуў іншы, старэйшы. Неўзабаве мара маладога пад’ехала. Але радаваўся, напэўна, толькі той хлопец: у адзіночны «стакан» запіхвалі па трое, у трайны ўмудрыліся засунуць дзевяцярых. Ковід? Не, ня чулі… Цяпер ужо я дакладна ведаю, як пачуваецца шпроціна ў бляшанцы. Цікава, што думае міністар аховы здароўя пра такі мэтад перавозкі затрыманых? А 10 чалавек у душнай 5-мясцовай камэры без вэнтыляцыі ён таксама цалкам ухваляе? Я ж прыйшоў да адназначнай думкі, што гэта новы пачварны мэтад барацьбы з папуляцыяй часткі грамадзтва, якая думае: распладзілася аж занадта.
У ІЧУ ўсё зноў пайшло па коле — стаяньне ўздоўж сьцяны (добра, што ня вельмі працяглае), пераклічка, і праз бел-чырвона-белыя «дыванкі» пад дзяржаўны гімн (яны праўда думаюць людзей гэтым перавыхаваць?..) наперад, зноў на вобшук. З новага, у параўнаньні з РУУС, цяпер была злая фэльчарка, якая мне шпурнула выпрашаную пігулку без упакоўкі на страшэнна брудны стол. Ну мы ня гордыя: дастаў цукерачны фанцік з кішэні, загарнуў — зап’ю ў камэры. У перапынку паміж вобшукам і расьсяленьнем, стоячы тварам да сьцяны, мы пасьпелі праслухаць кароткую выхаваўчую гутарку на тэму «Х*лі вы ходзіце?» Асабліва дасталося хлопцу з аднаго несілавога ведамства дзяржаўнай прыналежнасьці. Ён атрымаў эпітэты «здраднік», «такім мы зладзім вясёлае жыцьцё», «ты, с*ка, ад рэжыму кормісься» і г.д.
Ну вось і камэра. Дзесяць чалавек на пяць ложкаў. Балазе, ёсьць матрацы, коўдры і падушкі, можна падзяліць ложкі і матрацы па пяць. Пасьцельнай бялізны, як і мыла, няма. Туалетнай паперы — агрызак рулёна. Пазайздросьцілі дзяўчатам насупраць, якім прапаноўвалі мыла і сродкі гігіены. Хлопцаў гэтым не ўганаравалі да заўтра.
Дзень быў напружаны, але спаць не хацелася. Разгаварыліся. Уздыхі на тэму «Не туды пабег» ужо адышлі на другі плян: абмяркоўвалі будучыя суды, настройвалі адзін аднаго на 15 сутак, каб потым не засмучацца. Моладзь падбадзёрвала «старэнькіх» за 40, што ім сьвеціць штраф на першы раз. Тыя недаверліва хіталі галавой. Хлопец, які папаўся паўторна і схапіў адразу два артыкулы, вылічваў, ці пасьпее сустрэць Новы год з жонкай, калі дадуць максымум. Выходзіла, што пасьпявае акурат за стол. Хлопец гэты павесялеў, перайшоў на беларускую мову і грунтоўна расказаў правілы тутэйшых мясьцін «першаходам», якія слухалі, разявіўшы раты. Народ задуменна засвойваў інфармацыю і рыхтаваўся да сну: пяць матрацаў на падлогу, астатнія леглі на ложкі.
Спалі дрэнна. Яно і ня дзіўна. У камэры знаходзіліся звычайныя мірныя людзі. 9 з 10 трапілі ў такое месца першы раз, абстаноўка ціснула. Плюс у галаве ў кожнага стаяў калейдаскоп сёньняшніх падзей.
А 6-й раніцы — пад’ём, на падказку бывалага прыбралі матрацы, паселі на ложках. Пераклічка. Выпрасілі заадно кавалак мыла. Прынесьлі аўсяную кашу і вельмі салодкую гарбату. Жыцьцё зноў стала наладжвацца. У чаканьні судоў завязалася размова. Адзін толькі ўладкаваўся на новую працу і сёньня мусіў быць першы працоўны дзень; другі кінуў машыну з абсталяваньнем фірмы, якое сёньня патрэбна для мантажу, а ніхто ня ведае ні дзе ён, ні дзе ягоная машына; трэці ў выпадку «сутак» адназначна вылятае з працы... Гісторый мноства, вясёлых мала... Тым ня менш усе адзін аднаго стараюцца падбадзёрыць, абмяркоўваюць, што будзе з радавымі паляўнічымі і арганізатарамі сафары. Калегіяльна вырашаем, што ніякіх «целяпацца на слупах» і «парваць», толькі суд. А раз яны так любяць чырвона-зялёныя сьцягі, дзяржаўны гімн і «Любімую не аддаюць», то шыць ім увесь дзень сьцягі пад любімыя матывы.
Судзілі праз скайп, усіх па чарзе. Атрымалася доўга, амаль да вечара. У перапынку пасьпелі нават яшчэ раз пакарміць. Перасоленая посная капуста і проса з паловай сардэлькі не карысталіся вялікім посьпехам — грунтоўна прагаладацца яшчэ не пасьпелі. Прысуды ляпілі рандомна, лёгіка праглядалася слаба. Хіба што сапраўды са зрухам штрафаў у бок узроставых і сямейных затрыманых. Пяцёра атрымалі па 30 базавых, пяцёра — «суткі». Адзіны, які пагадзіўся з пратаколам — 13. Пры гэтым трое нязгодных — 10. Бывалы адхапіў 15. «Штрафнікі» яшчэ доўга чакалі вызваленьня — адпускаць сталі пасьля шасьці.
Сыходзіць было нават неяк сорамна — новыя сябры заставаліся ў няволі. Падзяліліся запаснымі шкарпэткамі, запомнілі тэлефоны сваякоў, якіх трэба было апавясьціць. Умудрыліся нават праз кармушкі ў абед перагаварыць зь дзяўчатамі насупраць — у іх у камэры ўсе атрымалі «суткі», і таксама трэба было перадаць інфармацыю на волю.
Тыя, што выпускалі з ІЧУ, ставіліся да нас ня вельмі. Пяць бамжаватых таварышаў ня з нашай кампаніі карысталіся ў іх значна большымі прывілеямі і павагай. Мы ж былі для іх «бандытамі»: «Бандыты, да сьцяны, рукі за сьпіну!», «Бандыт, расьпішыся», «Бандыты, на выхад». Усё гэта з вуснаў таварыша з аўтаматам. Гучала вельмі пераканаўча. За суткі мы зрабілі імклівую кар'еру — з «даўба*баў-айцішнікаў» у «бандытаў».
Сустракалі жонка і сябар. Было вельмі прыемна ўбачыць сваіх. Патэлефанаваў на запомнены ў ізалятары нумар: «Добры дзень, мяне завуць ..., я сядзеў з вашым сынам. Не перажывайце, зь ім усё добра, яму далі 13 сутак. Ён малайчына, трымаецца бадзёра. Там усе малайцы». Гучала дзікавата. Як можа быць усё добра, калі абсалютна невінаваты чалавек будзе сядзець амаль два тыдні ў турме? Што пры гэтым адчуваў яго бацька? Перадаў заадно просьбу сына, які застаўся на «сутках».
Вы, напэўна, спытаеце, ці шкадую я аб чым-небудзь? Так. Але толькі аб адным. У нашай маленькай машыне заставалася яшчэ адно месца, мы падвезьлі суседа па камэры, а трэба было пачакаць яшчэ каго-небудзь: можа, іх ніхто не сустрэў. Але я тады быў разгублены, вельмі хацелася дадому. Больш шкадаваць мне няма пра што. У душы застаўся толькі гонар за тых, з кім давялося пазнаёміцца і правесьці тыя паўтара дня разам. З такімі сьветлымі людзьмі ў гэтай краіны ёсьць будучыня“.
„За доўгі тэрмін адседкі мне далі мянушку Пахан“
Тарас Тарналіцкі, журналіст і кінакрытык:
„Два тыдні таму абяцаў зрабіць пост — 50 фактаў пра затрыманьне, знаходжаньне ў Савецкім УУС, ІЧУ Акрэсьціна і СІЗА Баранавічах, але так нічога і не напісаў. А ўражаньні і ўспаміны ўжо пачалі прытупляецца, выветрывацца з памяці, таму цягнуць больш ня ў сілах — лавіце палатно рэфлексіі.
1. Калі ня хочацца быць арыштаваным падчас правядзеньня акцыі, ніколі ня варта спадзявацца на паводзінныя шаблёны. Я пагарэў на тым, што паверыў ва ўласную магію адстароненасьці, маўляў, можна прайсьці побач зь сілавікамі і ня быць затрыманым. Два разы гэта спрацавала, а 15 лістапада ўжо не.
2. Атрымаць гумавай дубінай па сьпіне ня так ужо і балюча. Хоць, папраўдзе кажучы, балюча, проста ад адрэналіну ты гэтага не адчуеш.
3. У самы вялікі «стакан» аўтазака ў кузаве «Купава», разьлічаны на 6 сядзячых месцаў, зьмяшчаецца 13 дарослых жывых мужчын. Больш ужо фізычна ня ўлазіць.
4. У Беларусі можна адстаяць паўдня каля бэтоннай сьцяны пры тэмпэратуры ад +4 да +1, калі ты папаўся па палітычным артыкуле. Мы стаялі ў Савецкім УУС на вуліцы з 14 гадзін да 2-3 гадзін ночы, пакуль мяне не тузанулі ў паўпадвальнае памяшканьне аддзелу, дзе было цёпла, але банальна бракавала кіслароду.
5. Беларуская сілавая сыстэма пабудаваная на традыцыйных каштоўнасьцях, таму патураньні магчымыя толькі затрыманым жанчынам і ніколі мужчынам.
6. Калі вас злавілі сілавікі, кажыце, што вы беспрацоўны. Я сказаў, што журналіст, ды яшчэ і без рэдактарскага заданьня, — і атрымаў адразу два пратаколы паводле артыкулаў КаАП 23.34 (удзел у незарэгістраваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаваньне службовай асобе). Лёгікай усё гэта беззаконьне не растлумачыць.
7. Затрыманы павінен заўсёды прытрымлівацца трох правілаў: ня верыць, не баяцца і не прасіць. Я думаў, што гэта рамантычная муць з дрэнных расейскіх фільмаў пра зэкаў, але правілы сапраўды працуюць табе ж на карысьць, калі прытрымлівацца іх выкананьня.
8. Ехаць у позе эмбрыёну з УУС у ІЧУ, лежачы на каленях у аўтазаку, жудасна нязручна: канцавіны вельмі хутка дранцьвеюць, адчувальнасьць у іх зьнікае ўмомант. Затое высьветлілася, што славутыя зялёныя аўтазакі абсалютна полыя, безь перагародак, і іх проста па-вар’яцку ацяпляюць.
9. Ніколі не разумеў людзей, якія спрабуюць весьці асэнсаваную нават ня спрэчку, а размову з АМАПам. Той, хто табе можа ўмазаць кулаком у твар у якасьці апошняга аргумэнту, ня варты ўвагі.
10. Мэдпэрсанал што ў ІЧУ на Акрэсьціна, што ў СІЗА Баранавічаў складаецца зь некампэтэнтных мярзотнікаў. Фэльчарка на Акрэсьціна не магла аказаць першую дапамогу хвораму на цукровы дыябэт, калі ў яго раніцай здарыўся канвульсіўны прыступ.
Або вось тыповы дыялёг падчас першага агляду:
— У вас ёсьць хранічныя хваробы?
— Так, нэўралгія левай нагі.
— У нас тут не лякарня.
А пра абслугоўваньне ў Баранавічах я проста маўчу. Усе сукамэрнікі з 103-й камэры перахварэлі на ковід і не памерлі толькі дзякуючы ўласнаму імунітэту, а ня сіле мэдыцыны.
11. У камэры на пяцёх на Акрэсьціна могуць лёгка начаваць дзесяць чалавек, калі яны будуць спаць валетам.
12. Беларускі суд праз скайп — гэта круцей, чым расстрэльныя тройкі НКВД. Паточнасьць прысудаў такая, што пазайздросьціў бы сам Ёсіф Вісарыёнавіч.
13. Мне далі 25 дзён арышту (15 за адзін пратакол, 10 — за другі), хоць я разьлічваў на 30, таму моцна не засмучаўся. Затое нядрэнна падбадзёрыў сваім прысудам суседзяў у камэры, якія былі засмучаныя ўласнымі 12-15-дзённымі пакараньнямі. Мне яшчэ далі мянушку Пахан за гэткі доўгі тэрмін адседкі.
14. У мяне ў справе сьведкай праходзіў дрышчаваты студэнт у масцы, які прадставіўся ўчастковым Савецкага УУС Любімавым Уладзімірам Уладзіміравічам. Як высьветлілася пасьля, такога супрацоўніка ў Савецкім УУС проста не існуе. У сукамэрнікаў зь іншых раёнаў былі сьведкі яшчэ сьмяшнейшыя: Іван Іванавіч Іваноў, Р. Жэўскі і падобныя. Суцэльны фарс за нашы з вамі падаткі.
15. Найгоршы вораг арыштанта — гэта тоны вольнага часу, якія няма куды падзець. Мы спачатку балбаталі, потым гулялі ў «трохлітровы слоік», затым у шахматы і шашкі зь мякішу. Праз тры дні зьявіліся кнігі, сканворды, судоку, лісты — і стала крыху лягчэй.
16. Самыя патрэбныя рэчы ў турме — гэта кнігі і зубная шчотка. З усім астатнім яшчэ можна мірыцца.
17. Я на Акрэсьціна правёў 5 дзён, ні разу не пабываўшы на прагулцы, у душы, а яшчэ спаў без пасьцельнай бялізны.
18. Супрацоўнікі ІЧУ Акрэсьціна проста катастрафічна дрэнна ведаюць арытмэтыку. Могуць дзесяць разоў заблытацца, лічачы да дзесяці. І гэта не нагавор, а рэальныя назіраньні за чужым ідыятызмам.
19. На Акрэсьціна я быў у дзьвюх камэрах: на другім і першым паверхах. Мачой і калам там не сьмярдзела, можна было ляжаць на матрацах, але кармленьне было на тры зь мінусам: пусты суп, разьведзены чай\кампот\кісель, зьлітыя ў адно разьведзеныя чай і кампот, каша, рыбныя катлеты з косткамі. З вартага — вячэра з адварнога рысу і адной падвэнджанай сасіскі. І яшчэ даюць проста тоны хлеба, які неўзабаве няма куды падзець.
20. Турэмны кэшбэк — гэта калі спаражняцца ў пакет, які затым кідаеш у «кармушку», якая адчынілася. Гэта проста жарт, такога пры мне не адбывалася.
21. Перад этапам у Баранавічы нам першы раз уключылі раніцай дзяржаўны гімн, а вечарам — музыку з БТшнай «Калыханкі».
22. Хоць мы пяць сутак сядзелі ў будынку ІЧУ, нас перад адпраўкай з Акрэсьціна правялі праз ЦІП, каб выдаць квіткі за знаходжаньне на ЦІП. Атрымалася 67,5 рубля.
23. Пакуль ехалі ў Баранавічы, я пачаў чытаць «Мэханічны апэльсін» Энтані Бэрджэса, выйшла вельмі сымбалічна. Наогул, за ўвесь тэрмін арышту я цалкам або часткова прачытаў 13 кніг. Самыя любімыя — раман «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча і аповесьць «Воўчая зграя» Васіля Быкава.
24. У Баранавічах нас сустракаў, як сапраўдных зэкаў, узброены аўтаматамі АМАП: з сабакамі, пагрозамі расправы і матам. Зноў адчуў сябе ў перабудовачным фільме пра 30-я гады СССР.
25. У Баранавічах мы жылі ў старым корпусе — былой казарме пачатку ХХ стагодзьдзя, якую ня зьнесьлі сёлета з разьлікам пасяліць там палітычных затрыманых. Сукамэрнікі думалі, што гэта былыя стайні або таварныя склады, пагатоў чыгунка недалёка, але пралічыліся.
26. Звычайныя зэкі жывуць у Баранавічах у значна лепшых бытавых умовах, чым палітычна рэпрэсаваныя зьняволеныя. Я там пасьпеў пажыць у трох камэрах двух карпусоў, і ўсюды былі праблемы: недахоп месца, забіты туалет, холад.
27. За дваццаць сутак у СІЗА Баранавічы я атрымаў 2 перадачы ў аўторак (першая была на Акрэсьціна ў чацьвер), быў на шасьці шпацырах (у чацьвер, панядзелак і адзін раз у нядзелю), у двух душах з гарачай вадой (у пятніцу).
28. Пасьцельную бялізну ў Баранавічах мне выдалі ўпершыню 27 лістапада, г. зн. у канцы другога тыдня знаходжаньня ў зьняволеньні. Я яе пасьпеў замяніць адзін раз.
29. Я сядзеў зь людзьмі, арыштаванымі яшчэ ў канцы кастрычніка, на маршы ў памяць пра Рамана Бандарэнку, на першым і другім дваровых маршах. У такія моманты адчуваеш сябе старым, які пражывае розныя эпохі.
30. Вышэй я пісаў, што мэдычную дапамогу ў Баранавіцкім СІЗА атрымаць нерэальна. Табе максымум могуць даваць лекі, якія перададуць родныя, ці выклічуць хуткую дапамогу, калі будзеш паміраць. Пры мне шпіталізавалі ноччу ў тэрміновым парадку адну жанчыну, гэта было 7 сьнежня.
31. Часам машыністы, якія праяжджаюць побач, гулі матыў «Жыве Беларусь». Такое сапраўды здаралася, але ня часта, як хацелі б думаць мае сукамэрнікі.
32. На другім тыдні я зьненавідзеў сканворды, судоку і расейскія глянцавыя часопісы: National Geographic, Esquire, «Популярная механика», у якіх часта няма чаго чытаць, акрамя рэклямы.
33. У турме я пасьпеў перахварэць на ВРВІ, прастуду і каранавірус, ачуняць і адбыць карантын. На другім тыдні прыйшло разуменьне, што калі ў мяне пнэўманія, то давядзецца тут жа і памерці. Але страх сьмерці выветрыўся літаральна за пару гадзін.
34. У беларускіх турмах існуе жорсткая і негалосная цэнзура на лісты: як на ўваходную карэспандэнцыю, так і на выходную. Гэта было ясна зь перапіскі, калі ў асобных сукамэрнікаў не даходзіла да сваякоў адразу тры лісты. Мае ўсе дайшлі да адрасатаў, але вельмі шмат не прыйшло ад знаёмых, сяброў, калег па працы. Калі вы хочаце, каб вашы лісты дайшлі, пішыце іх па справе, без палітычнай агітацыі і падрабязнасьцяў турэмнага побыту, або перадавайце іх празь людзей, якія выйдуць раней за вас.
35. З катаваньняў у Баранавіцкім СІЗА былі: пастаянна гарыць сьвятло (нават ноччу яго не выключалі, хоць сыгнальныя лямпы дакладна працавалі), адсутнасьць мэддапамогі (пісаў пра гэта вышэй), а таксама дзіўныя гукі. Нам 24 ці 25 лістапада сярод ночы ўрубілі на ўвесь калідор аўдыёзапіс з замагільным голасам, які працягла паўтараў некалькі разоў «Очнитесь». На наступны дзень правяраючыя афіцэры запэўнівалі нас, што нічога не было.
36. Дарэчы, пра афіцэраў, якія нясуць вахту. Кожнаму зь іх мы давалі мянушкі — каржакаватага невысокага прапаршчыка звалі Пупс або Паспарту, зласьлівага мужыка з залысінамі і парэзам на галаве — Шнар, маладую лейтэнантку ў ботах-батфортах і добрай фрызурай — Добры Дзень (яна пару разоў так на пазытыве праводзіла ранішнюю паверку), сяржанта з срэбным ланцугом — Ланцуг. Усе яны былі ў цэлым адэкватныя, калі не паступаў канкрэтны загад быць жорсткімі зь вязьнямі.
37. На шпацырах мы некалькі разоў сьпявалі песьні, а таксама пляскалі ў далоні, як на мітынгах. Гэта моцна нэрвавала канвой, які нам пагражаў, маўляў, гэта апошняя ваша прагулка. Але наступстваў ніколі не было.
38. Сьцены прагулачных двароў (бэтонная кішэня зь сеткай замест даху, празь якую відаць неба), кнігі з турэмнай бібліятэкі, а таксама алюмініевы посуд былі ўсыпаныя агітацыйнымі надпісамі: «Жыве Беларусь», «ШОС», «Лукашэнку ў аўтазак», «Матолька сырнік» (WTF ?!) і інш. Гэта нэрвавала адміністрацыю, але нічога зрабіць з гэтым яна не магла.
39. У Баранавіцкім СІЗА поўна жыўнасьці. У першай камэры да нас прыбягала мыш, у другой — пішчаў пацук з прыбіральні, у трэцяй мы пацука забілі, калі прачышчалі ўнітаз, які забіўся ад экскрэмэнтаў, палкай-вантузам.
40. У турме ёсьць свой забаўны жаргон. Калідор там называецца прадолам, а дзяжурны афіцэр — прадольным, дзьверы камэры — гэта тармазы, прыбіральня — даліна, стол — дубок, лаўка — трамвайка, талеркі — шлемкі, кубкі — кругалі або зэчкі, цукеркі-смактулькі — грахатулі і іншае.
41. Кармёжка ў Баранавічах, дарэчы, выдатная. Там прыстойны суп, неразьведзеныя гарбата і кісель, ёсьць нават разваранае мяса з жыламі, бульба і каша. А яшчэ кожны вечар там даюць рыбу путасу, якую гатуюць у нетрыбушаным выглядзе і насыпаюць зьняволеным горкай у адну міску. Мы гэтую страву назвалі «курганам славы», а яе ўжываньне — асаблівым відам арышту, «путасуткамі». Мне давялося адбыць дваццаць путасутак.
42. Баранавіцкі карцар — мара інтравэрта. Я там ня быў, але, як казалі, гэта звычайная адзіночка (праўда, могуць туды пасадзіць адразу трох чалавек) з жалезнай шконкай з чатырма круглымі прутамі ў выглядзе лежака, лаўкай і сталом. А яшчэ там трэба насіць нямытую карцарную робу на адзеньні.
43. У СІЗА прымушалі скручваць матрацы раніцай і класьці іх на верхнюю нару, забаранялася сядзець на турэмных коўдрах і ляжаць на нарах, у адваротным выпадку прыходзіў афіцэр і крычаў на нас. Але мы ўсё роўна сядзелі на коўдрах і ляжалі на нарах. Так пераможам!
44. З курывам у СІЗА было цяжка. У большасьці арыштантаў былі цыгарэты розных марак, але не было запальніц і запалак. Хоць у нашай камэры №103 чувакі курылі тры разы на дзень, бо была запальніца. Я ненавіджу пах дыму, але каранавірус мне дапамог — я вельмі доўга не адчуваў абсалютна ніякіх пахаў.
45. У баранавіцкіх камэрах можна перагаворвацца праз сьцены, праз разрэзаныя ацяпляльныя трубы. А яшчэ можна кідаць «каня» — гэта зьлепленыя скотчам чатыры алоўкі, на якія мацавалася невялікая цыдулка. У 109 камэры мы так размаўлялі з жанчынамі з суседняга памяшканьня.
46. За дзень да вызваленьня нам уляпілі вымову за тое, што мы «гучна сьмяяліся», седзячы ў камэры. Прымусілі перад адбоем вынесьці матрацы ў калідор, потым занесьці назад, напісаць тлумачальную, а раніцай — падпісаць загад аб вынясеньні вымовы. Пры гэтым суседнія камэры «шумелі» ня менш за нас, але рэпрэсіі зазналі толькі мы.
47. Я сядзеў з рознымі людзьмі: бізнэсоўцамі ў галіне лягістыкі і рэклямы, прадаўцамі на рынку, праграмістамі, кіроўцамі, мэдработнікамі, службоўцамі дзяржустаноў. За дваццаць пяць дзён я сустрэў аднаго апухлага ад алькаголю маргінала Юру з Расеі, які ўсё запэўніваў, што ў Беларусі бязладзьдзе, а ў Расеі ўсё выдатна, а таксама беларуса-кіроўцу, які казаў, што яму 36 гадоў, а выглядаў на ўсе 46. З славутасьцяў там быў толькі саліст групы «Петля пристрастия» і «Касіяпея» Ільля Чарапко-Самахвалаў. Я зь ім не перасекся, але мне апавядалі, як ён дэклямаваў лісты і хацеў напіцца пасьля вызваленьня.
48. У дні перадачак у нас у камэрах канцэнтравалася велізарная колькасьць ежы і бытавых прыладаў (шчоткі, паста, туалетная папера, вільготныя сурвэткі і іншае), якія мы фармавалі па пакетах і перадавалі праз афіцэраў іншым арыштантам, якія прыехалі з этапу. Праўда, не магу ўпэўнена сказаць, ці даходзіла наша гуманітарка па адрасе ці не.
49. Калі ў вас дрэнны мэтабалізм, у турме лепш есьці ўмерана. Руху мала, калёрыі няма дзе траціць — і ёсьць шанец набраць лішнія кіляграмы. Мне пашанцавала — я не патаўсцеў, а пасьля выхаду нават трохі скінуў.
50. Адбываньне 25 дзён арышту — гэта як палёт у космас на іншую плянэту. Пасьля вяртаньня ты быццам трапляеш у тое самае асяродзьдзе, але цябе грызе адчуваньне, што нешта незваротна зьмянілася ў горшы бок. Стан разгубленасьці і дэзарыентацыі ў мяне прайшоў на пятыя дзень пасьля вызваленьня“.
„У вачах судзьдзяў я ня бачу да пабітых ні жалю, ні спагады“
Натальля, адвакат раённай кансультацыі, Менск:
„Як і большасьць, да пэўнага моманту я была абсалютна апалітычным чалавекам. Але я жыву ў цэнтры гораду і міжволі зь першых дзён была сьведкай таго, што адбываецца. Тым ня менш першыя дні на працы была цішыня, я сядзела проста ў чаканьні, што камусьці спатрэбіцца дапамога.
Дзясятага жніўня не паступіла ніводнай заяўкі. На наступны дзень я сама пайшла ў суд і папрасіла перадаць, што мы, адвакаты, на месцы і, калі патрэбна дапамога, — гатовыя.
Я думала, што кагосьці, магчыма, судзяць, і зьдзіўлялася: усе такія непісьменныя і ніводзін чалавек не заявіў хадайніцтва пра адваката?
І тут уключаюць інтэрнэт — пабітыя людзі пачалі вяртацца, і мы даведваемся, што рабілася. Спаць спакойна ня мог ніхто! Я проста села ў машыну і паехала на Акрэсьціна, мне хацелася рабіць усё што заўгодна, каб дапамагаць людзям.
Там быў сапраўдны жах! Сваякі плачуць, крычаць, усе шукаюць кагосьці, усё на нэрвах, «хуткія» патокамі заяжджаюць-выяжджаюць…
На наступны дзень даведалася, што судзьдзі езьдзілі на Акрэсьціна і ў Жодзіна і там разглядалі справы праз скайп! Гэта азначала, што б чалавек ні гаварыў, як бы ён там ні крычаў «Дайце мне адваката!», яго ніхто ня слухаў.
13 жніўня пасьля абеду, калі людзей сталі выпускаць, да нас пасыпаліся спалоханыя сваякі, якія не маглі знайсьці дзяцей, жонак, мужоў, братоў, сясьцёр. Гэта быў жах! Тэлефоны не адказвалі ні ў судах, ні ў міліцыі. Тады толькі за паўдня я дапамагла знайсьці каля дваццаці чалавек.
Потым людзі пачалі заключаць дамовы «на ўсялякі выпадак». Такіх у мяне некалькі дзясяткаў. Ні па адным, дзякуй Богу, нікога не затрымалі.
Для сябе я адразу вырашыла аказваць дапамогу пацярпелым, нягледзячы ні на што. Рада, што мяне падтрымалі і кіраўніцтва, і родныя. Першыя два тыдні адвакаты дапамагалі бясплатна. Пасьля за асобна аказаную юрыдычную дапамогу сталі браць грошы.
Мы адразу паехалі ў лякарню хуткай дапамогі і з дазволу галоўнага лекара пайшлі па палатах. Тлумачылі людзям іх правы, дапамагалі пісаць заявы па факце прычыненьня цялесных пашкоджаньняў, кансультавалі па адміністрацыйных справах, па фактах затрыманьня, адсутнасьці на працы і іншых. Трое сутак я кансультавала ў лякарні.
Цяпер мне, абараняючы людзей, якіх абвінавачваюць паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»), кожны дзень даводзіцца сутыкацца зь беззаконьнем і абсурдам у судзе.
Нядаўна я шукала свайго падабароннага, вывучыла справу, пакінула адвакацкі ордэр, толькі чакала інфармацыі пра час слуханьня справы. І раптам вечарам мне перадаюць, што суд над ім ужо адбыўся, прычым а палове восьмай вечара, пасьля заканчэньня працоўнага часу суду!
Былі выпадкі, калі нават падабароннаму не паведамлялі пра час паседжаньня, суд праводзілі без асобы, у дачыненьні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс! Згодна з пратаколам, хлопца затрымалі нібыта на несанкцыянаваным мерапрыемстве ў 23.40. Мы прадставілі суду і сьведак, і нават відэа, дзе відаць, як хлопец спыняе машыну на патрабаваньне супрацоўнікаў АМАПу, тыя падыходзяць, адводзяць яго — і ўсё гэта адбываецца ў 23.00.
Рэпліка судзьдзі: «Я бачу, што ў 23.00 да вас падышлі супрацоўнікі АМАПу. А дзе гарантыя, што вас тут жа не адпусьцілі і вы за сорак хвілін не пасьпелі прыпаркаваць машыну і пайсьці на несанкцыянаваны мітынг?»
Яшчэ судзьдзі любяць пытацца ў затрыманых, чаму тыя так позна знаходзяцца па вуліцы. Як гэта расцэньваць? Калі чалавек выходзіць пасьля 22 гадзін, яго можна вінаваціць ва ўсім?
Адзін затрыманы тлумачыў, што яго затрымалі, калі ён вечарам пайшоў зь сябрамі ў кавярню па піцу. Судзьдзя запытала: «Чаму вы так позна елі?». А ў сьведак: «Ці зьяўляецца для вас нормай есьці так позна?»
Такімі «наваднымі» пытаньнямі судзьдзі спрабуюць хоць бы ўскосна даказаць намер узяць удзел у мітынгу. Вядома, ніякія тлумачэньні пра тое, што чалавек мае права есьці ў які заўгодна час, пад увагу не прымаюцца. Падсудным усё роўна прысуджаюць велізарныя штрафы.
Для мяне відавочны факт, што ніхто не скіраваны цяпер на аб'ектыўны разгляд спраў. Судзьдзі згаджаюцца задаволіць некаторыя хадайніцтвы, яны нават далучаюць да справы фота і дакумэнты пра пабіцьцё, але вынесеныя пастановы сьведчаць пра тое, што пад увагу іх не прымаюць.
Дзіўна, што судзьдзі, а гэта дасьведчаныя людзі, не разумеюць, што іхныя дзеяньні падпадаюць пад Крымінальны кодэкс. Мяне засмучае, калі судзьдзі глядзяць на фота са сьлядамі зьбіваньня, і я ня бачу ні спагады, ні жалю ў іх вачах.
Аднойчы мне здалася, што, убачыўшы фота пабітага падабароннага, судзьдзя была ў шоку. Але яна тут жа пацікавілася, ці ўстаноўленая віна асобы, якая прычыніла цялесныя пашкоджаньні. Пачуўшы адмоўны адказ, спытала: «Да чаго тады гэтыя фатаздымкі?»
Неяк, прыйшоўшы ў роспач, адзін з асуджаных крыкнуў судзьдзі: «Лепш бы я здох на Акрэсьціна і не адымаў ваш час!» Але рэакцыі не было.
А адна народная засядацелька спытала ў мяне на поўным сур’ёзе: «Як вы можаце іх абараняць, яны ж фарбай попу намазалі!»
У той жа час я зразумела, што судзьдзі таксама дзеляцца на катэгорыі. Ёсьць тыя, якія паважаюць людзей, што адстойваюць сваю думку. Людзей, якія так і кажуць: «Я прызнаю віну, сапраўды трымала ў руках плякат, а яшчэ ў мяне бел-чырвона-белы манікюр і я паказвала “вікторыю”». Такім даюць штраф.
А ёсьць судзьдзі, якіх гэта, наадварот, раздражняе, маўляў, як ты сьмееш мне яшчэ гаварыць, што ты маеш рацыю! І даюць 15 сутак.
Справы прызначаюцца так хутка, што няма часу паглыбіцца, ня тое каб адправіць нейкія запыты. Пры гэтым адвакацкі запыт маюць права разглядаць ад 15 да 30 сутак.
Тады мы з хадайніцтвам зьвяртаемся ў суд, каб ён запатрабаваў. На запыты суду адказваюць хутка. Магу сказаць, што прыкладна ў палове выпадкаў суд задавальняе хадайніцтва. І кожны раз гэта маленькая перамога.
А бывае, задавальняюць усе хадайніцтвы, усё ўважліва слухаюць; глядзіш, нібыта паводзяць сябе адэкватна, а па факце выносяць 25 базавых!
Мая перамога — гэта калі чалавек сядзіць у ЦІПе і ўдзельнічае ў працэсе праз скайп, а пасьля пасяджэньня яго выпускаюць і справу адпраўляюць на дапрацоўку. Людзі кажуць: «Дзякуй, што вы мяне адтуль дасталі».
Усе справы трэба абскарджваць да перамогі. Да апошняга. Таму што рана ці позна сытуацыя зьменіцца, адновяць тэрміны на абскарджаньне, у рамках нагляду выпатрабуюць гэтыя справы і адменяць гэтыя артыкулы. Таму я ўсіх заклікаю не баяцца і пры жаданьні абскардзіць справы“.
„Было адчуваньне, што граф Монтэ-Крыста сядзеў у Баранавічах“
Сьвятлана Дзядова, сямейны псыхоляг:
„Дагэтуль не разумею, зь якой мэтай сілавікі а 8-й раніцы 11 сьнежня ўварваліся ў кватэру зь ператрусам. Яны настойліва званілі ў дзьверы, потым пачалі грукаць і пагражаць, што ўскрыюць іх аўтагенам.
Муж адчыніў, яго ў калідоры паклалі тварам уніз. Сказалі, што прыйшлі ў межах нейкай крымінальнай справы, не ўдакладніўшы, якой справы і якое дачыненьне мы да яе маем, у якім мы статусе.
Правялі ператрус, забралі пяць ноўтбукаў (у тым ліку і старых, якія не працуюць), два мае тэлефоны, два сьцягі і два маленькія папяровыя сьцяжкі на саломінках, а таксама бел-чырвона-белы парасон.
Павезьлі мяне ў РУУС — пагаварыць. Са мной размаўляў сьледчы ў крымінальных справах. Прагучала потым і на судзе, што я хавалася ў «Маку» на Лагойскім тракце. Калі 1 лістапада падчас нядзельнага маршу пачаліся выбухі, я сапраўды туды забегла і чакала моманту, калі стане больш бясьпечна, каб выйсьці. Хоць з McDonald’s я пайшла не з удзельнікамі маршу, а да Цнянкі.
Я напісала ў сацыяльных сетках, што з McDonald’s людзей не выганялі. Вось да гэтага і дачапіліся. Праўда, сьведка казаў на судзе, што я проста стаяла хвіліны дзьве ў групе пратэстоўцаў, але ніякіх лёзунгаў не выкрыквала.
Суд Савецкага раёну прызначыў мне 14 дзён арышту паводле артыкула 23.34 — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сьведку, які быў на судзе, я потым шмат разоў бачыла на Акрэсьціна; ён цікавіўся, які тэрмін мне далі; сустрэла я яго, і калі мяне перавозілі з Акрэсьціна ў Баранавічы.
Мне і цяпер цікава, якую крымінальную справу спрабавалі мне «прышыць», дзе цяпер наша тэхніка, на якой падставе яе забралі. Звычайна, калі даюць «суткі» ў адміністрацыйнай справе, потым адразу ўсе гаджэты вяртаюць. І наагул шмат юрыдычных нестыковак — кватэра, у якой быў ператрус, не мая, а майго мужа, і пратакол павінен быў падпісваць муж, а ня я. Муж напісаў і паслаў некуды скаргі.
Больш за ўсё падчас адседкі мяне ўразіла публіка, якая трапляе на «суткі». Кантынгент вельмі розны: жанчыны ад 22 да 60. Былі і першаходкі, як я, і рэцыдывісткі, як яшчэ адна Сьвятлана.
Толькі калі выйшла, зразумела, што сядзела разам з маці Сяргея Міронава, аўтара крылатага выразу «Хлопотное дельце». Яна нам пра яго не гаварыла. У Сьвятланы Чапуркі гэта была ўжо другая адседка, спачатку 15 дзён, а потым яшчэ 12 — за бел-чырвона-белую фіранку на вакне. Але яна вельмі бадзёрая, вясёлая, дай Бог у 60 гадоў кожнай такой быць.
Што да астатняй публікі, то мне пастаянна трапляліся то на адны суткі, то на даўжэйшы тэрмін калегі, якія маюць дачыненьне да псыхалёгіі. Хтосьці вучыўся на псыхоляга, але не працаваў па спэцыяльнасьці; або, наадварот, вучыўся на некага іншага, а стаў псыхолягам. Так што было пра што пагаварыць — аўра ў камэрах была амаль прафэсійная. Сядзела і з дэфэктолягам, некалькі дзён правяла зь дзяўчатамі зь мікрараёну «Каскад», якіх пасадзілі за сьцягі на вокнах. Адна айцішніца трапіла нават не за сьцяг, а за «Пагоню» ў вакне — ні на якія маршы яна не хадзіла.
Успрыманьне турмы залежыць ад настрою чалавека. Мяне баранавіцкая турма вельмі ўразіла.
Надзвычай аўтэнтычны старажытны будынак: калі заходзіш, у мяне было адчуваньне, што граф Монтэ-Крыста таксама там сядзеў. Вузкі калідор, вельмі высокая столь — мэтраў 4–5. Дзьверы драўляныя звонку, уверсе паўкругам, а ўнутры яны ўжо абабітыя мэталам.
У мяне нават думка ўзьнікала, што там трэба зрабіць музэй, гатэль — для тых, хто любіць трэшавы адпачынак.
Я сядзела ў дзьвюх камэрах. У адной было 6 чалавек на 8 месцаў, але жанчын там пратрымалі толькі адны суткі. Другая камэра была на 19 шконак.
Шмат хто праз гэтую камэру № 95 прайшоў. Шконкі трохпавярховыя, вельмі крыва звараныя. На другім паверсе была вельмі вузкая шконка — 50 сантымэтраў шырынёй. Дзяўчына, якая спала на ёй, жартавала: «Гэта мая дамавінка». І нават калі іншая, шырэйшая шконка вызвалілася, яна не перайшла, сказала, што там вельмі ўтульна, цёмна, як у норцы. Сьцены аблупленыя, такое адчуваньне, што вось-вось абваляцца. Яшчэ ўразіла, што ў гэтай камэры — старой, аўтэнтычнай — плястыкавае вакно.
Калі параўнаць ІЧУ на Акрэсьціна, то там драўляны насьціл на нарах і, нават калі матрац дрэнны, спаць больш-менш нармальна. А на баранавіцкай шконцы насьціл мэталічны, ногі ў мяне ўсе сінія. Было вельмі цесна; нават, калі прыносілі ежу, частка людзей ела стоячы.
У камэры было вельмі душна, яе пастаянна праветрывалі, і вельмі раздражняў брэх турэмных сабак. Гарачай вады ў Баранавічах не было, але дзяўчаты прыдумалі свае лайфхакі: налівалі ваду ў бутэлькі, клалі на батарэі, вада награвалася, і яны маглі памыць галаву. Двойчы выводзілі на прагулку, адзін раз у душ звадзілі — у новы, больш прэзэнтабэльны корпус, дзе сядзяць крымінальнікі.
Харчаваньне ў Баранавічах было значна лепшае, чым на Акрэсьціна. Я чалавек не пераборлівы. На сьняданак і вячэру давалі клясычную кашу. Дзякуй усім, хто перадаваў нам сухафрукты і цукаты, мы іх дадавалі ў кашу, і атрымлівалася смаката. Абеды ў Баранавічах былі нармальныя. Разнастайныя супы (боршч, гарохавы, капуста), тушаная бульба — смачна. А вось на Акрэсьціна кормяць 3 разы, а піць даюць два разы, часьцяком палову кубка. Кісель давалі ці на абед, ці на вячэру.
Большая частка лістоў, якія мне пісалі, не дайшлі. Муж пісаў мне пра тое, як два мужыкі спраўляюцца з побытам, калі мяне няма. Можа, паленаваліся чытаць па-беларуску, але ягоныя лісты не дайшлі. Кажуць, калі шмат прыходзіць лістоў, цэнзары проста лянуюцца чытаць. Як толькі я трапіла ў Баранавічы, дзяўчаты далі мне канвэрт, і я напісала дадому. Ліст дагэтуль не дайшоў.
Я ня вельмі сэнтымэнтальная. Для кагосьці ліст — вялікая радасьць, а для мяне проста бонусік. Але ўсім, хто мне даслаў лісты, я напісала адказы. Лісты ў турме вельмі падтрымліваюць. Прыносяць адначасова з абедам, думаеш: ці есьці, ці адказ пісаць.
Сукамэрніцам пашанцавала: ніхто не захварэў на каранавірус, хоць маці Сяргея Міронава трапіла з сымптомамі — «падчапіла» вірус у першую адседку, не адчувала пахаў.
Як псыхолягу мне цікава было назіраць за супрацоўнікамі турмаў, а іх давялося пабачыць за два тыдні нямала. Ня факт, што гэта іх палітычныя погляды. Але адчуваньне, што яны думаюць: «У мяне ўлада, і я магу рабіць усё што заўгодна». У кагосьці гэта проста зашкальвала, у кагосьці менш, але гэта відаць.
Толькі адзін чалавек, як мне здалося, не адчуваў асалоды ад таго, што ў яго ўлада. Розныя людзі былі, але ў Баранавічах турэмнікі больш чалавечныя: магчыма, раней яны не сутыкаліся з палітычнымі.
Мне здалося, што ў Баранавічы «палітычных» ужо ня будуць вазіць. Калі жанчыны зьяжджалі, у камэры заставалася толькі адна, якой далі 23 дні арышту, і ёй яшчэ сядзець да 5 студзеня“.
„«Праваахоўнік» сказаў: «Мне на вас п..., галоўнае, каб у майго сына было ўсё!»“
Ала Рашчынская, Менск:
„Вяртаньне дадому пасьля 10 дзён у СІЗА.
Пішу больш для таго, каб адказаць усім маім старым і новым сябрам, усім неабыякавым людзям, якія ўвесь гэты час перажывалі, дапамагалі, пісалі лісты і ўсяляк падтрымлівалі мяне і маю сям’ю.
Суд і 10 сутак! За тое, што я, каталічка, 13 лістапада пастаяла ў хвіліне маўчаньня каля касьцёла з запаленай лямпадкай і кветкамі, перавязанымі жалобнай стужкай, паклала іх каля крыжа з укрыжаваным Ісусам Хрыстом, у думках прамовіла малітву за спачын душы Рамана Бандарэнкі і пайшла дадому, бо касьцёл быў зачынены.
Фраза з пратаколу пра тое, што гэтае мерапрыемства несанкцыянаванае, гучыць проста дзіка і мяжуе з вар’яцтвам. Таму і маё пытаньне «Як можна пры жыцьці чалавека пытацца дазволу на памінальную малітву па ім?» павісла ў паветры.
Чарговы раз судзьдзі і тыя, хто зь імі, паказалі поўную адсутнасьць здаровага сэнсу, годнасьці і сумленьня. Замахнуліся на самае сьвятое, на рэлігійныя пачуцьці людзей, разбурыўшы стыхійныя мэмарыялы па ўсёй краіне, яны страцілі ўсякае ўяўленьне аб вечных агульначалавечых каштоўнасьцях. Мне здаецца, што, зьнішчыўшы ў сабе ўсё чалавечае, ім проста страшна жыць сярод нармальных людзей. Таму такое вялікае іх імкненьне схаваць усіх за краты. І невядома ім, зь іхнай дробнай душонкай, што можна зьнявечыць цела, але немагчыма зламаць дух.
Пабываўшы ў сьценах турмы ўжо трэці раз, скажу: маё непераадольнае жаданьне пакласьці канец гэтаму цемрашальству, якое робіцца ў маёй любімай краіне, толькі мацнее.
Гэты досьвед каштоўны для мяне яшчэ і тым, што я пазнала сябе іншую, што цярпеньне і вытрымка мае бязьмежныя. Пры гэтым я, вядома ж, стала больш жорсткай, але, нават знаходзячыся ў камэры са спэцкантынгентам (некаторыя адседзелі на зоне не адзін год) мне ўдавалася досыць мірна зь імі суіснаваць.
Колькасьць сяброў у мяне павялічваецца ў геамэтрычнай прагрэсіі; па меры таго, як у істотаў, якія чыняць беззаконьне, павялічваецца колькасьць ворагаў.
І хвіліны шчасьця сталі ўспрымацца яшчэ больш востра і ярка.
Адзін «праваахоўнік» сказаў мне неяк: «Мне на вас пох.., галоўнае, каб у майго сына было ўсё!» Укладаючы ў гэта «ўсё» толькі матэрыяльнае, бо вельмі перажываў, што недаатрымае праз нас прэмію.
І ніколі не зразумець яму, убогаму, для якога мера шчасьця — грошы, заробленыя на пакутах беларусаў, якая невымоўная радасьць у тым, каб выйсьці са сьцен пракуранай камэры СІЗА, удыхнуць на поўныя грудзі, павярнуць галаву і ўбачыць, як ідуць да цябе людзі — родныя, блізкія, сябры — з шыкоўным букетам бел-чырвона-белых ружаў, з духмянай кавай, з крэатыўнымі падаруначкамі, з цэлым пакетам садавіны і з такімі гарачымі абдымкамі, што ўжо ніякіх сіл няма, каб стрымліваць сьлёзы.
Вось гэта і ёсьць сапраўднае шчасьце, якое ніколі не забудзецца.
Дзякуй вам усім, мае дарагія. Па-ранейшаму ўсіх люблю!“
„У камэры паўсюль бачыш «Жыве Беларусь»“
Шура Піліповіч-Сушчыц, 20 гадоў, фатографка «Нашай нівы»:
„Мяне судзілі за працу на «Маршы сьмелых» памяці Рамана Бандарэнкі, 15 лістапада.
Страх ёсьць. Гэта страшна — страціць кантроль над сваім жыцьцём, страшна паварочвацца сьпінай да людзей са зброяй, страшна хадзіць жодзінскімі падземнымі лябірынтамі, больш падобнымі да рэканструяваных ваенных катакомбаў.
Гэта прыніжэньне — станавіцца «тварам да шконкі», калі ў камэру ўваходзіць ахоўнік; прыніжэньне — хадзіць у туалет, калі паміж ім і ложкамі ды сталом, за якім ядуць і чытаюць літаратуру, толькі перагародка ў мэтар; прыніжэньне чуць «гэй, ты» і «цёлка» у адрас адэкватных, мірных, інтэлігентных людзей.
Гэта сумна — чуць гісторыі затрыманьняў. Сумна, калі затрыманымі аказваюцца бацька, маці і старэйшая дачка, а дома на цэлы дзень і ноч застаецца адзін 13-гадовы сын; сумна, калі гэты ж бацька бачыць, як у аўтазаку б’юць дачку па галаве ейным тэлефонам і ня мае магчымасьці абараніць яе; сумна, калі чалавеку з прыступам эпілепсіі пры затрыманьні не выклікаюць «хуткую», а ў РУУСе сьмяюцца і пытаюцца: «У цябе аргазм?»
Але побач з усімі гэтымі пачуцьцямі яшчэ адно — вера.
Калі заходзіш у камэру, паўсюль толькі і бачыш «Жыве Беларусь» — на стале, на сьцяне, на ложках, на посудзе.
У нашай камэры атрымалася знайсьці:
«Я радая, што я тут і цяпер, і я радая, што гэта хутка скончыцца. 19.10.2020»
«Сядзім за «хлопотное дельце»
«БГМУ і БДАМ з народам»
«Верым, можам, пераможам»
«Стварай дабро супраць сыстэмы»
«Пасьля чорнай паласы заўсёды будзе белая — чырвоная — белая»
«Лебядзіны выходзіць штодзень»
І безьліч «Свабоду палітвязьням»
Нашы ложкі зататуяваныя вершамі Купалы і Багдановіча, наш посуд патрабуе свабоду Марыі Калесьнікавай ды абвяшчае аб вольных Прылуках.
Мы сьпявалі песьні, гулялі ў «кракадзіла», дзяліліся перадачкамі, шмат чыталі і разгадалі, здаецца, усе крыжаванкі. Кожны дзень займаліся спортам і размаўлялі зь цікавымі яркімі людзьмі.
У Жодзіне нас было восем: дызайнэрка касьцюмаў на разьмеркаваньні і тэставальніца (іх абедзьвюх асудзілі за фота ў інтэрнэце); валянтэрка «Вясны» з бчб-манікюрам; айцішніца; эканамістка, якая ішла з крамы; галоўная бухгальтарка; мэдык, якую затрымалі за бела-чырвоныя рукавіцы, і я, фотажурналістка. Нам ад 20 да 64 гадоў — можна сказаць, тры пакаленьні.
Мы гадаваліся на рознай музыцы, мы апранаемся ў рознае адзеньне, у невялікай бібліятэцы выбіраем розныя кнігі (нават «Сьлясарная справа» знайшла свайго чытача), нашы прафэсійныя сфэры амаль не перакрыжоўваюцца, і мы не перастаём дзівіцца досьведу кожнай з нас. Мы і гучныя, і ціхія; занадта шчырыя і закрытыя, але ў нас ёсьць адна важная рыса — мы ўсе тут гатовыя да перамен і імкнёмся да справядлівасьці.
А бытавуха сапраўды нічым не адрозьніваецца ад аповедаў у СМІ: усё тая ж халодная вада; бясконцы дзень, бо ноччу гэтак сама зьзялі яркія лямпы; брэх сабак, які з часам ператвараецца ў фон і які перастаеш заўважаць. Але што аказалася іншым, дык гэта настрой. Фізычна мы ўсе абмежаваныя і нават ня маем права карыстацца ложкам з 06:00 да 22:00, але высьветлілася, што ні ідэі, ні ўпэўненасьць у камэры не схаваць, яе нельга ўпакаваць у пакет, падпісаць на ім імя ўладара ды накласьці арышт. Адчуваньне свабоды ў нашых думках і словах перакульвае ўсё з ног на галаву — і вось выявілася, што, каб адчуць сябе сапраўдны вольнай, трэба аднойчы трапіць за краты“.
„Прычына арышту — сьцяг, які вісеў у вакне“
Кацярына Бычко, маці траіх дзяцей, Менск:
„У мінулую пятніцу, 18 сьнежня, да мяне прыйшла ўчастковая інспэктарка. Я займалася сваімі справамі на кухні. Тут забягае старэйшая дачка і кажа: «Мама, там нехта ў дзьверы моцна грукае». Час вячэрні. Я адна дома зь дзецьмі, муж у ад’езьдзе. Спачатку вырашыла нікога не пускаць. Але калі жанчына паведаміла, што на мяне будзе заведзеная справа, я дзьверы адчыніла.
Госьця прадставілася ўчастковым інспэктарам. Сказала, што прычына візыту — сьцяг, які вісеў у вакне.
Я запярэчыла: у мяне нічога не вісіць у вакне. Прапанавала прайсьці ў пакоі і пераканацца. Але інспэктарка сказала, што і так усё ведае. Яна жыве насупраць майго дома, назірала сьцяг даўно і нават ведае час, калі яго зьнялі. Фота вакна мне паказала са словамі: «Заўтра я гэтую справу закрыю».
Сваіх дакумэнтаў інспэктарка не прад’явіла. Як пайшла, давялося тэлефанаваць у міліцыю і ўдакладняць, ці сапраўды гэта была супрацоўніца міліцыі. Там гэта пацьвердзілі.
На наступны дзень я вырашыла адправіцца ў РУУС і высьветліць сытуацыю. Трохгадовага сына давялося ўзяць з сабой.
У РУУС я зноў сустрэлася з інспэктаркай. Яна сказала, што ў маім пытаньні ўжо ўсё вырашана: да суду мяне затрымаюць. Мне прапанавалі зьвязацца з блізкімі, каб тыя забралі сына. А калі няма з кім пакінуць, тады яго забярэ інспэктар у справах непаўналетніх, якога тады ж і выклікалі. Вядома, я патэлефанавала маме.
Мама перадала мне сьпехам сабраныя рэчы, забрала з рук заснулае дзіця і зьехала. А мяне ў той жа вечар адправілі на Акрэсьціна.
Мне пашанцавала. Я трапіла ў камэру да дзяўчат, якія сядзелі ўжо тыдзень. Яны ў чымсьці мяне супакоілі. Кніжкай, арэшкамі падзяліліся. У панядзелак адбыўся суд, пасьля мне вярнулі рэчы і я паехала дадому.
Ужо праз пару гадзін я была ў дзіцячым садзе — забірала малодшага сына. Ён, вядома, кінуўся мне на шыю. Сказаў, што вельмі сумаваў. Ноччу спаць лёг са мной у абдымку. Старэйшая дачка кажа, што хвалявалася, але ня моцна. І ўсё ж я за ёй пільна назіраю, каб гэтае «хвалявалася ня моцна» ня вылілася ў псыхалягічныя праблемы. А сярэдні сын, яму 7 гадоў, нічога ня ведае: ён усе выходныя гасьцяваў у сьвякрухі.
Тое, што адбылося, для мяне стала шокам і каштоўным жыцьцёвым досьведам адначасова. Я не разумею, навошта было мяне ў гэтай сытуацыі затрымліваць. Як быццам гаворка ідзе пра нейкую злачынку... Я ў жыцьці ні за што і ніколі не прыцягвалася. А тут — проста сьцяг, які быў зьняты з вакна за некалькі дзён да пачатку падзей.
На Акрэсьціна я прабыла амаль двое сутак: з суботы да абеду панядзелка. Рашэньнем суду мяне пакаралі штрафам на 30 базавых велічынь за ўдзел у «адзіночным пікеце» і адпусьцілі дадому.
Ёсьць у гэтай гісторыі і прыемны момант. Я прыйшла ў захапленьне ад таго, колькі людзей мяне падтрымалі. Пра маё затрыманьне стала вядома ў сацыяльных сетках. І вельмі многія, знаёмыя і незнаёмыя людзі, прыйшлі мяне сустракаць з ізалятару, прапаноўвалі дапамогу. Я заўсёды ведала, што беларусы выдатныя“.
„Ну як гэта так: за мяне гінуць людзі, а я ўдома сяджу“
Валерыя Сьмірнова, 89 гадоў, Менск:
„У панядзелак, 14 сьнежня мы з дачкой дамовіліся пагуляць. Ёй 67 гадоў, Людмілай яе зваць. Яна сказала: «Пойдзем на плошчу Незалежнасьці». Мы пайшлі. Глядзім — нікога не відаць. Аказалася, усе мітынгоўцы стаялі за ялінкаю.
Адкуль ні вазьміся, столькі амапаўцаў прыбегла! Я паглядзела — некалькі аўтобусаў стаіць. Нас з усіх бакоў амапаўцы прыціснулі. Ды не ў адзін шэраг яны стаялі, а ў два ці тры. Такога «цуду» я яшчэ ня бачыла ніколі. Ажно ногі трэсьліся. Думала: «Куды яны зараз нас пагрузяць?»
Страшна было, вядома. Мы трымаліся як маглі. Амапаўцы сплялі рукі паміж сабой. Мы хацелі вырвацца — дык ніяк жа ня вырвесься.
Усе прасілі:
— Адпусьціце нас дадому.
Але старшы падышоў і сказаў:
— Мы толькі праверым вашы дадзеныя.
А я кажу:
— У мяне ўсё з сабою, вось, вазьміце. Глядзіце, я інвалід другой групы. Вось маё пасьведчаньне.
— Не, нам трэба ўсё запісаць. Так што ідзіце спакойна ў аўтобус.
Але ніхто не пайшоў. Яны пачалі з чатырох бакоў сьціскаць нас. Увогуле выціснулі нас так, што мы самі заходзілі ў аўтобус. Ён ужо быў поўны, так што мы ехалі стоячы каля гадзіны. Аўтобус ехаў так павольна…
Мы запыталіся ў амапаўцаў:
— Куды мы едзем?
— Ня ведаем. Куды давязуць, туды і давязуць.
Усе вокны былі залепленыя цёмнай паперай. Душна. І тыя, хто сядзеў побач, пачалі адрываць гэтую паперу. Амапаўцы сталі крычаць на іх: «Што вы робіце?» — але людзі ня слухалі іх.
У Серабранцы мы апынуліся. Я ў гэтым раёне ніколі не была. Завялі ў нейкія мэталёвыя бункеры, дзе было шмат дзьвярэй. Нас было 80 чалавек, і нас падзялілі на два бункеры па 40 чалавек. Усе стаялі ў холадзе. Там нешта ўдалечыні ацяплялася ледзь-ледзь, але дзьверы не зачынялася.
І вось мы прыкладна з 15-й гадзіны стаялі. Прысесьці не было куды. У прыбіральню выходзілі пад канвоем. Дзяўчаткі прасілі пакурыць — ім не дазвалялі нават выйсьці з гэтага бункера. Вады няма. Цэлы дзень галодныя. Ну галодныя, і добра. Перажылі.
Калі нас рэгістравалі і ўсё забіралі ў асобныя мяшэчкі, у мяне не спыталі пра тэлефон, а я і не сказала. Так тэлефон застаўся ў мяне. Мяне прамацалі трошкі. А мужчыну так прамацвалі! І матузкі зьнялі, і папругу зьнялі, і сьцяг знайшлі. Сказалі: «На поўную, дарагі, будзеш плаціць».
Усе рэчы апісалі, паклалі ў бок, і на гэты стол мы змаглі сесьці ўтрох. Астатнія стаялі. Шэсьць гадзін стаялі. Потым а 20-й гадзіне нас пачалі выклікаць. Сфатаграфавалі і спыталі, колькі разоў былі на мітынгу. Я сказала, што першы раз. І тое мы не ішлі на мітынг, а проста міма праходзілі. Ніякага мітынгу не было — людзі толькі зьбіраліся. Але ніхто гэтага не ўлічыў.
Напісалі пратакол і сказалі падпісаць. Там дзесьці 10 подпісаў трэба было паставіць. Я спытала:
— А што вы напісалі ў пратаколе? За што я буду падпісваць? Вы ж мяне ў турму пасадзіце. За што?
— Нічога страшнага, падпісвайце.
— Акуляраў не ўзяла. Нават ня ведаю, што мне рабіць.
— Мы пішам, што вы прыйшлі на мітынг.
— Ды ня выйшла я на мітынг! Міма ішла.
— Не, усё роўна вы былі на мітынгу. Стаўце подпіс.
Я расьпісалася ва ўсіх месцах, акрамя апошняга.
— А тут што за подпіс?
— Што вы згодная з пратаколам.
— Не, я ня згодная.
— Ну як хочаце. Можаце і не падпісваць.
— Тут ня буду падпісваць.
Гэтым і скончылася. Думала, што забяруць мяне на старасьці гадоў у турму, пасадзяць і буду адбываць ні за што… Мы ішлі з дачкою пад ручку і трапілі ў бункер. Лічы, тая ж турма.
І тут нас пачалі выпускаць па тры чалавекі з гэтага бункера. Мы пачалі выходзіць зь Ленінскага РУУС і думаць, як нам даехаць. Я тут не была ніколі, мы маглі заблукаць, ды і позна ж яшчэ. Дачка кажа: «Зараз дастану тэлефон і патэлефаную». Спахапілася — і аказалася, што ў яе тэлефон выцягнулі! Сказалі, што аддадуць, але калі, невядома.
У мяне тэлефон застаўся. Думала, што зь яго патэлефаную. Але мы выйшлі, а там і валянтэры стаяць, і сваякі ўсе мае. Божа, я не чакала! Стаю, рот разявіўшы.
Унучка Наташа прыбегла, плакала. Праўнучка Даша таксама там была. Радыя былі, што мы вызваліліся. Валянтэры далі гарачай гарбаты папіць. І піражок далі нейкі. Паела, папіла, сказала «вялікі дзякуй». І загулі аўтамабілі!
Я трапіла першы раз і, спадзяюся, апошні.
Я ніколі не была ў турме і нават ня думала, што на пэнсіі апынуся там. Здавалася б, сядзі ўдома ды сядзі. Але як гэта так: за мяне гінуць людзі, а я ўдома сяджу? Вось я ўстала і пайшла. І пайшла, як на вайну.
Мы ўсе за новае жыцьцё, а то 26 гадоў адно і тое ж. Лукашэнка езьдзіць па палях, па лугах, да скаціны пад хвост зазірае. Цяпер, праўда, пераключыўся на мэдыцыну. Езьдзіць па лякарнях, размаўляе з усімі, да хворых садзіцца.
Я б хацела бачыць новую Беларусь без Лукашэнкі. Толькі б яго не пакінулі тут кімсьці працаваць, таму што ён усё сапсуе. Цяпер будуць выбары — ды ніхто за яго галасаваць ня будзе, як мне здаецца. Калі Лукашэнкі ня будзе, то жыцьцё станецца зусім іншым. Усё пераменіцца. Ён жа толькі сваіх прасоўвае. У яго ўся надзея на сваіх людзей і на войска.
У мяне ёсьць смартфон. У Telegram я чытаю ўсё цікавае пра палітыку. YouTube гляджу. Tut.by чытаю. Там увесь час пішуць: «Дашліце камэнтар». Я яшчэ ня цямлю, як гэта рабіць. Я б даслала камэнтар, але мяне б зноў пасадзілі“.
„Баюся павярнуць за рог і пабачыць іх…“
Ян Бобр, студэнт, 21 год, Менск:
„11 жніўня я разам зь сябрам вяртаўся ўвечары дадому. Па дарозе мяне паклікалі міліцыянты. Я спалохаўся і хацеў уцячы. Але мяне скруцілі і завялі ў аўтазак. Там я правёў 3,5 гадзіны, даказваючы, што ішоў дадому, а ня ўдзельнічаў у мітынгу. Пазьней яшчэ 38 гадзін я правёў у ЦІП на Акрэсьціна.
Вялікую частку часу там я, як і іншыя, быў пад адкрытым небам, на каленях і тварам у падлогу. У гэтай позе ў цябе тры пункты апоры: калені і лоб. Зьмяняеш становішча ног — цябе б’юць, паварочваеш налева-направа галаву — цябе б’юць. Праз гадзіну ўжо гэта немагчыма вытрымаць, таму што ў цябе няма ног. Як быццам нажы, іголкі…
Пасьля выхаду зь ЦІП сустрэлі валянтэры, якія давезьлі дадому. Ключы ад здымнай кватэры, тэлефон, пашпарт і заплечнік — усё засталося за агароджай. Паесьці ўпершыню за двое сутак удалося ў суседкі. Яна ж дапамагла зьвязацца з гаспадыняй кватэры, якую я здымаю. Тады ж упершыню паведаміў бацькам, што жывы.
Сьляды пабіцьця зьняў толькі ў прыватнай клініцы: шматлікія кровападцёкі рук і ног, удар грудной клеткі. Неабходныя абсьледаваньні прайшоў у мясцовай лякарні ў Мазыры. А псыхалягічную дапамогу прапанавалі валянтэры з Цэнтру дапамогі для пацярпелых.
Я не магу выйсьці на вуліцу ў вячэрні час. Проста не магу, мяне ахоплівае панічны страх. Баюся павярнуць за рог дома і пабачыць гэтых жа «людзей»... Уначы я не магу спакойна засыпаць, толькі пры ўключаным сьвятле, калі зьнясілю сябе чытаньнем кніг альбо праглядам тэлевізара“.
„Вам такія тэрміны, каб навучыліся цаніць свабоду“
Саша Тарасенка, Менск:
„... Прабач, мой край! Увесь сьвет, бывай!
Мяне злавілі ў сеці.
Ды жалю варты, хто чакае сьмерці,
Ня сьмеючы памерці!
(Цытата зь любімай дзіцячай песенькі маёй дачкі).
Зафіксую некаторыя эпізоды свайго затрыманьня 23 верасьня.
Усё здарылася на легендарнай Пушкінскай вуліцы Менску, каля 20:00. Скажам так, народ мірна адзначаў дзень інаўгурацыі прэзыдэнта. Уласна, і народу няшмат было. На маім баку скрыжаваньня наогул тры-чатыры чалавекі стаялі. Усё, як звычайна: час ад часу падымалі руку з жэстам Vікторыя, у адказ кіроўцы сыгналілі. Я ўжо зьбіраўся сыходзіць, але падышлі суб’екты ў чорных масках і пад белыя ручкі павялі мяне ў аўтазак. Шчыра кажучы, была магчымасьць уцячы, але я ёю не скарыстаўся.
# Пакуль ішоў з амапаўцамі ў аўтазак, пасьпеў пагаварыць зь імі «за жыцьцё». Хлопец шчыра сказаў (балазе, маска, якая хавае твар, схіляла да шчырасьці), што ня верыць у сумленнасьць прэзыдэнцкіх выбараў, але і «за вашу Ціханоўскую я не галасаваў бы». Яшчэ нешта пра ўрад і рыбу, якая гніе з галавы, але не пасьпелі дагаварыць, бо далей сустрэлі яго калег. Аўтазак. Шмон. Клетка. Як потым аказалася, і з машынай пашанцавала. Хлопцы расказвалі, што была машына, у якой сядзеў амапавец і аб накаленьнік разьбіваў мабільныя тэлефоны ўсіх, хто ўваходзіў.
# Фрунзэнскае РУУС. Актавая заля. Прывабны малады капітан прымірэнча запэўнівае, што «мы вас проста апытаем і хвілін праз 30 адпусьцім дадому», але для вашага ж інтарэсу зьніміце, калі ласка, зь сябе папругу, матузкі, пакладзіце на стол усё, што ў кішэнях, і асабістыя рэчы. Дзякуй. Далей «проста апытальны ліст» ператварыўся ў адміністрацыйны пратакол.
# З чалавек 20-30, затрыманых са мной, шмат п’яных грамадзян. Гэта значыць бралі ня тых, хто актыўна мітынгаваў, размахваючы сьцягамі, а тых, хто ня мог уцячы з аб'ектыўных прычын. У большасьці была легенда (ці рэальнасьць), што выйшлі па хлеб, цыгарэты, прагуляцца, у госьці і іншае, але ніводзін, нават самы п’яны, не прыдумаў апраўдаць сябе тым, што, маўляў, я галасаваў за Лукашэнку, ён мой прэзыдэнт і за што вы мяне ўзялі.
# Па дарозе ў кабінэт для адбіткаў пальцаў супрацоўнік шэптам пытаецца, ці пасьпеў я патэлефанаваць дадому (Я пасьпеў). Іншыя хлопцы пазьней з удзячнасьцю ўспаміналі гэтага супрацоўніка, бо ён (рызыкуючы) даваў ім сваю слухаўку для званка родным.
# Дзьве гадзіны ў КПЗ. Нас пяць чалавек. Бяздомнік, які сьпіць. Хлопец, у якога дома жонка цяжарная. У мяне жудасна разбалеўся жывот, хочацца спаць, хочацца есьці.
# Глыбокая ноч. Зноў аўтазак. На пытаньне, куды вязуць, адказ дуплетам: «На расстрэл, гы-гы-гы», «На мясакамбінат, гы-гы-гы», але прывезьлі на Акрэсьціна. І на тым дзякуй…
# Камэра на пяць чалавек, нас пяцёра. Стол, лаўка, двухпавярховыя нары, параша. Заснулі хутка, нават не пазнаёміўшыся і не пагутарыўшы. Гадкае, яркае сьвятло лямпаў перашкаджае спаць, хутаюся ў сваю куртку і сьмярдзючую коўдру.
# Чацьвер. Пазнаёміліся. Сьняданак. Зрабілі шашкі зь белага і чорнага хлеба, але пагулялі адзін раз. На просьбу да дзяжурнай (Так, дзяўчына. Прыгожая, чартоўка, і маладая. Завуць Таня. Прыемны голас. Што яна тут робіць?) пра званок родным адказвае: «Вы што, амэрыканскіх фільмаў нагледзеліся?»
# Суд. Хутчэй судзілішча. Праходзіць праз скайп, з дрэннай сувязьзю, у памяшканьнях камэр, пральняў, падсобных памяшканьняў. Судзьдзя — мілая жанчына з прыгожымі валасамі і тварам Багародзіцы. За ўвесь час суду, здаецца, на мяне так і не зірнула. 12 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Пазьней адзін з ахоўнікаў скажа, што гэта нам, маўляў, для таго такія тэрміны, каб навучыліся «цаніць свабоду». Нейкі сюр і абсурд. У некаторых былі адвакаты, але гэта на тэрміны абсалютна ніяк не ўплывала, але кажуць, што былі і такія, хто абышоўся вялікімі штрафамі.
# Атрымалі першыя перадачы з волі. Пачуцьцё, як быццам Бог пацалаваў. Нарэшце ўжо перагналі ў дворык для прагулак. Бабіна лета. Выдатнае надвор'е. Блакітнае неба, потым зоркі. Салодкае паветра ўперамешку з дымам цыгарэт. З сумам думаю, што зьбіраліся зь сям’ёй паехаць на возера, у лес, смажыць шашлыкі... І пляваць, што праседзелі мы 7-8 гадзін, чакаючы этапу на Жодзіна. Кампанія была вясёлая і бадзёрая. Не пабаюся гэтага сказаць, цьвет нацыі: лекары, праграмісты, студэнты, прадпрымальнікі, заводзкія. Шмат сьмяяліся. У нейкі момант запусьцілі двух хлопцаў з асабістымі рэчамі ў пакеце і — о, цуд! Мабільны тэлефон!!! Звонім па чарзе родным.
# Жодзіна. Камэра №36 на 10 чалавек. 24 кв. м. Запоўненая цалкам. У аднаго хлопца адбітая нырка (кроў у мачы), яшчэ ў аднаго, студэнта, разьбітае вока. Іх білі ўжо пасьля затрыманьня. Тры чалавекі не змаглі ўцячы, бо былі на мітынгу з жонкамі, а тыя слаба бегаюць і часта падаюць. Прыйшлі да высновы — на мітынгі хадзіць бяз жонак. Ратуючы іх, пападаесься сам.
Надпісы на сьцяне: «15 разгневаных жанчын 12.08.20». «Жарыце самі свой бігус!» За 12 дзён знаходжаньня на прагулцы былі два разы па 15-20 хвілін. Ратуемся кнігамі, размовамі, гульнямі. Намалявалі карты, якія потым у нас канфіскавалі. Гульня ў косткі (кубікі з хлеба). Вынік гэтай гульні, як і жыцьцё арыштанта, залежыць выключна ад выпадку і лёсу. «Хутчэй. Вышэй. Мацней» — гэта не пра косткі.
# Нядзельны дзень. Уключаюць у рупар прамову АРЛ. Жаночая камэра гучна скандуе «Лукашэнку ў аўтазак!», «Пацук!» Ахова бегае і крычыць, што забярэ ў іх сродкі гігіены, матрацы, падушкі, перадачы... Жанчыны працягваюць крычаць. Бясстрашныя!
# Даведаўшыся пра маё мінулае, хлопцы просяць прачытаць «якую-небудзь» малітву. Рацыянальныя аргумэнты з майго боку ігнаруюцца. Ну ок. Прашу ўсіх саскочыць з «пальмаў» (верхніх нараў). Кругам становяцца вакол мяне. Чытаю, што памятаю, і антыфонам «Ойча наш». Народ у поўным глыбокай пашаны захапленьні. Мае перамогі ў косткі прыпісваюць чароўнай сіле. Сьмешныя. Напэўна, прыкладна так калісьці інстытут жрацоў і зараджаўся.
# Панядзелак. 12 нудных дзён скончыліся. Дзяжурны прыходзіць па мяне. Цёпла разьвітваюся з хлопцамі. Абдымаемся. Гучыць «Жыве Беларусь!», нам робяць заўвагу. Забіраю на складзе свае рэчы. Усё на месцы, акрамя белай бранзалеткі.
Застаўшыся сам-насам зь дзяжурным, дзякую яму за чалавечнасьць. Ён раптам пачынае мне апавядаць пра сваю сям’ю і як ім усім цяжка, і як яны стаміліся, і людзей не хапае, і наогул яны не АМАП і ў корані іншыя... Суцяшаю яго. Кажу, што нам таксама нясоладка, але інакш нельга. Відаць, што ён мяне добра разумее. Кажу «да пабачэньня», ён хутка папраўляе мяне, што ня трэба так казаць. «Скажы: бывайце». Бывайце.
# На вуліцы цёмна, цёпла і шматлюдна. Валянтэры перапісваюць нашы зьвесткі. Думаю, як дабрацца дадому, і чую за сьпінай голас дочкі («Тата!») і жонкі («Санечка. Мой Санечка!!!»). Абдымаемся, лабызаемся, трыюмфуем. Размаўляю па тэлефоне з мамай, яна плача. Аказваецца, яны прыехалі з маёй калегай па працы. Шалёна прыемна і ад сустрэчы, і ад такой салідарнасьці, і за ўсю нашу сінявокую прыгажуню краіну.
# Па дарозе дадому даведваюся падрабязнасьці падзей на волі. І як усе за мяне перажывалі, і на працы грошы зьбіралі, і як перадачы вазілі, і пра многае іншае. Не знаходжу словаў для падзякі. Накрывае пачуцьцё катарсісу і любові да ўсіх.
Вось. Неяк так. Дзякуй за ўвагу. Жыве Беларусь!
На фота тры хвіліны пасьля майго вызваленьня. Пакет са знакавым надпісам (NEXT) выбіраўся не знарок. Так пажартаваў сусьвет“.
„Я цяпер шарахаюся ад мужчынскіх постацяў…“
Вольга Семчанка, 33 гады, супрацоўніца Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру, гарадзкая актывістка:
„Першы раз мяне схапілі 2 кастрычніка каля тэатру. У той дзень маю знаёмую асудзілі за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве», і я ўпершыню ў жыцьці пабачыла, што такое судовы працэс. Вяртаючыся з суду, трапіла ў пастку. Супрацоўнікі Ленінскага аддзелу міліцыі ў цывільным затрымалі мяне на выхадзе з аптэкі. Выкруцілі з рук тэлефон. У мяне быў шок, бо так са мною ніколі не абыходзіліся.
У аддзеле міліцыі псыхалягічна зь мяне зьдзекаваліся. Распытвалі аб пратэстах, відэа паказвалі. Казалі, што дэманстрацыі — гэта злачынства. Дапытваліся, колькі я зарабляю, дзе працую. Страшылі, што на працы будуць праблемы.
Яны не праміналі магчымасьці прадэманстраваць сваю ўладу нада мною. Там пануе сваволя. Міліцыянты прывыклі ўжываць грубую сілу, псыхалягічны шантаж, бо працуюць са злачынцамі, але гэтак сама ціснуць і на звычайных людзей. Для іх чалавек — нявольнік, які ня хоча выконваць сваіх абавязкаў, карміць сыстэму. Мы для іх кармавая база.
А пагатоў я працую ў той сфэры, пра якую сілавікі нічога ня ведаюць. Яны ня ходзяць у тэатры, не займаюцца танцамі. Усё гэта для іх не каштоўнае. Па сутнасьці, я для іх лайдачка, таму яны лічаць, што маюць поўнае права мяне прыніжаць.
Адваката я ня мела, досьведу стасункаў зь міліцыяй таксама, і шчыра адказвала на іхныя пытаньні. Дужа хвалявалася, але старалася выгляду не паказваць. Гаварыла пра бел-чырвона-белы сьцяг, які яны называлі анучай. Спадзявалася, што мяне адпусьцяць. Яны пераконвалі, што дзяўчат у ізалятар не адпраўляюць. Але я не здагадвалася, наколькі небясьпечная для іх.
Па афармленьні пратаколаў мне сказалі, што еду на ІЧУ. Гэта была асабістая помста аднаго з начальнікаў аддзелу. Потым гэтаму было пацьверджаньне. Адпраўкі ў ізалятар чакала ў «малпоўні» гадзіны чатыры. Сядзела адна і, каб не нудзіцца, сьпявала нашы народныя песьні.
У ізалятары, як многія да мяне, праходзіла зьневажальныя працэдуры асабістага надгляду, калі кожную клетку цела ўважліва аглядаюць. З сабою былі сьвістулькі, фенечкі, і супрацоўнікі, калі іх апісвалі, сьмяяліся. Між іншым, другі раз, калі прывезьлі ў ізалятар, мяне сустрэлі мянушкай «сьвістулька». Большасьць ахоўнікаў ставілася да мяне паважліва, але некаторыя, асабліва маладыя, паводзіліся са мною грэбліва.
Трымалі ў ізалятары тры дні да суду. На разгляд справы праз скайп чамусьці павезьлі ў аддзел міліцыі. Мне было незразумела: у суд нельга, бо каранавірус, а ў міліцыю можна? Прысудзілі 7 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.
Пасьля суду зноў доўга трымалі ў «малпоўні», але гэтым разам не адну. Сядзела з жанчынамі, якіх забралі за бытавыя правіны. Калыханкі ім пасьпявала. Яны расказалі пра свае беды. Я пераканалася пасьля гутаркі зь імі, што наша агульная сацыяльна-эканамічная сытуацыя спрыяе таму, каб людзі траплялі на сацыяльнае дно. Гэта паказвала, што ў гэтай сыстэме парадку няма абсалютна ні ў чым.
Першыя дні ў ізалятары мяне аглядалі двойчы на дзень: зранку і ўвечары. Потым даведалася, што гэта была сваволя, бо правілы таго не патрабуюць. Пяць дзён сядзела адна. У мяне такая натура: як няма рэфлексіі ад іншага чалавека, дык я нібы на арэлях: ад «мы пераможам» да «ўсім будзе гамон». Можа, мяне і наўмысна кінулі ў адзіночку, каб гэтак хістала.
Камэра была без паветра звонку, са штучным сьвятлом. Усё гэта псыхалягічна ціснула. Я не магу доўга сядзець у замкнёнай прасторы. Разьвіваецца кляўстрафобія. Прыгнечвала поўная адсутнасьць інфармацыі. Грала жахлівае папсовае радыё. Гэта было, бадай, самае жорсткае выпрабаваньне.
Мне перадалі з волі каляровыя алоўкі, дык малявала. Перачытала, напэўна, палову кніг бібліятэкі ізалятару. Песьні сьпявала народныя, турэмныя прыгадала. Рабіла фізычныя практыкаваньні.
У зьняволеньні ў цябе правоў няма. Гэты факт я спраўдзіла на сваёй скуры. У дзень вызваленьня міліцыянты загадалі сесьці ў машыну, закінулі ў яе рэчы і вывезьлі з ІЧУ, каля якога сабраліся мае сябры. Даставілі зноў у Ленінскі РАУС. Пачалі складаць пратакол.
Не сказалі, што ў мяне ёсьць адвакатка, якую не пускалі ў будынак. Яе пасьпелі наняць сябры. Супрацоўнікі дужа мітусіліся, нэрваваліся, бегалі па калідоры. Я ж інтуітыўна цягнула час. Змушала міліцыянтаў перапісваць пратаколы, бо яны былі з памылкамі. Адвакатка так і не пабачыла мяне ў той дзень, але ўсчала вэрхал, што яе не пускаюць да кліента.
Мне зноў загадалі садзіцца ў машыну. Гэтым разам таемна вывезьлі з РАУС. Дарогаю даводзілі, што вязуць дамоў. Міліцыянты замяталі сьляды. Я пратэставала. Казала, што не хачу зь імі ехаць, бо мяне каля аддзелу чакаюць сябры. Высадзілі каля дома.
Я была спалоханая, бо ўпершыню ня ведала, як сябе паводзіць. Пайшла да сяброў. Тыдні два баялася ісьці дамоў. Доўга сьніла турму. Мяне даймалі панічныя атакі. Гэтага страху не пазбылася дагэтуль. Калі даводзіцца праходзіць побач з РАУС ці праяжджаць непадалёк ад ізалятару, то калоціць усю. Гэта псыхалягічная траўма, вядома ж, зарубцуецца, але ня зьнікне цалкам.
Я ніколі больш ня буду давяраць сілавым структурам і цяпер шарахаюся ад мужчынскіх постацяў. У нармальнай краіне варта было б патрабаваць кампэнсацыі за псыхалягічную траўму. Перажытае не спрыяе маёй творчай і працоўнай дзейнасьці.
Другі раз мяне забралі з працы 17 лістапада, за тое, што двума днямі раней зь сябрамі сьпявала на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Тады мы ўмысьля дыстанцыянаваліся ад месцаў, дзе зьбіраліся людзі на нядзельную прагулку. Я рвалася да іх душою і сэрцам, але мяне супакойвалі, маўляў, адразу схопіць міліцыя. Нам мінакі дзякавалі за песьні.
У Ленінскім РАУС у маіх дзеяньнях спачатку ня выявілі парушэньняў і хацелі ўжо адпускаць, але адзін з начальнікаў Цімур Пахоменка загадаў перапісаць пратакол і за «песенны пікет» адправіць мяне ў ізалятар да суду. Разгляд справы курыраваў ён сам і выглядаў змрочным, калі матэрыялы судзьдзя адправіла на дапрацоўку.
Другі раз у ізалятары я сядзела ў значна горшых умовах. Тады ў Магілёў этапавалі шмат нявольнікаў зь Менску. Мяне ўсе тры дні не выводзілі на прагулкі. Забаранялі гучна сьпяваць. Мяне абурала, што я не прызнаная судом вінаватай, а са мною абыходзяцца, як з правапарушальнікам. Штодзённа была пад відэаназіраньнем, вадзілі мяне пад канвоем, нібы злачынцу.
Усе тры дні непакоілася, што могуць пусьціць па гэтак званай «каруселі», калі не выпускаюць з ізалятару, дадаючы яшчэ «суткі». Адзінае пазытыўнае было — гэта замянілі папсовае радыё на радыё Культура.
Па вызваленьні сябры паказалі «кампрамат» на мяне, апублікаваны ў адным з праўладных прапагандысцкіх чатаў. У ім было напісана, што я «люблю хадзіць на мітынгі, абгорнутай у бел-чырвона-белы сьцяг, танчыць і сьпяваць песьні, а цяпер гэтым буду займацца ў Ленінскім РАУС». Большага нэгатыву на мяне ім «накапаць» не ўдалося...“
„Будзеш рыпацца — заб’ю, бо сёньня можна“
Марына Малчанава, 34 гады, журналістка, Бабруйск:
„10 жніўня я разам з апэратарам прыехала да мясцовага ізалятару часовага ўтрыманьня рабіць сюжэт. У вязьніцы сядзелі зьняволеныя падчас папярэдняга галасаваньня, а таксама тыя, каго схапілі ў дзень выбараў. У чаканьні прысудаў сабраліся родныя затрыманых. Судзілі іх у ізалятары. Дзяжурны паведаміў, што рашэньні агучаць блізу 18-й гадзіны, але людзі не разыходзіліся. Апэратар, адзьняўшы матэрыял, зьехаў. Я засталася.
Была спакойная абстаноўка, нягледзячы на гвалт, які бушаваў напярэдадні ў цэнтры гораду. Думак, што неўзабаве адбудзецца нешта надзвычайнае, не было. І раптам наляцелі амапаўцы ў балаклавах, масках, з дручкамі. Мужчын клалі на зямлю і білі. Маці аднаго зь іх заходзілася крыкам: «Што вы робіце, за што?»
Я разгублена назірала за тым, што адбываецца. Да ізалятару прыехала меней за дзясятак сілавікоў. Іх нечаканае зьяўленьне спарадзіла хаос. Было вусьцішна. Яны па-людзку не гаварылі, а толькі лаяліся. Цяжка было ўявіць, што так сябе паводзіць міліцыя.
Інстынктыўна я ўзялася здымаць, але не пасьпела разблякаваць тэлефон, як адзін з амапаўцаў схапіў мяне за руку, адштурхнуў да агароджы. Потым мне расказалі, што ён мне ўпёр між лапатак дручок. Я гэтага не адчула, ня памятаю. Бачыла, як амапавец замахнуўся на мяне дручком. Ён патрабаваў, каб аддала яму тэлефон. Я ж спрабавала давесьці, што не пасьпела нічога зьняць. У яго былі вар’яцкія вочы. Ён палохаў, што адаб’е рукі. Загадаў выдаляць здымкі. Я зрабіла выгляд, што падпарадкоўваюся, павыдаляла старыя здымкі, абы ад мяне адчапіўся. Пераканаўшыся, што я пачысьціла тэлефон, ён пакінуў мяне ў спакоі.
Тым часам схопленых мужчын перавялі на другі бок вуліцы і паставілі тварам да плоту. Іх білі па нагах, некаторых па сьпіне. Жанчыны лямантавалі. У мяне тады ўзьніклі асацыяцыю зь фільмамі пра вайну.
На дапамогу амапаўцам прыехалі яшчэ зь дзясятак міліцыянтаў у поўным рыштунку, якіх называюць цяпер у народзе «касманаўтамі». Мужчын запхнулі ў аўтобус, некуды павезьлі.
Здавалася, што ўсё скончылася. Я ўжо адыходзіла, як убачыла, што насустрач едзе той жа аўтобус зь сілавікамі. Некалькі выбегла зь яго на хаду і кінуліся да мяне. Схапілі за рукі і пацягнулі ў аўтобус. Калі я падымалася па прыступках, амапавец ударыў дручком паміж ног. Я спалохалася. Думала, што мяне пачнуць біць. Стала крычаць: «Якім правам вы мяне б’яце?» Мяне штурхнулі на сядзеньне. Забралі тэлефон, заплечнік і ўзяліся ў ім лазіць. Рагаталі. Адзін зь іх, гледзячы ў вочы сказаў: «Маўчы, а будзеш рыпацца — заб’ю, бо сёньня можна».
Гэтая фраза настолькі мяне ўразіла, што забыць яе не магу. Яна дакладна перадае тое, што адбывалася цягам наступных месяцаў. Міліцыянты адчулі поўную беспакаранасьць ды ўсёдазволенасьць. Амапаўцы рабілі ўсё з ухмылкай. Мне здалося, што яны не разумелі ўсёй ненармальнасьці сытуацыі.
Мяне адвезьлі на тэрыторыю ізалятару. У аўтобусе ў кампаніі амапаўцаў я праседзела хвілінаў сорак. Спрабавала зь імі размаўляць. Яны заявілі, што я арганізавала масавае мерапрыемства і, здаецца, зьдзівіліся, пачуўшы, што каля ізалятару сабраліся родныя затрыманых, каб дазнацца пра іх, і ніякага мітынгу не было. Мяне пераконвалі, што рыхтаваўся штурм ізалятару, маўляў, спачатку сабралася толькі 15 чалавек, а праз гадзіну было б 50 і 100 чалавек. Пыталіся, чаму «мы іх ненавідзім, хаця яны абаранілі 9 жніўня краіну ад развалу і майдану».
Я рыхтавалася, што мяне ў ізалятары пакінуць. Адчувала, што за маім затрыманьнем стаіць чыясьці асабістая помста і нянавісьць. Мяне пазналі. Думаю, што гэта быў бабруйскі АМАП, бо калі цягнулі ў аўтобус, нехта зь іх прамовіў: «Гэта тая Малчанава, якая кепска піша пра міліцыю». Ніхто зь іх не прадстаўляўся.
Ня ведаю, што яны мелі на ўвазе пад словамі «кепска піша пра міліцыю» — заўсёды пісала тое, што адбывалася; калі б былі паклёпы, то даўно пазвалі б у суд. Відаць, кепскае для іх — праўда.
З ізалятару адвезьлі ў раённы аддзел міліцыі і сталі афармляць пратакол. Са мною працавала жанчына. Я зьвярнулася да яе, каб яна завяршыла цырк з маім затрыманьнем і адпусьціла, бо ў мяне дома малое дзіця. Яна спакойна адказала: «Не хвалюйцеся, у нас ёсьць на такія выпадкі сацыяльныя прытулкі». Я змоўкла, бо зразумела, што цяпер могуць нешта кепскае зрабіць зь дзіцём.
Раптам здарыўся цуд. Прыйшоў начальнік РАУСа, сказаў: высьветлена, што я журналістка, а затрымаць яны зьбіраліся некага іншага. Паабяцаў, што справу супраць мяне распачынаць ня будуць, загадаў супрацоўніцы зьнішчыць паперы. Папрасіў прабачэньня.
Я зьвярнулася ў Сьледчы камітэт, каб завялі крымінальную справу за незаконнае зьняволеньне, утрыманьне пад вартай, ужываньне сілы ды пагрозу забойства. Сьледчыя з Магілёва цягам трох месяцаў рабілі выгляд, што спрабуюць разабрацца ў сытуацыі, але вынік аказаўся прадказальным. Яны адпісалі, што падставаў для завядзеньня справы няма, бо ў дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі парушэньняў ня выяўлена.
Пасьля гвалту каля ізалятару ў мяне засталося адчуваньне боязі перад міліцыянтамі. Нават калі яны проста ідуць вуліцай, унутры ўсё напружваецца, бо яны пагроза і я ня ведаю, чаго ад іх чакаць.
Штодня выходжу з дому з адчуваньнем, што за дзьвярыма мяне пільнуюць, каб затрымаць ці правесьці ператрус. У такіх умовах цяжка жыць. У жніўні некалькі разоў стаяла каля майго пад’езду міліцыя, калі вярталася зь дзіцем. Мы хаваліся ад яе, ехалі ў іншы двор і доўга не маглі трапіць дамоў.
Я стараюся не паддавацца трывозе, працягваць жыць і працаваць. Я не парушаю закону, а справядлівасьць заўсёды перамагае.
Быў непрацяглы пэрыяд, калі мне давалі працаваць больш менш вольна. На мітынгах, шэсьцях затрымлівалі ўдзельнікаў, але журналістаў не чапалі. 4 кастрычніка ўсё зьмянілася. На маршы з двух дзясяткаў чалавек схапілі ўсіх, разам з рэпартэрамі.
Супраць мяне фізычнай сілы гэтым разам не ўжывалі, але, загрузіўшы ў цесную камору аўтазака, выключылі асьвятленьне. Гэта было катаваньнем. Мы падтрымлівалі сябе дарогаю ў ізалятар песьнямі. У вязьніцы мне стала блага, даставілі ў лякарню і шпіталізавалі. Упершыню ў жыцьці лекары зафіксавалі ў мяне падвышаны ціск. Цаною здароўя мне ўдалося пазьбегнуць няволі.
Пратакол за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства», аднак, застаўся, і мяне чакае суд. Цяпер я на бальнічным і ў мяне ўжо выпытвалі, калі ён скончыцца. Чакаю «падарунак» на Каляды.
Мяне выклікалі сьведкай да супрацоўніка крымінальнага вышуку наконт надпісаў «супраць прэзыдэнта». Тлумачылі, што мною цікавяцца, бо я «недзе трапіла пад увагу міліцыі». У мяне праводзілі ператрус у справе падпалу пастарунку, хаця я нават ня ведала, дзе ён месьціцца. Тады ўсіх журналістаў, затрыманых на шэсьці 4 кастрычніка, падазравалі ў падпале апорнага пункту.
Усё гэта запалохваньне, каб замаўчалі. Дапускаю, што такім чынам мяне змушаюць пакінуць горад…“
„Выйшаў з турмы з COVID-19 і памёр“
Сяргей Шчацінка, 57 гадоў, Асіповічы (расказ удавы Алы):
„Нас з мужам затрымалі 12 лістапада: мяне — на працы, Сяргея — дома. Напярэдадні ўвечары мы фатаграфаваліся ў гарадзкім парку, і мужа вылічылі па яркай куртцы — на запісе зь відэакамэр рэстарана.
З РАУС мяне выпусьцілі, а Сяргея адправілі ў ІЧУ. На наступны дзень быў суд, які прызнаў нас вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Мяне аштрафавалі на 10 базавых велічынь, гэта 270 рублёў. Сяргею прызначылі пакараньне ў выглядзе 10 дзён пад арыштам.
Арышт ён адбываў у Асіповіцкім ІЧУ і выйшаў на свабоду ўдзень 22 лістапада, гэта была нядзеля. Ён ужо тады казаў, што адчувае сябе так, быццам падхапіў прастуду. І расказаў, што каля сутак быў у адной камэры з мужчынам, які меў высокую тэмпэратуру і якога падсялілі да іх часова, а пасьля перавялі ў іншую камэру.
У сераду, 25 лістапада, Сяргей дрэнна адчуваў сябе на працы, але ў паліклініку паехаў пасьля працоўнага дня. У яго была падвышаная тэмпэратура — каля 38,7°С. Яму адкрылі бальнічны ў гэты ж дзень, узялі мазок з насаглоткі для аналізу ПЦР. Я прайшла гэтую ж працэдуру на наступны дзень — таксама адчула недамаганьне і лічу, што заразілася ад мужа.
У нас абаіх быў станоўчы тэст на каранавірусную інфэкцыю.
Наступныя два тыдні мы правялі дома. Адзін раз я выклікала „хуткую“ для мужа: ён скардзіўся на боль у грудзях, у яго была высокая тэмпэратура. Брыгада лекараў зьбіла тэмпэратуру, але ў шпіталізацыі адмовіла: сказалі, для гэтага няма падстаў.
Роўна праз два тыдні пасьля першага прыёму Сяргей пайшоў у паліклініку — 9 сьнежня лекар хацеў закрываць бальнічны. Сяргей папрасіў падоўжыць яго да пятніцы.
Ён патлумачыў лекару, што адчувае сябе ня вельмі добра. Да таго ж у яго праца на вуліцы: ён быў сьлесарам, рабіў кроквенныя работы — працаваў на Асіповіцкім заводзе жалезабэтонных канструкцый. Сяргей сказаў лекару: «У чацьвер калі выйду на працу, у пятніцу зноў да вас прыйду». І лекарка падоўжыла бальнічны да панядзелка.
У пятніцу, 11 сьнежня, Сяргей памёр. Ён пайшоў з сынам мяняць колы ў машыне, войкнуў, зваліўся — і ўсё. У пасьведчаньні аб сьмерці паказана, што прычына сьмерці невядомая: код R99 расшыфроўваецца як «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці». Нейкіх сур’ёзных праблем са здароўем у мужа раней не было. Мне сказалі, што для вызначэньня прычын сьмерці матэрыялы адправілі на экспэртызу ў Магілёў, вынік яе будзе месяцы праз два.
Я ня ведаю, што яшчэ рабіць. Адзінае, што я зрабіла, гэта настаяла на тым, каб лекар у паліклініцы хаця б мне прызначыў дадатковыя аналізы. Каранавірус даў мне ўскладненьні на кішачнік, печань. Сяргею — на лёгкія, мабыць: падчас бальнічнага яму рабілі КТ, якая паказала паражэньне 25% лёгкіх, але ўзровень кіслароду быў у норме.
Праз тры дні пасьля сьмерці Сяргею на працу прыйшло паведамленьне аб аплаце часу знаходжаньня ў ізалятары. Я пакуль ня ведаю, ці трэба будзе мне плаціць — з улікам новых абставінаў“.
„Амапавец так схапіў за руку, што адразу ж і зламаў яе“
Людміла Раманенка, 77 гадоў, пэнсіянэрка, Менск:
„У нядзелю 11 кастрычніка я была ля стэлы. Я прыехала падыхаць паветрам і выказаць свае погляды. Была адна, дзеці працавалі ў той дзень. АМАП пачаў затрымліваць людзей. Да амапаўцаў жанчыны падышлі, крычалі ім, каб адпусьцілі. Я таксама падышла.
Амапавец схапіў мяне за руку і шпурнуў мяне на зямлю. Па адчуваньнях, ён так схапіў, што адразу ж і зламаў. Рука імгненна абвісла. Шпурнуў мяне, як кацяня.
Я паднялася; думала спачатку, што вывіх. Але прыехала «хуткая», мяне забралі ў лякарню. Зрабілі здымак, дыягназ: пералом са зьмяшчэньнем і аскепкамі.
Мне наклалі гіпс, пазьней будуць рабіць апэрацыю, каб прыняць аскепкі і сабраць косьць.
Загадчык аддзяленьня супакойвае, што ўсё будзе добра. Рука баліць, штодня мне колюць абязбольвальныя. Дакладную дату апэрацыі пакуль не прызначылі.
Як так можна зь людзьмі абыходзіцца? Што робяць сілавікі? Тое, што адбываецца, — вельмі жудасна, такога не павінна быць.
І я ня веру, што кагосьці пакараюць за маю зламаную руку. Знаёмыя прапаноўваюць дапамогу, маўляў, каб я напісала заяву, але я бачу сытуацыю ў краіне і, ці пісаць, пакуль ня ведаю.
Таксама цяпер чакаю міліцыю, праўда, зь якой нагоды яна прыйдзе, ня ведаю і сама.
Калі мяне прывезьлі ў лякарню, я сказала дактарам, што мяне схапіў амапавец. Доктар адказаў: гэта крымінальная справа, да вас прыйдзе міліцыя. Але ці гэта было пра акцыю, ці пра маю руку — я не зразумела.
Пакуль што сяджу дома: баюся пашкодзіць зламаную руку яшчэ больш. Інакш была б на акцыях.
На мінулым маршы пэнсіянэраў я была. У гэты б таксама пайшла, калі б была рука цэлая.
Я захапляюся дзяўчатамі, якія выходзяць зь белымі кветкамі. Я хадзіла зь імі. У мяне пазыцыя простая: я супраць гвалту і забойстваў.
Калі пакараюць — ну што ж зробіш. Хай даюць свае штрафы. Я нарадзілася ў вайну, таму магу нават пагаладаць, калі прыйдзецца выплачваць нейкія вялікія штрафы. Пасяджу на хлебе і вадзе, хай толькі жыве Беларусь.
Бо тое, што робяць сілавікі… Я сама бачыла, як б’юць хлопцаў, як хапаюць дзяўчат. Народ гэтага ім не забудзе. Усе людзі супраць таго, што адбываецца, бо адбываецца зьнішчэньне народу“.
„Учора затрымалі добрага сябра, Ваню Багдановіча. І я сам адчуў, што гэта такое, стаяць уночы каля РУУС. Сёньня зноў суды. Супакойваеш сваякоў і жартуеш, што сядзець нескладана. Ніякай рамантыкі, вядома, у гэтых адседках няма. Але за час сядзеньня з амаль 30 людзьмі, памяняўшы тры папраўчыя ўстановы, я ня ўбачыў ніводнага чалавека, які б ня справіўся са сваімі «суткамі». У нейкай ступені сядзельцам нават прасьцей, чым іхным сваякам і сябрам. Жыцьцё вызначанае і цячэ мерна.
Для мяне ўсё пачалося ля стэлы, калі я разгарнуў сьцяг і «ўключыў рэжым Ніны Багінскай», як потым сказаў адзін мой таварыш. Сьцяг у руках накладвае свой адбітак, і ты перастаеш баяцца і ўцякаць. Ланцуг вэвэшнікаў праглынуў мяне вельмі хутка. І я ўбачыў шырока расплюшчаныя вочы маладога хлопца, які схапіў мяне за руку, і ў іх была пякельная сумесь адрэналіну і страху. «Я не супраціўляюся. Ты толькі дыхай», — цяпер гэта здаецца мне дзіўным, але менавіта так я разы тры яму сказаў, пакуль ён вёў мяне, няўмела спрабуючы заламаць мне руку, да свайго камандзіра, у якога на шлеме ззаду была налепка «Псых».
У аўтазаку я трапіў у «стакан» з Жэнем з Wargaming і Сашам Міцкевічам, выкладчыкам музычнай школы. Калі Сашу затрымалі, ягоная жонка пайшла добраахвотна за ім да аўтазака, яе таксама пасадзілі кудысьці насупраць, і яна крычала: «Саня, я тут!» А Саня прасіў амапаўцаў прагнаць яе з аўтазака дамоў, да дзяцей.
Тады я яшчэ ня ведаў, што з Жэнем і Сашам я апынуся ў адной камэры ў Жодзіне, а з Сашам 4 ночы буду спаць валетам на адной шконцы і прыціскацца да яго як мага шчыльней сьпінай, каб сагрэцца.
Там жа ў аўтазаку студэнт-юрыст Ягор з тарцавога «стакана» з, мабыць, зламанай галёнкай і ў стане посттраўматычнага шоку, няспынна спрабаваў накіраваць на «праведны шлях» амапаўцаў, якія суправаджалі нас і не прамовілі ні слова на яго спробы іх разгаварыць. У Савецкім РУУС Ягора паставяць тварам да сьцяны разам з усімі намі. І кожны раз, калі ён, ня маючы сіл стаяць на зламанай назе, будзе апускацца на калені, яго будуць падымаць назад. Потым ён будзе кульгаць праз увесь двор на допыт. І толькі вечарам яму выклічуць хуткую дапамогу.
На Акрэсьціна мяне разьмясьцілі аднаго ў карцары. І гэта было дзіўна, таму што астатнія сядзелі там 20 чалавек у камэры на васьмярых. Вітаньне сонца на адкінутай шконцы карцара (мой ёга-тычэр Roman Romanovich мной бы ганарыўся), мэдытацыя і сілавыя практыкаваньні з адкідным ложкам. Увогуле, усё пачыналася для мяне як круты маўклівы рэтрыт. І нават тое, што судзьдзя па прозьвішчы Воўк даў адразу 15 сутак, не сапсавала маіх адчуваньняў. Пакуль у аўторак вечарам нас ня вывелі ў двор і не адправілі ў Жодзіна.
Па дарозе ў Жодзіна хлопцы радаваліся ў аўтазаку, бо ў Жодзіне, па водгуках, было клясна. Нас жа сустрэлі людзі з рэальна садысцкімі схільнасьцямі — мацюкамі, сядзеньнем на выдуманым зэдліку і высьпяткам за павольнае разьдзяваньне. «Служыў?» — «Не» — «Слабак!» Калі мы нарэшце апынуліся ў камэры, ніхто не наракаў, што нас 16, а ложкаў усяго 8, усе былі рады спакою. Больш жорсткасьці ў нас нідзе не было, але «цёплая» сустрэча запомнілася надоўга. Іншыя хлопцы потым казалі, што іх прымушалі мыць у душы падлогу бел-чырвона-белымі сьцягамі. У Жодзіне мы атрымалі першыя перадачы, і жыцьцё наладзілася. Усе ўцягнуліся ў рэжым, і дні пацяклі.
Праз чатыры дні нас перамясьцілі ў Магілёў даседжваць 9 дзён. Трэба было вызваляць месца для чаканых затрыманых на чарговым нядзельным маршы. Невялікая камэра на 16 чалавек з высокай вільготнасьцю ад таго, што слаба працуюць батарэі. Празь нейкі час мы пачалі хварэць, і да канца тэрміну перахварэла паўкамэры (некалькі чалавек потым зрабілі аналізы і пацьвердзілі каранавірус). Не дапамаглі штодзённыя прагулкі, якія ўладальнік лягістычнай кампаніі Раман выдатна ператварыў для нас ва ўрокі фізкультуры на сьвежым паветры. На жаль, у Магілёў некалькім людзям перадалі цыгарэты, пачаліся штогадзінныя курэньні, у выніку ад няма чаго рабіць закурылі яшчэ пару чалавек з тых, хто звычайна ня курыць.
Галоўным пытаньнем у Магілёве было «Як мы будзем адсюль выбірацца?», бо хтосьці быў бяз грошай, хтосьці без тэлефона. Не было і дня, мусіць, каб журналіст Ян, родам з Магілёва, не расказваў пра тое, як ходзяць маршруткі на Менск ці не маляваў бы схему «Як ад СІЗА дайсьці да аўтавакзала». Але гэта аказалася лішнім — першымі на выхадзе нас сустрэлі два хлопцы са словамі «Не хвалюйцеся, мы валянтэры. Назавіце ваша прозьвішча». Усё аказалася арганізавана і пад кантролем“.
„8 гадзінаў басанож у бэтоннай «малпоўні»“
Тацяна Сівачэнка, 34 гады, інжынэр-навукоўца, Магілёў:
„Увечары 10 кастрычніка мяне і яшчэ 12 чалавек схапілі на ўскрайку Магілёва, у пасёлку Ямніцкім. Мы сабраліся на беразе тамтэйшай сажалкі на пікнік. У нас былі бел-чырвона-белыя караблікі і невялікі плыт. Амапаўцы зьявіліся нечакана на двух мікрааўтобусах. Яны адмовіліся называць прычыну нашага затрыманьня, не прадставіліся. Адзін зь іх мне сказаў, што пра наш пікнік ім было вядома. Я пасьпела паведаміць маці, што нас забіраюць.
Тое, што нам давялося перажыць у міліцыі і ізалятары, іначай як зьдзекам зь людзей назваць не магу. У паводзінах міліцыянтаў чыталася, што зь мірнымі грамадзянамі яны могуць рабіць усё, бо маюць на тое ўладу. Яе ім даюць пагоны, дубінкі, зброя і фізычная перавага.
Нашу кампанію, у якой было шэсьць жанчын, даставілі ў Ленінскі аддзел міліцыі і разьмясьцілі ў вучэбнай клясе пад наглядам амапаўцаў у масках. Супрацоўнік аддзелу загадаў выкласьці на стол тэлефоны. На наша патрабаваньне назвацца заявіў, што гэтага рабіць не абавязаны. Па трое нас вадзілі фатаграфавацца.
Адной з затрыманых, Натальлі, стала кепска. Яна пачала задыхацца. Вызвалілі «хуткую», якая ехала амаль гадзіну. Апэратыўнік Гейгер, які намі «апекаваўся», быў незадаволены тым, што зрабілася з затрыманай і патрабаваў, каб яна супакоілася. Ігнараваў просьбы вывесьці яе ў асобны пакой, дзе была канапа. Праз паўгадзіны пагадзіўся, але не дазволіў Натальлі легчы. Жанчыну шпіталізавалі ў перадынсультным стане. Пазьней адпусьцілі яшчэ адну нявольніцу, бо ў яе дома засталіся непаўналетнія дзеці.
Мяне дапытваў супрацоўнік аддзелу Пушын. На пытаньні міліцыянта я адказваць адмовіліся, скарыстаўшыся канстытуцыйным правам ня сьведчыць супраць сябе. Потым даведалася, што тых, хто не падпісаў пратаколы, адправяць у ізалятар. Нас вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. У мяне асабіста было пазначана, што я парушыла парадак арганізацыі і правядзеньня мерапрыемства другі раз за год. Мне пагражала суровейшае пакараньне, чым іншым.
Першых у ізалятар павезьлі хлопцаў. Чатырох жанчын пакінулі ў міліцыі, бо ў ізалятары не было супрацоўніц. Нас пасадзілі ў «малпоўню». У першай на падлозе былі не прыбраныя ваніты. Перавялі ў іншую. У ёй мы прабылі 8 гадзінаў.
Гэта была невялікая бэтонная камора з драўлянай падлогаю. На ўваходзе ў яе загадалі разуцца і абутак пакінуць звонку. Было дзіка холадна. Учатырох мы сядзелі на невялікай лаўцы і, каб сагрэцца, туліліся адна да адной. Ногі грэлі, расьціраючы іх. На сьцяну не абапіраліся, бо яна была халодная і мы баяліся застудзіцца. Нас выводзілі ў сьмярдзючую прыбіральню. У ёй не было мыла. Піць з-пад крана гідзіліся.
У ізалятары я апынулася другі раз. Першы, у траўні, мяне забралі з дому акурат на дзень народзінаў. Гэта быў першы хапун у Магілёве пасьля прыезду каманды Ціханоўскай. Тады падманулі, паабяцаўшы, што празь дзьве гадзіны вярнуся. У няволі прабыла тры дні. Сядзела ў камэры на дзесяцёх адна. У ёй было холадна і стаяў смурод ад дыму цыгарэт і прыбіральні. Да мяне ў камэры трымалі бяздомнікаў. Ад пахаў забалела галава і падкаціла млосьць. Не магла сагрэцца. У канцы другіх сутак зь мяне зьлітасьцівіліся і далі другую коўдру. Тры дні здаліся вечнасьцю. Бавіла час за чытаньнем. Тады ня думалася, што ізалятар пабачу зноў праз паўгода.
Гэтым разам у вязьніцу прывезьлі раніцай і тры з паловай гадзіны трымалі ў дворыку для прагулак. У той дзень імжыла, ад дожджыку не маглі ўратавацца. Было холадна. Па афармленьні ў вязьніцу правялі асабісты надгляд. На ім загадалі разьдзецца да галізны. Папаўдні нас, чатырох затрыманых на пікніку жанчын, падсялілі ў камэру на 5 чалавек да жанчыны з крымінальным мінулым. Зь ёю нам давялося дзяліць прастору.
Нам выдалі пасьцельную бялізну, мыла і туалетную паперу. Ваду пілі з-пад крана. Абеду і вячэры не далі. Пакуль знаходзіліся ў ІЧУ, нас дапытваў супрацоўнік крымінальнага вышуку. Яго цікавала, ці ёсьць сярод нас экстрэмісты і ці ведаем мы такіх.
Блізу 19 гадзін нечакана вывелі з камэры. Каля пакою дзяжурнага мяне чакаў маёр. У той момант падумала, што пераводзяць у сьледчы ізалятар і зьбіраюцца выставіць абвінавачваньне ў крымінальным злачынстве. Міліцыянт уручыў мне позву, каб прыйшла на наступны дзень у Ленінскі аддзел, а калі вывеў з ізалятару, заявіў, што мяне амніставалі. Падвёз дадому. У аддзеле даведалася, што ў матэрыялах справы шмат граматычных памылак, якія нібыта далі падставу мяне адпусьціць. Усе было дужа дзіўна.
Дзьвюх затрыманых са мною жанчын з ізалятару адпусьцілі на наступны дзень. Адна правяла ў ім трое сутак“…
„Нашто прыціскаць шыю нагой, калі затрыманы не супраціўляецца?“
Сяргей Тышкавец, 32 гады, трэнэр каратэ, Магілёў:
„Я замовіў у краме электронікі патрэбную сабе рэч і 3 сьнежня ішоў туды яе забраць. Краем вока ўбачыў сіні мікрааўтобус, зь якога выскачылі некалькі амапаўцаў. Яны беглі да мяне з крыкам «На зямлю!», павалілі, заламілі рукі і ўкінулі ў салён мікрааўтобуса. Управіліся са мною сэкундаў за 15. Патрабавалі тэлефон, але ён у мяне выпаў і ўжо быў падабраны адным з амапаўцаў. Іх было трое.
У машыне паставілі на калені, рукі сьцягнулі плястмасавымі сьцяжкамі, а галаву загадалі трымаць уніз. Грудзіна ўпіралася ў сядзеньне, а адзін зь сілавікоў прыціснуў шыю каленам. У такой пазыцыі прывезьлі ва ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Выгружалі мяне, нахіліўшы галаву ўніз.
З упраўленьня павезьлі на ператрус у маю кватэру. Рукі ўжо счапілі кайданкамі. З дому забралі ноўтбук. Выдалілі ўсе чаты, дзе я быў адміністратарам ці мадэратарам, а некаторым далі зьняважлівыя назвы. Па выдаленых чатах каманда аднаго зь іх — «Прававы Магілёў» — здагадалася пра маё затрыманьне.
Мне незразумела (і супрацоўнікі ўпраўленьня не адказалі на маё пытаньне пра гэта), навошта везьці затрыманага ў зьняважлівай «позе эмбрыёну» ды яшчэ прыціскаць шыю нагой, калі ён не супраціўляецца? Дарогаю ў мяне цямнела ў вачах, адчуваў, што магу страціць прытомнасьць, бо артэрыя на шыі была пераціснутая.
Калі везьлі на ператрус, я паспрабаваў сесьці на сядзеньне. На што супрацоўнік сказаў: «Куды дупу масьціш? Давай у тую ж позу на падлогу між сядзеньнямі».
Канваіры між сабой гаварылі, што ім абрыдлі «змагары». Казалі мне, што дабегаўся і цяпер мною зоймецца ГУБАЗіК. Я ж маўчаў.
Дапытвалі, здаецца, гадзінаў восем. Гэты час быў вечнасьцю. Апэратыўнікі мяняліся. Страшылі, што ў мяне два шляхі: альбо зь імі супрацоўнічаю, альбо супраць іх і саджуся. Было цяжка маральна і псыхалягічна, асабліва калі пытаньні часта паўтараліся. У стане стрэсу можна было сказаць пра тое, чаго не рабіў. Ясна, што так рабілася, каб выбіць зь мяне патрэбныя паказаньні. Ноч была бяссоннай. Быў зьнясілены, і раніцай галава была, як у тумане.
Паводзілі сябе сьледчыя адэкватна, хоць я і сам не нарываўся. Навошта супраціўляцца, абвастраць сытуацыю, калі ўжо схапілі? Калі прасіў вады, то давалі.
Адпусьцілі раніцай, блізу 10 гадзінаў. На той момант мяне ўжо шукалі. Былі публікацыі, што я зьнік. Ва ўпраўленьне за паўгадзіны да вызваленьня прыходзіў адвакат — высьвятляць, дзе я. Яму адказалі, што мяне ў іх няма. Зьяўленьне адваката — адна з прычын, чаму мяне выпусьцілі. Зь ягоных словаў, паводзіны супрацоўнікаў сьведчылі, што я там. Забранай тэхнікі мне не аддалі.
Галоўная ж прычына вызваленьня: не знайшлі таго, чаго шукалі. Мне інкрымінавалі арганізацыю дэструктыўнай дзейнасьці. Шмат пытаньняў пра гэта задавалі. Цяпер у мяне падпіска аб невыдаваньні.
Перажытае ўспрымаю як ціск з мэтай зьнізіць маю грамадзянскую актыўнасьць, якая некаторым перашкаджае. Гэта нагода задумацца аб сваёй далейшай палітычнай кар’еры і пацьверджаньне слушнасьці майго шляху.
Маральна, псыхалягічна і фізычна да жорсткага затрыманьня я быў гатовы. Як улазіш у палітыку, то трэба рыхтавацца, што рана ці позна гэта адбудзецца. Я быў гатовы да правакацыі. Як чалавек, які займаецца каратэ, прызвычаіўся да пабіцьця. Цяпер, ідучы па вуліцы, тым ня менш, часьцей азіраюся па баках“.
„Пад гімн і брэх канвойных сабак“
Ігар Ільяш, журналіст:
„— Ігар, вы ж напішаце пра гэта? — раптам спытаў мяне адзін з затрыманых у перапоўненым «адстойніку» баранавіцкага СІЗА.
У маёй сьвядомасьці гэтае пытаньне выразна пераклікалася з пытаньнем, якое Ганна Ахматава згадвае ў прадмове да «Рэквіему» — знакамітай паэмы пра сталінскія рэпрэсіі («Муж в могиле, сын в тюрьме. Помолитесь обо мне»). Вядома, у маім выпадку ўсё было далёка ня так сумна — як мінімум, усе былі жывыя. Але масавыя рэпрэсіі 2020 году сапраўды набылі такі размах, што паглыналі цэлыя сем’і.
15 лістапада затрымалі маю жонку, журналістку Кацярыну Андрэеву — цяпер ёй пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. А 24 лістапада з кватэры забралі мяне — я атрымаў 15 дзён арышту. Нашыя родныя цяпер гадзінамі мерзьлі на марозе, з 5-й раніцы займалі чаргу, спрабуючы адправіць нам перадачкі. Удавалася не заўсёды: напрыклад, 26 лістапада мае блізкія стаялі ў чарзе на Акрэсьціна дарэмна — нас этапавалі ў Баранавічы.
У той дзень у ІЧУ на Акрэсьціна арыштаваных паднялі а 5:30, не далі пасьнедаць і толкам умыцца і пагналі пад млявы мат кантралёраў у ЦІП. У ЦІПе нас раскідалі па маленькіх душных камэрах — у 6-мясцовую камэру, дзе апынуўся я, запхнулі 22 чалавекі. Там мы правялі каля трох гадзінаў. Карміць падчас этапу не плянавалася. Большасьць камэраў тады не атрымалі зусім нічога, нам жа пашанцавала крыху больш — палова порцыі кашы і чвэрць шклянкі гарбаты на кожнага. Калі хтосьці з арыштаваных пацікавіўся, ці дадуць яшчэ нешта паесьці, супрацоўніца ізалятару абурылася:
— Чаго? Гэта і так з рэшткаў! З вамі, з с*мі, па-чалавечы, а вы, бл*дзь, яшчэ не задаволеныя?
Потым нас павезьлі ў баранавіцкі СІЗА. У малыя даўгаватыя камэры аўтазакаў запіхвалі па 10 чалавек. Камэры былі настолькі вузкія, што проста сядзець было немагчыма — затрыманым даводзілася пераплятаць ногі з суседам насупраць. І так яшчэ каля дзьвюх гадзінаў.
— Выходзім з аўтазакаў, строімся ў калёну па двое. Перасоўваемся па тэрыторыі толькі ў становішчы «галава ўніз, рукі за сьпіну» і бегма. «Вачэй не падымаць. Пайшлі!»
У тэмпе «бягом» увесь этап прагналі ў «адстойнік» — камэру, дзе мы павінныя былі заставацца на час сартаваньня.
Панарама «адстойніку» ўражвала. Гэта было старое паўпадвальнае памяшканьне з высокімі пяцімэтровымі столямі і бруднай бэтоннай падлогай. Сьцены пацямнелі ад вільгаці, фарба зьлезла, тынкоўка абсыпалася. «Адстойнік» быў перапоўнены, людзям (а там было каля 80 чалавек) даводзілася стаяць упрытык адзін да аднаго. Нешта падобнае я бачыў толькі ў кіно — у фільмах пра сталінскія рэпрэсіі.
— Вось калі б можна было зрабіць некалькі фота, — раптам прамовіў хтосьці, — у людзей на волі быў бы шок!..
Каля ўваходу ў «адстойнік» на палічцы ляжаў бохан чэрствага хлеба. Галодныя людзі, якіх не кармілі ўжо амаль содні, пэрыядычна адшчыпвалі пальцамі ад яго кавалачкі і прагна адпраўлялі ў рот. Некаторым было проста страшна, і яны спрабавалі абстрагавацца, бесьперапынна размаўляючы і сьмеючыся. Іншыя спакойна разважалі з таварышамі пра будучыню пратэстаў, палітыку і гісторыю. Астатнія проста маўчалі, толькі зрэдку перакідаючыся кароткімі рэплікамі. Дзясяткі галасоў зліваліся ў адзін неразборлівы гул. У нейкі момант гэты гул разрэзаў крык «Жыве Беларусь!», на які ўвесь этап, як па камандзе, адгукнуўся: «Жыве!» Калі сартаваньне пачало падыходзіць да канца і камэра практычна апусьцела, на сьценах можна было прачытаць: «Верым. Можам. Пераможам».
Мяне затрымалі на ўласнай кухні. Сілавікі зайшлі ў кватэру, скарыстаўшыся, пэўна, ключом маёй арыштаванай жонкі. Увесь працэс заняў ня больш за тры сэкунды: разьмешваючы гарбату ў шклянцы, я пачуў два пстрыкі замка — і ў кватэру ўварваліся трое людзей у цывільным з крыкам: «Нічога не чапаць!» Сілавікі паказалі мне пастанову на арышт маёмасьці маёй жонкі — дакумэнт быў падпісаны сьледчым Ігарам Курыловічам, які вядзе справу Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Праўда, у выніку на падставе пастановы арыштавалі маю маёмасьць — у тым ліку два тэлефоны і працоўны ноўтбук. Канфіскацыя адбывалася без панятых, патэлефанаваць адвакату ці родным мне таксама не дазволілі. Прычым асабіста мне ніякіх прэтэнзіяў спачатку не выстаўлялі — маўляў, я не затрыманы, мяне толькі даставяць у РУУС для дачы тлумачэньняў.
Старшы групы, якая ўварвалася ў маю кватэру, назваўся Русланам Мікалаевічам. Ён гаварыў выключна міліцэйскімі штампамі, якія часам пераходзілі ўсе межы абсурду. Калі я спрабаваў абурацца налётам на маю кватэру, ён спачатку назваў мяне «замбаваным», а затым суха патлумачыў:
— Мы прыйшлі, каб забясьпечыць грамадзкі парадак, забясьпечыць спакой.
— Але да вашага ўварваньня на маёй кухні ўсё было даволі спакойна…
Праўда, калі Руслан Мікалаевіч спрабаваў выйсьці за рамкі канцылярскіх фразаў, атрымлівалася яшчэ горш. Аднойчы ён нахіліўся да мяне і змоўніцкім тонам сказаў: «Вакол здраднікі». «А я падазраваў», — кажу. «Каго?» — насьцярожыўся сілавік.
У Цэнтральнае РУУС мяне прывезьлі на звычайнай легкавой машыне. Каля паўгадзіны пратрымалі ў калідоры: відаць, у гэты момант сілавікі адчайна спрабавалі прыдумаць, у чым мяне можна абвінаваціць. Спачатку нічога ня выйшла. «Ох, вось ведаў бы я, што з вамі будзе столькі праблемаў…» — цяжка ўздыхаў Руслан Мікалаевіч, выводзячы мяне з будынку. Мы ўжо павінныя былі ехаць у іншае РУУС, калі яму пазванілі на мабільны і мяне ўсё ж вярнулі ў Цэнтральнае.
Пратакол на мяне фабрыкаваў асабіста намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Цэнтральнага раёну, маёр Павел Пунчык. Мяне абвінавацілі ў тым, што на акцыі пэнсіянэраў і студэнтаў 26 кастрычніка я быў у групе людзей, якія крычалі «Жыве Беларусь!» і размахвалі сьцягамі. Але на той акцыі мяне не было наагул — я там нават не працаваў як журналіст. А сам марш бачыў толькі з акна таксоўкі, калі ехаў на іншае рэдакцыйнае заданьне.
Затрыманьне, складаньне пратаколу, канфіскацыя рэчаў і афармленьне ў ІЧУ — усе гэтыя дзеяньні адбываліся ў рэжыме вымуштраванай бяздушнай бюракратычнай машыны. Ніводзін з работнікаў не праявіў ніякіх эмоцыяў і не сказаў нічога, што выходзіла б за межы ягонай вузкай задачы — напэўна, у такім бюракратычным стылі прасьцей адпраўляць невінаватых людзей у турму. Работнік ізалятару сустрэў мяне на Акрэсьціна словамі: «А мне нецікава, за што вас затрымалі!» Хоць я зусім і не зьбіраўся яму нешта апавядаць.
На наступны дзень, 25 лістапада, запрацаваў судовы канвэер. Адзін хлопец атрымаў 13 дзён арышту за тое, што прынёс гвазьдзікі на «плошчу Пераменаў» — патруль міліцыі, які там дзяжурыў, расцаніў гэтыя дзеяньні як незаконнае масавае мерапрыемства. 12–13 дзён атрымала маладая пара, якая падарыла пэнсіянэрам кветкі на Маршы мудрасьці. Я ж атрымаў 15 содняў арышту ад сумна вядомай судзьдзі Вікторыі Шабуні.
— Ну што, яно таго варта? — спытаў міліцыянт, адводзячы мяне на суд.
— Варта. А ў вашым выпадку — яно таго варта?
Сэнсу майго пытаньня ён, мабыць, так і не зразумеў.
Дзяржаўны гімн, які ўключылі па радыё на поўную моц, і брэх канвойных сабак за акном — пад такія гукі мы сустрэлі сваю першую раніцу ў Баранавічах.
— Ну трэба прызнаць, што асацыятыўны шэраг яны выстройваюць дакладна: лукашэнкаўская Беларусь = зона, — сумна жартавалі арыштаваныя.
Спачатку ў Баранавічах нас разьмясцілі ў старым блёку, які, падобна, да пачатку цяперашніх палітычных рэпрэсіяў ужо даўно не выкарыстоўваўся. Камэры мала адрозьніваліся ад таго «адстойніку», дзе мы апынуліся пасьля этапу: усё тое ж паўпадвальнае памяшканьне з высокімі столямі, бэтонная падлога і жалезныя ржавыя нары. Холад, сырасьць і цьвіль на сьценах. Мышы і машкара. І жудасная цесната: у камэру 3 на 5 мэтраў запхнулі 10 чалавек. Нават законная турэмная забаўка — хаджэньне па камэры з кута ў кут — тут была немагчымая, бо больш за тры крокі проста не было дзе зрабіць. У параўнаньні з гэтым ізалятар на Акрэсьціна здаваўся пяцізоркавым гатэлем. Праз пару дзён праз сырасьць, недахоп паветра і руху ўсе арыштаваныя адчувалі нешта накшталт адурманенасьці або дрымоты.
Зрэшты, палітычныя стараліся ставіцца да таго, што адбываецца, з гумарам: асабліва ў першыя дні жартаў і сьмеху было вельмі шмат.
— Мы сталі нашмат сьмялейшыя. Калі б мне год таму сказалі, што я буду сядзець у турме, сьмяяцца з судзьдзі, сьцябацца са сьведкаў-амапаўцаў, я б ніколі ў гэта не паверыў, — казаў мой сусед па камэры.
Адначасна мы абжываліся. У першы дзень зьляпілі з хлеба шашкі, у другі — шахматы. На трэці дзень закарацілі драты ў разэтцы і вывелі ў камэру вяшчаньне радыё, якое слухала ахова.
Мы цалкам звыкліся з думкай, што нас пратрымаюць у гэтых казэматах увесь тэрмін арышту. Але на 4-ы дзень нас раптам перавялі ў іншы корпус. Новая камэра была раза ў паўтара большая, зь невялікім касмэтычным рамонтам. Там было суха і цёпла, можна было хадзіць і нармальна дыхаць. Але самае галоўнае — камэра была абжытая. Ад папярэдніх сядзельцаў засталіся кнігі, часопісы і газэты.
— Ну вось, калі не лічыць кратаў і кармушкі… Гэта проста студэнцкі інтэрнат, — захапляліся палітычныя.
— Ага. Хутчэй піянэрскі лягер «Змагар».
Практычна ўсе, каго перад пратэставымі выходнымі этапуюць зь Менску ў рэгіёны, — палітычныя. Гэта значыць людзі, якія атрымалі «суткі» паводле артыкулаў 23.34 («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў») і 23.4 («Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў»). Але выключэньні з гэтага правіла таксама здараюцца. Адным з маіх сукамэрнікаў быў Дзяніс — дробны крымінальнік, які атрымаў 15 сутак за крадзеж 13 палак каўбасы. У першыя дні Дзяніс проста маўчаў, адчуваючы сябе іншародным целам у сьвеце палітычных. Калі мы засяляліся ў камэру, Дзяніс адразу пачынаў шукаць сацыяльна блізкіх, перастукваўся з суседзямі. «Уруру», — казаў ён праз шклянку турэмны аналяг слова «алё». А калі разумеў, што суседзі таксама сядзяць паводле артыкулу 23.34, расчаравана кідаў нам: «Ідзіце, гутарыце са сваймі».
Але потым камунікацыя паміж намі ўсё ж наладзілася. Мы праводзілі зь Дзянісам палітінфармацыю, распавядаючы пра фальсыфікацыі на выбарах, рэпрэсіі, забойства Тарайкоўскага і Бандарэнкі. Дзяніс у сваю чаргу тлумачыў нам турэмныя правілы і традыцыі.
— Каб лягавыя кармушкі не адкрылі, трэба даміношыну ў праём убіць, тады яна закліноўваецца, — мог раптам сказаць Дзяніс.
— А навошта? — дзівіліся палітычныя.
— Ну як, калі маляву сур'ёзную спрацаваць трэба з суседняй камэры…
Гісторыі палітычных Дзяніс слухаў у асноўным моўчкі, толькі аднойчы праявіўшы жывую цікавасьць да іхнага ладу жыцьця.
— Вось вы ходзіце, мітынгуеце, а вас садзяць. А вам працаваць трэба, сем’і карміць. Вось як гэта?
— Мы таму і выходзім, што думаем пра будучыню сваіх дзяцей, — тлумачыў былы вайсковы кіноляг Яўген. — Мы хочам, каб уся краіна зьмянілася да лепшага. Каб законы працавалі, каб старыя нашыя атрымлівалі добрыя пэнсіі…
— Дык я так зразумеў, вас арышт ня спыніць?
— Вядома, не.
Некаторыя палітычныя ў ізалятары атрымлівалі лісты салідарнасьці ад незнаёмых людзей са словамі падтрымкі і падзякі. Па іроніі лёсу, самы кранальны ліст атрымаў крымінальнік Дзяніс, чые зьвесткі памылкова трапілі ў сьпісы валянтэраў. «Дзякуй за сьмеласьць. Ты наш герой. Караліна, 4 гады, яе мама і бабуля». Побач з гэтым тэкстам было намаляванае сонейка і кветачкі. Нават звычайна абыякавы Дзяніс быў расчулены: «Гэта, вядома, пра вас…» Ліст з малюнкам мы ў выніку павесілі на сьцяну.
З пункту гледжаньня права трапляньне ў турму затрыманых паводле артыкулу 23.34 было поўным беззаконьнем — засакрэчаныя сьведкі-амапаўцы блыталіся ў паказаньнях, называлі ня тыя адрасы і ня той час, прыпісвалі затрыманым дзеяньні, якіх яны не рабілі. Але з пункту гледжаньня палітычных рэпрэсіяў, выпадковых людзей за кратамі мне сустракаць не даводзілася: усе яны сапраўды шчыра ненавідзяць рэжым Лукашэнкі і раней ня раз выходзілі на пратэсты.
Галоўная тэма спрэчак у камэрах — калі падзе рэжым. Аптымісты настойвалі на тым, што ўсё вырашыцца ў найбліжэйшыя месяцы. Пэсымісты заклікалі рыхтавацца да таго, што чакаць давядзецца некалькі гадоў. Сустракаліся і такія, хто чакаць не зьбіраўся. 28-гадовы лекар-оталярынголяг Валер усе свае 15 дзён зубрыў падручнік нямецкай мовы, бо цьвёрда пастанавіў у найбліжэйшай будучыні эміграваць у Нямеччыну.
Валер быў адным з тых, хто выходзіў яшчэ на самую першую акцыю пратэсту мэдыкаў — 12 жніўня. Цяпер жа яго затрымалі выпадкова, калі ён вяртаўся дадому ад бацькоў. У кашальку знайшлі $ 30, а ў торбе — атаскоп і гартаннае люстэрка. Даляры міліцыянты ў Баранавічах палічылі доказам таго, што пратэстоўцам плацяць «заходнія лялькаводы». А складаную назву мэдычных інструмэнтаў наагул палічылі асабістай абразай.
— Ты што, самы разумны? – спыталі ў лекара, калі той спрабаваў расказаць аб прызначэньні атаскопа.
Спробы Валера растлумачыць, што ён не хацеў нікога абразіць, скончыліся ўдарам у жывот.
У першы дзень у Баранавічах маёр настаўляў нас:
— Вас адправяць у корпус, дзе нашых міліцыянэраў амаль няма, там служаць супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. А тыя зь людзьмі не працуюць, яны з зэкамі працуюць. Таму калі што будуць казаць — адразу выконвайце, не задзірайцеся. Ня будзеце задзірацца — усё будзе нармальна. Тут усе людзі, ніхто вас прэсаваць не зьбіраецца, гэта нікому ня трэба. Як у войску: можна жыць па статуце, а можна па паняцьцях.
Словы маёра былі праўдай толькі напалову. Работнікамі ДВП нас проста прыстрашылі — фактычна зь імі мы не перасякаліся. Для палітычных зь Менску ў турме пакінулі асобнае крыло, дзе распараджаліся выключна мясцовыя міліцыянты. Куды бліжэйшаю да праўды была формула «Вы не ствараеце нам праблемаў, а мы не перашкаджаем вам сядзець»: кантралёры стараліся без асаблівай неабходнасьці ня лезьці ў жыцьцё арыштаваных.
Служба ў сьценах СІЗА для большасьці міліцыянтаў была новым досьведам, некаторыя пры нас праходзілі першы інструктаж. «Вось так адчыняецца кармушка, а вось так выключаецца сьвятло. Запомніў? Паўтары», — чулі мы пэрыядычна з калідору. Але нават такая нескладаная навука давалася некаторым цяжка: у першую ноч сьвятло выключыць забыліся, а ў другую выключылі нават «месяц» (начное асьвятленьне ў турме). У другой камэры падобная праблема вырашылася проста: дзённае асьвятленьне пакідалі на 24 гадзіны.
Часьцей за ўсё палітычных будзілі дзяржаўным гімнам. Але часам абмяжоўваліся камандай «Пад’ём». Маладая вясёлая лейтэнантка, якая пэрыядычна дзяжурыла ў нашым блёку, наагул падымала арыштаваных экзатычнымі для турмы словамі «Добрай раніцы».
— Нам сказалі «добрай раніцы»? — дзівіліся мы. — Можа, у краіне ўлада зьмянілася?..
Любімы жарт міліцыянтаў гучаў так: «Прыяжджайце да нас яшчэ». Як ні дзіўна, гэты жарт прамаўляўся бяз злой яхіднасьці, а хутчэй зь філязофскай іроніяй. Акцэнт рабіўся не на тым, што нас зноў пасадзяць, а на тым, што пратэсты ўсё роўна будуць працягвацца. А ўжо ахоўваць палітычных — гэта проста частка іхных прафэсійных абавязкаў.
— Адпачывайце, набірайцеся сілаў і прыяжджайце да нас ізноў, — казаў на паверцы пухлы прапаршчык.
— Ужо лепш вы да нас прыяжджайце ў Менск, на сьвяты…
— Прыедзем. Сілы патрэбныя ўсякія — і цёмныя, і сьветлыя, — лагодна адказаў ён.
Ілюзія нармальнасьці руйнавалася вельмі хутка — часьцей за ўсё разам з прыбыцьцём новага этапу зь Менску.
— Бягом, бл*! Хутчэй-хутчэй пайшлі! — крычалі сілавікі і для застрашваньня пачаткоўцаў білі па сьценах дубінкамі.
Дзень майго вызваленьня быў якраз днём прыбыцьця этапу: новых людзей закінулі ў нашую камэру літаральна за паўгадзіны да таго, як мяне адтуль выпусьцілі. Потым пухлы прапаршчык доўга вёў мяне пустымі калідорамі СІЗА, больш падобнымі на лябірынты.
— Бывайце, — сказаў я, калі на КПП мне адчынілі дзьверы, за якімі была свабода.
— Ну не. Да пабачэньня, — паправіў мяне прапаршчык“.
Гісторыя Рамана Бандарэнкі
Алена Бандарэнка, маці Рамана, Менск:
„Раман вырас у Ніжнявартаўску, вучыўся там у мастацкай школе, у розны час займаўся плаваньнем, баскетболам, гуляў у валейбол, бадмінтон, настольны тэніс. Лета ён зь сям'ёй праводзіў у Менску, а калі яму споўнілася 16 гадоў, паступіў тут у архітэктурна-будаўнічы каледж, і мы зь ім пераехалі жыць у гэты горад. У сталіцы Беларусі Раман скончыў Акадэмію мастацтваў, потым адслужыў у войску, працаваў дырэктарам крамы.
Увечары 11 лістапада невядомыя сталі здымаць бел-чырвона-белыя стужачкі з агароджы ў двары нашага дома. Раман напісаў у чаце мясцовых жыхароў: «Я выходжу». У двары невядомыя яго пабілі і забралі, неўзабаве пасьля гэтага ён памёр у лякарні. Яму быў 31 год.
Я яшчэ не да канца ўсьвядоміла страту свайго адзінага і любімага сына, таму, вядома, у эмацыйным пляне мне вельмі цяжка. Мне ўвесь час здаецца, што гэта адбываецца не са мной, што ўсё зьменіцца, што Рома вернецца, скажа: «Мама, я вярнуўся!» Але большую частку часу са мной мае родныя, блізкія, сябры; я атрымліваю моцную падтрымку і толькі дзякуючы ёй яшчэ трымаюся і магу нешта рабіць.
Крымінальная справа пра гібель Рамана дагэтуль не адкрытая. Але завялі справу супраць лекара Арцёма Сарокіна, які сказаў, што ў Рамана ў крыві не было алькаголю, і супраць журналісткі Кацярыны Барысевіч, якая напісала пра гэта.
Гэта жахлівая несправядлівасьць; у сучаснай прававой дзяржаве, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, так не павінна быць. Крымінальная справа павінна была быць распачатая ў першы дзень па факце сьмерці, а гэтага зроблена не было. А ўсе гэтыя сьледчыя дзеяньні, збор нейкіх характарыстык, апытаньні, гутаркі павінны праводзіцца ў рамках адкрытай крымінальнай справы, а не наадварот, як мне патлумачылі: спачатку ўсё зьбіраецца, а потым будзе прымацца рашэньне, адкрыць крымінальную справу ці не адкрыць. Як такое можа быць?
Мне ўсё гэта прынамсі дзіўна. Атрымліваецца, на асобаў, якія сапраўды зрабілі злачынства, забіўшы майго сына, справа не заведзеная, а заведзеная на доктара, які сказаў праўду, і журналістку, якая таксама сказала праўду. Выходзіць, за праўду распачалі крымінальную справу. Цяпер увесь мой час ідзе на тое, каб справа аб забойстве Ромы была адкрытая. Мне вельмі хочацца, каб злачынцаў, якія гэта ўчынілі, знайшлі і пакаралі паводле закону.
Мне сказалі, што цяпер праводзіцца ўсебаковая праверка. Я на мінулым тыдні была пяць гадзін у пракуратуры, і мяне зьдзівіла, што пытаюцца такія рэчы, якія наогул ня маюць дачыненьня да таго, што адбываецца: напрыклад, у які садок Рома хадзіў, у якой школе ён вучыўся. Я спытала ў сьледчага, якое дачыненьне гэта мае да злачынства, ці гэта дапаможа вызначыць злачынцаў, якія ўчынілі гэтае забойства? На што мне сьледчы сказаў: «Мы складаем партрэт Рамана».
Я спытала: «Вы такія ж сьледчыя мерапрыемствы праводзіце і ў дачыненьні да тых асобаў, якія зрабілі гэтае злачынства?» Мне сказалі: «Так, мы праводзім вельмі вялікую працу». Я спадзяюся, што гэта так. Я веру, што справа аб забойстве Ромы рана ці позна будзе адкрытая, але хацелася б, каб гэта адбылося як мага хутчэй.
Я бачыла зварот лекара Арцёма Сарокіна, у якім ён заклікае не палітызаваць сытуацыю. Але незразумела, у якіх умовах гэты зварот быў запісаны. Як я зразумела са звароту, у чалавека сям'я, жонка, дзеці, праца любімая: гэта можна выкарыстоўваць для таго, каб такое запісаць. У гэтым звароце лекар не гаворыць, што сказаў няпраўду. Калі я прыйшла раніцай да Ромы ў рэанімацыю, на стале ляжала мэдычная карта, і я на свае вочы бачыла, што там было, што сапраўды ў крыві алькаголю не было. Гэтыя дакумэнты былі потым канфіскаваныя зь лякарні.
Пра тое, што Раман знаходзіцца ў шпіталі, я даведалася а палове чацьвёртай раніцы 12 лістапада. Пачуўся званок у дзьверы, прыйшлі дзьве дзяўчыны і хлопец, я іх першы раз бачыла, яны сказалі: «Вы толькі не хвалюйцеся, ваш Рома ў лякарні, яму зараз робяць апэрацыю, яна будзе доўгая». Мне пакінулі тэлефон рэанімацыі і сказалі званіць, пытацца, калі скончыцца апэрацыя. Я прыехала да 11 гадзін, калі лекар ужо мог са мной пагаварыць.
Ён мне адразу сказаў, як быццам выліў на мяне цэбар халоднай вады, што ў Ромы шанцаў няма і што ён знаходзіцца ў найцяжэйшым крытычным стане, вельмі нестабільным. Потым, праўда, выправіўся, сказаў, што надзея і шанец заўсёды ёсьць, але гэты шанец вельмі-вельмі малы. Я спытала, ці можна мне ўбачыць Рому. Мне дазволілі, адразу далі халат, бахілы, шапачку.
Тады мне здавалася, што Рома проста сьпіць, як пасьля наркозу, там усякія трубачкі былі, кропельніцы, апараты, нешта мігцела, нейкія лічбы, дыяграмы, паказчыкі. Ён дыхаў, я ўвесь час трымала яго за руку, гладзіла, прасіла, каб ён трымаўся; казала, што я зь ім, што гэта добрая лякарня і добрыя дактары, казала: «Ты моцны, ты вытрымаеш, і ўсё будзе добра».
У яго былі шырокія сінякі на абодвух запясьцях, уся шыя сіняя, апухлы твар, увесь у ранках; вочы апухлыя ў ранках, вушная ракавіна ўся ў крыві, сківіца была зламаная. Лекар сказаў, што яму патрэбна яшчэ адна апэрацыя, але спачатку стан павінен стабілізавацца, іначай ніяк. Ён сказаў, што чакаюць прыезду акадэміка і будзе кансыліюм, а потым скажуць мне нешта канкрэтнае.
Пасьля кансыліюму мне адразу сказалі, што ў Ромы адзін шанец з тысячы, што ўсё залежыць ад сілы Ромавага арганізму і ад Госпада Бога. Сказалі, што да таго, як Рому даставілі ў лякарню, ён ужо доўгі час быў у коме, і што яму тады не аказвалася кваліфікаваная мэдычная дапамога; і, калі б яго прывезьці раней, то, магчыма, яго б выратавалі, але гэтага не адбылося.
І потым лекар кажа: «Самае страшнае тое, што ў яго пашкоджаны ствол галаўнога мозгу, які адказвае за ўсе функцыі арганізму, пачынаючы ад такіх жыцьцёва важных, як сэрцабіцьце і дыханьне, і заканчваючы нюхам, смакам». Ён мне расказаў, што гэты ўчастак знаходзіцца вышэй патыліцы і што Рому вельмі доўга, жорстка і мэтанакіравана білі ў адно і тое ж месца. Паводле яго, Рома сам нічога ня зможа рабіць, ён не адчувае і ня будзе адчуваць ні смаку, ні паху, нічога.
Наконт рэакцыі людзей... Я наагул не магла ўявіць, што гэта здарыцца, што гэта магчыма і ў такім маштабе. Я не магу сказаць, што мне гэта было прыемна, але я вельмі ўдзячная людзям, якія так спагадліва паставіліся да сытуацыі і да мяне асабіста. Вельмі многія прапаноўвалі дапамогу, многія пісалі, тэлефанавалі. Я не чакала такой рэакцыі ад такой вялікай колькасьці незнаёмых мне людзей, для мяне гэта было дзіўна. Я зразумела, што я не адна і магу з усім гэтым справіцца. Энэргія гэтых людзей перадалася мне, і стала лягчэй.
Больш за ўсё ўразіла такая вялікая колькасьць сьвечак, кветак, на якіх было напісана імя Ромы. Тое, што зусім незнаёмыя людзі, нават тыя, хто ня жыў побач, зьяжджаліся з усяго гораду на «плошчу Пераменаў», прыносілі фатаграфіі, кветкі, цацкі. Я выйшла туды і ўбачыла, як усё прыходзілі і прыходзілі людзі, плакалі; я не хацела, каб мяне пазналі як Ромаву маму: я была, як усе, бачыла надпісы «Рома, мы з табой», «Мы памятаем». Я бачыла, што гэта ўсё было ня штучна, а ад душы.
Яшчэ для мяне вельмі нечаканым было тое, што мне перадалі пасылку з ласункамі з Італіі, з Балёньні. Яна прыйшла ад зусім незнаёмага мне чалавека, мне яе перадалі празь дзясятыя рукі. Для мяне гэта было так прыемна, прычым што менавіта з Балёньні — я была там прыкладна ў гэтую ж пару год таму і хацела вярнуцца туды яшчэ.
Чаму Рома выйшаў? Ён абаронца, ён прывык, што, калі побач слабы чалавек, ён заўсёды прыйдзе на дапамогу. І, як я разумею, там проста ў двары былі дзяўчаты, і ён выйшаў, каб быць побач і, калі што, можа быць, дапамагчы. Вядома, ён разумеў, што гэта небясьпечна. Усе гэтыя рэчы небясьпечныя, як я цяпер разумею.
У свой час ён вельмі хацеў пайсьці ў войска, але яго спачатку не ўзялі. У нас у сям’і быў такі парадак, што чалавек павінен мець вышэйшую адукацыю. З войскам тое самае: абодва дзяды Ромы служылі ў арміі, яго тата быў у ПДВ, у нас дома быў ягоны блакітны барэт. Таму, калі атрымалася так, што мы з Ромам пераехалі ў Менск, а ягоны тата застаўся ў Ніжнявартаўску, то рашэньне пра тое, каб «адкасіць» ад войска, нават не абмяркоўвалася. Хоць я, як і ўсякая мама, ня вельмі хацела, каб Рома служыў: у войску здараюцца розныя сытуацыі. Але Рома мне сказаў: «Мама, я ад войска касіць ня буду; я вырашыў, што канчаю Акадэмію мастацтваў і ў войска пайду».
Ён скончыў акадэмію летам, сам для сябе ўсё вырашыў, прайшоў мэдкамісію, вельмі хацеў у спэцназ, як і яго бацька. І Рому ўзялі ў армію, у спэцназ, ён зрабіў праводзіны, сабраліся сябры. Раніцай ён пайшоў у ваенкамат, і атрымалася так, што яму і яшчэ некалькім хлопцам сказалі: «Хлопцы, ідзіце дадому». Астатнія хлопцы былі радыя, а Рома кажа: «Як дадому?» Ён паехаў ва Ўручча, у гэтую частку 3214, куды ён хацеў, спытаць, можа нейкая памылка адбылася, можа яго ўсё-ткі возьмуць. Але там яму сказалі: «Усё, давай, да вясны!» Усе сьмяяліся, што яго не ўзялі, але потым вясной ён трапіў у 3214 і свае 25 гадоў адзначаў у войску.
У жніўні я прачытала, што вайскоўцы гэтай часткі разганяюць пратэсты ў Менску, і сказала яму. Ён адказаў: «У гэтых падразьдзяленьняў іншая спэцыфіка, ня можа гэтага быць, ня веру. Ты, напэўна, памылілася».
Увогуле, калі ўсе гэтыя рэчы пачаліся, ён мне неяк сказаў: «Мама, будзь асьцярожная, калі ты будзеш на вуліцы ў выходны дзень, трэба літаральна некалькі хвілін, каб часткі даехалі з аднаго канца ў другі. І калі ты апынесься ў гэтым месцы, дык будзе вельмі дрэнна». Ён мяне як маму ў гэтым пляне папярэдзіў і сказаў быць асьцярожнай, калі я раптам выпадкова дзесьці апынуся.
Сама я на пратэсты не хадзіла. Па-першае, Рома мяне папярэдзіў, што гэта можа быць небясьпечна. І я ўжо ў такім перадпэнсійным узросьце, я наогул апалітычны чалавек і не магу сказаць, што на той момант заўзята падтрымлівала тое, што адбывалася. Але ўсё мяняецца, цяпер у мяне на многія рэчы адкрыліся вочы, я стала па-іншаму думаць шмат пра што.
Напрыклад, пра тое, што, на жаль, ня ўсе законы ў нас у краіне працуюць. Раней я думала па-іншаму. Я вырасла ў Савецкім Саюзе, ва ўсіх дзяцей майго пакаленьня было пэўнае выхаваньне, цяперашняя моладзь думае па-іншаму. Я лічыла, што мы жывём у прававой дзяржаве, дзе ёсьць законы, і яны павінны выконвацца. Я думала, што гэта так...“
„Я стала крычаць: забярыце мяне замест яго!“
Ларыса Соўсь, 79 гадоў, Менск:
„Я ўвогуле на гэты марш не ішла. Я хаджу на маршы пэнсіянэраў, гэта так. У той жа дзень, 6 сьнежня, я ішла проста гуляць па сваім раёне. Некалькі гадоў таму мне зрабілі складаную апэрацыю, і мне проста трэба шмат рухацца. І я штодзённа раблю такі шпацыр па сваім раёне.
Я выйшла дзесьці каля 12, гуляла па сваіх вуліцах. Зрабіла адно кола, пайшла на другое і каля новай станцыі мэтро «Кавальская слабада» я пабачыла людзей і спынілася паглядзець, чаго яны сабраліся. І раптам людзі сталі ўцякаць… Адна хвіліна, сэкунда, напэўна… І проста мора людзей у чорным адзеньні і з аўтаматамі. Яны беглі ў арку дома на рагу Варанянскага і Жукоўскага, даганялі маладых людзей, якія ўцякалі. І празь нейкі час я пачула стрэлы. А потым сталі выводзіць людзей з гэтай аркі да аўтобусаў.
Нармальная рэакцыя кожнага чалавека, асабліва жанчыны майго ўзросту, якая мае дзяцей, унукаў, гэта крычаць: «Што вы робіце?!» Людзі крычалі: «Фашысты!» Потым я бачу — вядуць чалавека, рукі за сьпіну скруцілі, у кайданках. Бачыць гэта немагчыма. Кожны чалавек адразу ўяўляе свайго сына ці ўнука на ягоным месцы. Я стала крычаць: «Забярыце мяне замест яго!»
Яны вялі іх да бусаў, і мы, жанчыны, ішлі за імі. І калі я сказала: «Бярыце мяне» — яны не хацелі. Але іхны нейкі вялікі начальнік сказаў браць. Яны мяне схапілі і павялі да мікрааўтобуса. Ад іх моцна пахла гарэлкай. Менавіта не перагарам, а тым, што яны зараз выпілі. Гэта было чуваць.
У гэтым мікрааўтобусе была жанчына, якая выйшла з мужам гуляць, яна крычала: «Дзе мой муж, дзе мой муж, дзе мой сын?» Выйшла гуляць і сустрэла там сына. І ў гэты момант выскачыла гэтая зграя, сталі ўсіх хапаць, і яна стала бараніць свайго сына. Яна думала, што яе з мужам схапілі. Але пасьля, калі мы ўжо прыехалі, высьветлілася, што мужа не ўзялі, а сына дваццацігадовага ўзялі.
Хто там быў, усіх хапалі без разбору, незалежна ад таго, ці ты ўдзельнічаў, крычаў — не крычаў. І яшчэ быў чалавек, які… Я гэта ўсё бачыла на свае вочы, а калі ты бачыш — гэта шок, перажыць проста немагчыма. Сядзеў чалавек, рукі за сьпінай былі зьвязаныя нейкім плястмасавым жгутом. Ён увесь час прасіў: «Разьвяжыце, мне нязручна». Яны кажуць: «Мы ня можам, гэта можна толькі кусачкамі». У яго была парваная куртка і вельмі вялікі сіняк фіялетавы пад вокам. Гэтае вока апухала проста на вачах.
Нас павазілі па горадзе, спыніліся і перасадзілі ў іншы, большы аўтобус. Там ужо было значна болей людзей, якіх яны недзе назьбіралі. І прывезьлі ў гэты Кастрычніцкі РУУС. Мы спусьціліся кудысьці ў цокальны паверх. Там селі, нас сталі ўсіх апытваць. Амаль усе людзі былі з вышэйшай адукацыяй. Там быў малады доктар, ну відаць, што малады. Ён сківічна-тварны хірург. Быў яшчэ адзін лекар. Быў асьпірант кітайскай мовы, у асьпірантуры ў Кітаі вучыцца. Словам, эліта краіны. Нармальныя, адэкватныя людзі. Ніякія ня п’яніцы.
Адзін чалавек быў выпіўшы, яго пасьля прывезьлі. Я думаю, выпадкова. Ён, відаць, пабачыў, як хапаюць людзей, і нешта ў такім стане мог і сказаць. Заадно яго і захапілі таксама. Відаць было, што ён чалавек выпадковы там.
Потым бачыла аднаго мужчыну ў блакітнай куртцы, амапавец на яго паказваў пальцам: «Гэты, гэты і гэты!» На траіх. Значыць, яны быццам супраціўляліся, а астатнія не. Дык вось у сіняй куртцы быў чалавек, які быў у вельмі кепскім стане. Людзі прасілі: «Выклічце лекара, яму кепска, у аўтобусе ён двойчы траціў прытомнасьць». Але «хуткую» выклікалі зусім ня хутка. Гадзіны чатыры, напэўна, ён там прасядзеў.
Яшчэ перада мной сядзеў малады хлопец, яму прастрэлілі сьцягно. Я сядзела за ім і бачыла, як увесь час капала кроў на падлогу, кропелькі крыві. І яшчэ ён казаў, што каля вуха яму па датычнай прайшло, але, дзякуй Богу, не закранула. Бачыць усё гэта, вядома, немагчыма.
Яшчэ было пару чалавек пабітых. Астатнія не пабітыя. У міліцыі, мяркуючы па ўсім, нікога ня білі. Іх прывезьлі ўжо пабітых. Мяне ніхто не чапаў, відаць, праз мой такі ўзрост. Я інвалід другой групы — яны ж усё гэта перапісвалі.
Мяне адпусьцілі, я ноч ня спала. І я ўвесь час думаю: ну як, як такое можа быць? У нармальнай краіне, Беларусі. Беларусы столькі гора перажылі ў сваёй гісторыі. Вось я вам скажу, у маёй асабіста сям’і: я з 1941 году, тры месяцы мне было, калі вайна пачалася. Маме прыйшлося са мной маленькай і братам ісьці ў вёску да сястры, уцякаць зь Менску, бо бамбілі. І там мы засталіся. Хоць там ужо былі немцы. І быў загад сабрацца ў гета. Усім габрэям, потым іх усіх зьнішчылі. А мама мая была габрэйка. Дык вось: ніводзін чалавек у вёсцы ня здрадзіў. І гэта было небясьпечна для ўсіх людзей. Вось такія беларусы. Мой тата ваяваў, быў паранены пад Сталінградам. І нягледзячы на гэта, на тое, што яго сям’я столькі перажыла ў часе вайны, калі ўжо вайна скончылася і мы ўжо жылі на Ленінградзкай у Менску, наш дом дабудоўвалі палонныя немцы, і мой тата іх падкормліваў. Я гэта добра памятаю. Іншы сказаў бы: «Гэта фашысты, яны нам столькі гора прынесьлі», а ён разумеў, што гэта простыя людзі, гэтыя салдаты. Значыць, у беларусаў ёсьць вось такая рыса, такая дабрыня. Яна многім людзям уласьцівая, але беларусам асабліва. Таму я і думаю: ну як, як у нас цяпер могуць быць такія людзі? Няўжо ў іх ёсьць маці? Калі яны ведаюць, што іхныя дзеці ладзяць сафары на людзей, забіваюць, зьнішчаюць, нявечаць. І ім усё беспакарана. Напэўна, ня можа гэтага быць. Ну ня можа гэтага быць! Проста ў галаве ня ўкладваецца. У кожнага чалавека, у кожнага быў бы шок ад таго, што ён бачыць.
Таму, і ня толькі таму, я хаджу на гэтыя маршы пэнсіянэраў, бо я разумею, што іншага шляху няма, толькі вось так пратэставаць. Самае галоўнае, ня трэба баяцца. Яны разьлічваюць на тое, што мы баімся. Гэтая ўлада трымаецца на хлусьні і гвалце. Трэба гэта ператрываць, трэба працягваць мірна“.
„Я сказаў: «Біце, я прывыклы». Яны ўдарылі пару разоў, а потым ім стала нецікава“
Сяргей Шыбека, пэдагог, кіраўнік рыцарскага клюбу „Дзікае паляваньне“, Менск:
„9 жніўня я, як многія, адчуў сябе падманутым і пайшоў у той вечар у цэнтар гораду. Але затрымалі мяне 12 жніўня ў сваім раёне, ва Ўруччы. Там у гэтыя дні былі масавыя акцыі пратэсту каля ГЦ «Спэктар».
Як і ўсіх, пры затрыманьні білі, але мне дасталася менш. Больш за ўсё білі тых, у каго знаходзілі нешта: сьцягі ці, напрыклад, газавы балёнчык. У мяне з сабой нічога не было, акрамя ключоў і тэлефона.
Я яшчэ сказаў: «Біце, я прывыклы». Яны ўдарылі пару разоў, а потым чамусьці ім стала нецікава, можа, таму што я ня вельмі баяўся. Я сапраўды прывык да фізычнага болю, пасьля кожнага турніру ў мяне сінякоў бывала і больш.
Сілавікі нас пастаянна абражалі і прыніжалі, у дзяўчат пыталіся: «Колькі твой атрымлівае» і хваліліся, што яны вельмі шмат зарабляюць. Калі білі, прыгаворвалі: «Хацелі свабоды? Вось вам перамены і свабода!»
У Першамайскім РУУС, куды мяне прывезьлі, нас спачатку трымалі ў спартзалі, падлога там была ў крыві. Ноч мы правялі ў неправетраных камэрах. Некаторыя ад нястачы паветра трацилі прытомнасьць. Былі нармальныя супрацоўнікі, якія, адводзячы кагосьці ў туалет, наўмысна нейкі час прытрымлівалі дзьверы, каб нам трапіла хоць крыху паветра.
Раніцай нас пагрузілі ў аўтазакі, як селядцоў, адзін на аднаго. Мы паспрабавалі спытаць, куды нас вязуць. У адказ пажартавалі: «У лес».
На Акрэсьціна на працягу ўсяго часу нас трымалі толькі ў трох позах: на каленях (галава ў падлогу, рукі за галаву), стоячы тварам да сьцяны або лежачы на зямлі, рукі за галаву. Шмат гадзін стаялі на каленях, а тварам да сьцяны наогул гадзін 14!
Знаходзіцца працяглы час у статычнай позе вельмі цяжка. У мяне праблемы з хрыбетнікам да гэтага часу.
Людзі падалі, таму што нас білі і больш за суткі не кармілі, і нават не давалі вады. Побач са мной стаялі хлопцы, якіх там мучылі ўжо другі і трэці дзень.
Калі бачылі, што нехта пачынае спаўзаць па сьцяне, тыя, хто побач, стараліся падхапіць і паспрабаваць паставіць, інакш прыбягалі ахоўнікі і білі.
Да мэдыкаў пускалі толькі тых, каму было зусім кепска, аднак пасьля тых, каго ня зьвезьлі на «хуткай», вярталі ў строй.
Я стараўся адключыцца хоць на пару хвілін, хоць на 20 сэкундаў, заплюшчваў вочы і спрабаваў заснуць і, калі атрымлівалася, радаваўся, што перажыў яшчэ пару хвілін. На працягу ўсяго часу ў мяне ў галаве была толькі адна думка: «Вытрымаць, перажыць!»
Суд быў вельмі хуткі, зачыталі аднолькавыя на ўсіх абвінавачаньні пра ўдзел у акцыі і лёзунгі і зноў вывелі ў двор тварам да сьцяны. Але тэрміны давалі розныя — ад 5 да 15 дзён арышту. Мне далі пяць. Пасьля суду ненадоўга трапілі ў камэру — сыры каменны мех, якому мы вельмі ўзрадаваліся, таму што можна было зрабіць пару крокаў або прысесьці.
14 жніўня ноччу, калі мы зноў стаялі тварам да сьцяны на Акрэсьціна, пайшла пагалоска, што будуць выпускаць. Здалося, што прыехаў нехта з начальства. Нас завялі ў нейкую камэру, дзе была ежа, мы хуценька павячэралі, і нас адправілі на выхад.
Я паспрабаваў удакладніць, дзе мае рэчы. Адказалі: «Валіце ўжо, потым забераце! Ці назад хочаце?» Дарэчы, пазьней, як і многія, я стаяў у чарзе па паўдня, але нават з валянтэрамі не знайшоў свайго тэлефона. Напісаў заяву пра страту рэчаў, але мне прыйшоў адказ, што разьбірацца ня будуць.
Той ноччу мы ішлі да выхаду і не маглі паверыць у тое, што нас адпусьцяць. Я ўжо сабраўся аддаць майку дзецюку, у якога свая была ўся падраная і ў крыві. Грошай, вядома, ні ў кога не было. Але, калі шчыра, дадому ва Ўручча я гатовы быў бегчы пешшу.
А калі выйшлі, проста афігелі! Вакол было шмат людзей, і ўсе штосьці прапаноўвалі. Я папрасіў цыгарэту, потым нейкі хлопец адвёз мяне дадому.
Пасьля гэтых «сутак» ужо двойчы мне даводзілася браць бальнічны з прычыны моцных боляў у сьпіне. На наступны дзень пасьля вяртаньня траўмы зафіксавалі дактары ў паліклініцы.
Я тады і падумаць ня мог, што ўсё трэба здымаць на фота і відэа. Мне было дастаткова таго, што ў картцы пералічылі ўсе ўдары, ранкі, траўмы. Ня мог я і дапусьціць, што мая картка будзе цікавай яшчэ для кагосьці. Аднак пазьней яе канфіскаваў Сьледчы камітэт.
Мне патэлефанавалі і папрасілі прыйсьці, нібыта каб абмеркаваць тое, што там напісана. Але я не пайшоў, хоць і ведаю, што там напісаная праўда.
У пачатку навучальнага году я прыйшоў на працу і сустрэў у калектыве шмат аднадумцаў. Мы, пэдагогі, нават хацелі вынесьці пытаньні таго, што адбываецца, на пэдсавет, але нам катэгарычна забаранілі, сказалі, што Менскі палац дзяцей і моладзі «Золак» па-за палітыкай. І тады мы, каля 20 чалавек, запісалі відэазварот, у якім выказалі сваю думку.
Пасьля гэтага на ўсіх пачаўся ціск кіраўніцтва. Нас выклікалі ва ўпраўленьне адукацыі Менгарвыканкаму. Чыноўнікі абураліся нашым учынкам і казалі: «Вы што, хочаце, як ва Ўкраіне?»
Кіраўніцтва палаца ў нашым чаце стала экстрана шукаць ахвотнікаў запісаць зварот у падтрымку ўладаў. Але, мабыць, не знайшло, таму што звароту так і не зьявілася.
Дырэктар і намесьнікі праводзілі гутаркі з кожным з нас. Асабіста мне дырэктар заявіў, што выбары выйграў Лукашэнка, і ніяк інакш, а ідэолягі нагадалі, што «намі маніпулююць, мы не прадстаўнікі народу, і пэдагогі ва ўстанове дзяржаўнага ўзору павінны падтрымліваць ідэалёгію дзяржавы».
У выніку ціску давялі да звальненьня або звольнілі ўжо чацьвярых удзельнікаў відэазвароту.
Мяне ўпершыню за амаль дваццаць гадоў сталі падлоўліваць на непільнаваньні графіка працы. А спэцыфіка клюбу такая, што мы можам знаходзіцца ў ім суткамі, напрыклад, перад выступам, а ў іншы час можам перанесьці заняткі для зручнасьці, вядома, узгадніўшы з кіраўніцтвам. І праблем з гэтай нагоды ніколі не было, таму што мы прадстаўлялі Палац на ўсіх мерапрыемствах, бралі прызавыя месцы.
Афіцыйна ўдзельнікамі клюбу маглі лічыцца толькі падлеткі з 14 гадоў, але мы дазвалялі ў якасьці азнаямленьня прыходзіць малодшым дзецям, і яны з задавальненьнем ішлі. Выпускнікі часта заходзілі, таму што гэта хобі на ўсё жыцьцё.
У маім графіку знайшлі нестыкоўкі і прапанавалі альбо звольніцца самому, альбо «паводле артыкулу». Я сказаў, што сам ня буду звальняцца, бо ня бачу прычын. На пропускі, да якіх прычапіліся, я напісаў тлумачальныя, прад’явіў бальнічны, таму што пасьля Акрэсьціна мучыўся са сьпінай. Але мяне звольнілі за прагулы.
Пра сябе пакуль ня думаў, а вось пра лёс клюбу вельмі перажываю. Гэта справа ўсяго жыцьця, вельмі шкада дзяцей і ўсіх, хто любіць наш клюб і ўклаў у яго шмат сіл. Мы цалкам зрабілі рамонт у залі, дзе займаліся, і абсталявалі яе ўсім неабходным. Усё за свой кошт. Палац нам выдзеліў голыя сьцены. Мы навялі такую прыгажосьць!
Я з усіх сіл спрабаваў захаваць клюб, каб у дзяцей была магчымасьць працягваць займацца, прапанаваў кіраўніцтву на сваё месца трох кандыдатаў з профільнай адукацыяй. Дырэктар пагутарыў з кожным, але ня ўзяў нікога і палічыў за лепшае закрыць клюб. Абсталяваньне залі давялося дэмантаваць, частку дасьпехаў забралі дадому сябры клюбу, частку дазволілі пакінуць на захоўваньне ў музэйным комплексе «Дудуткі». Там жа хлопцам прапанавалі займацца, але гэта прадмесьце і дабірацца туды складана. Цяпер вяду перамовы зь іншымі рыцарскімі клюбамі, каб мае дзеці працягвалі займацца і ня страцілі навыкаў.
Вельмі хачу, каб нам дапамаглі ў пошуку новага месца ў межах гораду“.
„Сказалі, што павязуць у лес, дарога ў адзін канец“
Андрэй Новікаў, валянтэр штабу Сьвятланы Ціханоўскай:
„Нарадзіўся я ў Варапаеве Пастаўскага раёну, але большую частку жыцьця правёў у Расеі, на Далёкім Усходзе. Даслужыўся там да званьня падпалкоўніка, працаваў у паліцыі, удзельнічаў у чачэнскіх кампаніях. Пасьля вяртаньня ў Беларусь пасяліўся ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну, заняўся фэрмэрствам. Міліцыянты прыехалі па мяне проста на бульбяное поле.
6 чэрвеня я з раніцы быў дома, на гаспадарцы. З сабакам прагуляўся, выцягнуў шчупака на 7 з паловай кіляграмаў на сьпінінг. Нічога бяды не прадказвала. Увечары паехаў на ўчастак свой каля закінутых вёсак. Мы там хацелі пад кармы яго ўладкаваць. Бульбу апрацоўваў.
Да мяне туды спачатку дачка прыбегла старэйшая, сказала, што зноў па мяне прыехала міліцыя. Пасьля адразу міліцэйская машына. Начальнік Пастаўскага РУУС з двума хлопцамі. Дома яны яшчэ аднаго пакінулі на ўсякі выпадак, чакаў мяне. Я яшчэ разьвярнуўся, прагнаў апошні раз баразну і паехаў дадому. Яны мяне спрабавалі заломваць, цягнуць у машыну. Я кажу: «Не. Пакуль не памыюся, з вамі не паеду». Я ў той дзень яшчэ хімікатамі пасадкі апрацоўваў. Пайшлі са мной у лазьню, начальнік РУУС глядзеў, як я мыюся. Забралі мяне пасьля, закрылі ў Паставах у ІЧУ.
Пасьля гэтага склалі на мяне пастанову аб затрыманьні. Абвінавацілі ў арганізацыі мітынгу і ў агітацыі не хадзіць на выбары. А затым павезьлі ў Менск.
Адразу на Акрэсьціна даставілі. Да 8 чэрвеня трымалі там, пасьля павезьлі ў суд Цэнтральнага раёну. Маладыя хлопцы, лейтэнант усё бегаў у суд даведвацца нешта. Гэта працягвалася прыкладна з 14 гадзінаў да 20. Суд так і не адбыўся, мяне павезьлі ў Сьледчы камітэт, цэнтральны апарат. Там паўтарылася тое самае. Лейтэнант бегаў, прыводзіў нейкіх людзей, тыя ківалі галавой і сыходзілі. Ён зноў бег у будынак. У выніку мяне адвялі да такога Іванова Аляксандра, ён кіраўнік нейкага аддзяленьня ў СК. Палохаў тым, што будзе асабіста мной займацца. Пасьля вярнулі ў ІЧУ. Прайшло 10 дзён, перавялі на Валадарку. Там ужо прад’явілі абвінавачаньне. Спрабавалі дапытаць, але я адмовіўся даваць паказаньні. Сказаў, што ўжо ўсё расказаў падчас допыту ў ІЧУ, а дадаць мне няма чаго.
Абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Пасьля гэтага ніхто не турбаваў ажно да лістапада. Пэрыядычна прыяжджаў сьледчы, паказваў пастановы ў справах іншых фігурантаў, большасьць зь якіх я нават ня ведаў. Сытуацыя зьмянілася толькі 6 лістапада, калі адбыўся вельмі дзіўны допыт.
Ён быў на такія агульныя тэмы. Нават не на агульныя, а на спэцыфічныя. Раздалі пытаньні. Хто іх складаў, навошта? Там такія пытаньні былі глябальнага маштабу. Пытаньне стварэньня буфэрнай зоны паміж Расеяй і Эўропай, напрыклад. З удзелам Беларусі, Украіны, краін Прыбалтыкі. Якое я маю да гэтага дачыненьне, зь якімі спэцслужбамі супрацоўнічаю, ад каго мог атрымліваць фінансаваньне. Я асабіста альбо Ціханоўскі. Такога кшталту пытаньні. Адно пытаньне аб’ёмам магло даходзіць да траціны старонкі фармату А4, агулам яны займалі каля трох лістоў.
Пастаяннага сьледчага ў мяне не было. Быў чалавек з прозьвішчам Белашэенка, які прыносіў пастановы ў СІЗА. Але ён сказаў, што не вядзе маю справу. Апэратыўнікі прыходзілі таксама, але невядома, якой службы. Быў чалавек у масцы, які спрабаваў разгаварыць, але нічога ў яго ня выйшла.
Ужо ў лістападзе зьявіўся кіраўнік сьледчай групы, Аляксандар Агафонаў. Спрабаваў за руку са мной вітацца. На «ты» хацеў гаварыць. Абяцаў, што я неўзабаве сям’ю пабачу, што мы зь ім сустрэнемся ў іншых умовах, больш цывілізаваных. Такая размова ні аб чым. Я напярэдадні падаў хадайніцтва аб зьмене меры ўтрыманьня. Чарговы раз, шосты, напэўна. Падставаў дастаткова было. Ніякіх доказаў маёй супрацьпраўнай дзейнасьці не было і не магло быць. Я ўсё абдумана рабіў.
Але праз 10 дзён, нягледзячы на абяцаньні Агафонава, мяне так і ня выпусьцілі з-пад варты. Сваё затрыманьне я ня зьвязваю з датычнасьцю да расейскіх сілавых структур у мінулым.
Маё затрыманьне — гэта тупое выкананьне загаду зьверху. Выканаўцы не задумваюцца пра наступствы. Яны звычайна маюць справу зь людзьмі некампэтэнтнымі, якія ня могуць за сябе пастаяць, ня ведаюць заканадаўства. Была каманда загасіць рух Ціханоўскага, яны пачалі выконваць. А я актыўна сябе паводзіў. Мог прыперціся на паседжаньне райвыканкаму. Гэта не забаронена, гэта нават павінна ўхваляцца згодна з законам «Аб мясцовым самакіраваньні» ад 2010 году. Пра гэты закон ніхто ня ведае. Мая неабыякавасьць адыграла сваю ролю. Год таму ў маёй жонкі былі цяжкія роды, я сутыкнуўся з сыстэмай мэдыцыны. У Паставах, у Наваполацку. Як гэта ўсё выглядае насамрэч. Моцна на мяне тады гэта паўплывала ўсё.
Мая грамадзянская пазыцыя не давала маўкліва глядзець на тое, што робіць улада. І жонка мяне падтрымлівае. Яна таксама ў шоку была ад таго, як улада паводзіць сябе ў дачыненьні да народу. Мы для сябе вызначылі такую мяжу — выбары. Пасьля чаго будзем вызначаць, зьяжджаць на Далёкі Ўсход альбо заставацца. Не хацелася зьяжджаць: сялянскае жыцьцё, прырода. Мы так былі настроеныя. А калі ўбачылі, як людзі абудзіліся ад страху, нават у нас там на пэрыфэрыі, то самі ўключыліся. Я калі ў сакавіку Ціханоўскаму даў інтэрвію, мяне сталі пазнаваць. Пасьля першага адміністрацыйнага арышту ў траўні артыкулаў шмат выйшла. Незнаёмыя людзі спыняліся, размаўлялі.
Вызвалілі з-пад варты мяне гэтаксама нечакана, як затрымалі. Усё адбылося 26 лістапада.
Пад’ём, пасьнедалі, праверка адбылася. Мяне пасьля праверкі, недзе ў 9 гадзінаў, выцягнулі да сьледчага з паперамі. Уся камэра зьдзівілася. У сьледчага мне зачыталі пастанову аб адмене меры ўтрыманьня. Юрыдычна гэта няправільна. Калі я абвінавачаны і знаходжуся пад вартай працяглы тэрмін, то мне можна было зьмяніць меру ўтрыманьня. На хатні арышт, напрыклад. А мне яе проста адмянілі. Пытаюся, ці мне можна ісьці? «Ідзіце». — «А па справе што?» Сьледчы адказаў, што ня ведае. Што трэба пытацца ў Агафонава.
Выдалі мне пастанову аб адмене меры ўтрыманьня, мае рэчы. І тут жа тры здаравякі завялі ў кабінэт, у грубай форме. Думаю, гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Адзін сказаў, што я даскакаўся. Што зараз павязуць мяне ў лес, дарога ў адзін канец. І што я магу выбраць, дзе больш падабаецца. Мяне такімі штукамі не падманеш. Разьдзелі дагала, агледзелі. Забралі ўсе дакумэнты па сьледзтве. Усе скаргі, усе копіі. Без пратаколу, безь нічога. Забралі асабістую перапіску. Лісты жонкі, родных, лісты падтрымкі ад неабыякавых людзей. Мой сшытак забралі, дзе я вёў храналёгію сьледзтва, запісваў, хто вёў допыты. Кайданкі надзелі, торбу ў рукі далі, пасадзілі ў легкавік і павезьлі ў кірунку Барысава.
Каля Барысава аўтамабіль спыніўся, да яго пад’ехаў кіраўнік міграцыйнай службы з Паставаў і перадаў мне мой расейскі пашпарт, які раней захоўваўся ў жонкі. А таксама забраў пакет з дакумэнтамі і запісамі. Пасьля гэтага мяне павезьлі да мяжы з Расеяй.
На мяжы вывелі ў кайданках з сумкай. У пашпарт паставілі пячатку аб забароне на ўезд у Беларусь цягам 10 гадоў, узялі подпіс аб тым, што мне аддалі пашпарт. Ніякіх дакумэнтаў аб выдварэньні не далі. Паставілі каля памежнага знака «Россия», папрасілі трымаць пашпарт каля твару, сфатаграфавалі, зьнялі кайданкі і зьехалі. Я застаўся з пашпартам, крыху беларускіх грошай выдалі ў касе. Адзеты быў так, як падчас затрыманьня летам. І ўсё.
Пасьля гэтага я дабраўся да Пскова. Там жа знаходжуся і цяпер, жыву ў гатэлі. Пакуль займаюся пытаньнямі з жыльлём, працай, зьбіраюся вывезьці сям’ю ў будучыні зь Беларусі. Цяпер гэта зрабіць немагчыма — жонцы неабходна назірацца ў лекараў пасьля складаных родаў.
Я абяцаў сьледчаму Агафонаву не расказваць нікому падрабязнасьцяў, даваў слова афіцэра. Ён абяцаў мне зьмяніць меру ўтрыманьня. Меркавалася, што ўсё будзе зроблена законна. Што я буду зьяўляцца на сьледчыя дзеяньні на патрабаваньне. А тое, што мяне могуць выдварыць так бязграматна, незаконна... Парушана ўсё, што можна. І нават тое, што нельга парушаць. Вывезьлі, выкінулі па-летняму адзетага чалавека на дарозе. Цямнела ўжо. Таму я сваіх абавязаньняў, дадзеных яму, не выконваю. Учора пазваніў яму. Даведаўся, што застаюся абвінавачаным. Што будзе далей — маўчаньне. Хто ініцыяваў выдварэньне, не гаворыць. Пераводзіць стрэлкі на міграцыйную службу Пастаўскага раёну. Хоць я ўжо прапісаны ў Лужасьне Віцебскага раёну.
Беларускія міліцыянты і сьледчыя добра разумеюць, чым займаюцца пасьля выбараў. У супрацоўнікаў сілавых органаў вар’яцкія вочы, калі зь імі размаўляеш. Я ж сам сілавік. Усе яны разумеюць, што парушаюць закон. Але нічога зрабіць ня могуць. На ўсе пытаньні адказваюць: «Ну вы ж разумееце». А я кажу, што не разумею.
Пра магчымую сувязь майго нечаканага вызваленьня зь візытам міністра замежных спраў Расеі Лаўрова нічога ня ведаю. Былы саслужывец, які цяпер працуе адвакатам у Маскве, спрабаваў уздымаць тэму там. Пісаў звароты ў СМІ і ў МЗС. Аднак прадстаўнікі амбасады Расеі прыехалі да мяне толькі на 4-ы месяц зьняволеньня. Са словаў расейскіх дыпляматаў, раней гэта зрабіць забараняў беларускі бок.
Што да Валадаркі, дык калі хто чытаў Салжаніцына, то нічога не памянялася. У пляне разьмяшчэньня ў камэры, абсталяваньня камэр, умоваў. Хоць Беларусь падпісала канвэнцыю аб правах зьняволеных. Усё парушаецца. Вокны, акрамя кратаў, закрытыя мэталічнымі жалюзі, сонечнае сьвятло не даходзіць. Гэта на зрок уплывае. Удалечыню паглядзець няма куды, перад табой заўсёды сьцяна. Памяшканьне 6 на 5 мэтраў. Утрымліваецца там 15-20 чалавек. Першая мая камэра была 4 на 4 мэтры, там 12 чалавек трымалі. Унітаз агароджаны мэтар на мэтар. Калі хто мае вялікую вагу, то ўявіце сабе там такога чалавека.
Нармальна харчавацца дапамагалі перадачы ад родных, іх усе раскідвалі на ўсіх заўсёды. А вось лісты даходзілі з праблемамі. Асабліва да выбараў і пасьля іх. Перапіскі магло ня быць паўтара месяца. На ўсе скаргі давалі адпіскі. Пазьней лісты пачалі прыходзіць дзясяткамі, па 25-38 на дзень. Па штампах было відаць, што лісты ляжалі нават месяц у СІЗА. Шмат якія лісты ўвогуле не дайшлі нікуды.
Сядзеў з рознымі людзьмі. І «эканамічнымі», і за рабаваньне, па іншых артыкулах былі. Быў у адной камэры з хлопцам Вадзімам, якога абвінавацілі ў справе аб выбуху салютнай устаноўкі на 3 ліпеня 2019 году. Нармальны хлопец, падставілі яго вайскоўцы. З крымінальнікамі сядзеў. Усё нармальна было. Я ня ўтойваў, што я былы супрацоўнік сілавых структур. Займаўся спортам, чытаў, ангельскую мову вучыў.
Падзеі ў ноч з 9 на 10 жніўня і пазьнейшыя пратэсты добра адчуваліся за сьценамі СІЗА. Хоць адміністрацыя рабіла ўсё, каб інфармацыя да нас не дайшла.
Калі праходзілі выбары і асабліва калі пачаліся пратэсты пасьля выбараў, то тэлевізары з камэр забралі. Асабліва там, дзе ў камэрах былі «палітычныя». Навіны па-рознаму даведваліся. Нехта на суд езьдзіў, да некага адвакат прыяжджаў. Хтосьці меў сустрэчу з роднымі, калі ўжо асудзілі. Расказвалі нам. Ноч з 9 на 10 — гэта, вядома, мы чулі. Страляніна, выбухі каля СІЗА. Я ваенныя дзеяньні на Каўказе прыгадаў, удалую маладосьць. Канкрэтна грымела, мы ўсе апрануліся ў камэры. Чакалі вызваленьня. Пасьля таксама чулі пратэсты, як людзі хадзілі. Як скандавалі «Трыбунал», «Сыходзь». У «Валадаркі» сьцены трэсьліся. Гэта як на стадыёне падчас матчу. Адчувалася моц. Усе спадзяваліся. Той жа Сівадзедаў, былы кіраўнік «Белтэлекаму» спадзяваўся. У пратэстоўцаў жа быў пункт перагляду «эканамічных» справаў. Шмат хто чакаў гэтага.
16 жніўня я сабе слабасьць дазволіў. Абмяркоўвалі з сукамэрнікамі, што б мы цяпер на волі рабілі, калі б не былі ў турме. Я прапанаваў у дворыку хаця б паскандаваць які-небудзь лёзунг. Паглядзім, колькі ў турме людзей Ціханоўскую падтрымліваюць, колькі Лукашэнку. Прыціхлі ўсе. Ну мяне размовы гэтыя раззлавалі, я падчас прагулкі ў дворыку крыкнуў: «Лукашэнка — не! Ціханоўская — так!» Потым: «Беларусь без Лукашэнкі, краіна для жыцьця!» Гучна так крыкнуў, ва ўвесь голас. Мае сукамэрнікі пабялелі, прыціхлі. Чакалі, што нешта будзе. Але што мяне ўразіла, спачатку цішыня была. А потым усе іншыя дворыкі пачалі крычаць — сьвіст, аплядысмэнты. Адміністрацыя забегала, там нейкі правяральнік быў. Наглядчык сказаў, што я падставіў яго. Але потым палец угору паказаў.
За кратамі я сустрэў свой 50-гадовы юбілей. Нават атрымалася адзначыць, стрыечная сястра перадала пірог. А ліст з паштоўкай і віншаваньнямі ад жонкі дайшоў праз два тыдні.
Запарылі з сукамэрнікамі гарбату памацней. Я не прыхільнік такога, але тады ў «блатной хаце» быў. Адзначылі. Нармальна пасядзелі.
Зараз галоўнае пытаньне — вырашыць свае побытавыя справы і перавезьці ў Расею жонку зь дзецьмі. Пра тое, што стаў удзельнікам выбарчай кампаніі, не шкадую, нягледзячы на праведзеныя за кратамі 6 месяцаў.
Зразумела, пачуцьці дваістыя. Нібы і сям’ю падставіў. Але жонка на маім баку адназначна. Мне з жонкай пашанцавала. Плюс вялікая падтрымка са свабоды. Жонку падтрымлівалі і фінансава, і маральна. Дапамагалі бульбу выбраць, я шмат насадзіў. Яна нават не прасіла, але людзі звоняць, пытаюцца, што трэба. У гэтым пляне яна сама была зьдзіўленая салідарнасьцю. Я таксама. Калі ёсьць магчымасьць, то хачу ўсім падзякаваць. Перапіску захоўваў, таму што хацеў пасьля кожнаму асабіста выказаць падзяку. Я адпісваўся, калі была магчымасьць. Шмат студэнтаў, пэнсіянэраў, з-за мяжы пісалі, дзіцячыя лісты даходзілі. Вельмі ўдзячны ім усім“.
„Як я, Насьця і пірожкі пачалі падарожжа ў сьвет рэпрэсій“
Pavel Gorbach, Менск:
„Яно як было. Паклікалі ўвечары 6 лістапада выступіць зь вершамі ў двары на Залатой Горцы — на адным канцэрце зь Лявонам Вольскім. Пагадзіўся, думаю — і паэзію сваю невялікай торбачкай у масы занясу, і Вольскага паслухаю. Нават дзяўчына мая, Насьця, сабралася прыйсьці, хоць ніколі на мае выступы ня ходзіць.
У пятніцу ўвечары паблукаў у дварах, шукаючы прызначанае месца, знайшоў, выступаў трэцім і апошнім з паэтаў, потым час да прыезду Вольскага займаў нейкі дэпутат Вярхоўнага Савету, пасьля ўжо сам спадар Лявон пачаў сьпяваць. На «Простых словах» вырашылі мы з Насьцяй ціхенька пайсьці — мала што, раптам хапун пачнецца.
Пайшлі ў бок унівэрсама «Залатагорскі», я выклікаў таксі, кіроўца ўжо пад’яжджаў. Паводле маршруту ў аплікацыі ён павінен быў спыніцца на дарозе насупраць крамы, але чамусьці ў выніку паехаў за яе, таму мы з Насьцяй пачалі пераходзіць дарогу назад да ўнівэрсама. Калі ўжо амаль перайшлі, побач спыніўся бусік, выйшлі некалькі супрацоўнікаў АМАПу і сказалі ехаць зь імі. Так я, Насьця і падораная мне каробка пірожных пачалі сваё падарожжа ў сьвет рэпрэсій.
Амапаўцаў у мікрааўтобусе было дзесьці пяць. Яны спыталі і перапыталі нашы прозьвішчы, сказалі выключыць тэлефоны і прасачылі за тым, каб мы гэта зрабілі, баец насупраць папрасіў паставіць пірожныя на калені, каб на павароце яны ня ўпалі. Ён жа некалькі разоў паправіў відэарэгістратар — накіроўваў на мяне. Ціха і бяз гвалту даехалі мы з супрацоўнікамі АМАПу да Савецкага РУУС. Пірожныя амапаўцы забраць адмовіліся.
У РУУС нас завялі ў падвал, да актавай залі, дзе знаходзіліся некалькі супрацоўнікаў міліцыі. Некаторыя зь іх задавалі пытаньні пра затрыманьне, але ніхто не прадстаўляўся. «Палітынфармацыю» з намі вырашыў правесьці толькі адзін міліцыянт — на выгляд маёр, мяркуючы па гаворцы — ня менш за 10 гадоў выслугі. Ён казаў, што канцэрты ў дварах а сёмай вечара перашкаджаюць людзям адпачываць ад працы. Другі, малады, спытаў: «А хто такі Лявон Вольскі?» Сказаў яму, што гэта беларускі музыка.
Насьцю паклікалі на «апытаньне», а мяне тым часам абшукалі, склалі матузкі-папругі, дзьве «ксівы», партманэт ды іншыя жуйкі ў сьмецьцевы пакет з надпісам «Горбач П.С.», а пасьля ў актавай залі зьнялі на відэа: у профіль, анфас; «Як адносіцеся да дзейнай улады?» Адказаў, што да дзейнай улады не адношуся.
Пасьля вывелі назад у калідор і пасадзілі побач з Насьцяй, у якой ужо таксама адабралі асабістыя рэчы — ёй сказалі, што павязуць у турму. Цяпер на «апытаньне» павялі мяне — падняліся, як я зразумеў, зь дзяжурным па РУУС у кабінэт, дзе хвілін 15 ён пытаўся ў мяне пра абставіны затрыманьня, пра тое, хто паклікаў выступаць, дзе можна пачытаць мае вершы (сказаў, што ў адным з нумароў часопіса «Маладосць» за 2016 год). Я яму выказаў думкі пра тое, што затрымалі нас, каб «адпрацаваць» дваровае «несанкцыянаванае мерапрыемства». Той у адказ сказаў, што «гэта ня так працуе». Зь ягоных жа словаў, запісваў «апытаньне» ён «так, для сябе».
Ажывіўся міліцыянт, толькі калі я згадаў пра сваё мінулае жыцьцё, працу зь сілавікамі, пра юбілейны мэдаль ад калісьці камандуючага ўнутранымі войскамі Караева. Таварыш дзяжурны спрабаваў жартаваць жарты «дык трэба Караеву патэлефанаваць», але ўрэшце сказаў: «Калі ўжо гэта ўсё скончыцца...» — і адвёў мяне назад да дзяўчыны. Там я расьпісаўся за ўзяты пад арышт тэлефон, міліцыянт сказаў што судзіць могуць нават заўтра, але я не паверыў — заўтра была субота. Копію пратаколу ня выдалі. Пакінуць сабе пірожныя міліцыянты адмовіліся.
Нас з Насьцяй павялі ў «малпоўню». Тамтэйшы маёр выдаў нам маскі, зачыніў Насьцю ў камэры, а мне сказаў, што трэба абрэзаць гумку ў капюшоне курткі, выдаў вялікія нажніцы. Ня змог не спытаць у яго — чаго гэта мне такі небясьпечны прадмет даверылі? Той адказаў: «Калі паспрабуеш нешта зрабіць, я цябе проста тут шлёпну». Я і не спрабаваў. Маёр сказаў, што цягам паўгадзіны нас адправяць на Акрэсьціна, і гэта добра — пасьпім на мяккім.
Так яно і выйшла — празь некаторы час мяне і Насьцю ўжо вялі з РУУС, дзе каля ўваходу дзяжурылі два аўтаматчыкі. Селі ў звычайны патрульны легкавік — за стырном старлей, на пасажырскім — лейтэнант, ззаду сядзеў адзін у цывільным, ён выйшаў недзе на праспэкце Дзяржынскага. Малады лейтэнант шмат гаварыў, разважаў аб пратэстах, быў поўны жыцьця. Сышліся з усімі супрацоўнікамі ў думцы, што нам проста не пашанцавала. Недалёка ад варот на Акрэсьціна спыніліся, каб пакурыць. Міма ішоў мужык з пакетам — можа, мясцовы жыхар. Пірожныя лейтэнант пакінуць сабе адмовіўся.
Пасьля перакуру заехалі за вароты, і мы з Насьцяй, трымаючыся за рукі, зайшлі ў будынак ІЧУ. Там нас абшукалі, жанчына папытала пра здароўе — сказаў ёй, што я ў аднаразовых лінзах (у мяне зрок -11), але да панядзелка, да суду, я пляную ў іх пратрымацца. Жанчына нават выказала невялікі непакой з гэтай нагоды. Насьці аддалі пірожныя, каб яна забрала іх з сабой у камэру.
Пазьней выдалі бялізну і павялі на трэці паверх разам зь яшчэ парай-тройкай такіх жа няўдачлівых грамадзян. Гэта было ўжо пасьля адбою. Калі зайшоў у камэру, гарэў толькі начнік. Чалавек зь ніжніх нараў каля дзьвярэй паказаў, што верхнія вольныя. Я забраўся туды і доўга ня спаў — думаў усе гэтыя думкі нядаўна затрыманага. Жахліва сьмярдзела параша. Бліжэй да раніцы праваліўся ў сон.
Прачнуўся ад гукаў сраньня аднаго з сукамэрнікаў, усе астатнія быццам бы спалі. Потым той, што пакакаў, пачаў апантана ананіраваць, а нацешыўшы плоць, ён адправіўся адпачываць за сталом. Як пазьней высьветлілася, гэта быў 66-гадовы бяздомны Алег Залатар, які ня раз сядзеў і кожную раніцу пачынаў з размоваў пра тое, як жа аформіць пэнсію, калі няма пашпарта. Акрамя яго, у камэры былі двое палітычных — Арцішэўскі і Іваноў — а таксама двое мужчын, якія трапілі ў казэматы праз алькаголь.
Арцішэўскі трапіў у ІЧУ за рэплікі ў нейкім з чатаў. Гадоў яму каля 40, ён выкладае ў БНТУ, валодае ушу. Паводле яго, яму спрабавалі навязаць крымінальны артыкул. Але сядзеў ён праз пратакол паводле 23.34, які ў судзе адправілі на дапрацоўку. Выйсьці павінен быў у нядзелю — заканчваліся трое сутак.
Іванова таксама спрабавалі раскруціць на крыміналку — як я зразумеў, ягоны страйкбольны пісталет здымаўся ў роліку, дзе жанчыны хаваюць зброю ў лесе. Сядзеў Іваноў таксама паводле 23.34, тэрмін ягоны быццам заканчваўся пад вечар суботы. У яго канфіскавалі бронекамізэлькі і шлем — на экспэртызу. У гэтым рыштунку Іваноў час ад часу здымаўся з таварышамі ў расейскіх сэрыялах — якраз у ролі амапаўца.
Субота прайшла ў абмеркаваньні затрыманьняў, пад вечар Іванова выпусьцілі, і я пераехаў на яго ніжнія нары. Кармілі ў ІЧУ дрэннай сталоўскай ежай, супрацоўнікі размаўлялі пераважна матам, а да смуроду ад парашы пачаў ужо прывыкаць. З акна ў камэры быў відаць кавалачак неба, прыватнага сэктару і шматпавярховік. Аднойчы атрымалася ўбачыць дзьвюх жанчын, якія праходзілі па дарозе.
У ноч на нядзелю на месца, якое вызвалілася ў камэры, падсялілі дзеда гадоў за 60. Зь ягоных словаў, дачка «здала». Такім поўным камплектам мы дажылі да вечара нядзелі 8 лістапада. Тады выпусьцілі спачатку гэтага дзеда, а потым усіх «алькаголікаў» — яны, напэўна, не такія небясьпечныя для грамадзтва, як палітычныя. Засталіся мы ўдвох з Максімам Арцішэўскім. Яму ў выніку прэзэнтавалі іншы пратакол — за непадпарадкаваньне.
Ноччу або раніцай — да пад’ёму заставалася пара гадзін — у камэру засялілі яшчэ восем чалавек з апошняга маршу. Сярод іх быў Аляксей Кірэеў, яшчэ двое мужчын за 50, Вадзім з тытанавым пратэзам у назе; 20-гадовы Арцём, які адслужыў нядаўна на мяжы; падобны да Ісуса Саша; сумны чалавек зь нямецкім прозьвішчам і Віця-дальнабойнік, які праслужыў 15 гадоў у ДАІ. Пазнаёміліся ўжо раніцай. Даведаліся ад іх, што пратэсты зусім не зьдзьмуліся, а ў ЗША перамог Байдэн.
У чалавека зь нямецкім прозьвішчам на волі засталіся 9-месячны сын і жонка. Гэты мужчына пастаянна казаў, што выходзіць на вуліцу ня трэба, што сярод нас ёсьць падсадны. Ён быў такі адзін. Астатнія так і струменілі аптымізмам, нягледзячы на пабоі і, уласна, само знаходжаньне ў ІЧУ. Двух з сукамэрнікаў перавялі ў суседнюю кельлю, і мы нейкі час былі ўвасьмёх.
У панядзелак 9 лістапада пачаліся «суды». Усім маім сукамэрнікам, акрамя Арцішэўскага, далі па 15 сутак. Калі мяне павялі перад абедам на другі паверх «судзіцца», у адной з суседніх камэр у «кармушку» выглядвала Насьця. Ад гэтага стала цяплей — ад таго, што яна побач. У калідоры на другім паверсе людзей заводзілі ў кабінэты, дзе і адбываліся «суды» праз скайп, разьмяркоўвалі паводле сьпісаў міліцыянты. З адным зь іх пагутарыў і даведаўся, што Насьцю будуць «судзіць» пасьля абеду. А другі расказаў, што ў нядзелю ў Менску затрымалі звыш 1200 чалавек — я памятаў, што раней такіх лічбаў пасьля маршаў не было, максымум 500-600.
Урэшце высьветлілася, што ў мяне ёсьць адвакат, які вывучае маю справу. Таму мяне вярнулі назад у камэру. Ужо пасьля абеду вывелі зноў. Ахоўнік яшчэ чамусьці спытаў, ці не зь Целяханаў я. Думаў, напэўна, што знаёмы ці сваяк. Яшчэ спытаў, чаго мяне другі раз вядуць. Калі даведаўся, што ёсьць адвакат, сказаў, што дакладна тады 15 сутак дадуць.
Убачыліся ў калідоры з Насьцяй, расказаў ёй, што ў нас у камэры вошы — нядаўна іх выявілі. У кабінэце праз скайп пагаварылі з адвакатам. Ён сказаў, хто яго наняў, паказаў, што ёсьць памылкі ў пратаколе — адзін з панятых зьяўляецца супрацоўнікам міліцыі. Сьведкі, на яго думку, былі выдуманыя. Я яму сказаў, што прызнаю віну — спадзяваўся на штраф за вершыкі ў двары. Сказаў, што мне вельмі трэба перадаць у камэру акуляры — калі дадуць «суткі» за вершыкі ў двары. Увесь час размовы з адвакатам у гэтым жа кабінэце стаяў і падслухоўваў міліцыянт.
Пачаўся «суд», і «судзьдзі» Фёдаравай я выклаў усё, што адбылося — як увечары 6.11 выступаў перад публікай колькасьцю прыкладна 20 асобаў, у тым ліку сабак і дзяцей, як затрымалі мяне каля 20:30, а не ў 21:45, як пазначана ў пратаколе, і іншае. Сказаў, што прызнаю тое, што парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах шляхам чытаньня вершаў. Пасьля з калідора паклікалі «сьведку», які прадставіўся ўчастковым Мікітам Бельскім і пераказаў «судзьдзі» пратакол, паказаўшы, што ён мяне затрымліваў. На пытаньне «судзьдзі», ці чытаў я вершы, ён адказаць ня змог. Задаць яму пытаньні мне і адвакату не далі — «судзьдзя» адразу ж пасьля «паказаньняў» участковага сышла недзе хвіліны на тры і вярнулася з пастановай, зачытала мне мае 15 сутак, я пажадаў ёй посьпеху. Пасьля пачуў нейкі бадзёры вокліч з залі суду і крыкнуў у адказ, у выніку малады праваахоўнік за плечы адвёў мяне з кабінэта. Пасьпеў сказаць толькі Насьці, якая сядзела побач, што мне 15 сутак. Як высьветлілася пазьней, у маёй пастанове напісана, што віны я не прызнаў. Ды і халера зь імі.
Ужо атрымаўшы ў плечы свае суткі, мы пераначавалі, душачы там-сям пэрыядычна вошай, а днём у аўторак 10 лістапада пачаўся рух — нас вывелі ў калідор з рэчамі і паставілі каля сьцяны. Пахла пераводам у ЦІП. Аднак празь нейкі час, пад мацюкі ахоўнікаў, завялі назад у камэру. Празь некаторы час зноў вывелі. У паветры ўжо адчувалася накіраваньне ў Жодзіна. Я ведаў, што Насьця засталася тут, але ня ведаў, колькі ёй далі. Перад спускам на першы паверх удалося пагаварыць праз «кармушку» — ёй таксама дасталася 15 сутак.
Падганяў да выхаду нас супрацоўнік АМАПу ў балаклаве. Я спытаў у мясцовага міліцыянта, куды едзем. Той сказаў — у Жодзіна. Нас, 20 чалавек, пагрузілі ў зялёны «аўтазак», які папраўдзе завецца прыкладна як «машына для перавозкі асабовага складу». На прыступках гэтага «МАЗа» ляжаў бел-чырвона-белы сьцяг.
Да Жодзіна ехалі моўчкі. Адзін раз нехта засьмяяўся — калі машына дзесьці на дарозе пасыгналіла нам «Жыве Беларусь». Амапавец толькі спытаў: «Што, сьмешна табе?» Калі прыехалі ў Жодзіна, адчынілі дзьверы — з машыны паваліла пара, як з лазьні. Вось пакуль мы стаялі каля ІЧУ і чакалі прыёмкі, пачала працаваць дыялёгавая пляцоўка — адзін з амапаўцаў вырашыў пагутарыць. Да гэтага хтосьці зь іх глядзеў нейкага блогера, які апавядаў аб пратэстах у Польшчы, а таксама відэа зь дзяржаўнай ТВ. На пад’езьдзе яшчэ яны перабралі нашы асабістыя справы — у машыне апынуліся дзесьці трое раней судзімых (328, атрыманьне і дача хабару, і быццам нявыплата падаткаў), а таксама некалькі «гоншчыкаў» — людзей зь дзясяткамі парушэньняў 18.13 КаАП — чамусьці адзін амапавец пацяшаўся менавіта зь іх, калі прагугліў, што гэта за артыкул. Іншы пачаў абараняць. Так неяк і пачалася размова.
Высьветлілася, што нашы канваіры зусім ня жорсткія і таксама асуджаюць гвалт, кажучы пра сваіх залішне агрэсіўных калег «і ў добрай сям'і вырадак бывае». У гісторыі пра тысячы пабітых яны ня вераць; ня вераць у тое, як мясцовыя жодзінскія турэмнікі выцягвалі людзей з амапаўскіх «калідораў» дубінак. Шмат гаварылі пра Ціханоўскую і Нехта, але спадары асуджаныя ім патлумачылі, што гэтыя пэрсоны для іх не аўтарытэты, а выходзяць яны за новыя выбары і супраць гвалту. Віця-дальнабойнік ад імя калектыўнага несьвядомага заявіў людзям у балаклавах, што, можа быць, нічога б і не было, калі б замест 80% нарысавалі 60% і нікога ў сінь ня білі.
Перад тым, як нас вывесьці, адзін з амапаўцаў, гледзячы на разасланы бел-чырвона-белы сьцяг, сказаў свайму калегу: «Вось чырвоная дарожка. У сьветлую будучыню». Яны пасьмяяліся.
Гаварылі мы і пра сьцягі таксама, пераканалі было амапаўцаў прыбраць сьцяг з прыступак — старшы іхны сказаў, што мы сваёй дыскусіяй паставілі іх «у бязвыхаднае становішча». Але ў выніку, калі выходзілі з аўтазака, сьцяг усё ж такі не прыбралі, а прымушалі людзей наступаць.
Калі ішлі падземнымі жодзінскімі калідорамі, успамінаў, што гады два таму быў тут па працы — расказвалі, што, калі тузануць дрот каля сьцяны, то прыбяжыць трывожная група і ўсіх пакладзе. Тагачасны начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў тузануў, а ніхто не прыйшоў. Частавалі тады смачным хлебам…
Прымаў нас Міша Бабаклава — хлопец у шапцы і шаліку да вачэй. Казалі, што ён вельмі хоча трапіць у АМАП. Міша пытаўся, чаму ў польскай арміі нас не навучылі шыхтавацца і ўсякае такое трызьненьне. Запомніўся тым, што ў адказ на словы аднаго з мужчын пра тое, што ён быў у кантакце з каранавірусным, сказаў, што зараз ударыць па пячонцы і каб больш такога не было. У надглядным кабінэце на падлозе зноў былі сьцягі.
Пасьля ўсіх займальных працэдур нас засялілі ў 32-ю камэру, дзе на голых мэталічных нарах ужо ляжалі 10 чалавек. Усяго нас аказалася роўна 20. Пералічваць усіх ня буду, але кампанія аказалася пярэстая. У тым ліку выкладчык ФПМІ БДУ, рамесьнік, моцна былы вайсковец, інструктар кіраваньня, крышнаіт, студэнты і гэтак далей. На патрабаваньне Аляксея Кірэева («Давай вату!!!») выдалі матрацы, пасьцельную бялізну і ручнікі. Матрацы былі новенькія, сіненькія, як бясхмарнае беларускае неба.
Вясёлай кампаніяй мы праседзелі ў Жодзіне з 10 па 14 лістапада. У пачатку адседкі ў госьці нават заходзіў нейкі маёр у суправаджэньні Мішы Бабыклавы бяз шаліка. Акрамя гэтага, высьветлілася, што ў камэру мы з сабой прывезьлі адзежных вошай з Акрэсьціна. Паведамілі пра гэта ахоўнікам.
Фэльчара мы прасілі разоў 10, яго абяцалі, але ніхто не прыйшоў. Таму чалавек з тэмпэратурай ціхутка ляжаў у куце, а чалавек з пратэзам сустава паціху кульгаў па камэры.
Перадачы пачалі насіць у сераду ноччу. Я атрымаў торбу, падпісаную бацькавым почыркам. Там, праўда, адсутнічалі названыя ў сьпісе 300 цыгарэт — як высьветлілася пазьней, 15 пачкаў Sobranie спатрэбіліся камусьці іншаму. Затое, дзякуй Богу, прыйшлі акуляры і я на шосты дзень усё ж зьняў аднаразовыя лінзы.
Ноччу ў камэры адбылася бяседа, а цыгарэты (НЗ дзясятка) зайшлі зь іншымі перадачамі — былі чамусьці нават у тых, хто ня курыць.
Курыць пры ўсім пры гэтым было як бы нельга — на сьцяне вісела непадпісаная паперка, дзе нейкі маёр Лагун расьпісаў правілы і распарадак дня, які не выконваўся нават лямпамі ў камэры — тыя ніколі не выключаліся.
Аднойчы, унюхаўшы пах дыму, ахоўнік адчыніў нашу «кармушку», дастаў пярцовы балёнчык і спытаў, ці ведаем мы, што гэта такое. Падумалася, што выхваляецца, напэўна. Але ён прыгразіў, што распыліць нам у камэру газ, калі такое паўторыцца. Назаўтра быццам ён жа даваў прыкурыць праз «кармушку».
Што яшчэ пра Жодзіна... У камэры над ракавінай было люстэрка — можна было палюбавацца сабой упершыню з моманту затрыманьня. Вада была толькі халодная. Параша не сьмярдзела, ды і заткнуць яе можна было вялікай бутэлькай. Дзьверкі ў яе, як на Акрэсьціна, не было. Сьвятло, паўтаруся, не выключалася, але пад вечар сілай думкі адну зь лямпаў дзённага сьвятла нам атрымлівалася пагасіць. Ага, запалкі ёсьць у кожнай камэры, трэба толькі ўмець іх шукаць.
Пад бесьперапынныя размовы мы дасядзелі да 14 лістапада. Да гэтага дня тым, каго судзілі ў Жодзіне (усім прапісалі менш за 15 сутак), выдалі копіі пастаноў суду. Да гэтага дня мы пасьпелі адправіць лісты — мае ў канвэртах першай клясы дайшлі бацькам у Салігорск праз 10 дзён.
Удзень 14-га назвалі прозьвішчы тых, каму трэба сабраць рэчы і чакаць — такіх была палова камэры. З рэчамі нас вывелі ў калідор, дзе стаяў сярод іншых і Павал Аракелян.
Пастроілі, прагналі праз тунэлі і зьмясьцілі ўжо ў клясычны аўтазак — мне дастаўся аднамясцовы «стакан». Усяго ў машыне было 16 чалавек + ахова. З размоваў рыцараў ордэна фуражканосцаў было зразумела, што аўтазакаў з палітычнымі каля 10, толькі наш на 16 асобаў, а астатнія разьлічаны на 20. Везьлі прыкладна каля 180 мужчын і 30 жанчын. Ехалі з суправаджэньнем ДАІ. Спыніліся толькі раз — хтосьці, пэўна, ня мог стрымаць струменю.
Везьлі нас байцы ўнутраных войскаў. Стоячы, праз маленькую дзірку я бачыў вуліцу праз закратаваную шыбу дзьвярэй. Побач сядзеў вэвэшнік з цалкам адкрытым тварам. Ён падняў на мяне моўчкі вочы разы тры, а пасьля надзеў маску. Але мне яго твар быў абыякавы — я глядзеў на вуліцу, дзе ляжаў першы сьнег. Байцы з намі не размаўлялі. І мы ня ведалі, куды едзем.
Праз працяглы час заўважыў, што заехалі ў горад. Зразумеў, што гэта Магілёў, — разгледзеў рэгіён на нумарах машын. Прыбылі да ІЧУ, дзе доўга стаялі — відавочна, разгружалі астатніх. Пра тое, што ў Магілёве нешта ня так, стала зразумела адразу — калі ніхто чамусьці не лаяўся матам, а вайскоўцы ўнутраных войскаў пачалі вышукваць зялёны парасон і партманэт, якія былі ў кагосьці ў асабістых рэчах.
Доўга мы стаялі ў калідоры ІЧУ, чакаючы сваёй чаргі на засяленьне. Пасьля ператрусу, які быў самым пільным з пачатку адседкі, прыйшоў маёр і спытаў, хто сядзеў у 32-й камэры ў Жодзіне. Аказалася, што клапатлівыя ахоўнікі пазначылі недзе, што ў нас вошы. Таму ў Магілёве 8 чалавек з 32-й (астатнія зьехалі ў магілёўскую турму, а не ў ІЧУ) засялілі ў адну 10-мясцовую камэру.
Ня памятаю, ці пасьпелі мы павячэраць. Але пасьпелі прачытаць у распарадку на дзьвярах, што курыць можна раз на дзьве гадзіны. І ўзрадаваліся.
У камэры была і гарачая, і халодная вада; выкладзеная пліткай параша клясы «лухары» мела плястыкавыя дзьверцы. Люстэрка не было, праз замазаныя нібыта мылам вокны нічога не відаць. Выдалі чыстую белую бялізну. Аднак матрацы і падушкі бачылі многае, вядома. Матрацы трэба было зьбіваць, ірваць унутры іх напаўняльнік, каб спаць нармальна, а не на камяках ваты.
Даведаліся ў ахоўнікаў, што ў сераду магчымая лазьня, а ў чацьвер павінны прынесьці перадачы. Нагадаю, прывезьлі нас у суботу, 14 лістапада. І ўсе аказаліся такімі выхаванымі, што пакінулі свае прадукты ў Жодзіне. Спробы вывезьці з Жодзіна частку сала спыняў сівы мужык, які сядзеў там жа; ён калісьці быў вайскоўцам. Сквапны, напэўна. Затое нехта з сукамэрнікаў вывез амаль усе цыгарэты.
Праз два дні, 16-га, двум нашым імяніньнікам прыйшлі лісты ад валянтэраў, адзін нават атрымаў ліст ад маці. Прыкладна да аўторка мы згуртаваным калектывам жылі, зрэдку душачы там-сям вошай, якія адступалі ў швы адзеньня.
У Магілёве, у адрозьненьне ад Акрэсьціна і Жодзіна, былі ранішнія праверкі — аж паўузвода людзей у пагонах (некаторыя з драўлянымі малаткамі на доўгіх ручках і зь люстэркамі, як на мытні) заходзіла ў камэру. Там яны пераварочвалі матрацы і стукалі, мабыць, па нарах. Аднак чатыры запалкі ў камэры ўсё ж знайшлі не яны.
У аўторак да нас, вашывых палітычных, падсялілі яшчэ двух — менчукоў з апошняга маршу. Аднаму, студэнту Ігару, далі паводле двух пратаколах (23.34 і непадпарадкаваньне) 25 сутак, другому, ахоўніку Лёшу, — 15 сутак паводле ўсім вядомага артыкулу. Ад іх даведаліся пра гібель Рамана Бандарэнкі і акцыі памяці.
Неўзабаве высьветлілася, што вышэйшыя сілы забараняюць спаць на матрацах удзень, а гарачая вада была адключаная «з прычыны правядзеньня работ». Радыё зь «Юністар» раптам пераключылася на «Культуру». У душ у сераду нас не звадзілі. Аднак зьдзівілі тым, што звадзілі ў чацьвер! Як было выдатна памыцца ўпершыню за амаль два тыдні! І нават гарачую ваду ў працэсе мыцьця не адключалі! У чацьвер вечарам яшчэ прыйшлі перадачкі, зь якіх нічога ня скралі. Крышнаіту, дзякуй Богу, перадалі ўсялякія арэхі. Бо мяса ж ён ня еў.
У ІЧУ ёсьць бібліятэка, і мы бралі адтуль кніжкі. Мяркуючы па ўсім, спадары ахоўнікі спрабавалі жартаваць, бо першы раз, сярод іншага, прынесьлі нам зборнік апавяданьняў ібэрыйскіх пісьменьнікаў пад назвай нешта накшталт «Крык пеўня ў бухце».
Дзякуючы мясцовай бібліятэцы прачытаў першы том «Зьнесеных ветрам». Цікавае чытво, вядома. Такімі дзіўнымі здаюцца выпісаныя там уяўленьні людзей.
Днём у суботу, 21 лістапада, раптам вывелі на шпацыр. Бэтонны дворык, у суседніх былі яшчэ людзі. Хтосьці добрым баском засьпяваў казацкую песьню «Калі мы былі на вайне...» Падумаў, што гэта міліцыянт і крыкнуў, што не туды ён пайшоў працаваць, вядома. Хлопцы, праўда, казалі, што гэта з асуджаных хтосьці.
Адзін сукамэрнік тэмпэратурыў, і аднойчы ноччу яму стала кепска — паехаў на «хуткай». Вярнуўся неўзабаве. Яму зьбілі тэмпэратуру, прапісалі антыбіётыкі, якіх не было ў ІЧУ, і адпусьцілі. На патрабаваньне яму выдавалі флавамэд і кроплі для носу. Забаўляла, што назвы ён не запомніў і пэрыядычна патрабаваў выдаць яму фэнібут. Пасьля паездкі гэтага хлопца на «хуткай» у мяне паступова зьнік нюх, я перастаў адчуваць смак і без таго прэснай ежы, башка была «мутная» — як быццам пры паніжаным ціску. У некаторых таварышаў заклала насы.
Увечары 21-га сказалі зьбірацца. На надглядзе зноў разьдзелі дагала. Калі стаяў каля залепленага напалову акна з голай натурай і глядзеў на відэакамэру зьверху, пачуў Насьцін голас. Мяркуючы па ўсім, яе ўжо амаль выпусьцілі. Хтосьці тлумачыў ёй, як дайсьці да вакзала. Я апрануўся ў праінспэктаваныя рэчы, сказаў ахоўнікам побач, што чую голас знаёмы. Адзін адказаў, што так, разам з вашай дзяўчынай выйдзеце.
І мы выйшлі, трымаючыся за рукі“.
„У актавай залі белая плітка, але ўся ў крыві“
Эмілій Кутас, 17 гадоў, Марцін Мінін, 16 гадоў, стрыечныя браты, Менск:
„11 жніўня мы разам са сваімі сябрамі (усяго нас было 7 чалавек, на дзьвюх машынах) прыехалі да Domino’s Pizza (праспэкт Дзяржынскага, 106) прыкладна ў 23:00, аднак піцэрыя была зачыненая. Мы спыніліся на некаторы час на паркоўцы ГЦ «Магніт»“.
Эмілій:
„Бачым, што натоўп людзей пачынае разьбягацца, але мы не разумеем, ад чаго. Я паварочваю галаву — і адразу бачу, як на паркоўку заяжджае «Страла». Мы адразу ж селі па машынах і паспрабавалі зьехаць, бо спалохаліся. Але яны перакрылі два выезды з паркоўкі. Са «Стралы» выйшаў АМАП. Яны сваімі стрэльбамі тыцкаюць нам у шыбу і кажуць, каб мы выходзілі. Мы выйшлі. Яны нас адразу ставяць на калені і пытаюцца: «Пераменаў захацелі?» І пачынаюць па галаве біць дубінкамі. Выкінулі асабістыя рэчы. Вось у Марціна быў заплечнік — яны проста ўзялі яго і вытрасьлі. Там ляжала бутэлька «Фанты» — і яны сказалі, што гэта «кактэйль Молатава» мы на іх хацелі зрабіць.
Яны былі ў камуфляжнай зялёнай форме з бронекамізэлькамі. Адзін зь іх ужыў зброю — гумовая куля прайшла праз шкло машыны сяброў, траха не закрануўшы іх саміх.
Потым усіх загналі ў вялікую машыну, якая нагадвала аўтазак, аднак у ёй не было прыступак, а падлога кабіны знаходзілася на ўзроўні шыі. Таму нам давялося падскокваць і падцягвацца, каб трапіць туды.
І ўжо проста ад страху спрабуеш неяк хутчэй туды залезьці, таму што здавалася, што калі зараз туды ты не залезеш своечасова, то цябе пачнуць яшчэ больш біць. Таму туды ўжо заскоквалі, як маглі, спрабавалі чапляцца рукамі.
Марцін паказваў сілавікам сваю руку (ён мае інваліднасьць: няма некалькіх фалангаў пальцаў на правай руцэ). Але тыя проста адказвалі: «Заскоквай!».
Мы таксама сказалі, што мы непаўналетнія. «О-о-о-о, малалеткі!» — амапаўцы адрэагавалі са сьмехам“.
Марцін:
„У кабіне былі шчыт з электрычнасьцю, і яшчэ асобна электрашокерам білі ўсіх запар. Таксама ў мяне супрацоўнікі АМАПу дасталі тэлефон з кішэні, папрасілі разблякаваць. Адзін супрацоўнік адышоў з маім тэлефонам Бог ведае куды, але потым падышоў і паказаў, што яго адфарматаваў.
Усіх нас разам адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну. Але пра тое, што гэта было за РУУС, мы даведаліся толькі тады, калі зь яго выйшлі“.
Эмілій:
„З машыны ў будынак РУУС, а пасьля і на чацьвёрты паверх нас выводзілі з ударамі. Трапляла то па нагах, то па сьпіне, то па нырках, рэбрах, галаве. Пасьля зьмясьцілі ў актавую залю. Першае, што я ўбачыў, — скрываўленую падлогу.
Там белая плітка, але ўся ў крыві. Нас кладуць на падлогу, рукі за сьпіну, і мы павінны былі да канца гэтай залі паўзьці, грэбці плячыма. Падчас гэтага палова АМАПу пачынае хадзіць па нас, а палова проста дубасіць нас палкамі. Вось ты паўзеш, і па ўсім целе ляцяць удары.
Лежачы на падлозе, мы адказвалі на пытаньні: прозьвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэньня, месца пражываньня і вучобы, а таксама кантакты сваякоў, якія маглі б нас забраць. Пасьля гэтага кожнага адвялі ў асобны пакой для складаньня пратаколу. Допыт нада мной праводзілі жанчына і мужчына ў міліцэйскай форме.
І вось яны сядзяць і хіхікаюць, вырашаюць, якія мне пратаколы прыпісваць: а можа такі, а можа сякі. Потым мужчына сказаў: «Мы зараз прыпішам табе, што ты хадзіў па начным сквэры і малалеткам свае фоткі прадаваў». Я кажу, што я нічога не рабіў, я ў машыне сядзеў. А ён кажа: «Рот закрый», і дадае: «Я зараз супрацоўніку ў бронекамізэльку нож уторкну і скажу, што гэта ты нападаў». Потым пры пытаньні, што я рабіў на паркоўцы, ён паставіў сваю нагу мне ў пахвіну і з кожным новым пытаньнем ціснуў туды ўсё мацней. Я ўжо думаў, што калі ён яшчэ ўдарыць, то ў любым выпадку я застануся інвалідам.
Затым міліцыянт спытаў, хто быў маім участковым. Я назваў яго імя: Вяроўка Сяргей Мікалаевіч — і таго прывялі.
Я думаў, мяне... Ну ня ведаю, абароняць... Што мой участковы мяне адвядзе ў свой кабінэт, каб мяне тут ня білі. А ён толькі ў грубай форме сказаў закрыць рот і дадаў, што я ў іхныя машыны камянямі кідаўся.
Потым АМАП мяне падымае, выводзіць у гэтую актавую залю — з заламанымі рукамі, тварам уніз — і я бачу па нагах, што стаіць адзін амапавец. І ён пытаецца пра мяне: «А хто гэта такі?». І той, хто мяне вядзе, кажа: «Ды вось малалетку затрымалі». І літаральна праз сэкунду я атрымліваю жорсткі ўдар па сьпіне. А мяне ад страху пачынае калаціць, піць хочацца, таму што нос ня дыхае — у носе кроў уся згуслая. Ад усяго гэтага дыханьне перабіваецца і я ўдыхнуць не магу. А ён пытаецца: «Жывёла, чаго ты трасесься?»
Нас прымусілі падпісаць пратаколы, ня гледзячы. Там было чатыры старонкі, і на кожнай мы паставілі па тры або чатыры подпісы.
Яшчэ я бачыў, як у аднаго з затрыманых здарыўся эпілептычны прыпадак, а ў другога было зламанае калена.
У РУУС пастаянна сыпаліся пагрозы, аднак цяжка сказаць, ад каго менавіта, ад міліцыянтаў або амапаўцаў, бо ўсе затрыманыя былі «тварам у падлогу»“.
Марцін:
„Яны казалі: вам яшчэ пашанцавала, таму што ўсе хлопцы занятыя, а так бы мы вас прывезьлі ў лес і яму капалі б. Акрамя гэтага, яны пастаянна пыталіся ў затрыманых: «Колькі вам заплацілі?», «Ну што, накідаліся камянёў?» і абражалі“.
Эмілій:
„Пасьля складаньня пратаколаў нас адвялі на відэаздымку, дзе мы павінны былі зноў адказаць на пытаньні аб прозьвішчы, імі, месцы жыхарства і да т. п.
Потым, можа, хвілін 20 я сяджу і чую, як яны паміж сабой пачынаюць размаўляць: «Бляха, зараз гэтых малалетак бацькі пазабіраюць». І настолькі вось лёгка стала, калі я гэта пачуў, таму што да гэтага яны казалі, што я буду сядзець у камэры для пяці чалавек і «Мы вас туды 50 чалавек засунем і перакрыем вэнтыляцыю».
Пры вызваленьні мне з асабістых рэчаў вярнулі толькі тэлефон — пашпарт, ключы і 10 рублёў гатоўкай кудысьці зьніклі. Пратакол ператрусу на мяне не складалі, у адрозьненьне ад Марціна, праўда, сам ён яго ня бачыў. Тым ня менш у ягоным пратаколе стаяла пазнака «ад подпісу адмовіўся», а таксама фігуравалі прозьвішчы: «Крупічэўскі А. М. асабісты вобшук правёў і пратакол склаў», а Марозька С. пазначаны ў якасьці панятога. Марцін знайшоў гэты пратакол у сваім партфэлі — усе рэчы яму пасьля вызваленьня вярнулі, акрамя акуляраў, якія зьляцелі ад удару па галаве“.
Кацярына, маці Марціна:
„Мне патэлефанавалі ноччу, 12 жніўня, у 3:20 са словамі: «Прыяжджайце ў Маскоўскае РУУС, забірайце дзіця, у вас вельмі моцныя праблемы».
Марціна вывелі з РУУС, было цёмна. Выйшаў бялявы супрацоўнік невысокага росту, у чорнай масцы. Спачатку ён даволі культурна патлумачыў: «Ваш сын папаўся, ён позна гуляў, мы зь ім правялі тлумачальную гутарку, ён сказаў, што больш так ня будзе». Я слухала, і гэта ўсё нагадвала дзіцячы сад. Затым ён кажа: «Напішыце, што вы забіраеце сваё непаўналетняе дзіця і прэтэнзій ня маеце». Я падпісваю, і, як толькі я аддаю яму паперу, ён робіць крок назад, мяняе адразу тон размовы і кажа: «На вашага сына складзены пратакол — удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Калі будзеце скардзіцца, то вам будзе п***ц». На што я адказала, што цяпер ня згодная. «Тады скардзіцеся ў пракуратуру», — сказаў ён.
Я паведаміла Галіне, маці Эмілія, пра яго затрыманьне. З РУУС Эмілій выйшаў у 4 гадзіны 52 хвіліны.
Калі мы ўбачылі Эмілія, то ўсё ўстала на свае месцы. Я яшчэ раз набіраю на той нумар, зь якога мне тэлефанавалі, і кажу, што я ні з чым ня згодная, што гэта такое робіцца?! На што мне была кінутая трубка, а перад гэтым было сказана: «Скардзіцеся ў пракуратуру». У сястры была гістэрыка, калі яна ўбачыла сына ў такім стане.
Мы адвезьлі дзяцей у лякарню хуткай дапамогі“.
Галіна, маці Эмілія:
„Там ужо лекары ведалі, адкуль мы. Таму што паміж сабой яны перапытвалі: «Яны адтуль?» І я так думаю, што мы літаральна першыя пачалі прыяжджаць, таму што пасьля нас ужо пачалі прывозіць у больш цяжкім стане пацыентаў“.
Кацярына:
„Там быў хлопец пад канвоем, у кайданках. У яго моцна трэслася галава. Я падышла і спытала ў яго: «Каму патэлефанаваць? Каму паведаміць?» Ён хуценька мне прадыктаваў нумар маці. Побач зь ім у канвоі былі два зусім маладзенькія хлопцы. Яны кажуць: «Толькі не кажаце, што ён зь міліцыі». На што ў мяне была рэакцыя: «Паслухайце, як я ня буду казаць, калі мае дзеці пацярпелі?!» Я патэлефанавала яго маці, зь ёй мы да гэтага часу кантактуем. У хлопца цяжкая траўма галавы.
У Марціна і Эмілія дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені, а таксама страсеньне галаўнога мозгу. Акрамя гэтага, у Эмілія зламаны вялікі палец на назе“.
Эмілій:
„У аўтазаку было больш падобна на тое, што нас, як нейкіх куранят, проста да галодных тыграў загналі ў клетку, і ім ад гэтага сьмешна. Вось яны б’юць — і сьмяюцца, і як быццам атрымліваюць кайф...
Калі я ляжаў на падлозе ў РУУС і проста ўслухоўваўся, як яны крычаць — голас у іх настолькі дрыжыць... То бок, у яго на самай справе голас не такі, але ён яго робіць знарок жорсткім, як быццам ён такі круты-круты. Вось проста чуваць гэты вось дрыготкі голас, які ён спрабуе зрабіць моцным. А так дрыжыць, таму што яны так баяцца гэтага... Але пры гэтым яны ўсё роўна гэта робяць, б’юць…“
„Форма ёсьць, пайка ёсьць, крэдыт плоціцца, машына коціцца“
Аляксандар Памідораў, музыка, Менск:
„Сваё нядаўняе звальненьне з радыё «Рокс» я патлумачыў дысанансам ад таго, што ў нашы часы даводзіцца весьці забаўляльныя перадачы. Насамрэч гэты дысананс узьнікаў заўсёды.
Калі ўсе гэтыя рэчы пачаліся, я быў у адпачынку і ня мог вярнуцца з Расеі. Уначы 9 жніўня мы зь сябрамі фактычна і выступалі тымі каардынатарамі — сядзелі на Пакроўцы і паведамлялі сваім, дзе што адбываецца, куды ісьці, а куды не ісьці. У выніку мы нейкім чынам усё ж перасеклі мяжу, а тут высьветлілася, што радыёстанцыя не працуе, і не працавала яна да верасьня.
Калі ўсё сьцішылася, было нармальна, а потым ізноў пачалася ўся гэтая дурка. Я выйшаў з «сутак» — а турма накладае свой адбітак — і па-іншаму паглядзеў на тое, што рабіў у эфіры. Калі ты сядзіш, табе час ад часу ўключаюць радыё — у турме я слухаў тое, што на волі ставіў у эфір. Усё часьцей я стаў задаваць калегам адпаведныя пытаньні, а потым захварэў. Я разумеў, што з бальнічнага на працу не вярнуся — так яно і атрымалася. Шчыра кажучы, я ня вельмі ад гэтага пакутую. Пакутую хіба ад таго, што пазбавіўся магчымасьці працаваць у жывым эфіры, бо гэта свайго роду нарката.
Для мяне гэта быў натуральны крок: цяпер я не пераймаюся тым, што забаўляю людзей, калі сядзяць Андрусь Такінданг, Ільля Чарапко, Уладзь Лянкевіч, Вольга Хіжынкова, Кацярына Барысевіч, калі б’юць Алеся Дзянісава зь «Дзецюкоў», калі да майго дома пад’яжджае калёна бусаў і сілавікі хапаюць суседзяў.
Безумоўна, забаўляльны складнік сёньня неабходны, бо зь ім мы можам адключыцца ад рэчаіснасьці. Але нікога не цікавіць, што адчувае сам артыст: слухач ці глядач хоча атрымаць сваю дозу забавы, таму мусіш заткнуць у сраку свае праблемы і ісьці працаваць. Прычынай няяўкі на спэктакль можа быць толькі сьмерць, і тое ня ў кожным выпадку, так нас вучылі. Хтосьці так можа, а я не магу, у гэтым сэнсе я трошачкі зламаўся. Так, мы ведаем аб прэм’еры 7-й сымфоніі Шастаковіча ў блякадным Ленінградзе ці пра тое, што падчас Другой сусьветнай у нас граліся спэктаклі, а потым савецкая ўлада за гэта карала, але ёсьць рэчы, якія пераступіць нельга.
Сёньняшнія часы даюць натхненьне. Гэта рэакцыя на тое, што адбываецца, якая ўвасабляецца ў мастацкіх творах, — паглядзіце, колькі зьявілася вершаў, песень, карцін, дызайнэрскіх рэчаў, ідэй. Гэты страшны час вымагае таго, каб пакуты ішлі ў творчасьць. Нешта з гэтага зьнікне, як заўсёды бывае, але нешта ўвойдзе ў гісторыю. Прычым апошнія падзеі паўплывалі ня толькі на нашу культуру, але і на суседзяў. Пра Беларусь цяпер ведаюць усе, але, на жаль, ня той у нас піяр-мэнэджар.
Песьня ў гонар Рамана Бандарэнкі зьявілася на наступны дзень пасьля яго сьмерці. Я напісаў яе, адразу дома найграў і выклаў у фэйсбук, таму што трымаць гэта ў сабе было немагчыма. Я не магу расказаць, як пішуцца песьні — яна проста зьявілася. Ужо праз 3-4 гадзіны мне напісалі з прапановамі паўдзельнічаць, мы стэлефанаваліся з хлопцамі, закрыліся на ноч у студыі і запісалі песьню. Акурат так атрымалася, што на дзявяты дзень пасьля сьмерці Рамана, у дзень пахаваньня, мы яе аддалі. Але, як і ў выпадку з «Крывавым сьвятам», я не магу лічыць яе сваёй, гэта нешта большае.
Калі Раман памёр, проста ўсё — адчуў, што назад шляхоў няма, бо кожнага з нас могуць так забіць, мы ўсе ў групе рызыкі, таму не рабіць нічога ўжо нельга, і гэта справа кожнага. За забойства чалавека, прычым забойства ў сваім двары, ніхто не нясе адказнасьці — гэта нават уцяміць цяжка.
Нас затрымалі пасьля канцэрту; ня ведаю, можа быць, выпадкова. Яны прыехалі на шасьці ці сямі машынах і сталі ганяцца за людзьмі па парку, а народу было сапраўды шмат. Нас з Лэсьлі затрымалі ўжо на выхадзе. Бачу, бягуць на нас — і ў цывільным, і ў чорным, і ў зялёным, і бяз знакаў, і са знакамі, нехта яшчэ ў пагонах.
У Лэсьлі на заплечніку быў павязаны сьцяг: «О, гэтага са сьцягам бяры. І патлатага з гітарай!» Нічога не мяняецца, усё, як у 1996-м: «Патлатага бяры».
А вось потым музыкаў сталі хапаць сапраўды мэтанакіравана. Хапалі артыстаў і дырыжораў Лятучага хору, хапалі хлопцаў у філярмоніі — гэта 1937 год, калі з рэпэтыцыі чалавека выклікаюць у аддзел кадраў, а ў аддзеле кадраў арыштоўваюць, выводзяць праз службовы ўваход і вязуць у РУУС. Калі мэтанакіравана хапаюць музыкаў, значыцца, музыка — гэта зброя, і яе баяцца.
Ёсьць старая прымаўка: «Як прыйшла бяда, дык бяжы да жыда, а як па бядзе, дык ідзі на х**, жыдзе». Стаўленьне да музыкаў у гэтай краіне заўсёды было такое: «Ой, зайдзіце, пайграйце ў нас, калі ласка», а калі даходзіць да грошай, то «Ну што ты там пайграў, я сам так магу».
Таму ў нас няма шоў-бізнэсу, таму мы атрымліваем мізэрныя ганарары, прычым гэта тычыцца ўсіх артыстаў. Думаеце, ад добрага жыцьця Аляксандар Антонавіч Саладуха пагаджаецца сьпяваць дзьве песьні за 200-300 даляраў? Ім прыходзіцца малаціць і малаціць, каб выжываць.
Гэта мы да пэўнага моманту можам выходзіць на сцэну ў джынсах, а там жа касьцюмы, балет і сродкаў на гэта не ва ўсіх хапае. Думаеце, артысты выступаюць пад фанаграму, таму што іх жаба душыць? Лёша Хлястоў — супэрпрафэсійны артыст — неяк сказаў, што зайздросьціць нам, бо ня можа дазволіць сабе жывы склад. Тым ня менш хтосьці ідзе выступаць у Палац так званай незалежнасьці, а хтосьці грае перад сыстэмай «Рубеж» альбо на прахадной заводу «Атлант» у падтрымку страйкоўцаў. І ўлада помсьціць тым, хто ад яе адмаўляецца, прычым жорстка. Ведаю, што адзін высокапастаўлены чыноўнік так і сказаў: «Мы будзем помсьціць тым, хто звольніўся».
Яны зрабілі сайт са зборам «юдаў» — тых, хто пакінуў дзяржаўныя інстытуцыі. Гэта нейкія патугі адказаць на тое, што сапраўды актуальнымі становяцца зьвесткі пра сілавікоў, пра тых, хто хаваецца за маскамі. Іх гэта, безумоўна, палохае. Калі нас забралі і завезьлі ў Заводзкае РУУС, акурат была гісторыя: нас павялі на другі паверх, а калідор зачынены, падымаецца нейкі маёр з ключамі і так крыху нацягнута гыгыкае: «Ну чё, бл*, видали, майданутые чё утворили, гы-гы?» — «А чё такое? — «А они меня в базу внесли, бл***, и откуда, бл***, узнали мой телефон и телефон жены, с*кі». А я бачу, ён цэглы наваліў, вай-вай. Дадзеныя чалавека, які выступаў на нашым судзе ў якасьці сьведкі, Лэсьлі знайшоў адразу пасьля выхаду з турмы. Міліцыянт аказаўся невялікага розуму чалавекам — ён далучыўся да раённага тэлеграм-чата і спрабаваў там нешта прапагандаваць. Людзі ня думаюць, прычым, калі пачынаеш зь імі размаўляць, бачыш па вачах, што пачынаецца працэс думаньня: то бок там ёсьць, чым думаць! А потым думаць становіцца страшна і балюча, таму яны кажуць: «Так, усё, хопіць, запаўняем паперку і пайшоў далей калідорам».
Назіраньні ў мяне зусім розныя. У турме ёсьць тыя, хто ўсё робіць ідэйна, а ёсьць тыя, хто працуе, таму што працуе. Месца, яго энэргетыка чалавека таксама мяняе. На Акрэсьціна — мы абменьваліся думкамі — сьніліся вельмі цікавыя сны, а ў Жодзіне ўжо не. З адной парай ахоўнікаў у Жодзіне можна было дамовіцца, запатрабаваць тое-сёе, яны разумелі гумар і самі пра нешта пыталіся. А былі людзі кшталту «Закрылі пашчы, бл***, зьніштожу нахран», якія атрымліваюць асалоду ад таго, што могуць зьдзекавацца зь іншых.
Там такія размовы былі. «Я зараз вас пастаўлю, будзеце стаяць у мяне і трымаць матрацы на выцягнутых руках». — «Ой, хлопцы, у нас выхавальнік зь піянэрскага лягера апынуўся, ты зь якога атраду зьбег?» — «Прыдуркі, бл***». Нас не разумелі, калі мы патрабавалі анучу і швабру, маўляў, дурныя нейкія. Калі я выходзіў і забіраў рэчы, кажу афіцэру: «Можа, у вас кніга скаргаў і прапаноў ёсьць?» — «А што такое?» — «Падзяку б вам напісаў». Там чалавек трохі гумар разумеў і адказаў: «У вуснай форме будзе дастаткова». Лэсьлі ўвогуле востра сябе паводзіў, яго ўжо мянты называлі Фёдаравічам і казалі: «Федорович, ну вот это вот ты зря счас сказал, вот это было обидно». Альбо мы сядзім, пра культуру размаўляем, а міліцыянт заводзіцца: «Што вы, бл***, все такие умные? У вас, может, еще и высшее образование есть?» — «Ёсьць». — «И у тебя есть?» — «Ёсьць». — «А у тебя?» — «Ёсьць». — «*б вашу мать», — і смутак на твары. Нехта проста ня думае: адпрацаваў зьмену, прыйшоў дадому, павесіў форму, паеў баршчу: форма ёсьць, пайка ёсьць, крэдыт плоціцца, машына коціцца.
Там у нечым пераасэнсоўваеш жыцьцё і людзей. Я мог іранізаваць, што нарэшце адасплюся і намаўчуся — ніфіга, там увесь час пра нешта размаўляеш. Такая інтэлектуальная практыка — гэта супэр, але з другога боку, стамляесься ад сьвятла круглымі суткамі, а ўсьведамленьне таго, што ты знаходзісься ў чатырох сьценах, можа стаць сур’ёзнай псыхалягічнай траўмай.
Людзі могуць храбрыцца, але назад ня хочацца зусім, абсалютна ня хочацца. Увогуле ўся сытуацыя ад пачатку перадвыбарнай кампаніі не спрыяе здароўю і добраму настрою, можна рэальна з глузду зьехаць, калі не знаходзіць ва ўсім гэтым нейкі гумар. Ведаю людзей, якія пасьля адседкі адрасна ідуць да псыхоляга. Трэба мець пэўную моц, і нашы людзі маюць моц.
Пераасэнсоўваеш, што табе сапраўды патрэбна, што варта ўвагі, а што не. Ты разумееш, што такое сябры і што нечага для кагосьці не зрабіў, хаця мог. Ужо па-іншаму будуеш адносіны зь людзьмі, камунікуеш зь незнаёмымі на вуліцы. Усьведамляеш каштоўнасьць размовы, вагу слова, вартасьць звычайнай папяровай кнігі, важнасьць падтрымкі, кошт сьвежага паветра, нават калі цябе вывелі пагуляць у каменны турэмны мяшок бяз даху і ты чуеш, што недзе ідзе цягнік, брэшуць сабакі, адчуваеш пах чыгуначнага мазуту. Разумееш важнасьць таго, каб падтрымаць суседзяў і загнаць праз баландзёра перадачку з каморы ў камору і атрымаць у адказ удзячны стук.
Я казаў, колькі твораў зьявілася з боку пратэставага руху, а ці адбылося нешта падобнае зь другога боку? Я ня бачыў, хоць, можа, і хацеў бы. «Любимую не отдают»? Фу, Божа мой, кожны, хто гэта чуе, разумее, што гэта фальшыва. Тым больш прыцягнутыя расейскія выканаўцы — што гэта за цырк? Значыць, сваім яны не давяраюць? Я хацеў зайсьці да былога так званага міністра культуры Бондара з пытаньнем, чаму б не заняцца званьнямі для нашых рокераў, пакуль яны жывыя. Ведаю, шмат хто нават не прыняў бы ніякага званьня, але дзяржава мусіла б паказаць павагу да тых, хто стварыў гэтую культуру. Беларускі рок пачаўся з гуртоў «Бонда» і «Мроя», альбо чаму не адзначыць Хаменку ці Кірчука — людзей, якія займаюцца народнай культурай, паэтаў Анемпадыстава і Строцава?
На «Спутник» я пайшоў, знаходзячыся ў безвыходнай сытуацыі, — гэта было адзінае месца, дзе мне прапанавалі нешта па маім профілі. Калі я прыехаў на размову, убачыў знаёмых, і гэта стала вырашальным. Цікавай была інфармацыйная хваля пра маё працаўладкаваньне, галоўнае ў такіх выпадках не адказваць, што самае цяжкае. Гэта быў шыкоўны, хоць і няпросты, досьвед. На «Спутнику» працавала моцная прафэсійная каманда і толькі адзін ватнік. Лухты не рабіў ніхто, татальнай прапаганды таксама, я адразу сказаў, чаго рабіць ня буду, у выніку ні за адну праграму на «Спутнику» мне ня сорамна. Цяпер, вядома, сытуацыя іншая — трэба разумець, што гэта так ці інакш замежная крыніца інфармацыі. Я неаднойчы і ў розных краінах — у Ізраілі або Польшчы — бачыў, як грамадзтва дзеліцца 50 на 50, да боек і развалаў сем’яў.
Наша ўлада заўсёды спрабавала падзяліць нас на «чэсных» і «нячэсных», а мы часам заглыналі гэтую нажыўку. Цяпер жа яна сама апранула народ у бел-чырвона-белы — крывёй памазала. Яна напалоханая, спрабуе правесьці бар’ер ізноў праз г**но з вуснаў Азьвяронка-малодшага ды іншых тэлеканалаў, але цяпер ужо мы аб’яднаныя і можам самі вырашыць свае праблемы, нам ня трэба, каб над намі стаяў нейкі дзядзька з пугай.
У перадвыбарнай кампаніі я зьбіраў подпісы за Алеся Таболіча. Бо ўсё пачынаецца з малога. Зразумела, чорт ведае што мусіла здарыцца, каб Таболіч трапіў хаця б у першы тур, але было супэр у гэтым паўдзельнічаць — мы праехалі ўсю краіну, я паглядзеў на людзей, паразмаўляў зь імі, убачыў гэтыя чэргі, і вось тады зьявілася асэнсаваньне таго, што ўсё пачынае мяняцца. Я толькі раскладаю столік, падымаю вочы, а ўжо стаіць чалавек сто — усё, панеслася.
Найбольш узрушылі людзі. Мы ўбачылі адно аднаго і зразумелі, што такое быць народам, што значыць людзьмі звацца. Праўда, ня ўсе: хтосьці адпрацаваў суткі, зьняў форму, паеў, усё нармальна. Цяпер увесь народ у зоне рызыкі — 23.34 і гэтак далей, але цэлы народ за краты не загоніш, таму гэта проста сьмешна“.
„Адзін да аднаго яны ставяцца больш варожа, чым да затрыманых“
Андрусь Такінданг, музыка:
„Мы з калегамі з гурта Recha прадчувалі затрыманьне. Шэраг нашых знаёмых, калег-артыстаў ужо адбывалі адміністрацыйныя пакараньні за выступы ў дварах. А Recha ледзь не штодня ўдзельнічала ў народных, дваровых канцэртах.
4 лістапада мы праехалі на менскую вуліцу Нёманскую. Жыхары сабраліся безь сьцягоў і лёзунгаў на ўрачыстае адкрыцьцё насьценнага малюнка, зацьверджанага і ўзгодненага з ЖЭСам. Публіка была цудоўная — дзеці танчылі, дарослыя падпявалі. Нам шчодра аддзячылі: уручылі самаробнае печыва, кветкі. Калі выяжджалі са двара на таксоўцы, машыну пераняў стылёва апрануты ў цывільнае мужчына: «Стаяць, міліцыя. Тэлефоны на сядзеньне».
З двух вялікіх бусаў падбеглі амапаўцы ў балаклавах, хтосьці са зброяй, хтосьці без, і прымусілі перайсьці ў аўтобус, які стаяў побач.
Загадалі сесьці на падлогу, дарогай пачалі апытваць у даволі экспрэсіўнай манеры. Фізычнага гвалту АМАП не ўжываў, а дзьмутая, пацанская агрэсія выглядала абсурдна і камічна. Быццам да дарослага чалавека сталі чапляцца школьнікі-хуліганы: непрыемна, страшна і сьмешна. «Э, эфіёп, колькі вам заплацілі?», «Ага, у вас пячэньне бел-чырвона-белае», «Гэты нярускі каторы — беларус?», «У арміі служыў ці не?», «Крамбамбулю» знаеце, вашых дружочкаў?»… Мацюкі, гопніцкія наезды ішлі ад маладых, 20-гадовых, старэйшыя ж амапаўцы дарогай паводзілі сябе больш стрымана.
У Фрунзенскім РУУС, куды нас даставілі, назіралася падобная сытуацыя.
Міліцыянты, якія паводзілі сябе карэктна, выгадна адрозьніваліся ад калег, што строілі кпіны, мацюкаліся, кідалі домру аб падлогу, быццам вартыя жалю злыя дзеці, на якіх і форма сядзела неяк асабліва няўклюдна. Ня ведаю, як усе гэтыя розныя супрацоўнікі ўжываюцца, трываюць адзін аднаго ў адных кабінэтах. Агульны матыў і ў РУУС, і на Акрэсьціна — «Чаго ж вам усім дома не сядзіцца? Грайце канцэрты ў сваіх кватэрах».
Такая рэакцыя можа быць зьвязаная зь вельмі вялікай колькасьцю затрыманых. Камэры поўняцца дактарамі, бізнэсоўцамі, артыстамі, інжынэрамі, праграмістамі, беспрацоўнымі, пэнсіянэрамі, студэнтамі.
Пасьля нас адправілі на Акрэсьціна. Асабісты надгляд. Ланцужок з крыжам трэба здаць на захаваньне. Я сьпяшаюся, таму ніяк не магу адчапіць карабін. «Не хвалюйся», — кажа міліцыянт, усьміхаецца і дапамагае.
Мінімалістычны функцыянал. Жоўтыя сьцены, карычневая драўляная падлога, туалет, дээспэшная лава, стол, мэталічныя ложкі. Спачатку нас разьмясьцілі ў камэру на чатырох. Сядзець разам, усім гуртом — гэта вялікая ўдача. Пэўна, што эпічнае затрыманьне Recha не засталося незаўважаным і нашыя сваякі здагадваюцца, дзе мы знаходзімся. Але ўсё адно ў зьняволеньні найбольш хвалюесься за каханых і родных, якія, у сваю чаргу, на волі перажываюць за вязьняў.
Агледзеўся, памыўся пад кранам, адціснуўся ад падлогі, памаліўся. Настрой бадзёры, прыўзьняты. Даўно маральна рыхтаваўся да арышту, таму ўся гэтая сытуацыя выклікала своеасаблівую палёгку, як правільны акорд у канцы музычнай фразы.
Тым часам у калідоры пануе супрацьлеглая атмасфэра. Там лаюцца, перабрэхваюцца між сабой супрацоўнікі з канвою: чатыры вязьні, пяць пратаколаў, некага ня могуць далічыцца. Дыялёг хлопцаў густа перасыпаны мацюкамі. Відаць, адзін да аднаго міліцыянты ставяцца яшчэ з большай варожасьцю, чым да затрыманых.
А 22:00 зьмяншаюць сьвятло, адбой, можна разгарнуць матрац і легчы спаць. А 6:00 сьвятло запальваецца ярчэй, трэба хуценька падняцца і скруціць матрац. У вакенца дзьвярэй перадалі туалетную паперу. Ура, можна жыць! Запрацавала выцяжка, у камэры пачало зьяўляцца болей паветра, перастае сьціскаць скроні. На сьняданак каша і салодкая гарбата.
Музыкі па-рознаму рэагуюць на затрыманьне. Ігар і я пачуваемся добра, у Кастуся баліць галава, у Лёні праблемы з нагой. Жартуем, размаўляем. Аказваецца, акардэаніст Ігар — пятае дзіця ў сям'і. Бубнач Лёня ня дужа ладзіў з бацькам, але цудоўна пачуваўся з бабуляй і дзядулем.
— Я інтравэрт у дэпрэсіі, мне доўга сярод людзей цяжка. Але вас, хлопцы, пакуль што ня хочацца задушыць, — прызнаецца басіст Косьця.
— А мне вусьцішна, — кажа Лёня. — Я мушу дачцэ казку чытаць, а ня тут сядзець. Як жа цесна, усё цісьне. Мы ж для дзяцей гралі, завошта нас сюды?
Лёка, вольналюбны, лясны, добры, пяшчотны, уразьлівы чалавек, найбольш востра з нас перажывае зьняволеньне.
На абед у вакенца камэры перадаюць суп, кампот, кашу з рыбнай катлетай і два боханы хлеба, чорнага і белага (напэўна, каб мы маглі сабе шахматы зьляпіць).
Ежа мне падабаецца, так карысна і рэгулярна не харчаваўся ніколі. Але няма куды траціць спажытую энэргію і не хапае пітва (кубак гарбаты зранку, кубак кампоту ў абед). Таму порцыі кашы абмяжоўваю, мяса адразу выкідаю, ад вячэры адмаўляюся. 13 рублёў 50 капеек — столькі каштуюць адны суткі ўтрыманьня на Акрэсьціна. Санаторый-прафілякторый: дзякуй Богу, ня трапілі сюды ў жніўні пад гарачую руку.
Уначы нас перавялі ў двухмясцовую камэру і выдалі адзін матрац на ўсіх. Відаць, не хапае месца на Акрэсьціна — значыць, на маршы затрымалі шмат народу. Начую на падлозе. Прасілі выключыць выцяжку, але нам сказалі, што тады ў перапоўненай ніжняй камэры людзі задыхнуцца. Скразьняк прабірае костачкі: добра, што я абачліва яшчэ з пачатку восені апранаюся цёпла і зручна. Час цячэ марудна: гуляем у словы, мэдытуем, я малюся, раблю зарадку, вучымся прысядаць на адной назе. На калідоры пачынаюцца суды праз скайп, сьцішваемся і прыслухоўваемся.
Затрымалі каля гандлёвага цэнтру, ішоў купляць зарадку для тэлефона, не крычаў, ня пляскаў — 15 сутак. Ішоў пратэставаць супраць беззаконьня — 15 сутак.
Затрымалі — значыць, вінаваты.
На наступны дзень судзілі і нашу групу. Мяне першага адканваявалі ў асобны кабінэт, пасадзілі перад ноўтбукам. На экране зьявіўся адвакат.
— Андрэй, вас ня білі? Як сябе адчуваеце?
У залі суду пабачыў маці і сваю Ганначку, пачуў гоман падтрымкі.
Адвакат добра рабіў сваю справу, знайшоў сьведку з канцэрту, спрытна апытаў беднага амапаўца (якое добрае беларускае вымаўленьне ў шмат якіх міліцыянтаў, адчуваецца, што людзі прыехалі зь вёсак і не пасьпелі страціць дзеканьне, цеканьне ды іншае аканьне-яканьне). Адвакат паказаў відэазапіс з выступу Recha, прад’явіў маё пасьведчаньне творчага работніка, пэнсійныя пасьведчаньні маці, бабулі. І ў нейкі момант я пачаў хвалявацца, што мяне выпусьцяць, а музыкаў пакінуць. Але ўсё скончылася добра: вырак, як і ў маіх сяброў-дружочкаў — 15 сутак. Пасьля прысуду стала яшчэ лягчэй, са спакойнай душой клаўся спаць, аднак уначы зноўку прагучаў загад.
— Паўлёнак, Лісецкі, з рэчамі на выхад.
Цікава, Кастуся і Лёню пераводзяць у іншыя камэры ці этапуюць у Жодзіна, Бабруйск?..
На наступны дзень мы з Ігарам радаваліся жыцьцю.
Акардэаніст прызнаўся, што даўно хацеў трапіць у вязьніцу зь цікавасьці, я зь ім пагадзіўся. Дзякуй Богу за гэты цудоўны час, час маіх улюбёных заняткаў — магчымасьць думаць і сузіраць быцьцё зь перапынкамі на туалет, абед, мыцьцё ў кране.
Празь нейкі час дзьверы ў камэры адчыніліся. Малады міліцыянт скамандаваў устаць. На парозе стаяў ахоўнік у фуражцы, мужчына ў касьцюме і бацюшка зь сівой барадой.
— Чаго вы патрабуеце ад Праваслаўнай царквы?
Паглядзець 10 сэкундаў на новых цывільных людзей па той бок сьцяны ўжо было сьвята, але я адважыўся папрасіць яшчэ і малітоўнік. Брама зь лязгатам зачынілася, а праз вакенца нам пачалі перадаваць шкарпэткі, мыла, зубную пасту і малітоўнік. Мы з Ігарам з двух філёзафаў-стоўпнікаў ператварыліся ў сапраўдных багацеяў.
Добра быць праведнікам адным у замкнёным пакоі, адгароджаным ад мітусьні і спакус сьвету. Няма на каго раздражняцца, каму зайздросьціць. Каша і гарбата — лесьвіца Якава, памыўся ў кране — сядзі сузірай сябе. Лілеі сярод церняў, жонкі Саламонавы — далёкі сьмех жанчын, што сустракаюць сясьцёр з маршу, каля брамы Акрэсьціна. На дзіва годны танец дачкі Ірада — на калідоры пошчак абцасаў маладой наглядчыцы. Голас яе, як зорка Палын, — горкі і звонкі.
— Насцу табе ў рот, — ці то пагражае, ці то абяцае міліцыянтка некаму па тэлефоне.
У чацьвер міліцыянт прынес нам зь Ігарам перадачы.
Увечары выдалі матрац, больш не давядзецца туліцца на падлозе. Найвялікшы скарб у пасылцы з дому — нататнік і асадка. Маю, на чым пісаць, маляваць. І камэра ня камэра, а працоўны кабінэт.
На наступную раніцу Ігара перавялі ў іншую камэру, і я застаўся адзін у прасторы 2 на 4 мэтры.
А ў жніўні тут, як сьвечкі, душыліся, туліліся, стаялі два дзясяткі беднага люду. Бывае добра быць чалавеку аднаму. Пішу ў перасланы нататнік свае ўражаньні, малюю. Стрыжань няўмольна сканчаецца, хвалююся, як жа далей тут існаваць бяз справы. Ніколі ня думаў, што асадку можна сьпісаць за суткі. Божа, памнож цудоўным чынам чарніла ў стрыжні.
У той самы дзень у мяне зьявіўся сусед.
— Дваццаць першы дзень сяджу, — расказвае ён сваю гісторыю. — Каля пад’езда папікнуў ціхароў, якія зафарбоўвалі мурал. Злавілі, перадалі АМАПу. З РУУС — на Акрэсьціна ў карцар. Сказалі: «Раз ты змагар, дык будзь змагаром да канца». А я не змагар, я студэнт, дамоў хачу, да матулі, да дзяўчыны. Вадзілі на чацьвёрты паверх, для БТ прызнаньне здымалі. Адсядзеў сваё, а мяне на выхадзе зноў у РУУС — і пратакол аб непадпарадкаваньні складаюць. Нібыта патруль мяне для праверкі дакумэнтаў спыніў, а я супраціўляўся. Як жа я мог патрулю супраціўляцца, калі на Акрэсьціна сядзеў? Новы тэрмін сканчаецца. Дужа баюся, каб чаго яшчэ мне не прыдумалі.
Малады сукамэрнік падарыў мне асадку, выплакаўся, нажаліўся і заснуў на верхняй шконцы юначым сном.
Неўзабаве мяне перавялі ў большую камэру, на шэсьць ложкаў.
Тут сядзяць нашы людзі. Бізнэсоўцы, інжынэры, навукоўцы. Штовечар — лекцыя пра старажытны Рым, раніцай — зарадка. Даклады пра будаўніцтва дома, бізнэс. Сукамэрнікі мае — мужчыны ад 22 да 48 гадоў, усе сядзяць чарговы раз, усе моцныя і прыгожыя. Галёкаюць за сьцяной дзяўчаты, іх прывезьлі нядаўна. Мы мужчынскай кампаніяй дзелім стол зь перадач, жартуем, рагочам, як раптам на парозе начальнік Акрэсьціна са сьвітай.
— У чым прычыны добрага настрою і сьмеху? Я вас аж у сваім кабінэце чую. Камфортныя ўмовы, дык магу пагоршыць.
Начальнік сыходзіць, а разам зь ім прападае і гарачая вада.
Трохі хварэю, дрэнна быць нядужым у вязьніцы, можа, ковід ці іншая трасца. Суседзяў маіх хапалі і ўтрымлівалі ў РУУС куды больш жорстка, чым музыкаў. Таму маё прызнаньне, што малюся і за міліцыянтаў, і за АМАП хлопцы ўспрымаюць неадназначна. А я апавядаю пра хрысьціянства, што гэтых бедных службоўцаў асабіста мне дужа шкада.
У нейкі момант на сьцяну камэры павесілі артыкул зь нейкай газэты пра садызм. Частка зьняволеных прапануе паглядзець на рэакцыю аховы, але інтэлігентны інжынэр прапануе зьняць.
Ён летам быў зьбіты і бачыў, як білі навокал людзей за тое, што іх суседзі енчылі. Білі ня тых, хто падаваў голас у перапоўненым аўтазаку, а тых, хто быў бліжэй.
— А ты свае траўмы зафіксаваў? — спытаўся я.
— Не, мне сорамна было са сваімі несур’ёзнымі траўмамі да доктара зьвяртацца, калі маіх суседзяў скалечылі ўшчэнт.
Газэта застаецца на сьцяне камэры.
— Калі яшчэ раз нешта на сьцяну павесіце, пальцам падцірацца будзеце, уркі. Марш у норку! — шалее на ранішняй праверцы міліцыянт.
— Ого, як яго бамбанула, значыцца, справы нашы не зусім дрэнныя, — ціха пераміргваемся ў камэры.
Падыходжу да акна. Праз шчыліну крыху відаць прыватны сэктар, за ім далёкія дзевяціпавярховікі. На шэрай сьцяне аднаго з дамоў урачыста вылучаецца бел-чырвона-белы сьцяг“.
„У адказ мне прыгразілі зламаць і другую нагу“
Ягор Фатыхаў, 21 год, Менск:
„30 жніўня я спрачаўся зь Мікалаем Латышонкам, памочнікам Лукашэнкі, які выйшаў да пратэстоўцаў. А 8 лістапада мяне затрымалі.
Я быў ля стэлы з боку праспэкта Машэрава. Унутраныя войскі пачалі перакрываць дарогу, і на вуліцы выйшлі людзі ў разгрузачных камізэльках і касках паверх цывільнай вопраткі — я так зразумеў, што гэта ГУБАЗіК.
Пачаўся хапун. Салдаты ўнутраных войскаў пачалі грукаць па шчытах і ісьці наперад. Меркаваны ГУБАЗіК палез на прыгорак каля гатэля «Плянэта», пачаліся затрыманьні.
Пабеглі людзі, пабег і я. За мной кінуўся адзін зь сілавікоў з крыкам: «Стой, с*ка!» Дагнаў, ударыў дубінкай па назе. Я ўпаў, зьляцелі акуляры, я спрабаваў іх знайсьці. Пасьля я змог падняцца, але зрабіў тры крокі і зразумеў, што нага не ў парадку.
Да мяне падскочыў той сілавік, зрабіў падножку. Я ўпаў. Мяне ўдарылі яшчэ раз па назе, з мацюкамі зацягнулі сьцяжкі на руках. Я папрасіў знайсьці акуляры — адзін зь сілавікоў усё ж падняў іх і засунуў мне ў кішэню.
Павялі ўніз з горкі. Я прасіўся, каб яны ня так моцна мяне нахілялі, бо ня мог наступаць на нагу, у адказ мне прыгразілі зламаць яшчэ і другую.
Мяне павялі ў аўтазак. Я па дарозе зноў упаў — і ў той момант парваліся сьцяжкі на руках. Гэта было выпадкова. Я прыціснуў рукі да жывата, сілавікам гэта вельмі не спадабалася, яны акружылі мяне са словамі: «Ты што, с*ка, супраціўляесься?» Мяне ўдарылі ў твар, расьсеклі губу. Гэта бачылі людзі, пажылыя жанчыны пачалі прасіць: «Адпусьціце хлопчыка!»
Я ў той момант хацеў пракрычаць людзям нумар бацькоў, каб яны паведамілі ім, што мяне затрымалі, але чамусьці машынальна пачаў выкрыкваць свой нумар.
Пасьля гэтага са словамі «Ты чо, б***!?» да мяне прымянілі задушлівы прыём. І адзін сказаў: «Горш будзе!»
Тады я папрасіў паабяцаць, што мяне нармальна давядуць да аўтазака; сказаў ім, што ня буду супраціўляцца. Адзін зь сілавікоў паабяцаў, але слова не стрымаў: мне завялі рукі за сьпіну, заціснулі сьцяжкамі яшчэ мацней, чым было, і па дарозе яшчэ мацней нахілялі. Пакуль вялі, я некалькі разоў падаў, мяне яшчэ пару разоў прыдушвалі. Пагражалі: «Можа, цябе нашым аддаць на разарваньне?» Білі па галаве, калі ня мог ісьці; цягнулі па зямлі, я сьцёр далоні. Да аўтазака давялі ў паўпрытомным стане. Сказалі: «Лезь».
Я ня мог падняцца на ногі. Папрасіў дапамагчы, за што мяне ўдарылі дубінкай па ягадзіцах і пракамэнтавалі: «Нішто сабе патрабаваньні!» Я палез на каленях па прыступках, унутры мяне падхапіў сілавік. Пасьля павезьлі ў Савецкае РУУС.
У аўтазаку я спрабаваў наладзіць нейкі дыялёг зь сілавікамі. Яны слухалі мяне адэкватна, але не адказвалі. Нягледзячы на затрыманьні, у мяне застаецца гуманістычнае стаўленьне да іх. Я чалавек зь юрыдычнай адукацыяй і ведаю людзей з органаў, якія хацелі б штосьці зьмяніць, але ня могуць. І пасьля, калі ў РУУСе трэба было выйсьці з аўтазака, я папрасіў аднаго зь сілавікоў дапамагчы мне — ён без мацюкоў і сілы проста дапамог. Ды і ў РУУСе было некалькі работнікаў, яшчэ студэнтаў акадэміі МУС, — яны вельмі тактоўна сябе паводзілі.
У РУУСе мяне паставілі да сьценкі разам зь іншымі. Я патлумачыў, што не магу стаяць, бо па назе моцна ўдарылі дубінкай.
Пазьней адзін з работнікаў пасадзіў мяне на лавачку, але зьявіўся нейкі начальнік, які сказаў: «А чаму ён тут? Да сьценкі хуценька!»
Тады я папрасіў, каб дазволілі стаць на калені хаця б, бо так балела, што на нагах я трымацца ня мог. Мне дазволілі. Я стаяў на каленях, але адзін з афіцэраў сказаў: «Не, так справы ня робяцца». Мне загадалі ўстаць, як усім.
Я ўстаў, але ногі аж трэсьліся ад болю. Тады ўсё ж дазволілі мне вярнуцца на лавачку. Выклікалі мне «хуткую», але я чакаў яе каля 5-6 гадзін. Тлумачылі гэта тым, што няма каго выдзеліць у канвой, каб паехалі ў лякарню разам з пабітымі. На месцы ніякай мэдычнай дапамогі мне не аказалі. Адзін з затрыманых прапанаваў дапамогу, але яму жорстка адказалі, што ня трэба, прыгразілі, што для яго гэта кепска скончыцца.
На лавачцы са мной сядзелі дзьве дзяўчыны; адну ванітавала, другая вельмі хвалявалася, бо ў яе і сястру затрымалі.
Загадалі, каб галава была апушчаная. Але я час ад часу падымаў, лічыў людзей каля сьцяны — было 94 чалавекі. Часам у мяне на твары была грымаса ад болю, а міліцыянты думалі, што я ўсьміхаюся. Казалі: «Б**, хлопец, у цябе тут прывілеяванае становішча, цябе дзяўчаты грэюць!»
Нарэшце прыехала «хуткая», з канвоем мяне павезьлі ў лякарню.
Закрытая ЧМТ лёгкай ступені, страсеньне мазгоў, садно мяккіх тканак, ранкі на далонях, расьсячэньне губы, закрыты пералом малой галёначнай косьці, — такі сьпіс маіх траўмаў.
Канвой чакаў, але мяне забралі адразу на апэрацыю (управілі нагу), тады міліцыянты зьехалі.
Але раніцай 9 лістапада нейкі міліцыянт завітаў да мяне ў палату.
У РУУСе пратакол на мяне ня склалі. А той, што прыходзіў сёньня, распытваў, як я атрымаў траўмы. Я расказаў, што мяне білі. Ці буду я падаваць заяву аб зьбіваньні, пакуль ня ведаю — вырашу пасьля кансультацыі з адвакатам“.
„Маё затрыманьне выглядала, як у кіно“
Ксенія Раманава, дызайнэрка адзеньня, Менск:
„Ці застаецца мода па-за палітыкай, залежыць ад людзей, якія ствараюць гэтую моду. У гісторыі ёсьць шмат розных прэцэдэнтаў. Напрыклад, Hugo Boss дагэтуль многія нагадваюць, што брэнд распрацоўваў вайсковую форму для фашысцкай Нямеччыны. Таму рашэньне за дызайнэрамі — ці быць убаку, ці браць актыўны ўдзел.
Для мяне жыцьцё проста падзялілася на да і пасьля выбараў. У студыі мы ўсе былі ў шоку ад зьверстваў сілавікоў. Як людзі адчувальныя, творчыя, мы ўбіраем кантэкст. Мы зразумелі, што было б крута неяк дапамагчы пацярпелым, і вырашылі запусьціць дабрачынныя футболкі «Вrave hearts».
Вельмі хутка іх зрабілі, з вышыўкай дапамаглі партнэры. Наша праца была абсалютна бясплатнай, усё ішло ў фонды. Быў такі попыт, што мы проста не давалі рады, працавалі на знос, залучалі валянтэраў.
У верасьні выпусьцілі калекцыю «Перамен». Яна прысьвечана яркім момантам ці героям, гэта наша пераасэнсаваньне сытуацыі. Але мы рабілі ўпор на пазытыў — вы ня знойдзеце там мадэляў з нэгатыўнай афарбоўкай. Вакол і так шмат болю, пакут, нянавісьці, таму мы ад гэтага адыходзілі.
Мяне затрымалі ў нядзелю 25 кастрычніка на Арлоўскай. Гэта выглядала, як у кіно. Я села ў таксі — і насустрач выяжджае калёна аўтазакаў, бусаў, бягуць амапаўцы, «аліўкі» з аўтаматамі, агібаюць машыну. Рэальна моцны блёкбастэр! Усіх, хто быў у таксі, папрасілі выйсьці і правялі ў аўтазак.
У мяне няма знаёмых сілавікоў. Мне здавалася, што людзі, якія чыняць гэтае пекла, зусім не адэкватныя. Але калі мяне прывялі ў РУУС, я пачала гутарыць з супрацоўнікамі — яны маладыя хлопцы, сымпатычныя. Хіхікалі, жартавалі. Пасьля гэтага ў мяне было поўнае неразуменьне сытуацыі. Чым яны кіруюцца, яны ж быццам нармальныя людзі?
І гэта максымальна брыдка, што табе ў твар усьміхаюцца, а пасьля пратакольчыкі штампуюць.
У РУУС шмат пабітых хлопцаў было. Адзін на падлозе ляжаў — чаравікі ў розныя бакі разьляцеліся, міліцыянты пераступалі празь яго. А ты ніяк дапамагчы ня можаш.
Калі я ў турме сядзела, чытала Рэмарка, і там у яго была падобная думка пра фашыстаў: здавалася, яны павінны быць псыхамі, а насамрэч гэта тыя ж людзі, якія ўчора былі бухгальтарамі і старанна выконвалі свае працоўныя абавязкі, пераправяралі паперы, а назаўтра з гэткай жа дакладнасьцю сталі забіваць людзей.
Самым цяжкім выпрабаваньнем для мяне быў суд. Разуменьне таго, што ты невінаваты, а табе могуць прыпаяць усё, што захочуць. Адчуваньне поўнай немагчымасьці паўплываць на сытуацыю, апраўдаць сябе, даказаць відавочнае. Гэта з аднаго боку. А з другога — абурэньне: як гэтыя людзі маюць сьмеласьць так судзіць? Яны ж бралі на сябе абавязкі сумленна расьсьледаваць справы!
Мне прад’явілі непадпарадкаваньне, хоць мяне нават не вялі пад ручку. У пратаколе напісалі, што я ўпіралася нагамі-рукамі, хапалася за міліцэйскую форму. За гэта на судзе далі 10 сутак. Яшчэ 15 — за сам удзел у акцыі. У выніку 25, але па нейкіх іхных падліках 5 сутак скасавалі. Пакуль сядзела, я ня ведала ніводнай дзяўчыны, якой далі б столькі ж за першы раз.
У самім ізалятары не было цяжка. Ты разумееш: о’кей, ёсьць пэўны тэрмін, трэба адседзець, — і арганізм ужо працуе на тое, каб зрабіць час знаходжаньня ў турме максымальна лёгкім і карысным. Гэтаму вельмі спрыяюць людзі, якія побач. Як правіла, гэта найлепшыя людзі краіны. Добрае месца для нэтворкінгу, калі ўлічваць, што аднаму з дырэктараў Epam далі тэрмін. Я б вось вельмі хацела правесьці ў закрытым памяшканьні 15 дзён з дырэктарам Epam.
Думаю, супрацоўнікі турмы ў захапленьні ад таго, што сядзіць столькі дзяўчат. Яны ж прывыклі працаваць са спэцкантынгентам, а тут усе жанчыны прыгожыя, дагледжаныя. Не ў захапленьні яны толькі, што працы прываліла.
Я люблю адукацыю, сама выкладаю курсы дызайну. У камэры ў нас былі ўрокі сьпеваў (дзяўчына, якая ў філярмоніі працуе, вучыла правільна сьпяваць «Пагоню»), ангельскай мовы, мы займаліся фэйсфітнэсам, спортам, чыталі шмат кніг, гулялі ў мафію.
Самы круты досьвед — тое, што я сядзела з Натальляй Дулінай, найлепшай выкладчыцай італьянскай мовы ў краіне. Я з нуля вучыла мову. Зубрыла на нарах канспэкт, бо разумела: са мной дацэнт займаецца, я ж не магу несур’ёзна паставіцца да пытаньня. Ты выціскаеш усё, што можаш, з гэтай сытуацыі.
На трэці дзень мне сьніліся вустрыцы з шампанскім. Калі сур'ёзна, то мне пашанцавала, што я ем мяса і рыбу. Я люблю, каб стравы выглядалі эстэтычна прыгожа, але я ж разумела, што я ў турме. Калі прыходжу ў рэстаран, у мяне ёсьць нейкія чаканьні, калі гатую дома — таксама. Тое ж самае тут — для турмы было супэр, ніякіх прэтэнзій. Асабліва ў дзень перадач. Дзяўчына адна, калі вызвалялася, жартавала: «Халера, не хачу сыходзіць, у мяне гола ў халадзільніку, а тут каўбасы, арэхі».
Умовы вельмі моцна залежаць ад камэры. Я ў Баранавічах была ў трох, і ў кожнай сваё стаўленьне, свая атмасфэра. Такое адчуваньне, што ў трох розных турмах пасядзела. У першых дзьвюх камэрах вадзілі гуляць штодзень, у апошняй — ні разу. Душ быў раз на тыдзень, але нам часам давалі кіпяцільнік і можна было памыць галаву.
Прыбіральня без унітаза, атмасфэра жабрацтва… Але ў Баранавічах прыгожая турма, дзьверы ў камэры з аркай — там можна здымаць фільмы. Гм, такое адчуваньне, што мне спадабалася… Не, мне не спадабалася! Вяртацца я не хачу. Проста гэта ўласьцівасьць чалавека — абстрагавацца ад нэгатыву і канцэнтравацца на пазытыўных момантах.
На выхад я зьбіралася ў гуморы. Спачатку бровы падвяла алоўкам, потым шарыкавай асадкай стала праводзіць стрэлкі. Тут заходзіць супрацоўнік: «Усё, пара». А ў мяне другая стрэлка недарысаваная. Кажу: «Пачакайце, я яшчэ не нафарбавалася!» Гэта была субота.
Я думала: так, надзяваю самыя высокія абцасы, міні-спадніцу — і на тэхна-паці. Мяне сустракаюць сябры, бацькі, мы едзем дадому. І тут яны расказваюць, што забілі Рамана Бандарэнку. Мяне гэта выбіла з каляіны, увесь настрой сышоў на нішто.
На гэтым мая гісторыя ня скончылася. Пасьля да мяне ў крымінальнай справе прыйшлі зь ператрусам. Гэта псыхалягічна падрывае, бо дома ты звычайна адчуваеш сябе ў бясьпецы, гэта на вуліцу баісься выйсьці. А калі пачынаюць прыходзіць у кватэру, гэта вельмі моцна цісьне.
Ня ведаю, як мяне зьмянілі гэтыя 20 сутак, патрэбен час, каб усё ўсьвядоміць. Але калі я выйшла, расказвала, што сядзець ня страшна — страшна жыць у гэтай краіне. У турме ў цябе інфармацыйны дэтокс. І там шмат хто казаў, што сеў у дэпрэсіі, а выходзіў без. А як ты можаш быць не ў дэпрэсіі, калі кожны дзень чытаеш навіны і там сапраўднае пекла?“
„Людзей з «плошчы Пераменаў» моцна білі і пазначалі фарбай“
Яўген Атцецкі, фатограф, Менск:
„Некалькі фактаў пра маё нядзельнае затрыманьне 15 лістапада:
1. На адрэналіне ўдар дубінкай па назе і ўдар у твар не здаваліся асабліва балючымі. На наступны дзень баліць усё цела, зводзіць ногі.
2. Мяне затрымлівалі вэвэшнікі, вельмі маладыя. У аўтазаку размаўляюць мацюкамі, суцэльныя пагрозы. Сьцьвярджаюць, што займаюцца выхаваньнем.
3. Я ехаў у шэрым аўтазаку, нас было 36 чалавек, большая частка людзей ляжала на падлозе адзін на адным уніз тварам. У гэтым становішчы вельмі цяжка дыхаць. У аднаго хлопца прыхапіла сэрца. Яго вынесьлі на вуліцу. Астатнія трывалі да канца. Тым, хто заходзіў пазьней, даводзілася таптацца па людзях, каб заняць сваё месца.
4. Сам працэс затрыманьня падобны на паляваньне. Прыяжджаюць грузавікі з салдатамі — і пачынаецца спрынт. Яны бягуць натоўпам за людзьмі. Людзі ўцякаюць. Хто не пасьпеў або зазяваўся, таго затрымліваюць, часта з гвалтам. Ты вораг, для іх гэта само сабой.
5. Вельмі непрафэсійна заламалі руку, балюча на ўсёй дыстанцыі, а прайсьціся мне давялося нямала.
6. У аўтазаку салдаты шмат кпяць, што «Мы з Расеі, мы з Украіны, мы ж атрымліваем тысячы даляраў». Мабыць, нічога не атрымліваюць.
7. З маіх назіраньняў, задача АМАПу, у першую чаргу, — палохаць і расьсейваць (затрыманьні адзінкавыя і паказальныя). Масавыя затрыманьні пачынаюцца, калі падганяюць транспарт (аўтазакі).
8. Усіх пратэстоўцаў прынята называць змагарамi (ужываецца ў прыніжальным ключы). Калі я заявіў аднаму мянту ў РУУС, што я ў першую чаргу грамадзянін, ён аж пакрывіўся.
9. У Цэнтральным РУУС размаўлялі ў асноўным ветліва, нікога ня білі. Сумняваюся, што там заўсёды гэтак, але 15 лістапада было.
10. Нас прывезьлі каля 14-15 гадзін, а адпусьцілі каля 5-й раніцы, у РУУС я правёў прыкладна 14-15 гадзін. Ваду можна было піць з крана ў прыбіральні; пра ежу, вядома, размова не ішла. Я быў адзін зь нешматлікіх, у каго не канфіскавалі асабістых рэчаў. У заплечніку ў мяне былі банан, плітка шакаляду і бутэлька вады.
11. Ва ўсіх у пратаколах сьведкам запісаны адзін і той жа выдуманы чалавек Іваноў Іван Іванавіч.
12. Для пратаколу я заявіў, што выйшаў на вуліцу выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Мяне спыталі, супраць чаго. Я адказаў: «Супраць празьмернага гвалту з боку праваахоўных органаў». Жанчына, якая дапытвала мяне, зьдзівілася. «Ужываньне гумавай дубінкі афіцыйна дазволена», — парыравала яна. Падобна, што яны не разумеюць, што такое нематываваны гвалт. Ці ён для іх норма.
13. Крыху пазьней у РУУС пачалі прывозіць людзей з «плошчы Пераменаў». Іх затрымліваў АМАП. Многіх моцна білі і пазначалі фарбай. Памятаеце, Балаба ў сваёй палымянай прамове там запрашаў людзей у аўтазакі, абяцаючы бясьпеку. Вось такая бясьпека.
14. Для таго, каб не папасьціся, трэба трымаць добрую дыстанцыю і не пераставаць бегаць. Салдаты, і асабліва АМАП, могуць разьвіваць вельмі добрую спрынтарскую хуткасьць, улічыце гэта. Ацэньвайце адэкватна сваю фізычную форму.
15. Сярод затрыманых людзі рознага ўзросту і клясаў. Сярод тых, каго апытвалі (прынамсі каля мяне), амаль не было беспрацоўных.
16. У РУУС бяруць адбіткі пальцаў і фатаграфуюць вас з усіх бакоў. Цяпер вы ў базе.
17. Мянты адчуваюць сябе ў РУУС у поўнай бясьпецы. Для іх нядзеля — дадатковая працоўная нагрузка. Бліжэй да 5-й раніцы прыйшоў начальнік і многім супрацоўнікам даў адгул. Некаторыя радаваліся, як дзеці.
18. У РУУС сустрэў усіх ціхароў і мянтоў, што бывалі на «плошчы Пераменаў». Некаторыя зь іх мяне пазнавалі. Перад тым, як адпусьціць, мне паведамілі, каб я не набліжаўся да стужак, інакш на мяне павесяць усе штрафы з «плошчы».
Цяпер я дома, ачомваюся. Калі суд, невядома. Дапамога пакуль не патрабуецца. Дзякуй за вашу падтрымку, яна велізарная і неацэнная!“
„Ахоўнік сказаў: «Як выйдзеце на волю, раскажыце, што тут з вамі рабілі»“
Андрэй Х. (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі):
„8 лістапада а 13 гадзіне на пешаходным мосьце, які злучае гандлёвы цэнтар «На Нямізе» і McDonald’s, я разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг і вітаў ім машыны. Мне ў той дзень нездаровілася. Ноччу кепска спаў. Праз гадзіну вырашыў сысьці, бо маё самаадчуваньне пагоршылася. Дужа забалеў страўнік. З паўгадзіны яшчэ пастаяў каля самога «МакДональса»...
На вуліцы Раманаўская Слабада зь мікрааўтобуса выскачылі людзі ў чорным, у балаклавах. Мінакі сталі разьбягацца. Наўцёкі кінуўся і я. Забег разам з трыма хлопцамі ў завулак, які аказаўся тупіком. У ім нас затрымалі. Я падняў рукі і сказаў амапаўцу, што не супраціўляюся. Ён падазваў мяне, заламаў рукі за сьпіну і сагнутым павёў. Дарогаю пытаўся, ці кідаў я камяні. Адказаў, што не. Мяне ня білі, але бачыў, як аднаго хлопца б’юць каленам...
Завялі ў аўтазак, загадалі легчы тварам у падлогу. Там ужо быў адзін схоплены. Рукі за сьпінай сьцягнулі плястмасавай сьцяжкай. Забралі мабільныя тэлефоны. Амапаўцы выпытвалі ў затрыманых, дзе камяні і «кактэйлі Молатава». Чуў гукі ўдараў і стогны. Мне пашанцавала зноў, мяне ня білі.
Перасадзілі ў іншы аўтазак, з «стаканамі». Амапаўцы хацелі запхаць у перапоўненую каморку, але ім гэтага не ўдалося. Запхнулі ў другую, з чатырма зьняволенымі. Амапавец адчыніў акно ў «стакан» і намаляваў кожнаму з нас нешта на лбе маркерам. Патлумачыў, што мы кідаліся ў міліцэйскія машыны камянямі і нам «сьвеціць» крымінальная справа...
Было душна. Пот ліўся ручаём. Адзін хлопец сказаў, што яго білі па галаве, а ён хворы на эпілепсію…
У Цэнтральным аддзеле міліцыі загадалі стаць тварам да сьцяны. Каля яе ўжо было з два дзясяткі чалавек. Праз паўгадзіны завялі ў сам будынак і каля сьцяны ў калідоры трымалі гадзінаў шэсьць. Дзяўчатам далі пасядзець. У пратаколе напісалі, што я ішоў у групе людзей і выкрыкваў лёзунгі. Яго не падпісаў, бо гэта была няпраўда…
Блізу чацьвёртай ночы мяне і яшчэ дзясяткі два зьняволеных, сярод якіх былі чатыры дзяўчыны, павезьлі ў Жодзіна. З намі ехаў кікбаксэр Іван Ганін ды мнагаборац Андрэй Краўчанка. Для дзяўчат зрабілі палёгку: ім ня сьцягвалі рукі сьцяжкамі. Амапаўцы падзяліліся зь імі круасанамі і сокам. Дарогаю нам забаранялі спаць і страшылі, што інакш будзем стаяць…
У жодзінскай вязьніцы пад ногі зьняволеным разаслалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Мне было сорамна за тых, хто кінуў наш старажытны сьцяг пад ногі зьняволеным. Пакуль надзяваў маску, далі ў карак і загадалі шпарчэй рухацца. Паставілі да сьцяны тварам. Адзін з супрацоўнікаў хадзіў за сьпінамі. У ягоных руках была гумка, якую ён расьцягваў і «страляў» па сьцёгнах зьняволеных. Было балюча і прыніжальна…
У калідоры на загад ахоўнікаў ішлі паўпрысядам («гуськом», як яны называюць). Потым загадалі прысядаць на месцы. Ахоўнік дручком біў тых, хто, на ягоную думку, практыкаваньне выконваў кепска. Івану Ганіну ўдарылі ў жывот. Найбольш перападала першаму ў шэрагу. Гэта быў мужчына гадоў пяцідзесяці. Яго біў адзін і той жа ахоўнік.
Прыселі разоў сто пяцьдзясят. Прысяданьні чаргавалі зь перасоўваньнем упрысядкі. З такога становішча загадвалі скакаць. Мужчына, якога білі пастаянна, ня вытрымаў і паваліўся. Каб заставацца на нагах, зьняволеныя адзін аднаго падтрымлівалі. Нас прымушалі поўзаць па калідоры і прыступках. Ад поту адзежа была мокрая. Ногі ня слухаліся і трэсьліся. Перагаворвацца забаранялі...
Ахоўнік, які найбольш лютаваў, сказаў: «Як выйдзеце на волю, раскажыце, што тут з вамі рабілі».
У першую маю камэру на шэсьць месцаў кінулі 21 чалавека. Мне было кепска. Я прылёг на жалезныя нары, хлопцы намачылі майку, якую я паклаў на галаву. Паспаўшы гадзіны дзьве, крыху акрыяў. У 19 гадзінаў пакармілі.
У другой камэры, таксама на шэсьць ложкаў, было 12 чалавек. Ложкі без пасьцельнай бялізны і матрацаў. Спалі па чарзе. Я заснуў, седзячы за сталом. Удзень спаць забаранялі.
На трэці дзень быў суд. Судзьдзя сядзела за сталом, як настаўніца. Сакратарка пісала пратакол на каленках. Сьведка быў адзін на некалькі чалавек з нашай камэры, якіх схапілі на розных вуліцах Менску. З пратаколам я не пагадзіўся, і мне далі 10 сутак.
Увечары камэра стала больш прасторнай. Адпусьцілі інваліда 2-й групы. Яго аштрафавалі. З намі сядзеў 60-гадовы падпалкоўнік у адстаўцы. Ваяваў у Аўганістане. Яму стала кепска, і яго забралі ад нас. Прынесьлі матрацы і шэсьць камплектаў пасьцельнай бялізны на 11 чалавек. Спалі па чарзе. На пяты дзень вывелі на 10-хвілінную прагулку. Кармілі тры разы на дзень. Ад турэмнага хлеба балеў страўнік.
Толькі на шосты дзень кожны з нас атрымаў асобны ложак. У камэры адзін аднаго падтрымлівалі. Апавядалі жыцьцёвыя сытуацыі. Ахоўнікі нэрвова рэагавалі на сьмех. Загадвалі цішэй паводзіць сябе. Стаўленьне ахоўнікаў да нас залежала ад зьмены. Папрасілі неяк туалетнай паперы, дык прынесьлі праз два дні.
Безумоўна, у зьняволеньні мы перажылі зьдзек з чалавечай годнасьці. Нас зьневажалі, каб адбіць жаданьне пратэставаць. Яны не дасягнулі сваёй мэты, бо тыя, з кім я сядзеў, засталіся верныя ідэі дамагчыся пераменаў у Беларусі“.
„Ці сувымернае пакараньне з тым, што мы зрабілі?“
Аляксандар Мініч, лекар-анкаўроляг:
„У пачатку лістапада насупраць 1-й лякарні ў цэнтры Менску затрымалі некалькі дзясяткаў мэдыкаў, і мяне ў тым ліку. На судзе загадчык маёй лябараторыі ў РНПЦ Аляксандар Ралевіч сказаў, што я адзіны і спрактыкаваны ляпараскапічны хірург і, калі я буду знаходзіцца ў зьняволеньні, мяне ня будзе кім замяніць. Аднак судзьдзя Настасься Ачалава выпісала мне 13 сутак, на якіх я заразіўся каранавірусам і выпаў з мэдыцыны яшчэ на два тыдні.
Ляпараскапічныя апэрацыі ў нашым аддзяленьні пачалі рабіць гадоў 20 таму. У ляпараскапіі лекар дасягае патрэбнага выніку пры меншым разрэзе, у выніку чалавек хутчэй аднаўляецца. Тэхнічна гэтыя апэрацыі больш складаныя і патрабуюць ад хірургаў адмысловых навыкаў.
Мяне затрымалі ў суботу, а ў панядзелак я павінен быў праводзіць ляпараскапічнае выдаленьне ныркі цяжарнай пацыентцы. З бусіка, пакуль у нас яшчэ не забралі тэлефоны, я патэлефанаваў калегу і папрасіў у выпадку неабходнасьці мяне замяніць. Калега справіўся. Не скажу, што гэта была нейкая супэрскладаная апэрацыя, але ў нас такое рабілі ўпершыню. І, калі б нешта ішло ня так, у мяне было б больш досьведу, каб выйсьці зь нестандартнай сытуацыі.
За 13 дзён я пасьпеў зьмяніць тры адрасы. Пабываў і ў ІЧУ на Акрэсьціна, і ў Магілёве, і ў СІЗА ў Жодзіне. Нічога жахлівага ў турме са мной не адбывалася.
У камэру на Акрэсьціна мы заехалі групай дактароў: шэсьць чалавек на шэсьць ложкаў. Нам далі матрацы і падушкі. Пасьцельнай бялізны ня выдалі, затое ў кране была гарачая і халодная вада. Пазьней мяне перавялі ў трохмясцовую камэру, і таксама з дактарамі. Жорсткасьці да нас ніхто не праяўляў, але ж трэба было выконваць правілы: днём матрацы павінны быць скручаныя, ляжаць на шконцы нельга, пры выхадзе на калідор стаяць тварам да сьцяны з рукамі за сьпінай.
У Жодзіне я спачатку трапіў у камэру на 8 чалавек. Мужчын тут, праўда, было 14. Потым мяне перасялілі ў больш камфортныя ўмовы: у камэру, дзе нават з маім прыходам заставаліся свабодныя ложкі.
У адрозьненьне ад першай камэры, тут былі ежа, кнігі, горы туалетнай паперы, сродкі гігіены. Для сябе я так і не зразумеў, як у адзін час у адным месцы могуць быць дзьве настолькі розныя камэры. Дарэчы, у Жодзіне кожную раніцу дзьве гадзіны гралі патрыятычныя песьні кшталту «Любімую не аддаюць». Я ставіўся да гэтага спакойна, але многія ўспрымалі гэта як катаваньні.
Усе, з кім я знаходзіўся за кратамі, былі «палітычнымі». У Магілёве, калі зайшоў у камэру, нехта з хлопцаў пажартаваў: «Заўсёды хацеў зь лекарам пасядзець». Тут жа здарыўся адзін кранальны момант. Некалькі мужчын атрымалі лісты ад незнаёмых дзяўчат з Магілёва. Мабыць, тыя даведаліся іх прозьвішчы са сьпісаў арыштаваных і вырашылі перадаць словы падтрымкі.
З усіх супрацоўнікаў, зь якімі мы сутыкаліся, пэрсанал магілёўскай турмы быў самым карэктным. Тут нас упершыню звадзілі ў душ і кожны дзень выводзілі на шпацыр.
У турме я захварэў. Ад каго заразіўся, дакладна ня ведаю. Пяцёра маіх сукамэрнікаў былі прастыўшы. У некалькіх зь іх у нейкі момант прапаў нюх.
Сваякі на ўсялякі выпадак перадалі мне гарачкапаніжальнае. Лекі нам на рукі не аддавалі, таму я прасіў ахоўнікаў прыносіць мне мае ж таблеткі. Дарэчы, у турме ёсьць правіла, што ў камэры аднаму заставацца нельга: ці выходзім усе, ці ніхто. У адзін дзень, калі мяне пачало трэсьці і знаходзіцца на вуліцы мне было б некамфортна, сукамэрнікі таксама адмовіліся ад прагулкі.
Вызваліўся 20 лістапада. ПЦР-тэст паказаў, што ў мяне COVID-19 — і на два тыдні я адправіўся на бальнічны.
На пратэсты выходзяць далёка ня ўсе лекары. У асноўным тыя, хто гатовы гаварыць, — гэта запатрабаваныя прафэсіяналы. Людзі, якія былі на стажы за мяжой, разумеюць, як павінна быць уладкаваная мэдыцына, і хочуць нешта зьмяніць. Я не належу да тых дактароў, якія зь дзяцінства марылі працаваць у мэдыцыне. У 1991-м я канчаў школу. Якраз была перабудова, мы думалі, што неўзабаве зажывём, як за мяжой, а якія прафэсіі там самыя высокааплатныя? Юрысты і лекары. Вучыўся я добра, і бацькі параілі мне ісьці ў мэдычную ВНУ. Тады мы не чакалі, што зноў апынёмся ў Савецкім Саюзе, дзе лекару плаціць ня трэба. Але гэта здарылася, і мы працягнулі так жыць. А сёлета ў нас упершыню зьявіўся шанец нешта зьмяніць, у тым ліку і ў мэдыцыне.
Так, я падпісаў ліст мэдыкаў супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў. Яго падпісалі некалькі тысяч чалавек. Публікацыю пра гэта зрабіў телеграм-канал «Белыя халаты». Пазьней, мабыць, за гэты подпіс мяне «прапясочылі» на сайце пра «шалапутных дзяцей айчыны, якія пераабуліся». Нібыта радзіма нас выхавала, дала нам усё, а мы, злыдні, ёй здрадзілі. Дарэчы, на ўсе свае стажы — а іх былі дзясяткі — ад дзяржавы я не атрымаў ніводнага рубля. У мэдычных колах з гэтага сайту ўсе сьмяяліся і называлі яго дошкай гонару.
Ня думаю, што да лекараў трэба ставіцца неяк інакш, чым да іншых людзей. Мірна выходзіць на вуліцу, каб паказаць сваю нязгоду — гэта наша канстытуцыйнае права. Калі з пункту гледжаньня цяперашняй улады гэта парушэньне закону, добра, мы гатовыя адказаць. Але ўзьнікае пытаньне аб выбары меры пакараньня. Яна вагаецца ад папярэджаньня да максымальных 15 сутак. Ёсьць варыянт прызначыць штраф. Навошта тады ізаляваць ад працы тых, хто служыць на карысьць грамадзтва? Ці сувымерна гэта з тым, што мы зрабілі? Мне здаецца, не.
Атрымаўшы дыплём, я працаваў уролягам. Так здарылася, што ў 2011 годзе ў выніку сур’ёзнай хваробы ў мяне ледзь не загінуў брат. Дзякуючы дапамозе сяброў мы змаглі адправіць яго ў Ізраіль. Мы з мамай паехалі зь ім, каб суправаджаць яго. Ведаючы на добрым узроўні ангельскую, у Ізраілі я пазнаёміўся з калегамі-ўролягамі, якія маюць вялікую практыку ляпараскапічных апэрацый. Цягам чатырох месяцаў знаходжаньня ў Ізраілі я змог пастажавацца ў ляпараскапічнай уралёгіі ў чатырох клініках. Пазьней, вярнуўшыся ў Беларусь, стаў выкарыстоўваць новыя веды. Пры гэтым працягваў вывучаць асаблівасьці ляпараскапічных апэрацый: стажаваўся ў іншых краінах, у тым ліку і ў Ізраілі.
Не магу сказаць, што я глыбокі патрыёт, але, калі з маім братам здарылася бяда, дадому я вярнуўся з дакладным разуменьнем: я хачу зрабіць мэдыцыну ў Беларусі лепшай. Хоць бы на тым адрэзку, куды дацягнуцца мае рукі. І я рады, што мае калегі і кіраўніцтва мяне ў гэтым падтрымліваюць“.
„Прапаршчык Яндола запрасіў за накаўт ад мяне 15 000 рублёў“
Аляксей Кудзін, чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу, Маладэчна:
„9 жніўня я, як шмат хто з жыхароў нашага гораду, прыйшоў на цэнтральную плошчу, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю па выніках праведзеных выбараў, якія сфальсыфікавалі.
На плошчы перад людзьмі стаялі супрацоўнікі гарадзкога РАУС. Іх было чалавек 30. Яны проста моўчкі стаялі, таму што перад імі было некалькі тысяч чалавек. Калі людзі ўжо сабраліся разыходзіцца, прыехалі машыны з АМАПам. І тады пачалося тое, чаго я за свае 35 гадоў яшчэ ня бачыў. Як толькі прыехала падмацаваньне, у супрацоўнікаў маладачанскага РАУС раптам зьніклі страх і дрыжыкі ў каленках. Яны адразу кінуліся на людзей. Сталі іх хапаць і біць. Я бачыў, як у бок людзей паляцелі шашкі з газам. Былі чуваць выбухі ад сьвятлашумавых гранат. Усе пачалі разьбягацца. Было цёмна, людзі разьбягаліся ў паніцы. Я не пабег, а спакойна накіраваўся ў бок дома са сваім сябрам.
Калі мы ўжо амаль сышлі з плошчы, я ўбачыў, што ў мой бок бягуць некалькі супрацоўнікаў. Яны крычалі: «#### [разышліся] па дамах, сукі». Я зрабіў крок ім насустрач і сказаў, каб назвалі званьне і прозьвішча. Тры ці чатыры рэзка разьвярнуліся і пабеглі ў іншы бок, а той, які крычаў матам, спыніўся за некалькі мэтраў ад мяне і сказаў, што я паважаны чалавек у горадзе і мне лепш ісьці дадому. Я яшчэ раз папрасіў яго назвацца, але ён павярнуўся і ўцёк.
Па дарозе дадому пэрыядычна мне на вочы трапляліся супрацоўнікі са шчытамі. Яны беглі на мяне, але за некалькі мэтраў разварочваліся або проста мянялі траекторыю. Ці то пазнавалі мяне як спартоўца, ці то ім станавілася некамфортна пры выглядзе таго, хто магутнейшы і большы за іх. Мабыць, спрацоўваў інстынкт самазахаваньня. Дадому я прыйшоў з выразным разуменьнем, што так нельга, што трэба нешта мяняць. І што заўтра я зноў пайду выказваць сваю пазыцыю супраць фальсыфікацыі і гвалту.
Каля сямі вечара 10 жніўня я выйшаў са свайго дома. Я жыву ў прыватным сэктары і да плошчы дабраўся хвілін за 40. Там ужо было вельмі шмат людзей. Убачыў шэраг салдат у ахоўнай форме са шчытамі і дубінкамі ў руках. А перад імі на каленях 15-20 чалавек, якія нешта ім казалі. Я падышоў бліжэй да фантана, які знаходзіцца перад плошчай, і пачуў што людзі просяць салдат ісьці адтуль і нікога не чапаць. Пазьней я даведаўся, што гэта былі салдаты ўнутраных войскаў вайсковай часткі 6713, якая месьціцца ў Бабруйску. Менавіта гэтыя хлопцы ахоўваюць ПК-2 у тым горадзе.
Каля фантана сустрэў сяброў і знаёмых. Мы сталі абмяркоўваць учорашнія падзеі і паралельна назіралі за тым, што адбываецца на плошчы. Шмат хто казаў, што АМАП ужо хапаў людзей, якія рухаліся ў бок плошчы, каб ня даць сабрацца. Празь некалькі хвілін пасьля таго, як я падышоў да фантана, салдатам была дадзена каманда выціскаць людзей. Тых, хто стаяў на каленях, сталі падымаць і цягнуць у аўтазак. Хто не хацеў уставаць, білі дубінкамі. На маіх вачах аднаму хударляваму мужчыну двое салдат нанесьлі некалькі моцных удараў па сьпіне. Ён нават не пасьпеў падняцца. Яго ўзялі пад рукі і проста павалаклі. Нейкая частка мяне разумела, што трэба сыходзіць, але іншая частка казала, што мы ж мірна стаім. Ніхто нічога не скандуе, не праяўляе агрэсіі да сілавікоў. І тады я спытаў сябе: чаму я, чалавек, які прынёс краіне столькі мэдалёў найвышэйшай пробы, павінен уцякаць ад нейкіх «вертухаяў» з дубінкамі?
Нечакана шэраг салдатаў апынуўся перада мной на адлегласьці пары мэтраў. Яны ссунулі шчыты і былі ў баявой гатоўнасьці. Людзі побач са мной паднялі рукі і сказалі, што проста мірна стаяць. Я зрабіў крок насустрач салдатам і таксама падняў рукі, паказаўшы, што ў мяне нічога няма. У тую ж сэкунду ззаду шэрагу зьявіўся салдат і распыліў у мой бок струмень газу з балёнчыка. Я пасьпеў адхіліцца, павярнуўся бокам і хацеў адысьці, але адчуў удар дубінкі ў вобласьць галавы і шыі. Як пасьля мне сказалі тыя, хто стаяў ззаду і збоку ад мяне, біў прапаршчык Канстанцін Яндола. Я разьвярнуўся да яго тварам, вырваў шчыт у яго з рук і на аўтамаце нанёс яму добрую поўху тыльным бокам далоні ў вобласьць шлема. У той самы момант я адчуў яшчэ адзін удар па галаве дубінкай. Цяпер ужо зь левага боку. Я ўбачыў, што гэта супрацоўнік у іншай амуніцыі. Ён быў увесь у чорным і даволі рослы. Калі ён замахнуўся зноў, я паднырнуў пад дубінку і ўдарыў яго. Спрабуючы вырвацца з гэтага ланцуга, разьвярнуўся ў правы бок, але насустрач мне рухаўся яшчэ адзін супрацоўнік, ён ужо замахваўся дубінкай. Пазьней я даведаўся, што гэта быў падпалкоўнік ГУБАЗіК Андрэй Зорын. Я адштурхнуў яго левай рукой і хацеў сыходзіць, але мне зноў прыляцела дубінкай у сьпіну. А калі павярнуўся, убачыў яшчэ аднаго супрацоўніка ў чорным, які спрабаваў выцяць мяне дубінкай. Я зноў ухіліўся і ўдарыў яго. Пасьля чаго павярнуўся ў бок парку і пабег, але на маім шляху зьявіўся яшчэ адзін супрацоўнік у чорнай амуніцыі без апазнавальных знакаў. Ён зрабіў узмах дубінкай, але я ўдарыў далоньню пад шлем і ён упаў.
Я адбег у парк мэтраў 200 ад плошчы і там сустрэў сваіх сяброў і знаёмых. Усе былі ў зьдзіўленьні, навошта ў нас было распыляць газ і пачынаць біць? Людзі ж проста стаялі, нічога не скандавалі. У нас нават не было нацыянальнай сымболікі. У мяне крыху балела галава і гарэла сьпіна. Зьняў майку і папрасіў хлопцаў паглядзець, што там. Хлопцы ачмурэлі — сьпіна была спаласаваная. А я ў стане афэкту нават і не адчуў, калі яны пасьпелі столькі разоў пацэліць.
Мы яшчэ крыху пастаялі ў парку, а затым убачылі, як у наш бок накіроўваецца шэраг сілавікоў. Яны зайшлі ў парк, спыніліся мэтраў за 50 і злучылі шчыты. Мы адышлі трохі назад, але яны зноў наблізіліся роўна на столькі, на колькі мы адышлі. Потым, з крымінальнай справы, я даведаўся, што сваімі поўхамі накаўтаваў пару супрацоўнікаў, у тым ліку прапаршчыка Яндолу, з удару якога ўсё і пачалося. Калі б ня ён, я проста адышоў бы назад і нічога гэтага не было.
Менавіта таму салдаты ўнутраных войскаў спрабавалі мяне выбавіць з парку, каб затрымаць і як мае быць пабіць. Калі мне зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт, мне напісаў адзін салдат, які служыў у нашай частцы. Ён расказаў, што ў той вечар гэтыя салдаты прыйшлі ў разьмяшчэньне вельмі ўзлаваныя. Нядобра лаяліся ў мой адрас. Казалі, што калі б яны мяне тады злавілі, забілі б ці пакалечылі.
Тым ня менш мне ўдалося трапіць дадому. Галава моцна балела — на ёй былі гематомы ад удараў дубінкамі. Дома нікога не было, я ўзяў з паліцы ключы ад машыны і вырашыў ехаць у лякарню, каб зрабіць КТ. Боль у галаве мяне вельмі непакоіў.
Як даведаўся пазьней, за мной ужо сачылі. Нават выклікалі СОБР, каб затрымаць. Мабыць, у мясцовых сілавікоў не хапіла духу мне проста патэлефанаваць і сказаць, што пры маёй самаабароне пацярпелі супрацоўнікі. Мой нумар выдатна ведаюць многія супрацоўнікі нашага РАУС. Старэйшы брат маёй жонкі (Царства яму Нябеснае) 22 гады адпрацаваў начальнікам фінансавага аддзелу міліцыі нашага гораду і раёну. Калі б мне ў той жа вечар патэлефанавалі з РАУС і паведамілі, што адбылося, то, паверце, я тут жа прыйшоў бы да іх і даў усе тлумачэньні. Тым больш ёсьць відэа, якое здымалі самі супрацоўнікі. Яны выдатна ведаюць, хто пачаў усю гэтую заваруху. Але яны вырашылі зрабіць паказуху і выклікалі СОБР.
Як толькі я ад'ехаў ад дому мэтраў 200-300, мне насустрач праехалі тры машыны з уключанымі маячкамі. Я і падумаць ня мог, што гэта да мяне. Спакойна зь імі разьмінуўся і накіраваўся ў бок лякарні. Але мэтраў за 300 да аддзяленьня на пешаходным пераходзе мяне падрэзалі і кінулі пад маю машыну сьвятлашумавыя гранаты. Вакол было шмат людзей, ім крычалі, што працуе СОБР. Я пасьпеў заблякаваць машыну, але шыба пярэдніх дзьверцаў была апушчаная. Калі два супрацоўнікі падбеглі да дзьверцаў, я падняў рукі і паклаў іх на руль. Спытаў, што здарылася, але замест адказу мяне пачалі біць кулакамі ў галаву. Адзін з удараў трапіў у скроневую косьць зь левага боку. Я стаў закрывацца рукамі, казаў, што цяпер спакойна выйду з машыны. Паспрабаваў адчыніць дзьверы, але мне не далі гэтага зрабіць і стрэлілі практычна ва ўпор тры разы з траўматычнага пісталета. Проста ў грудзі. Пасьля чаго я ўсё ж здолеў адчыніць дзьверцы і выйшаў з машыны. Удары дубінкамі не спыняліся. Калі я лёг на зямлю, адзін з супрацоўнікаў назваў мяне па імі і сказаў, што я «заваліў мянта». І таму ім далі каманду мяне жорстка затрымаць. Я яго адразу пазнаў. Зь Мішам, як і яшчэ парачкай байцоў СОБРу, мы разам трэнаваліся. Хлопцы цудоўна ведалі, каго едуць затрымліваць. Таму ім і давялі інфармацыю, што я нібыта кагосьці забіў. Хоць прапаршчык Яндола ўжо праз 40 хвілін пасьля маёй поўхі ачуўся. Ягонаму жыцьцю нічога не пагражала. Але органы вырашылі прынцыпова жорстка пакараць мяне.
Пасьля затрыманьня мяне даставілі ў РАУС і пасадзілі ў камэру. Аднаго. Былі думкі, што зараз будуць біць і помсьціць. Але з таго моманту да мяне ніводзін супрацоўнік ня ўжыў фізычнага ўзьдзеяньня. Нават у Жодзіне стаўленьне было паважлівае — у мой адрас не было сказана ніводнага грубага слова. Можа, зноў павага да спорту. Бо начальнік корпусу турмы давёў асабістаму складу інфармацыю аб тым, каго і за што да іх даставілі. Можа, гэта і адыграла нейкую ролю ў стаўленьні да мяне. Але тады, калі мяне толькі пасадзілі ў камэру, я даў сабе выразную ўстаноўку: будуць біць — буду біць у адказ, жорстка і бескампрамісна. І няхай будзе, што будзе. Рыхтаваўся да найгоршага сцэнару.
Цікава: адвакат расказала, што на наступны дзень пасьля майго затрыманьня каля РАУС сабралася шмат людзей, якія скандавалі: «Свабоду Кудзіну!» Але мяне на той момант ужо адправілі ў Жодзіна. Потым стала зразумела, што гэта зрабілі, каб зьняць рэзананс і каб у мяне пасьпела крыху загаіцца, бо адвакатка патрабавала правесьці незалежную экспэртызу майго стану здароўя — ён пагаршаўся. З ірванай раны на руцэ была відаць трубчастая косьць мезенца, галава пульсавала і балела, з трох адтулін ад куль на грудзях цякла кроў. У РАУС мяне везьлі, заламіўшы рукі за сьпіну. Я адчуваў, як пад нагамі хлюпае кроў. Жонка расказвала, што калі яна з маім малодшым братам забіралі машыну, салён увесь быў у крыві. Хлопцы з мыйкі, калі ўзялі яе на хімчыстку, думалі, што машына пасьля аварыі.
Актыўнічала і байцоўскае братэрства. Усе байцы сусьветнага ўзроўню — усё, хто мяне ведае, — падтрымлівалі, заступаліся. Посьцілі словы падтрымкі ў сацсетках, дапамагалі даваць максымальную агалоску маёй справе. Калі б гэтага не было, мяне б маглі і ня выпусьціць пад хатні арышт і канкрэтна б спакавалі. Ведаю, што многія хлопцы з фэдэрацыі, трэнэры таксама рабілі ўсё, што ў іх сілах.
На целе былі гематомы: адна вялікая ў вобласьці сэрца, на грудзях сьляды ад гумовых куляў. Адна куля трапіла ў мечаваты адростак, другая ў сэрца, а трэцяя —у цэнтар грудной клеткі. Прайшло ўжо чатыры месяцы, але боль у грудзях яшчэ застаўся. Акрамя таго, мне разарвалі мезенец да косткі — наклалі сем-восем швоў.
Некалькі разоў у камэры я зьяжджаў па сьценцы, пару разоў адключаўся. Было моцнае страсеньне, нудзіла і ўсё кружылася. Зьняў майку і абматаў ёю руку, каб хоць неяк спыніць кроў. Дзесьці каля гадзіны да мяне нават ніхто не прыходзіў. Хоць пад стольлю вісела камэра і на маніторы было відаць, што я зваліўся на падлогу. Ніхто нават не адчыніў дзьвярэй і не спытаў пра маё самаадчуваньне. Нават калі я падпоўз да дзьвярэй і пастукаў. Потым пачуў словы аднаго супрацоўніка пра мяне. Маўляў, чагосьці ён там валяецца. Тады дзьверы адчынілі; я сказаў, што вельмі моцна баліць галава і сэрца. Супрацоўнік нічога не адказаў і зачыніў дзьверы. Празь некаторы час я пастукаў яшчэ раз, але рэакцыі ніякай.
Затым дзьверы адчыніліся і на парозе камэры паўстаў падпалкоўнік Вадзім Прыгара, начальнік РАУС. Ён і кіраваў усімі дзеяньнямі сілавікоў у Маладэчне. Сам бачыў і чуў, як ён аддаваў загады біць і разганяць людзей. Ён спытаў мяне пра стан, я расказаў, і ён сышоў. Празь некаторы час прыехала «хуткая». Лекар адразу ж сказаў, што мяне трэба везьці на КТ і тэрмінова зашываць. Але супрацоўнікі не хацелі адпраўляць мяне ў лякарню. У выніку на месцы мне замералі ціск, перавязалі руку, раны на грудзях, зрабілі пару нейкіх уколаў і далі таблеткі. Але доктар сказаў: «Калі вам тут патрэбен труп, то я здымаю зь сябе адказнасьць». У выніку мяне пад канвоем адвезьлі ў лякарню.
Спачатку мяне вывелі праз цэнтральны ўваход РАУС, дзе я ўбачыў сваю жонку. Падміргнуў ёй і ўсміхнуўся, каб яна не перажывала. Толькі мяне пасадзілі ў машыну, як з аддзяленьня выскачыў нейкі нібы шалёны начальнічак і пачаў крычаць, што мяне трэба аформіць пад пратакол. Мяне зноў дасталі з машыны і вярнулі ў камэру. Потым зноў вывелі. Прышпілілі кайданкамі да супрацоўнікаў, выдалі ім зброю і накіравалі сьледам за намі яшчэ адну машыну суправаджэньня. У выніку са мной у лякарні было чалавек пяць міліцыянтаў і яшчэ некалькі на вуліцы. Суправаджалі, як мясцовага Пабла Эскабара :). У нечым нават было прыемна. Цяпер успамінаю з гумарам.
Пасьля працэдур у лякарні мяне вярнулі ў пастарунак, аформілі дакумэнты і пакінулі да раніцы ў ІЧУ. Ня мог спаць. У галаве ўсё кружылася, раны дзіка балелі... Раптам мяне вывелі з камэры і сказалі, каб я хутка падпісаў нейкія лісткі. Я падпісаў, не чытаючы, — ня той стан. Памятаю толькі, што на першым было напісана «Акт аб затрыманьні» ці нешта такое. Копіі далі ў камэру. Ужо пасьля, калі трошкі адпусьціла, я прачытаў паперы і зразумеў, што мне ўпіхнулі докі, дзе я прызнаю сябе вінаватым паводле артыкулу 364 КК. Кшталту я прыйшоў на плошчу і стаў біць супрацоўнікаў, якія міла стаялі і ахоўвалі грамадзян ад гвалту.
Паводле закону, я павінен быць праседзець у камэры да трох сутак, пасьля чаго мне мусілі прад’явіць абвінавачаньне, а пракурор павінен вызначыць меру стрыманьня. Але мяне начным этапам з 11 на 12 жніўня адправілі ў Жодзіна. А пасьля васьмі дзён там прывезьлі назад у Маладэчна і пачалі працаваць. У першы дзень са мной працаваў сьледчы. Была сустрэча і з «пацярпелымі», якім нават у вочы мне было сорамна глядзець. Яндола дык увогуле сядзеў паніклы і глядзеў на падлогу. Такое адчуваньне, што гэта ён быў пад вартай, а ня я. Падпалкоўнік Зорын дрыготкім голасам казаў, што ведаў мяне і ніколі ў жыцьці ня ўдарыў бы мяне дубінкай. Былі і яшчэ два сьведкі. Скажу, што гэта было вартае жалю відовішча — глядзець на «афіцэраў», як яны скардзяцца і ныюць дрыготкім голасам.
Салдат-кантрактнік, які прыйшоў на вочную стаўку, каб мяне апазнаць, надзеў бэйсболку і маску. І ўвесь час глядзеў у падлогу. Я ж глядзеў і ўсьміхаўся яму ў твар. Бачыў, як ён дрыжаў ад страху. Ён быў у майцы без рукавоў. Таму я бачыў, як па ягоных руках прабягала нэрвовая дрыготка. Я яшчэ тады падумаў: «Калі ты рабіў годную справу, разганяў наркаманаў і прастытутак, то чаго ж ты пад маскай?» А таму, што сцыкотна ў вочы глядзець! Я быў упэўнены ў сваёй праўдзе. Таму і глядзеў з усьмешкай.
Нават калі ў Жодзіне ў дворык выводзілі гуляць, я, ідучы калідорам (хто бываў, той ведае), напяваў розныя песьні і прыпеўкі. Канваіры яшчэ пыталіся, чаму мне так весела. Я ім нічога не казаў. Толку ім нешта тлумачыць. Я ведаў, што за мной праўда. Я прыйшоў мірна выказаць пратэст супраць гвалту і супраць такіх выбараў. Мяне ж «траванулі» газам, пачалі біць дубінкамі. І я як нармальны мужык даў адпор. Гэта была самаабарона. Я ведаў, што нікога спэцыяльна першым ня біў. І мне твар хаваць няма чаго. Нейкім баевіком або злачынцам я сябе не лічу.
На наступны дзень пасьля апісанай мною працы са сьледчым мяне зноў выклікалі на размову. Толькі гутарылі ўжо супрацоўнікі ГУБАЗіК. Абодва ў званьні падпалкоўнікаў. Адзін зь Менску, другі — наш, начальнік крымінальнай міліцыі Маладэчна. Скажу шчыра, абодва адэкватныя людзі. Ніякага ціску. Як я зразумеў з допыту, яны думалі, што я нейкі каардынатар і арганізатар руху за свабоду ў Маладэчне. Я, вядома, быў усьцешаны такой славай, але адказаў ім, што выйшаў сам. У мяне спыталі, ці ведаю я, якія сумы плацяць тым, хто выходзіць на акцыі. І тут я сказаў, што чуў пра гэта... Яны адразу напружыліся, а я дадаў, што чуў гэта ў СІЗА ад «прадольнага», які ходзіць па калідоры ізалятара. Яго імя я ўжо ня памятаю, але памятаю, як ён адкрыў «кармушку» і сказаў: «Дзецюкі, чулі, што ў Менску тым, хто ў першых шэрагах, плацяць па 200 даляраў. А ў Маладэчне — па 50 эўра». Шмат пыталі яны мяне і пра нашых фанатаў. Допыт доўжыўся каля трох гадзін. Пагаварылі па душах, карацей.
Затым да мяне прыйшоў падпалкоўнік або палкоўнік зь міліцыі ўласнай бясьпекі. Дакладней, мяне прывялі да яго. Я думаў, будзе дапытваць на тэму, як са мной абыходзіліся і чаму так жорстка затрымалі. А ён мяне давай дапытваць на палітычныя тэмы. І яшчэ спрабаваў казаць пра нейкіх зьвяроў, якія рвуцца да ўлады, пра тое, як у нас усё крута і добра ў краіне.
На чацьвёрты дзень знаходжаньня ў маладачанскім ІЧУ мяне зноў тузануў падпалкоўнік ГУБАЗіКу і сказаў, што магу выйсьці пад хатні арышт, але трэба зьняць відэа ў кабінэце начальніка і папрасіць прабачэньня. Сказаць, што не хацеў прычыняць шкоду супрацоўнікам, і папрасіць спартоўцаў ня біць іх. Ну і сказаць, што я не палітычны. Каб рэзанансу не было. І яшчэ адна ўмова выхаду — ніякіх інтэрвію, на акцыях не зьяўляцца. Тады артыкул 364 («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») памяняюць на 363.
Пайшоў у камэру, лёг... Думаў, казаць ці ўсё ж уперціся і ўзяць тэрмін. Але адказнасьць за сям'ю і дзяцей (іх у нас пяцёра) не дазволіла паказваць характар халоднай сыстэме. Падумаў, скажу мінімальна — і годзе. Відэа запісалі — і мяне назад у камэру. Запісалі ў 13:00, а ў 19:00 нічога не адбываецца. Думаў, падмануў падпалкоўнік. Але ў 19:20 адчыніліся дзьверы: «Кудзін, з рэчамі на выхад».
Потым мне сказалі, што неабходна пакрыць шкоду пацярпелым і што гэта можа паўплываць на ход маёй справы. Мы з адвакатам вырашылі, што кампэнсуем «шкоду». Праўда на нашым баку, а закон, на жаль, не. Прапаршчык Яндола запрасіў 15 000 рублёў за накаўт ад чэмпіёна сьвету, падпалкоўнік Зорын — 4000 рублёў за адколаты зуб. Хоць на вочнай стаўцы абодва крычалі, што яны афіцэры і ім грошай ня трэба. Яны афіцыйна падпісалі ўсе дакумэнты, што ня маюць прэтэнзій і шкода кампэнсаваная ў поўным аб'ёме. Я думаў, можа, справу закрыюць дзеля прымірэньня, але не — справу ўсё роўна давялі да суду. Цяпер вельмі шкадую, што заплаціў ім. Што цікава, калі Яндола тэлефанаваў майму адвакату, ён быў вельмі моцна нападпітку. Казаў, што гатовы ўзяць грошы. Калі жонка прывезла яму на наступную раніцу патрэбную суму, ён быў з добрым перагарам. Казаў, што начальства яму забараніла браць грошы, але ў выніку ўзяў.
Кампэтэнтныя людзі даведаліся і расказалі мне, што паеду я за праўду гадкоў на пяць і буду чакаць амністыі або зьмены рэжыму. Як толькі справу перадалі ў суд, я зразумеў, што судовая сыстэма згніла ў нашай краіне цалкам. Праўды няма. У мяне быў суд у адміністрацыйнай справе. Гэта быў проста цырк. І я проста сьцябаўся з судзьдзі, якая зачытвала мне, што я нешта скандаваў, махаў нацыянальнай сымболікай, крычаў нешта ў адрас улады і гэтак далей. Хоць у крымінальнай справе дакладна напісана, што я проста стаяў і глядзеў у бок плошчы. Нават ня быў на ёй. Маразм!
Карацей, стаў рыхтавацца да ад’езду на «зборы». Сказаў жонцы, што хачу на судзе выглядаць добра. Купілі кашулю, добры пінжак. Замовіў дровы і кожны дзень працаваў на ўчастку: калоў дровы, садзіў туі, падстрыгаў газон. Вёў звычайнае жыцьцё. Максымальна хутка скончыў справы ў хаце, якія жонка сама ня зможа зрабіць. Казаў ёй, што калі закрыюць, то ненадоўга, але трэба пасьпець сёе-тое закончыць, каб ёй лягчэй было. Яна хвалявалася і плакала, калі гаворка заходзіла пра суд, але я ня мог нічога сказаць пра свае пляны. Разумеў, што «супрацоўнікі» могуць насесьці, а яна і дзеці могуць прагаварыцца. Думаю, яна мне даруе гэта.
Сам падумай, які ў мяне быў выбар? Стаць ахвярай гнілога рэжыму, сядзець у турме і цягнуць на сябе грошы з шматдзетнай сям’і, якая жыве без карміцеля, ці зьехаць за мяжу, аднавіцца фізычна (для прафэсійнага байца ў мяне завяршаюцца найлепшыя гады для кар’еры) і правесьці некалькі гучных баёў, пабіцца за тытул у эўрапейскіх прамоўшанах і дапамагчы сям'і фінансава? Я выбраў другое.
Усіх нюансаў свайго перакіданьня за кардон я раскрыць не магу, каб не падстаўляць людзей. Але ўсё было дакладна, чыста і прафэсійна. Я ім вельмі ўдзячны за гэта. З гэтых жа прычынаў не магу раскрыць сваё месцазнаходжаньне. Але абяцаю, што неўзабаве будуць навіны.
Вярнуся дадому, як толькі гэта будзе магчыма, яшчэ больш моцны духам і целам. Вельмі сумую па сям’і, па бацьках. Хачу падзякаваць усім, хто дапамагаў і перажываў за мяне. Я атрымаў вялікую маральную падтрымку ад вялікай колькасьці людзей. Хачу пажадаць усяму беларускаму народу адзінства, росквіту і міру!“
„Міліцыянт сказаў: «Гэта не маё начальства, гэта ваша начальства»“
Натальля Дуліна, лінгвістка, былая выкладчыца МДЛУ:
„Улады знаходзяцца ў пэрыядзе самаразбурэньня. Яны самі сябе зьнішчаць. Дзякуючы нам.
У краіне ў пэўны момант быў аб’яўлены народны ўльтыматум. У выпадку невыкананьня патрабаваньняў меркавалася пачаць бестэрміновы страйк па ўсёй краіне. І вось 26 кастрычніка я і некаторыя мае калегі і студэнты вырашылі далучыцца да гэтага страйку. Мы ўсе разам сабраліся ў комплексе студэнцкага гарадка БДУ з боку вуліцы Ленінградзкай. Там было вельмі шмат студэнтаў, шмат выкладчыкаў. Мы праводзілі нашу акцыю мірна. Натуральна, гэта былі лёзунгі і плякаты…
Часта мы чытаем пра тое, што амапаўцы — гэта такія адмарожаныя зомбі, якія дзейнічаюць паводле загаду, а самі проста не разумеюць, чым яны займаюцца, то бок гэта такія робаты. Вы ведаеце, я з гэтым ня згодная. Чаму? Таму што я бачыла неаднаразова амапаўцаў, літаральна за паўмэтра ад сябе, размаўляла зь імі, і я цудоўна разумею, што гэта абсалютна адэкватныя людзі. Тады, калі мы занялі дарогу, падышлі амапаўцы і адзін зь іх сказаў: «У вас ёсьць тры хвіліны, каб вызваліць вуліцу». І калі нехта са студэнтаў сказаў: «Дык дзе ж нам стаяць? Вось тут, — ён паказаў на газон, — тут мы можам?» Ён сказаў: «Так, тут вы можаце, тут мы вас затрымліваць ня будзем». І як толькі мы вызвалілі вуліцу, амапаўцы сышлі.
Гэтыя людзі даволі адэкватныя і яны зусім сьвядома выконваюць загад. Пытаньне ў тым, ці гэта неяк іх апраўдвае, ці гэта наадварот, можа быць, іх віну павялічвае. Ну, гэта, відаць, справа густу, пра густы не спрачаюцца, могуць быць розныя меркаваньні. Але я лічу, што гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што людзі маюць выбар.
Я прыйшла ва ўнівэрсытэт у пятніцу 30 кастрычніка, я ўжо ведала, што я звольненая. Ліст пра гэта я атрымала ўжо пазьней, калі выйшла на свабоду. Да мяне адразу ж, 30 кастрычніка, калі я прыйшла (у нас павінен быў быць сход са студэнтамі і выкладчыкамі), да мяне адразу ж падышоў міліцыянт і сказаў: вы ня можаце тут знаходзіцца, вы звольнены. Я яму растлумачыла, што я яшчэ нічога не падпісвала і ўвогуле я павінна нейкім чынам завершыць свае справы.
Мы са студэнтамі прайшлі ў аўдыторыю, там мы нейкі час знаходзіліся. Прыйшоў дэкан факультэту, да якога належыць наша катэдра і папрасіў, калі я вызвалюся, да яго зайсьці. Я да яго зайшла, і ў яго аказаліся ўсе тыя дакумэнты, якія неабходна было падпісаць. Гэта значыць, бачачы, што я не прыйшла ў аддзел кадраў, кіраўніцтва вырашыла такім чынам паскорыць маё афіцыйнае звальненьне. Я падпісала загад, мне ўручылі абходны ліст. Я яшчэ павінна была заставацца ва ўнівэрсытэце нейкі час, каб усё завершыць.
Пасьля гэтага я пайшла на катэдру. Павінна сказаць, што ў гэты дзень усе мае перамяшчэньні суправаджаліся міліцыянтам. Ён за мной ішоў, не хаваючыся, увесь час размаўляў па тэлефоне. Калі я падышла да дзьвярэй катэдры, ён да мяне наблізіўся і сказаў: вы павінны пакінуць унівэрсытэт, бо вас звольнілі. Я яму кажу: скажыце, калі ласка, свайму начальству (паказваю на тэлефон), што я не магу так адразу пайсьці, я павінна перадаць справы сваім калегам. На што ён сказаў: «Гэта не маё начальства, гэта ваша начальства».
Наш корпус знаходзіцца на вуліцы Румянцава. Я спусьцілася ўніз, зрабіла некалькі крокаў. І тут пад’ехала да тратуару машына ДАІ, да мяне падышоў чалавек у цывільным і бяз маскі, які сказаў: «Хадземце з намі». Я адхіснулася, вядома; нягледзячы на тое, што я недзе ўнутры была да гэтага гатовая, але ўсё адно, напэўна, немагчыма быць цалкам гатовай да такога моманту. Я адхіснулася, ён сказаў: «Ня бойцеся, ня бойцеся». Я села на задняе сядзеньне, яны селі абапал мяне (там быў яшчэ адзін чалавек) і адвезьлі ў РУУС.
Паказалі скрыншоты відэа, дзе я ва ўсёй красе была менавіта на вуліцы Ленінградзкай, і ў момант пікету, калі з аднаго боку АМАП, які нас папярэджваў, што мы павінны вызваліць вуліцу, з другога боку — выкладчыкі і студэнты. І я з тэлефонам — фатаграфую ўсю гэтую выдатную карціну. Я, вядома ж, зразумела, што гэта не супадзеньне, не выпадковасьць, што мяне так хуценька звольнілі, зрабілі ўсё, каб я аказалася ня дзейным супрацоўнікам, не супрацоўніцай унівэрсытэту. Калі я выйшла, я атрымала пацьверджаньне ад некаторых крыніц, пацьверджаньне таго, што кіраўніцтва актыўна ўдзельнічала ў маім затрыманьні.
Калі мяне затрымалі, я апынулася спачатку на Акрэсьціна. У мяне былі розныя сукамэрніцы, іх прыводзілі, потым, пасьля таго, як адбыліся суды, іх кудысьці пераводзілі, потым мяне перавялі. Мне далі 14 сутак. А вось калі мы праз шэсьць дзён апынуліся ў СІЗА ў Баранавічах, вось там у нас быў больш-менш пастаянны склад, недзе 15 чалавек ад пачатку. Натуральна, мы павінны былі чымсьці напаўняць наша там існаваньне, і мы вырашылі (паколькі ў нас былі людзі розных прафэсій, былі музыкі, былі журналісты, былі выкладчыкі, вось была мая калега, якая выкладае ангельскую мову), мы вырашылі, што нам трэба нейкім чынам запоўніць сваё існаваньне. І адразу сказалі, што, хто хоча, можа ангельскую мову вывучаць, хто хоча — італійскую. Хтосьці прапаноўваў свае паслугі ў фэйс-фітнэсе, нейкія такія практыкаваньні. І такім чынам у нас утварыліся групы па інтарэсах; некалькі чалавек зацікавіліся італійскай мовай.
Ахоўнікі на першым абходзе казалі нам, што мы не павінны размаўляць на замежных мовах, толькі па-расейску ці па-беларуску. Ніякага супрацьстаяньня зь іхнага боку не было. Адзінае, калі мы моцна шумелі, рэакцыя наступала, бо мы не павінны былі гэтага рабіць.
У мяне заўсёды было адчуваньне, што «іньязаўцы» вельмі прагматычныя. І я, шчыра кажучы, думала, што такога пратэставага руху ня будзе.
У нас ёсьць ва ўнівэрсытэце моладзёвыя арганізацыі. Унівэрсытэт вельмі шмат робіць, каб задзейнічаць студэнтаў у нейкіх мерапрыемствах. Ёсьць БРСМ. У мяне асабіста такая перадузятасьць да гэтай арганізацыі, паколькі яна праўрадавая і, ведаеце, ніякіх ілюзій наконт яе ў мяне няма. І часам ад студэнтаў я чую заўвагі ў адрас некаторых выкладчыкаў, якія, можа, гэта груба, схільныя прамываць мазгі, то бок нейкім чынам навязваць прадзяржаўныя, праўладныя погляды. Ёсьць выкладчыкі, якія выключна абмяжоўваюцца сваім прадметам. А ёсьць тыя, якія (я, відаць, магу сябе аднесьці да іх) ня ўтойваюць сваёй пазыцыі.
Прызначылі рэктара (менавіта прызначылі) Натальлю Пятроўну Баранаву ў 1994-м ці 1095 годзе. Яна фактычна 25 гадоў была рэктаркай. У нейкі пэрыяд яна была сэнатарам. І, натуральна, мы разумеем, што як кіраўнік дзяржаўнай установы, яна дзесьці падтрымлівала ідэалёгію, была ў гэтым струмяні. Калі паставілі новага рэктара (і яна, дарэчы, да гэтага была дэканам, гэта чалавек з нашага ўнівэрсытэту), мы ўбачылі, што практычна нічога не зьмянілася, а можа быць, нават пагоршылася, бо якраз у гэты час Лукашэнка стаў выказвацца вельмі канкрэтна пра ВНУ і пра тое, якую працу трэба праводзіць. Мы ўсе бачылі ягоную сустрэчу з новапрызначанымі рэктарамі, і мы зразумелі, што, вядома ж, ніякіх цудаў чакаць ня варта.
Людзі працягваюць наступаць на адны і тыя граблі. Такія настроі лунаюць і ў Італіі: сапраўды ёсьць людзі, якія лічаць, што ня ўсё было дрэннае ў часы Мусаліні. І ёсьць людзі ў беларускай прасторы, якія лічаць, што ня ўсё так дрэнна пры Лукашэнку. І я дапускаю, што нават людзі адукаваныя (і я гэта бачыла на прыкладзе некаторых сваіх калег), сапраўды сур’ёзна, бяз жартаў падтрымліваюць гэты рэжым.
Вядома ж, паралель я бачу і ў тым, што тычыцца дыктатараў мінуўшчыны, гэта і Мусаліні, і Гітлер, і Сталін, ну і ў нашым выпадку гэта Лукашэнка. Гэта абсалютна закончаны дыктатар, гэта прадстаўнік таталітарнага рэжыму, ён яго пабудаваў і ён ад яго адмаўляцца не зьбіраецца.
Я веру ў тое, што мы пераможам. Можа быць, таму, што я ідэалістка непапраўная, аптымістка. Але я адчуваю, што гэтыя крупінкі, якія кожны дзень дадаюцца ў наш пратэставы рух, калісьці павінны стрэліць, у добрым сэнсе гэтага слова. І самае галоўнае для нас цяпер — не спыняць нашага руху, рухацца ў гэтым кірунку, і рухацца мірным шляхам. Мне здаецца, што такое мірнае супрацьстаяньне палохае ўладу — што мы не пераходзім межы мірнага пратэсту. Я ў гэтым бачу вялікую сілу. І гэта аслабляе ўладу. Чалавека аслабляе страх. І жорсткасьць уладаў — гэта вынік страху“.
„У мяне была бутэлька з колай, і я ёй абліла амапаўца“
Анастасія, 13 гадоў, Горадня:
„Было 4 кастрычніка. У той дзень мне айчым прапанаваў схадзіць прагуляцца зь ім і яго сябрам у горад. Пра тое, што там будзе мітынг, я ня ведала. Мы проста пайшлі гуляць. На вуліцы Савецкай мы ўбачылі шмат міліцыі. Айчым, праходзячы міма, паглядзеў на іх. Яны спыталі ў яго: «Што, пагаварыць хочаш? Зараз пагаворым». Але мы, не спыняючыся, пайшлі далей.
У нейкі момант мы ўбачылі, што айчымавага сябра няма побач. І зноў вярнуліся на тое месца з надзеяй знайсьці яго там.
Пачаўся канфлікт паміж айчымам і міліцыянтамі. Як усё было дакладна, я ня памятаю. Яны нешта сказалі па рацыі. І я ўбачыла, як шэсьць людзей у чорным бягуць на айчыма. Яны пачалі заломваць яму рукі. Я вельмі спалохалася і вырашыла хоць неяк яму дапамагчы. У руках у мяне была бутэлька з колай, і я ёй абліла амапаўца.
Потым я адчула ўдар у лапаткі і ўбачыла, як мне ў твар накіроўваюць газавы балёнчык. Гэта быў сьлезацечны газ.
У мяне гарэў увесь твар. Мяне зацягнулі ў аўтазак і пасадзілі там у клетку. Тэлефон паклалі побач. Я папрасіла аддаць мне яго, каб паставіць на яго пароль. Адзін амапавец дазволіў. Другі крыкнуў: «Што ты зь ёй важдаесься?» Зайшоў у клетку і адштурхнуў мяне.
Я пасьпела напісаць маме паведамленьні. Мама ў той дзень была на працы і пра тое, што здарылася са мной, дазналася з вайбэру“.
Ала, мама Настасьсі:
„Вось глядзіце, такое паведамленьне атрымала: «Матуля, мне страшна, забяры мяне, прашу». Я ёй пішу: «Што з табой? Дзе ты?» У адказ яна мне прысылае фатаздымак з аўтазака. Я ёй: «Спытайся, куды цябе вязуць». У адказ на гэта яна шле галасавое паведамленьне, дзе пытаецца ў амапаўца: «Куды вы мяне везяце?», а ён кажа: «Яшчэ ня ведаю».
Тады я пачала тэлефанаваць у Кастрычніцкае РАУС на вуліцы Гая.
Там мне сказалі, маўляў, калі ваша дачка непаўналетняя, то ніхто яе ня мог затрымаць. Але неўзабаве мне Насьця патэлефанавала і сказала, што яна на вуліцы Дубко.
У Ленінскім РАУС яе апыталі, была праведзеная гутарка з псыхолягам. Там, кажа, абыходзіліся зь ёй ужо ветліва.
Я спытала, ці законнае затрыманьне непаўналетняй. Мне адказалі: «Вядома. Яна ж абліла супрацоўніка! А раптам там кіслата была?»
Пасьля інцыдэнту да нас у сям’ю ўжо прыходзіла камісія ў складзе адміністрацыі школы, псыхоляга і інспэктара.
Сказалі, могуць прызнаць становішча сям’і як сацыяльна небясьпечнае або паставіць Насьцю на ўлік у інспэкцыю спраў непаўналетніх. Адказ будзе на працягу 15 працоўных дзён.
Дарэчы, той пратэст на Савецкай плошчы, дзе праходзіў сельскагаспадарчы кірмаш, не адбыўся. А мужу далі сем сутак арышту“.
„Будынак абнесьлі калючым дротам, за ноч зьбілі вышкі для аўтаматчыкаў“
Зьміцер Хведарук, грамадзкі актывіст, вучыцца на пастара:
„Папраўдзе, я не хацеў ісьці галасаваць, бо ніколі паход на выбарчы ўчастак не заканчваўся для мяне добра. Я сядзеў у 2006 годзе, калі мяне забралі за два дні да выбараў — мне толькі споўнілася 18, і я тады быў навучэнцам гімназіі. У 2010 годзе мяне зноў падчас выбараў арыштавалі.
Але сёлета не паслухаў інтуіцыі і вырашыў выканаць грамадзянскі абавязак у той самай гімназіі, якую калісьці скончыў і зь якой упершыню трапіў на Акрэсьціна. На выбарчы ўчастак пайшоў са складзеным на ўсялякі выпадак заплечнікам: там былі туалетная папера, шкарпэткі, Біблія. Але ў выніку мне так і не давялося гэтым скарыстацца.
Ідучы з запоўненым бюлетэнем да скрыні для галасаваньня, я ўбачыў у ёй вялікую шчыліну — памерам з шакалядку «Алёнка». Зьвярнуўшы ўвагу камісіі на парушэньне, я і яшчэ некалькі чалавек прапанавалі назіральнікам зафіксаваць яго. Але старшыня камісіі паклікаў міліцыю і напісаў на мяне скаргу, нібыта я перашкаджаю працаваць.
Для разбору падышлі трое міліцыянтаў: жанчына-маёр і два курсанты. Калі я пачаў казаць, што мяне зараз могуць арыштаваць ні за што, а ім давядзецца за гэта адказваць, міліцыянтка нават расплакалася. Але гэта не перашкодзіла ёй выклікаць нейкіх невядомых людзей, каб тыя дапамаглі «разабрацца».
Зьявіліся два мардавароты, схапілі мяне пад рукі і сказалі: «Альбо мы цябе забяром па-добраму, альбо будзе балюча». Мы выйшлі са школы, мяне пасадзілі ў цывільную машыну, не тлумачачы, хто яны і куды зьбіраюцца мяне везьці, толькі казалі ўсялякія абразьлівыя словы.
У мяне тым часам сасьпеў плян уцёкаў: я вырашыў адштурхнуць таго, хто сядзеў побач, адчыніць дзьверы і зьбегчы — балазе бегаю я добра. Палічыўшы пра сябе да трох і штурхануўшы бугая, я тузануў за ручку і… зразумеў, што дзьверы заблякаваныя. Вядома ж, такі выкрутас не прайшоў дарам: мяне пабілі.
Адвезьлі ў Першамайскае РУУС, папярэдзіўшы, што, калі яшчэ раз паспрабую ўцячы, на мяне завядуць крымінальную справу за непадпарадкаваньне.
У пастарунку забралі ўсе рэчы, нават Біблію: калі я яе разгарнуў, мяне прыкавалі кайданкамі да лавы. Так я праседзеў некалькі гадзін, потым перавялі ў «стакан» — камэру мэтар на мэтар ці на два, дзе былі яшчэ 5 чалавек.
Мы пазнаёміліся, была вельмі цікавая кампанія. Адзін хлопец — апэратар, які ў 9 раніцы здымаў відэа каля будынка адміністрацыі Першамайскага раёну. Да яго падышлі, пасадзілі ў бус і арыштавалі. Яшчэ адзін хлопец — айцішнік, які прыйшоў са сьцягам на выбарчы ўчастак. Быў мужчына, які проста стаяў на прыпынку каля вуліцы Герояў 120-й дывізіі. А апошні выпіў зь сябрам і пайшоў галасаваць. На ягоны ўчастак не пускалі людзей, утварылася чарга. Ён спытаў у міліцыянта, што адбываецца, і яго арыштавалі.
У РУУСе на мяне склалі пратакол, паводле якога я парушаў грамадзкі парадак, лаяўся матам і не падпарадкоўваўся міліцыі. Рабілі гэта зусім іншыя людзі, а ня тыя, хто ўдзельнічаў у затрыманьні.
У пастарунку я пачуў, як жанчына-маёр з участка прыехала пісаць заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. На яе дзіка крычалі, называлі дурніцай.
Пасьля нас павезьлі на Акрэсьціна. Мяне ня раз арыштоўвалі і саджалі на суткі ў ізалятар, але такога, што я там убачыў гэтым разам, не было ніколі.
На Акрэсьціна нас прымусілі хутка бегчы праз усю тэрыторыю, завялі ў «адстойнік» — вулічную клетку, дзе мы стаялі хвілін 40. Пасьля ўсіх шасьцёх завялі ў памяшканьне — маленькую клетачку, дзе было цяжка стаяць. Разьдзелі, прыніжалі, але асабліва ня білі. Пазабіралі ўсе рэчы, і ў выніку ўсё, што я з сабой склаў, не прыдалося.
У той момант я падумаў, што гэта самае горшае, што магло са мной здарыцца. Але я памыляўся.
Нас пасадзілі ў камэру з дэпартантамі з Расеі, Азэрбайджану і Кітаю. Расеец на той момант сядзеў на Акрэсьціна ўжо 9 месяцаў, і менавіта ён трапіў у сюжэт пра ізалятар на дзяржаўнай тэлевізіі аўтарства адыёзнага прапагандыста Азаронка.
Як сьцямнела, пачалі прыяжджаць аўтазакі, забітыя людзьмі, увесь двор быў запоўнены людзьмі ў масках — вокны нашай камэры выходзілі проста на яго. Гэтыя людзі ў масках з дубінамі, аўтаматамі, пісталетамі, помпавымі ружжамі крычалі і білі людзей бесьперапынна наступныя 5 сутак. Мне грэх скардзіцца, бо асабліва не папала, і ты адчуваеш віну, калі бачыш, што іншых б’юць, а сам знаходзісься нібыта ў бясьпецы. Да цябе ў камэру не залятаюць, не выхопліваюць, не прымушаюць крычаць «Я люблю АМАП» ці сьпяваць тую ці іншую песьню. Але ты ўвесь час гэта чуеш.
Вокны камэры выходзілі ў бок Пушкінскай, і адтуль мы бачылі зарава. Тады мы думалі, што, напэўна, гэта фаервэркі і, відаць, Ціханоўская перамагла. Толькі пазьней, калі ў камэру кінулі яшчэ некалькі людзей, мы даведаліся, што гэта былі сьвятлашумавыя гранаты.
Я бачыў, як людзей білі, праганяючы праз калідор, зьдзекаваліся прымушалі класьціся на асфальт. У гэтым удзельнічалі і амапаўцы, і супрацоўнікі ізалятара.
Усё гэта было вельмі жорстка і брутальна і, напэўна, мая псыхіка ня вельмі была да гэтага гатовая, бо на трэці дзень у мяне здарыўся нэрвовы зрыў: я проста ў сьне зь месца, дзе я спаў, падскочыў на батарэю і пачаў трэсьці краты і крычаць «Сволачы! Што вы робіце?» Хлопцы ў камэры пачалі адрываць мяне ад вакна, і тады я зразумеў, што ня сплю.
На наступны дзень у камэру кінулі моцна пабітага хлопца зь Берасьцейшчыны. Аказалася, ён зь сябрамі, дрэнна ведаючы Менск, прыпаркаваў машыну каля будынка Сьледчага камітэту. Тут жа да іх пад’ехаў бус, хлопцаў выцягнулі з машыны, зацягнулі ў будынак СК і моцна пабілі. Іх прымусілі падпісаць паперы, нібыта яны кідалі ў будынак ведамства завостраныя ніты і раздавалі завостраныя рыдлёўкі.
Паколькі мы былі ў камэры для дэпартантаў, пра нас на пэўны час проста забыліся. І ў гэтым быў невялікі плюс: у камэры на 8 чалавек нас было 11, а не 50, як у іншых; нас кожны раз кармілі, працаваў туалет. У аднаго з дэпартантаў нават было радыё, хоць гэта забаронена, і мы слухалі навіны. Трэба аддаць належнае радыё «Юністар», бо яны, у адрозьненьне ад астатніх, казалі, колькі арыштавалі людзей, у якіх гарадах адбываюцца пратэсты.
Больш за трое сутак затрыманых 9 жніўня трымалі ў ізалятары без суду, хоць гэта незаконна. Спахапіліся толькі на чацьвёртыя суткі.
Суды адбываліся на Акрэсьціна. Усіх паставілі да сьцяны на другім паверсе і па чарзе заводзілі ў кабінэт, дзе сядзелі судзьдзя і сакратар. Усё доўжылася ня больш за 5 хвілін, судзьдзя не зьвяртала ўвагі ні на якія доказы. Я атрымаў 5 сутак за парушэньне грамадзкага парадку і 2 сутак за непадпарадкаваньне.
Празь некалькі гадзін мяне і іншых вязьняў вывелі на двор, дзе мы стаялі да позьняй ночы. Людзям было холадна. У аднаго сталага мужчыны канфіскавалі абутак, і ён стаяў басанож. Толькі на шостую просьбу амапаўцы зьлітасьцівіліся і далі яму тапкі.
Я ўбачыў людзей у жудасным стане — скрываўленых, забінтаваных, у падраных нагавіцах, з намаляванымі маркерамі нумарамі на руках, сьпіне, ілбе, з абрэзанымі валасамі.
Потым усіх пасадзілі ў аўтазакі і кудысьці павезьлі. Па адлегласьці мы зразумелі, што гэта ня Жодзіна, а значна далей.
Нас прывезьлі і высадзілі дзесьці ў лесе, і тут стала крыху страшна. Было цёмна, брахалі сабакі, нам забаранялі падняць галаву. Мы яшчэ прастаялі некалькі гадзін на холадзе, нас пастроілі «каробачкамі» па чалавек 20-30, людзі ў вайсковай форме пачалі перапісваць зьвесткі. Я ўзьняў вочы і ўбачыў навокал частакол, нейкія баракі, быў чуваць гук сякеры і людзі нацягвалі калючы дрот вакол будынкаў.
Як і былі, «каробачкамі», арыштантаў адвялі ў душ. Вось толькі, памыўшыся, давялося стаяць мокрымі на холадзе, бо ручнікоў не было.
Пасьля кіраўнік установы паведаміў нам, што мы знаходзімся ў слуцкім жаночым ЛПП, і паабяцаў добрае стаўленьне, ложкі і падушкі пры добрых паводзінах у адказ.
Нас завялі ў казарменае памяшканьне, дзе было шмат двух’ярусных ложкаў, на якія можна было легчы і сесьці, што само па сабе выглядала цудам. Можна было нармальна пагутарыць зь людзьмі, пасьмяяцца, і гэта вельмі дапамагала.
Прачнуўшыся наступным ранкам, я ўбачыў, што наш будынак абнесьлі калючым дротам. Вязьняў вывелі на вуліцу, і выявілася, што за ноч зьбілі вышкі для аўтаматчыкаў.
Потым завялі ў сталоўку і добра пакармілі — давалі аўсянку на малацэ, і мы падумалі, што ўсё гэта вельмі падазрона.
Пасьля абеду выдалі мыла, каб мы маглі памыць рэчы. Але раптам прыйшлі вайскоўцы зь нейкімі сьпісамі і пачалі выклікаць людзей, якія мусілі вызваліцца альбо цягам наступных двух дзён, альбо яшчэ праз 15 сутак. Мы вырашылі, што нас зноў некуды пераводзяць. Але аказалася, што нас вызвалялі, прычым многія не даседзелі свае «суткі».
Стоячы пасярод лесу недзе пад Слуцкам, мы ўяўлялі, што нам трэба будзе дайсьці да нейкага вакзала, каб ехаць у Менск. Мы прасілі ў міліцыянта, які нас вызваляў, даць хаця б нейкія дакумэнты, каб нас пусьцілі. На што пачулі: «Вас валянтэры падвязуць». Якія валянтэры? Нас выпусьцілі за турэмную браму, мы прайшлі мэтраў сто і ўбачылі акіян людзей. І гэта дзіка шакавала, бо мы думалі, што ўсё дрэнна, людзей арыштоўваюць тысячамі і запалохваюць, і тут убачылі натоўпы людзей з машынамі, піцай, кавай, якія казалі: «Якія вы малайцы!», «Трымайцеся!» Мы ашалелі ад такой падтрымкі і салідарнасьці, бо гэта вельмі моцна кантраставала з тым канцлягерам, што мы бачылі.
Гэта адбылося 14 жніўня. Акурат напярэдадні, ад позьняга вечара 13 жніўня, пасьля нечалавечых катаваньняў пачалі выпускаць вязьняў, якіх трымалі ў ЦІП на Акрэсьціна. Каля гадзіны ночы туды прыехаў намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў і сказаў, што да ранка ўсіх выпусьцяць. Тое самае тычылася і вязьняў, якіх падчас першых дзён пратэстаў зьвезьлі ў іншыя месцы зьняволеньня.
У вялізнай чарзе людзей, якія прыехалі падтрымаць нас, я сустрэў сваіх дзядзьку зь цёткай, зь якімі даўно не кантактаваў. Пратэсты паўплывалі і на іх, бо раней яны былі апалітычнымі, а тут знарок прыехалі, каб забраць пляменьніка. Так што прынамсі адзін плён — прымірэньне сям’і — ад беларускай рэвалюцыі атрымаўся.
Другі раз падчас сёлетніх пратэстаў мяне затрымалі ў канцы жніўня каля Чырвонага касьцёла. Гэтым разам у Першамайскім РУУСе даводзілася сядзець у спартзалі (дазвалялі нават ляжаць), доўга стаяць ля сьцяны. Пасьля павезьлі на Акрэсьціна, дзе адбыўся суд і мне далі 7 сутак, якія я адбываў у Жодзіне.
Быў забаўны момант: у Лукашэнкі 30 жніўня быў дзень народзінаў, а ў камэры на Акрэсьціна ў ноч на 30 жніўня я забіў таракана.
Гэтым разам зьверстваў міліцыянтаў не было, наадварот, прысутнічала паказушнасьць: маўляў, глядзіце, як добра мы да вас ставімся.
Але ж і да сёньня я час ад часу адчуваю раптоўныя прыступы трывогі і бессані. За час сваіх дзьвюх адседак ад стрэсу страціў 7 кіляграмаў вагі.
Іншым параю ня траціць прысутнасьці духу і не нагнятаць, ня думаць, што можа здарыцца нешта горшае. А яшчэ ў такіх цяжкіх сытуацыях, як ні дзіўна, вельмі дапамагае гумар. Успамінаю, што ў Жодзіне міліцыянты нават рабілі нам заўвагі, бо ў нашай камэры пастаянна гучаў сьмех.
Самым цяжкім падчас зьняволеньня стала адчуваньне ўласнай бездапаможнасьці, калі людзей білі, а я нічога ня мог зрабіць. Для сябе я знайшоў тлумачэньне жорсткасьці сілавікоў, якая і цяпер працягваецца ў турэмных засьценках.
На вялікі жаль, мы ўсе вінаватыя. Цягам 26 гадоў большасьць нас абыякава ставіліся да ўсяго, што адбывалася, і заахвочвалі сыстэму, якая гадавала гэтую машыну сілавікоў і беспакаранасьці. Але раптам каранавірус і палітычная сытуацыя паказалі, што гэта наша агульная бяда, нам трэба зь ёй разьбірацца і браць адказнасьць за ўсё, што адбываецца. Гэта вельмі важны момант для 9 мільёнаў людзей, каб перабудаваць ня толькі сыстэму, але і сябе таксама, адысьці ад гэтых сацыялістычных уяўленьняў, што дзяржава нешта нам павінна, а быць больш адказнымі на ўсіх узроўнях жыцьця.
Мне здаецца, тут можна простую лінію правесьці, што, на вялікі жаль, пасьля ўсіх жахаў ХХ стагодзьдзя, мы проста, як кажа Лукашэнка, перагарнулі старонку. Таму ня варта зьдзіўляцца, што гэта паўтараецца зноў. Не адбылося асэнсаваньня гэтага ўсяго і пакаяньня.
Я разумею, што ў гэтым жыцьці могуць адбыцца самыя страшныя рэчы. Але як хрысьціянін я бачу шырэйшую карціну і разумею, што вернецца Хрыстос і адновіць гэты сьвет. Таму гэта падтрымлівала. А яшчэ гэтым летам я ўбачыў тысячы невядомых мне беларусаў, якія сталі народам. Я вельмі рады, што шмат беларусаў паўсталі супраць бяспраўя ў краіне. Зло не ўсёмагутнае, ягоны рэсурс абмежаваны і не такі вялікі, як нам здаецца.
Падчас зьняволеньня я заўважыў цікавую асаблівасьць сёлетніх пратэстаў. Калі раней на мітынгі выходзіла ў асноўным інтэлігенцыя, то цяпер пратэсты закранулі абсалютна розныя слаі насельніцтва: гэта і людзі з зусім мізэрным дастаткам, і айцішнікі, і сярэдняя кляса. І калі раней на Акрэсьціна сярод «палітычных» большасьць былі беларускамоўныя, то цяпер я аказаўся адзіным з сукамэрнікаў, хто гаварыў па-беларуску. Усё гэта сьведчыць пра глябальныя зрухі ў сьвядомасьці вялікай колькасьці людзей“.
„Міцкевіч, я цябе кахаю!“
Саня Міцкевіч, Менск:
„Восеньская рамантыка. Калі мне здымалі кайданкі ў аўтазаку, ты стаяла звонку, кайданкі не расшпіляліся, і таму я яшчэ мог папрасіць, каб цябе адпусьцілі. Праз хвіліны дзьве я, седзячы за кратамі, пачуў з суседняга «стакана»: «Саня, я тут!»
Я ведаў, што ты перажывала, калі мяне схапілі, каб унутры аўтазака ня «ўсыпалі» (затрымалі крыху брутальна) і ішла са мной, але ня думаў, што станеш, як і я, «алоўкам у пэнале». Засмуціўся, вінаваціў сябе... І тут чую на ўвесь аўтазак: «Міцкевіч, я цябе кахаю!»
На вуліцы ў РУУС, стоячы ля сьцяны, мы былі на адлегласьці, некалькі чалавек паміж намі. Хлопцы, якія ехалі са мной у «стакане», хацелі саступіць сваё месца, каб мы стаялі бліжэй адно да аднаго, ад чыстага сэрца думаючы, што так можна зрабіць, але мы засталіся стаяць на сваіх месцах. Празь пяць хвілін ужо ня проста стаяць, а падняўшы рукі на сьцяну і расставіўшы ногі; рухацца было нельга. Я перажываў, як ты гэта вытрымаеш — холадна, дажджыць, рукі шэрхнуць, мат стаіць, хамяць несупынна...
Празь нейкі час нас сталі апытваць, выводзіць на вопіс рэчаў і г. д. І вось, вярнуўшыся, ты становісься каля мяне. Я магу ціхенька перашэптвацца з табой, дакрануцца да тваёй рукі, трымаючы рукі па-ранейшаму на сьцяне. Проста крыху апусьціўшы руку ўніз.
Пачынаюць выклікаць у аўтазак; я думаю, што цябе выпусьцяць, выходжу і, вярнуўшыся, бачу: там, дзе стаяла ты, засталася бутэлечка з вадой. Ты пакінула яе мне — некалькі глыткоў вады, якія нагадвалі ўсе 15 дзён пра тваё каханьне...
Вось так я стаяў да ночы: перад вачыма твая рука, сьцяна, побач стаіць бутэлечка на 250 мл, і словы, сказаныя ў аўтазаку. За 75 гадзін ты перажыла больш...
Я ня ведаў, што ты сьпіш пад сталом у «хаце» на чатырох, дзе вас пасялілі 19 чалавек; што ты ня можаш есьці; што вас у 2 гадзіны ночы павезьлі на суд. Ня ведаў... Думаў, што ты дома, зь дзецьмі… Дзякуй, што ты была побач, што ты заўсёды побач, як Анёл. Я, вядома, не хацеў, каб ты гэта перажыла; ты не хацела, каб я гэта перажыў, але цяпер у нас ёсьць тое, чаго мы абое хацелі — быць побач і на волі. Рамантыка... Такая вось восеньская рамантыка“.
„Калі б ня ўцёк зь Беларусі, сканаў бы“
Алег Іваноў, 54 гады, апэратар газавага абсталяваньня, сябра АГП з Воршы:
„На выбарах я быў назіральнікам на выбарчым участку, які знаходзіўся на тэрыторыі мясцовага водаканалу. На ёй таксама стаіць вайсковая частка. Гэта раён вуліцы Магілёўскай. Незалежных назіральнікаў на ўчастак не пускалі. З акна майго дома была відаць службовая стаянка гэтых арганізацыяў. Падчас папярэдняга галасаваньня я бачыў, як на ёй паркаваліся машыны, зь якіх выходзілі дужыя хлопцы зь вялізнымі заплечнікамі і ішлі ў вайсковую частку.
9 жніўня папаўдні людзі пайшлі масава галасаваць. На руках яны мелі белыя бранзалеты. Я і цяпер такі нашу. Пад вечар зьнік інтэрнэт. А 20 гадзіне сабралася багата людзей каля выбарчага ўчастку, каб дазнацца вынікі галасаваньня. Прыехаў міліцэйскі начальнік і заклікаў разыходзіцца, бо чаканых зьвестак ня будзе. Грамада засталася каля варотаў. Праз шчыліны было відаць вайсковыя «КамАЗы», у якія садзіліся экіпіяваныя, як касманаўты, амапаўцы без апазнавальных знакаў.
Тыя машыны выехалі ў бок цэнтру гораду. Туды ж рушылі і людзі, якія сабраліся каля варот вайсковай часткі. У мяне быў бел-чырвона-белы сьцяг. Людзей было шмат. Многія мелі нацыянальную сымболіку. Скандавалі дарогай «Жыве Беларусь!» У цэнтры мы сталі ланцугом насупраць міліцэйскага ачапленьня. Турнікетамі ўжо былі агароджаныя адміністрацыйныя будынкі.
Амапаўцы затаіліся ў дварах, а потым выскачылі на нас. Спачатку, каб спалохаць, стралялі, а потым узяліся біць. Мяне звалілі з ног. Адзін амапавец нагой у берцах «раскочваў» галаву, а астатнія білі дручкамі і нагамі па сьпіне, галаве, у пахвіну. Затым зьвязалі рукі клейкай стужкай ды закінулі ў аўтазак на падлогу. Наверх хлопца, а потым яшчэ аднаго, і роварам «накрылі».
Даставілі ў аддзел міліцыі на вуліцу Энгельса. Там мясцовыя міліцыянты пашыхтаваліся калідорам і білі на праходзе прывезеных людзей. Паставілі да сьцяны. Я быў увесь у крыві. Склалі пратакол і кінулі ў перапоўненую камэру. Пабітыя здымалі майкі і перавязвалі сабе раны. Мне стала кепска. Затрыманыя сталі грукатаць у дзьверы. Міліцыянты вынесьлі мяне на руках у суседнюю камэру, дзе былі мэдыкі з хуткай дапамогі. Яны абураліся таму, што робіцца ў міліцыі. Казалі, што ня хочуць жыць у такой краіне.
Пад канвоем прывезьлі ў гарадзкую лякарню імя Сямашкі. Дзяжурны лекар сустрэў словамі: «Што вам, нягоднікі, не падабаецца наш прэзыдэнт Лукашэнка?» і намазаў лоб зялёнкай. Галава крывавіла. Мне зьвязалі рукі ды ногі і паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленьне. Паставілі два катэтэры: адзін на правую руку, а другі на чэлес. Камандзір АМАПу, крыклівы, нахабны падпалкоўнік, а таксама супрацоўнік са Сьледчага камітэту патрабавалі, каб мяне выпісалі. Мэдыкі пераконвалі, што гэтага рабіць нельга, бо я ў цяжкім стане. У мяне была чэрапна-мазгавая траўма, уся сьпіна сіняя. На целе жывога месца не было.
Пазьней мяне адвязалі ад ложка і таемна вынесьлі зь лякарні. Неяк удалося адцягнуць увагу ахоўнікаў. Некалькі дзён я жыў на кансьпіратыўнай кватэры. Стан мой пагаршаўся. Тэмпэратура была высокай. Ужо ня мог есьці і хадзіць. Мае аднапартыйцы знайшлі варыянт лячэньня за мяжой. Спачатку я адмаўляўся, бо не хацеў пакідаць радзіму, а потым зразумеў, што сканаю. Пераканалі ехаць у Латвію. Праваабаронцы дапамаглі зрабіць дакумэнты на выезд.
У Латвіі, на самай мяжы, мяне чакала хуткая дапамога. Мне зрабілі некалькі ўколаў, начапілі кіслародную маску і адвезьлі ў цэнтральную лякарню Рыгі. Паклалі ў рэанімацыю. У ёй я правёў 15 дзён. Зрабілі апэрацыю. Выдалялі нагнаеньні ля страўніка і праводзілі дрэнаж правага яечка пасьля катэтэраў, пастаўленых у аршанскай лякарні. Я ляжаў адзін у палаце. За сваё жыцьцё такога догляду ня меў. З рэанімацыі перавялі ў траўматалёгію.
Потым мяне адвезьлі ў рэабілітацыйны цэнтар у Юрмале. Дапамаглі з адзежай, бо на мне было толькі трыко ды кеды, і іншымі неабходнымі для жыцьця рэчамі. У цэнтры прабыў 21 дзень. У ім мне дапамагала паправіцца латышка Дыяна. Зь ёю прагульваліся па ўзмор’і. Закахаліся. Цяпер разам і налета зьбіраемся пажаніцца. Жыву ў цэнтры для ўцекачоў у Муцэніеках. Мая каханая прыяжджае да мяне, а я наведваю яе.
9 жніўня сілавікі чынілі зьверства. Сямнаццаць гадоў я ў апазыцыйнай партыі. Супраць рэжыму Лукашэнкі выступаю, як толькі ён дарваўся да ўлады. Удзельнічаў у пратэставых акцыях, але з такой жорсткасьцю, як у дзень сёлетніх выбараў, не сутыкаўся. Яны забівалі людзей. Калі б мне не дапамаглі ўцячы зь лякарні, то ў камэры памёр бы. Мая вэрсія, што гэта ўсё рабілі не беларусы, а расейскія найміты“.
„Быў момант, калі сярод ночы ўключылі псэўдапатрыятычныя песьні“
Алесь Жлутка, 66 гадоў, мовазнаўца і гісторык:
„Мяне затрымалі 8 лістапада ў цэнтры Менску, каля опэрнага тэатру, прыкладна а палове на трэцюю. Я праходзіў па вуліцы, і мяне схапілі сілавікі. Затрымалі карэктна, бяз гвалту. Адзінае што, калі саджалі ў аўтазак, то мяне ўразіла, што на прыступкі паклалі бел-чырвона-белы сьцяг. Пасадзілі ў «стакан», там сядзеньне на трох чалавек. Мы сядзелі ўтрох і яшчэ трое ў тым стакане ехалі стоячы.
Даставілі нас у Кастрычніцкае РУУС, перапісалі зьвесткі. Ля сьцяны ня ставілі, як у некаторых іншых РУУСах: нас завялі ў хол, там былі крэслы, можна было нават сядзець.
Быў такі момант: перапісвала зьвесткі жанчына. І калі я сказаў, што я вядучы навуковы супрацоўнік, міліцыянтка папрасіла: «А можно по-русски»? Я зьдзівіўся, кажу, мы ж у Беларусі. Па-расейску паўтараць ня стаў, ёй там хтосьці растлумачыў, што такое «вядучы навуковы супрацоўнік».
Пасьля ў нас зьнялі адбіткі пальцаў, склалі пратакол: удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, выказваў нязгоду зь дзейнай уладай. Я падпісаў, што ня згодны з пратаколам.
Затым у затрыманых забралі рэчы з кішэняў, папругі, матузкі. І на «газэлях» адправілі ў Жодзіна. Ехалі ў маленькім «стакане», паветра не хапала.
У Жодзіне нас паставілі каля сьцяны ў нейкім калідоры, сказалі, каб старэйшыя адышлі ўбок. А моладзь пачалі прымушаць адціскацца, прысядаць па шмат разоў. Адзін хлопец зьнясілеў і больш ня змог, дык амапавец пырснуў на яго газам. На гэта амапаўцу яго ж калегі сказалі: «Ты што робіш, мы ж самі задыхнёмся тут!» Пасьля каля такіх кратаў паміж камэрамі нас усіх прымушалі сагнуцца ў 90 градусаў, рукі падняць угору на краты — стаяць так было вельмі нязручна. Старэйшым ці тым, хто казаў, што ён хворы, дазвалялі прысесьці ці адпачыць, але пасьля зноў патрабавалі вярнуцца ў такую позу. Моладзі такога не дазвалялі.
Нас пасьля закінулі ў камэру: на чатыры шконкі было 20 чалавек. Са мною былі спартоўцы Ганін і Краўчанка, але іх перавялі ў іншую камэру, нас засталося 18. Бялізны нам не далі. Але нам нават весела было, дзяліліся гісторыямі.
Спалі па двое на шконках, на стале, на лаўках каля стала. Толькі на трэцюю ноч людзям далі матрацы.
Затрымалі мяне ў нядзелю, суд быў у сераду. У Жодзіна сабралі судзьдзяў з раённых судоў; мяне, напрыклад, судзіла жанчына з Чэрвеньскага раённага суду. Прозьвішча яе ня памятаю. У іншых, расказвалі пасьля людзі, былі судзьдзі зь Мядзела, Барысава.
Усё стандартна, у той дзень давалі па 10 сутак. Хто казаў, што мае хваробы ці малалетніх дзяцей — тым давалі на суткі менш, усяго 9.
Мяне судзілі хутка, за хвілін 5-10. Зачыталі пратакол, я не пагадзіўся, віны не прызнаў. Прысуд — 10 сутак.
Пасьля суду мяне перавялі ў камэру на 8 чалавек. У маёй камэры былі людзі старэйшага ўзросту ці з хваробамі — хлопец з дыябэтам, з хворымі каленямі.
Як атрымаў я тыя суткі, дык мне неяк і трохі спакайней стала. Наглядчыкі былі розныя. З кімсьці можна было і пагаварыць, хтосьці проста роў на нас, быў больш жорсткі. Быў момант, калі недзе а 3 гадзіне ночы раптам уключылі на поўную гучнасьць радыё з музыкай. Чаму — я ня ведаю. Можа, той, хто дзяжурыў, вырашыў такім чынам «павесяліцца».
У наглядчыкаў, дарэчы, ёсьць завядзёнка сярод дня ўключаць псэўдапатрыятычныя песьні па коле: кожны дзень цягам гадзіны. Ну і сярод ночы амаль заўсёды не выключаюць люмінісцэнтныя лямпы.
Але ўражаньні па выніку ў мяне самыя лепшыя, бо сядзелі разам са мною людзі з вышэйшай адукацыяй, розных прафэсій, рознага ўзросту. І аптымістычны настрой ва ўсіх. Людзі ня падалі духам, наадварот: казалі, што будуць і далей выходзіць. Натхнёная і таварыская атмасфэра. Айцішнікі былі, быў мужчына з рабочых, прадпрымальнікі былі.
Я лічу, што гэты пратэст працяглы задушыць ня ўдасца. Уладам адзінае выйсьце — ісьці на дыялёг з грамадзтвам, няма куды далей закручваць гайкі. А народ, па маіх назіраньнях, здавацца не зьбіраецца. Таму я веру, што мы ўсё ж прыйдзем да нечага лепшага.
Ці будзе страшна мне выходзіць у горад цяпер у нядзелю? Не. Калі забяруць яшчэ раз — ад астрогу няма перасьцярогу, як той казаў. Страху няма“.
Лайфхакі для падарожнікаў-першаходаў
Ігар Баталевіч, Менск:
„Такім чынам, вы трапілі ў ганаровую каманду падарожнікаў па Калючым кольцы Радзімы (Акрэсьціна, Жодзіна, Слуцак, Баранавічы, Магілёў).
Што ж, з пачынам.
Галоўнае пажаданьне: не трасіцеся. Дзясяткі тысяч беларусаў былі на вашым месцы. Ня вы першы, ня вы апошні.
1. Спадзяюся, вы падрыхтаваліся. Вы ў цёплым адзеньні зь мінімумам матузкоў і завязак, якое не шкада, пажадана без папругі. У вас у торбе сродкі гігіены (вільготныя сурвэткі, паста, шчотка, мыла), а таксама кніжка і запас цыгарэт. У кішэні няма каштоўнасьцяў, ваш супэрайфон вы пакінулі дома. Матузкі ўсе зрэжуць, папругу забяруць. Без папругі падаюць штаны (лайфхак — штаны можна зашпільваць не ў прарэху для гузіка, а ў пятлю для папругі, гэта страхуе ад раптоўнага стрыптызу). Тэлефон, напэўна, арыштуюць, і былі выпадкі, калі чалавек прыходзіў пасьля выплаты штрафу забіраць тэлефон і адразу ж «закрываўся» за другі эпізод. Кнігу і сродкі гігіены могуць не забраць (а могуць і забраць). Цыгарэты ў турме вельмі каштоўныя (нават калі вы і ня курыце, тыя, хто курыць, скажуць вам дзякуй). Наконт запалак і запальнічак можаце не старацца — іх забяруць усё роўна. Яшчэ пара слоў пра тэлефон: ідучы на марш, калі вы не ўяўляеце маршу бяз вашага партатыўнага сябра, паклапаціцеся пра яго чысьціню. Калі тупіце і ня хочаце загадзя ўсё зносіць, пагугліце такія рэчы, як «схаваныя прылады», «другая прастора», «налады хуткага фарматаваньня». Вельмі карысная штука — SOS праз кнопку сілкаваньня: пяць хуткіх націсканьняў на кнопку — і ваш выбраны кантакт атрымлівае SMS «У небясьпецы» з каардынатамі. Так можна даведацца, дзе вас «замялі». Двайной аўтэнтыфікацыі і супэрпаролю мала. Калі ім трэба будзе — усё скажаце.
2. Пашанцавала, калі вы пасьпелі перадаць інфармацыю пра затрыманьне блізкім. Калі не — блізкім рэкамэндуецца маніторыць сьпісы і відэа ў каналах. Калі даведаліся пра затрыманьне «па гарачых сьлядах» — бегма да РАУС зь перадачай (могуць прыняць). У перадачы ўсё тое ж, што апісана вышэй (нават калі дублюецца) плюс спартовае адзеньне без матузкоў, тапкі, зьменная бялізна, вада, прысмакі.
3. Як толькі вас прынялі, ваша мэта як мага хутчэй і зь мінімальнымі стратамі трапіць у камэру (цяпер сьмела называйце гэта хатай). На практыцы асноўны кашмар адбываецца да пераводу ў «хату»: мянты настолькі рады вас бачыць, што няспынна паляпваюць па плячах, сьпіне, азадку і нырках. Часам па мордзе. Пачынаецца ўсё яшчэ ў аўтазаку, працягваецца ў РАУС. Апошняе радзей, але там рыхтуйцеся некалькі гадзін стаяць на нагах у розных забаўных позах. Калі вас пазначылі, пастарайцеся змыць пазнакі пры любой магчымасьці (часта атрымліваецца). Спрачацца зь мянтамі, патрабаваць прадставіцца і іншае — на мой погляд, зусім ня мае сэнсу. Ну скажа ён прозьвішча, што вам ад гэтага? Значна лепш паводзіць сябе спакойна, тады вышэйшы шанец, што ня будуць біць. Хоць і не нашмат вышэйшы. Чытайце тое, што вам даюць на подпіс. Уносьце дапаўненьні і нязгоды. Прасіце копію (хутчэй за ўсё, не дадуць, але хоць паспрабуйце). Калі скажуць «Копія будзе ў рэчах» — ня верце. Ня будзе.
4. Пры афармленьні ў турме не гарачыцца. Строем — дык строем, пысай у падлогу — дык пысай у падлогу. Памятайце, ваша асноўная задача — хутчэй заехаць у «хату». Ад таго, што вы трапіце туды на пару гадзінаў пазьней і з гематомамі, лягчэй ня стане. Зрэшты, тут ужо вам вырашаць.
5. Калі паставілі на калені або рукамі ў сьцяну. Стаяць, магчыма, давядзецца доўга. На каленях ногі нямеюць вельмі хутка. Паспрабуйце непрыкметна перамяшчаць цэнтар цяжару наперад. Вельмі павольна. Гэта дасьць магчымасьць аднавіць крывацёк у нагах. Стоячы, перамяшчайце свой цяжар з адной нагі на другую. Калі б’юць, старайцеся абараняць галаву. Паспрабуйце маўчаць. Хоць гэтая парада так сабе; ня ведаю, як пойдзе. Я маўчаў, адчапіліся даволі хутка. Але часта маўчаньне раздражняе мянтоў. Так што інтуіцыя падкажа.
6. Цяпер галоўнае. У «хаце» выкідвайце з галавы свае кніжныя веды пра зонаўскія паняцьці. Адразу і цалкам. Там працуюць элемэнтарныя правілы ветлівасьці і ўзаемадапамогі. Напрыклад, не хадзіць у туалет, пакуль людзі ядуць. Ці, напрыклад, у перадачы толькі вашымі павінны быць індывідуальныя рэчы (зубная шчотка, бялізна, ручнік і брытва, калі яе прапусьцілі). Усім астатнім (нават пры неабходнасьці цёплым адзеньнем) прынята дзяліцца. Калі ў камэры ад кагосьці засталася, скажам, брытва (я знайшоў такую) — рукі прэч. Крывяныя інфэкцыі ня дрэмлюць. Прайдзіцеся па «хаце», зазірніце ва ўсе шчыліны. Цалкам магчыма, хтосьці пакінуў для вас цыгарэты і запалкі.
7. Калі ў камэры ёсьць занадта лёгка апранутыя, а там холадна — не саромеючыся, грэем іх целамі. Вось так проста абдымаем колам і грэем. Хоць цяпер прасьцей, шмат дзе грэюць батарэі, а гэты лайфхак з жніўня. Калі радыятар працуе дрэнна, шукайце рэгулятар, ён можа быць. Вэнтыля на ім ня будзе, але можна паспрабаваць круціць «вёсламі» (г. зн. лыжкамі) або зубнымі шчоткамі.
8. Калі ложкаў менш, чым вас у хаце — спакойна кладземся на падлогу. На падлозе павінны ляжаць тыя, хто цалейшы і здаравейшы. Выбіраем месца альбо побач з радыятарам, альбо каля дзьвярэй (нават калі гэта насупраць прыбіральні). Месца выбіраем, дзе ня холадна і дзе ёсьць рух паветра. Цёплая куртка можа замяніць матрац і коўдру, чаравікі могуць замяніць падушку.
9. Калі ў камэры атрымалася курыць і вы курэц, не барзейце. Не курыце да туману, народ задыхнецца. Калі вы ня курыце, патрывайце і ня ныйце. Курцам са стажам вельмі дрэнна бяз курыва, яны раздражняюцца і трывожацца.
10. Наконт судоў і адваката напісана шмат, ня буду паўтараць. Асабіста я вельмі задаволены, што ў мяне ён быў (хоць гэта і не адбілася на прысудзе).
11. На этапе ў аўтазаку можа загойдваць. Асабліва ў «буханцы». Будзьце гатовыя да гэтага. Хаця б паспрабуйце не наядаць жывот. Таксама раю ня піць шмат вадкасьці і схадзіць у прыбіральню перад выездам па магчымасьці. З Акрэсьціна разьлічвайце на этап празь дзень пасьля суду альбо ў той самы. Знак этапу — вам далі рахунак на аплату за знаходжаньне.
12. Асноўнай вораг у камэры — нуда. У вас нават гадзіньніка няма, каб разумець, колькі часу. Прасіце кнігі зь бібліятэкі і настольныя гульні. Раптам дадуць. Размаўляйце адзін з адным. У нас у Жодзіне былі заняткі кожны дзень: ангельская мова, фінансы, гісторыя (перад агульнай мэдыцынай мяне зьвезьлі, не пасьпеў паслухаць). Хто ў чым спэцыяліст, той і вядзе ўрок. Паверце, гэта моцна дапамагае бавіць час.
13. Ні ў якім разе не сварыцеся. Нават калі з вамі сядзіць заўзяты лукашыст, які трапіў памылкова. Няма нічога горшага, чым напружаньне паміж людзьмі ў камэры. Тое самае тычыцца і дэманстрацыі сваёй перавагі ў чым-небудзь. Гэтага ні ў якім разе не павінна быць.
14. Прыбірайце ў камэры. Наколькі гэта магчыма. У адной з хат, напрыклад, у нас была выключная пляма дзярма проста на сьцяне (што дзіўна — амаль пад стольлю), паходжаньне якой мы так і не раскрылі. Тым жа субстратам былі выпацканыя дзьверы да туалетнай дзіркі. Адмылі ўсе, што адмываецца: сабе ж прыемней.
15. Дзірка туалета абавязкова будзе сьмярдзець. Па-першае, разьвядзіце ў бутэльцы (калі яна ёсьць) ваду з мылам ці шампунем. Гэтым растворам можна праліваць туалет пасьля паходу. Па-другое, пусты поліэтыленавы пакет, шчыльна набіты мокрай паперай і прывязаны да трубы стужкай з анучы, служыць нядрэннай затычкай.
16. У мянтоў можна патрабаваць неабходнае, але ня факт, што дадуць. З практыкі: да дзяўчат ставяцца больш паблажліва.
17. Калі раней тэрміну па вас прыйшлі «з рэчамі на выхад» і сказалі, што дадому датэрмінова — ня верце. Зьбірайцеся, як на этап, таму што гэта, хутчэй за ўсё, этап. Яны так жартуюць. Бярыце рэчы, цыгарэты, частку ежы, кнігі. Ды ўвогуле. Нават калі мянты (вертухаі, якія прымаюць; усе наогул) ветлівыя і прыязныя, не расслабляйцеся і не сьпяшайцеся плакаць у іх на грудзях. Проста памятаеце, што яны па той бок. Усе. Без выключэньняў. Не забывайце пра гэта ні на імгненьне.
18. У хаце ўсе забаўляюць адзін аднаго, хто як можа. Інакш нудота страшная. Забавамі могуць быць лекцыі (хто ў якой спэцыяльнасьці майстар), гісторыі, анэкдоты — што заўгодна. Калі з вас пажартавалі або засьмяяліся з чагосьці — засуньце ў зад гонар і не надзімайце шчокі. Ваша ганарлівая крыўда зробіць горш толькі вам. Лепш пасьмейцеся разам з усімі. Нават зь сябе. Зубной пастай можна нарысаваць дошку, з хлеба зьляпіць шашкі або шахматы. Уключайце кемлівасьць.
19. Калі выходзіце з хаты, паспрабуйце яе «зарадзіць». Хавайце цыгарэты і запалкі (калі ёсьць) у радыятар або вэнтыляцыйныя каналы. Ці яшчэ куды. Вашы пераемнікі скажуць вам дзякуй.
20. Калі раптам пашанцавала і ў турме ставіліся добра, барані вас неба горда апавядаць пра гэта пасьля выхаду. Раскажаце — для вашых пераемнікаў гэта самае «добра» скончыцца празь дзень. Як толькі гэта прачытаюць.
21. Старайцеся ня есьці іхны чорны хлеб: ён часта недапечаны, глеўкі. Выбухнеце над туалетам. Есьці можна скарынкі. Гэта больш бясьпечна.
22. Яшчэ адна рэмарка наконт прыбіральні: паходы ў туалет будуць чуваць усім (часта і відаць, бо дзьверы ёсьць не заўсёды). Рагатаць з гэтага можна толькі тады, калі чалавека гэта ня крыўдзіць. Інакш забясьпечыце сукамэрніку запор.
23. Калі ўначы не ўключаюць месяц і гарыць сьвятло: маска на вочы ратуе. Капюшон ад байкі таксама. Краты можна завесіць туалетнай паперай.
24. Шчыліны ў акне заляпіце паперай або хлебам (калі адтуль моцна цягне).
25. Паспрабуйце запісаць тэлефоны блізкіх вашых «калег», калі выходзіце першым. Абавязкова ўсіх абзваніце. Весткі кшталту «Жывы, здаровы, вясёлы, не пабіты, перадае прывітаньне» каштуюць вельмі дорага. Нават калі чалавек адправіў лісты з турмы, яны прыйдуць ужо пасьля таго, як ён выйдзе.
26. Клапы, прусакі і іншая жыўнасьць — абарыгены там, у адрозьненьне ад вас. Зьмірыцеся. Таму ежа павінна быць запакаваная. Затое можна гуляць у «стоп-таракан» у рэале.
27. Старайцеся не гарачыцца зь мянтамі. Вы ў хаце не адзін. Перагняце палку безь неабходнасьці — дастанецца ўсім. Могуць усіх проста адлупцаваць, хоць і малаімаверна. Хутчэй, адыграюцца больш дробна, але адчувальна. Напрыклад, забяруць матрацы. Перастануць выключаць сьвятло. Зачыняць акно ці адчыняць (гэта значыць, вы задыхняцеся або зьмерзьнеце). Выганяць на шмон і забяруць усе прадукты зь перадач. Уночы будуць падымаць кожныя паўгадзіны. Учыняць шмон з гадзінным стаяньнем на расьцяжцы, і так некалькі разоў. Варыянтаў у іх маса. Так што, калі ёсьць што патрабаваць у мянтоў і патрабаваньне абгрунтаванае — дзейнічайце. Раўці каля «тармазоў» «Мянты — казлы» — так сабе ідэя.
28. Пры магчымасьці, даведку аб вызваленьні бярыце адразу. Каб потым ня езьдзіць.
Сваякам і блізкім:
1. Першая перадача — мінімальная (глядзі вышэй). Паспрабуйце аддаць яе ў РАУС.
2. Добра, калі ваш сябар, які папаўся, даў вам паролі ад гугла: так вы зможаце дыстанцыйна і хутка фарматнуць ягоны тэлефон. Вядома ж, там няма крыміналу. Але ці хочацца вам атрымліваць праз вайбэр, напрыклад, сэрцайкі ад мянтоў? Я не жартую, мае сябры іх атрымлівалі, калі я ляжаў мордай у траве. Акрамя таго, наяўнасьць у руках разблякаванага тэлефона і банкаўскай карткі яго ўладальніка з прывязанай сыстэмай 3D-secure дае магчымасьць перавесьці ўсе ягоныя грошы з карткі без праблем. Што? Атрымальнік будзе ў сьпісе пераводаў? Як казала адна судзьдзя: «Ну и чё?»
3. Сачыце за сьпісамі. Інакш прыедзеце зь перадачай, напрыклад, у Жодзіна, а ваш чалавек ужо ў Слуцку.
4. У перадачу абавязкова цыгарэты без упакоўкі (40-60 штук, не шкадуйце). Нават таму, хто ня курыць. Абавязкова печыва, шакаляд. Цёплыя рэчы, бялізну, ручнік, мыла, шчотку, пасту. Арэхі. Каўбасу (чым больш вэнджаная і сухая, тым лепш, даўжэй праляжыць). Пальчаткі гаспадарчыя (у іх зручна прыбіраць). Кнігі, паперу, асадку. Канвэрты. Часнок, парашок Maggi або Gallina Blanca (робіць турэмны суп ядомым). Соль, цукар. Кава «тры ў адным» у пакеціках (кіпеню ня будзе, але яе можна есьці). Чай пакетаваны (у іхную слабую гарбату можна дакідваць). Лекі з рэцэптам (усе, нават безрэцэптурныя, трэба з рэцэптам). Інакш могуць ня ўзяць. Маскі; калі ёсьць — маска на вочы для сну. Затычкі для вушэй.
5. Брытва аднаразовая (станок), можна некалькі штук.
6. Пішыце лісты. Як мага больш. Гэта моцна падтрымлівае. Папраўдзе, адвакат (калі вырашыце яго мець) + перадачы + лісты + клопат пра самога сябе — гэта УСЁ, што вы можаце зрабіць. Больш вы ня можаце зрабіць НІЧОГА. Ніякія званкі нікуды не дапамогуць. Крыху могуць дапамагчы хадайніцтвы аб наяўнасьці ўтрыманцаў (дзяцей, інвалідаў), але ня моцна. Можа дапамагчы хадайніцтва з працы — калі спэцыяліст незаменны. Хоць нашых сапраўды незаменных лекараў упяклі за мілую душу.
7. Не геройствуйце. Падключайце блізкіх вам на дапамогу. Вы часова без свайго чалавека, не адрынайце дапамогу.
8. Паспрабуйце сустрэць. Валянтэры і кіроўцы — гэта выдатна. Але бачыць блізкіх прыемна. Паспрабуйце ведаць час затрыманьня: адпусьцяць роўна ў гэты час, што б не пісалі. Могуць на пару гадзін раней.
9. Не завальвайце пытаньнямі адразу: потым сам усё раскажа. Лепш дзяліцеся навінамі (інфармацыйны вакуўм моцны).
10. Дома ўсё адзеньне жастачайша мыць (памятаем пра клапоў?). Сядзельца вашага таксама. Калі ёсьць хоць якія праблемы са здароўем — да лекараў.
11. Першы тыдзень паспрабуйце стварыць спакойны рэжым: чалавек будзе актыўны, але праз тыдзень яго накрые, калі картызол перастане бурліць. Вось тады на яго наваляцца санлівасьць і апатыя. Так што першы тыдзень пасьля «хаты» не павінен выцягнуць апошнія сілы.
12. Калі ёсьць хаця б самы малыя прыкметы таго, што не спраўляецеся — бегма да псыхоляга. Ня трэба быць героямі. Гэта тычыцца як самога сядзельца, так і родных.
Віншую вас. Цяпер вы сапраўдны грамадзянін“.
„Гэй, у нас тут дарадца Нехты!“
Раман Абрамчук, музыка, краязнавец, гід, Менск:
„Затрымалі ўвечары 13 кастрычніка, калі выйшаў на «ланцуг салідарнасьці» ў сваім раёне.
Было забаўна: перад гэтым я быў у арт-вёсцы, у вельмі прыгожым месцы зь вельмі цікавымі людзьмі. Вярнуўся, сказаў жонцы: я на 15 хвілін. Нічога з сабой ня ўзяў, выйшаў даволі лёгка апрануты. Пастаяў хвілін 10. Пад’ехалі два бусы, усе пабеглі. Я быў перакананы, што ў нас перавага ў часе і я спакойна ўцяку.
Але разьлік не спрацаваў. Відаць, у дварах была засада: выбеглі з трох бакоў, мяне і іншых павалілі на зямлю і сталі біць. Адразу разьбілі нос. Двое заламалі рукі і павялі ў бус. Крычалі, каб ні на кога не глядзеў, тулава прыгнулі так, каб яно было паралельна зямлі. Рукі сьцягнулі будаўнічай сьцяжкай і патузалі яе, зьдзёршы скуру да крыві. Тыя сьляды на руках яшчэ не да канца загаіліся.
Нас запіхваюць у апраметную на колах з танаваным шклом. Нас б'юць і пагражаюць, што будуць біць яшчэ мацней. Мы бачым толькі спартовыя нагавіцы ды красоўкі тых нашых катаў. Ва ўсіх адразу ж дастаюць тэлефоны і скроляць падпіскі Telegram. У мяне некалькі падпісак на каналы з дэанонам, і за кожны атрымліваю ўдар па галаве. І раптам мой кат натрапляе на маё паведамленьне ў рэдакцыю славутага канала з прапановай больш не зьбірацца на злыбядовай стэле. «А, дык ты са Сьцяпанам перапісваесься?! Гэй, у нас тут дарадца Нехты!» — крычыць ён у цемрадзь апраметнай. «Пішы яму на лбе... Не, на руцэ маркерам!» Кат пачынае крэмзаць маркерам мне на запясьці: «САВЕ...» — і нас прымагнічвае да Савецкага РУУСу, мабільная апраметная ідзе на стыкоўку з базай.
У РУУСе заганяюць у падвал, ставяць да сьценкі тварам у зямлю і зразаюць з нашага адзеньня ўсё, з чаго можна сплесьці канат, каб вылезьці назад на зямлю. «Крыжык пакінь», — кажу я нагам у міліцэйскіх штанах зь лякіраванымі ботамі. Штаны нерухомеюць на імгненьне — і зь яшчэ большым імпэтам зразаюць матузок з расьпяцьцем, зрываюць з шыі і шпурляюць пад ногі да астатніх канфіскаваных рэчаў. Малітва не дапамагае. Бога ў Савецкім РУУСе няма.
Але раптам ззаду падступае нейкі фаўн — на караценькіх ножках і нават бяз маскі. Кажа, маўляў, расслабся, малайчына, што на допыце праўду сказаў пра свае гуляньні і пра Бога не забыў, толькі вось скажы мне цяпер пароль ад свайго смартфона (бо села батарэйка) — адпушчу на волю. Муляюся, вярзу нешта накшталт «Забыў... мяняў апэратара... трохі пазьней прыгадаю...». Але фаўн круціць хвосьцікам, эхкае са шкадаваньнем і распускаецца ў карчомным кумары... Малітва працуе, апраметная рассыпаецца, ног у спартовых трэніках ужо не відаць, надыходзіць зямная ноч. Скамечаныя сьцягі ў аўтазаку нагадваюць неахайна складзеныя парашуты ў салёне вучэбнага самалёта. Ідзем на пасадку.
«Воіны сьвятла, б*дзь!», — хрыпіць нейкі гад у балаклаве, калупаючыся бруднымі лапамі ў нашых смартфонах.
«Змагары», — атрутна шыпіць на нас зь цемры яго сузлачынца і б’е кулаком найбліжэйшага да яго «змагара».
«Цярплівец, на табе белага», — добразычліва ўсьміхаецца акрэсьцінскі ахоўнік і праз карцарнае акенца падае мне кавалак хлеба, смачнейшага за звычайны.
«Сымулянт!» — гістэрыць фэльчар, мераючы ціск мне, хто марна хапае пыльнае карцарнае паветра ротам.
«Зайчык», — кажа да мяне фэльчар з новай зьмены і прасоўвае праз акенца раствор і кантэйнэр для лінзаў, якіх я, з пачырванелымі вачыма, чакаю другія суткі. Мне хочацца расцалаваць ёй рукі. Але сапраўды, хто мы? Самае цяжкае там, акрамя бяспраўнасьці і непрадказальнасьці сытуацыі, тое, што ты, звычайна ахінуты на волі любоўю сваіх блізкіх і прыхільнікаў, уганараваны хоць нейкай павагай нават ад сваіх ворагаў і выпадковых мінакоў — тут страчваеш гэта ўсё цалкам, ператвараесься ў пыл на абутку тых, хто наўрад ці выклікаў бы ў цябе павагу ў звычайным жыцьці.
Мы ўбачылі яго ў першы дзень у Жодзіне. Пасьля прыёмкі, якая суправаджалася пастаянным брэхам аўчарак — у адной танальнасьці з гырканьнем ахоўнiкаў — ён быў першым, які загаварыў з намі са спакойнай людзкай інтанацыяй. І мы яго пазнавалі па гэтай інтанацыі, нават не па голасе — бо ён, падпарадкоўваючыся карпаратыўнаму трэнду, таксама насіў балаклаву. Але нейкую сьмешную, дзіцячую, зь якойсьці тонкай мяккай матэрыі, зь недарэчнымі белымі палоскамі на складках, падобнымі да расфарбоўкі мульцяшных ніндзя.
«Купіў, мабыць, на „АліЭкспрэс“», — пажартаваў адзін з нашых, і гэта стала мянушкай для нашага ахоўніка. У яго можна было спакойна запытацца, колькі часу, хто сёньня прэзыдэнт (гэта быў наш спосаб падкалоць ахоўнікаў); калі ўжо будзе, нарэшце, прагулка... І вось аднойчы мы запыталі Балаклаву-з-АліЭкспрэс пра кнігі, ці ёсьць тут бібліятэка. І ён адказаў, што бібліятэкай карыстацца можна толькі зэкам. «А мы хто?», — слушна запыталіся мы. «А вы... Ну вы... Вы людзі!», — нечакана выпаліў хлопец. Потым гэтае «Вы людзі» самыя цынічныя з нас паўтаралі да канца «сутак».
А аднойчы Балаклава-з-АліЭкспрэс прыйшоў без балаклавы. Аказалася, гэта быў зусім юнак, гадоў 19... Ён тады яшчэ папярэдзіў нас, унюхаўшы, што хтосьці курыць у камэры, каб не курылі, бо ён маўляў, усё разумее, але астатнія ахоўнікі зьвяры і спуску не дадуць... Дык нашыя падкалолі і на гэты раз: «А вы без балаклавы выглядаеце куды лепш!» Хлопец зьбянтэжыўся і пачырванеў. І мы запомнілі гэтую чырвань. І мы будзем сьведчыць пра яе. Як і пра балаклаву, якая яму не пасавала.
У Жодзіне нашыя «сьпетыя» камэрныя калектыўчыкі разьбіваюць, разьмяркоўваюць па камэрах наноў. Новы сусед хоць і «свой», адразу пачынае дыктаваць, што і куды нам можна ставіць, як хадзіць у прыбіральню і г. д. Гэта Глеб. Ён найстарэйшы, але мне здаецца, што ён прачытаў зашмат парадаў для «чайнікаў», як сябе паводзіць на зоне. Наўмысна стаўлю рэчы ня там, іду ў прыбіральню ня так. Празь дзень Глеба было не чуваць — маркотна сядзеў на падлозе ля свайго ложка, зь вінаватым выглядам адмаўляючыся гуляць з намі ў «Мафію», сьціпла пытаючыся ў нас дазволу расказаць нам што-небудзь... Сапраўды, у турме, суткамі знаходзячыся побач зь незнаёмцамі, цалкам страчваеш шарм і глянец, і даводзіцца быць сабой, са сваімі зіхоткімі слабасьцямі, для таго, каб на разьвітаньне паціснуць усім рукі і пачуць сакральнае: «Давай, брат». Але мне больш запомніўся «зайчык».
Яны прыляцелі ў адзін з апошніх дзён адседкі — дзён, якія асабліва марудна цягнуцца. «Што? Што ня так?», — першая рэакцыя на птушыны шчэбет, які даносіцца з адтуліны бліжэй да столі, якая тут нахабна завецца акном. Акно жодзінскай камэры — гэта невялікая простакутная дзірка, закрытая: а) плястыкавай фрамугай; б) кратамі; в) нейкім мутным таўшчэзным шклом; г) яшчэ аднымі кратамі. Праз «акно» амаль немагчыма разгледзець, які дзень на дварэ — сонечны ці пахмурны. Але мы стараліся і разглядалі. І гэта было важнай інфармацыяй ва ўмовах татальнай адсутнасьці прагулак. Зрэшты, і прагулка — гэта адна фікцыя: з адной камэры вас выводзяць у іншую, толькі ў яе замест столі краты і можна бачыць неба... Сонца — не. Але можна ўбачыць яго водсьветы на версе бляшаных вадасьцёкаў, што праступаюць жыламі на масіўным целе маркотных карпусоў. І гэта таксама істотна ва ўмовах батыскафнага паглыбленьня на многія дні ў марыянска-жодзінскую западзіну...
І вось раптам да нас, засунутых пад гэтыя слаі кратаў, бэтону і мутнага шкла — выразна даносіцца птушынае шчабятаньне. Бяз «ксіваў», не зьвяртаючы ўвагі на ўсё жалезьзе, на вышкі і ахову — захацелі ды прыляцелі. Бяззбройныя вестуны селі дзесь на жалезны прут каля «акна» і ўпэўнена штосьці нам перадаюць, паведамляюць. «Усё будзе добра! Дома ўсё добра!» Я, дыплямаваны гід-перакладчык, перадаю сваім сукамэрнікам зьмест паведамленьня. Мне ня вераць. А я слухаю далей і расплываюся ў ідыёцкай усьмешцы, каб схаваць сьлёзы. «Усё будзе добра, дома ўсё добра!», — зьвяртаюцца яны ўжо асабіста да мяне, які адзіны ў камэры чамусьці не атрымаў перадачы і месца сабе не знаходзіў другі дзень ад трывожных думак... Апошнія суткі прабеглі хутка“.
„Сказалі, калі мы не здамо нарматывы, будуць біць астатніх“
Затрыманая на маршы маці траіх дзяцей, 33 гады, Менск:
„Было вельмі цяжка. Я была ў выдатнай кампаніі 40 жанчын. Зь іх 20 былі 50+. Нас засунулі ў «стаканы». Перад гэтым мяне шпурнулі ў аўтазак. Са мной там была жанчына, якой 71 год, а нам у міні-дзіркі «стакана» распылілі газ. Калі мы пачалі задыхацца, тыя раўлі, каб мы супакоіліся, інакш распыляць яшчэ больш.
Потым з нас зьдзекаваліся ў Жодзіне. Прымушалі ўпрысядкі хутка перасоўвацца па калідорах. Жанчынам, старэйшым за 50, станавілася кепска, яны падалі… Іх штурхалі, мяне таксама, але мне ж 33... Потым з галавой зусім у зямлю трэба было бегчы. Нас зь дзяўчынай паставілі наперадзе і сказалі, што калі мы не здамо нарматывы, то будуць біць астатніх... Шчыра, у нейкі момант маё цела ўсё калацілася і я думала, што я больш не магу і «ўсё, страляйце». Потым, калі я ўжо ўся трэслася ад стрэсу і ад зьдзекаў, трэба было стаяць у расьцяжцы і рукі кудысьці там трымаць, куды я нават не даставала... Я не магла супакоіць сваё дыханьне ад нагрузак...
Нас было 23 у 6-мясцовай камэры. Былі і людзі за 60 з рэальнымі хваробамі. А тым было пляваць… Мы грукалі ў дзьверы, да нас ніхто не прыходзіў (жанчынам было вельмі дрэнна).
Якая кампанія! Са мной былі тры лекаркі, выкладчыцы, дырэктаркі фірмаў і проста цудоўныя людзі. Мы сьмяяліся (можа, дзесьці і гістэрычна) у нашай дружнай камэры, і нават жанчыны, якія трацілі прытомнасьць… Якія людзі! Яны мне сталі такімі роднымі за гэты час. Мы былі разам і так падтрымлівалі адна адну. Калі нас закінулі ў камэру, я не магла стаяць пасьля ўсіх гэтых зьдзекаў, але так было прыемна пачуць словы падтрымкі ад маіх баявых сябровак, і я валялася на падлозе ад бясьсільля і пры тым сьмяялася ад душы ад іх слоў падтрымкі. Нашы жанчыны 50+ гэта проста МЭГА!!! Такіх змагароў трэба пашукаць.
Я не герой, мне было вельмі страшна... Спачатку я спрабавала праявіць прынцыповасьць і не таптаць бел-чырвона-белы сьцяг, напрыклад, але за гэта атрымала. І потым ужо ў Жодзіне, калі перада мной супрацоўнік штурхануў жанчыну 65 гадоў у грудзі (яна не хацела прайсьці па сьцягу)... Я была ў жаху. Мне было страшна ўявіць, што зробяць са мною, калі з жанчынай 65 гадоў так зрабілі. Дзесьці я спрабавала гаварыць з амапаўцамі, дзесьці проста раўла, калі білі мужчын… Вы толькі можаце ўявіць, што рабілі з мужчынамі, калі з жанчынамі за 60 так абыходзіліся“.
„Нацягнулі на дубінку прэзэрватыў і спрабавалі засунуць у рот“
Дзяніс, Менск:
„Мяне схапілі 8 лістапада ў абед, калі ад стэлы ішоў на Кальварыйскую на танцы. У заплечніку нёс з сабой зьменку: шкарпэткі, красоўкі, майку, шорты.
Я параўняўся зь мікрабусам, забітым невядомымі людзьмі ў зялёным. Пачуўшы «Працуем!», я пабег, бо хапаць на вуліцы больш не было каго. Забег за будынак БДУ, пасьлізнуўся на траве і ўпаў.
Я быў бязь бел-чырвона-белай сымболікі, наадварот: на маёй кепцы ззаду быў чырвона-зялёны сьцяжок.
Мяне прывялі ў машыну, паставілі на калені галавой уніз у праходзе між сядзеньнямі, туга зацягнулі рукі плястыкавай сьцяжкай. Далей была спроба зайсьці ў мабільны тэлефон. Яны перабіралі мае пальцы і пастаянна наносілі ўдары па галаве, білі з розных бакоў. Дубінкай білі па руках. Захоплівалі пальцамі мае ноздры і адцягвалі галаву назад. Яшчэ электрашокерам мне сталі «смаліць» вушы, часам даставалася скроням — ці то прамахваліся, ці то спэцыяльна. Так яны зьдзекаваліся ў машыне, пакуль езьдзілі і папаўнялі бус новымі затрыманымі.
На лбе мне зрабілі пазнаку — літару «А», тыпу «актыўны», за тое, што не хацеў разблякаваць тэлефон.
Далей прывезьлі ў нейкае месца: паколькі галава пастаянна была апушчана, нічога разгледзець было немагчыма. Завялі ў кабінэт і паклалі на падлогу. Пачалі біць дубінкамі па нагах і ягадзіцах. Каб не было чуваць крыкаў, на галаву накінулі бронекамізэльку. Білі па чарзе чалавекі тры-чатыры. Абзывалі цярпілам.
У выніку яны сталі вырашаць: вывесьці мяне на вуліцу і заліць вочы пярцовым газам ці згвалціць дубінкай.
Пачалі шукаць прэзэрватыў, нацягнулі яго на дубінку. Паступіла прапанова засунуць мне яе ў рот, і калі яны прыступілі да гэтага, я здаўся, сказаў ім пароль. Зразумеў, што гэтыя людзі ня спыняцца ні перад чым, а здароўе мне потым будзе аднаўляць толькі даражэй.
Яны зазірнулі ў мой тэлеграм. Ім не спадабалася, што я падпісаны на групу «Карнікі». Адзін мяне ўдарыў нагой у жывот са словамі, што я хачу зрабіць яго жонку шлюхай. Я быў уражаны гэтым патокам трызьненьня! Але больш нічога цікавага, відаць, не знайшлі. Празь нейкі час я пачуў: маўляў, ты за гэта столькі трываў?»
Я адседзеў у Жодзіне сем сутак. Адразу пасьля выхаду зафіксаваў сьляды зьбіваньня ў прыватным мэдцэнтры, а на наступны дзень паехаў да судмэдэкспэртаў на Даўгінаўскі тракт. Напісаў заяву ў Сьледчы камітэт.
Нэўроляг мне раіла да псыхоляга зьвярнуцца, але я быццам пакуль абыходжуся бяз гэтага. Мне б цяпер фізычна аднавіцца. Засталося аняменьне левай ручыцы вылечыць, мне сьцяжкай моцна пераціснулі руку і пашкодзілі адразу тры нэрвы: праменную, локцевую і сярэдзінную.
А таксама гематомы на нагах усё ніяк не праходзяць. У ізалятары хлопцы ў душы казалі, што я выглядаў ніжэй за пояс ззаду, як японскі якудза, цалкам «татуяваны».
Унутры ўсё грызе ад несправядлівасьці, хлусьні і сюру, які адбываецца ў нас у краіне“.