Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першая крымінальная справа супраць сілавіка стане канцом усёй сыстэмы». Палкоўнік юстыцыі пра настроі ў «органах»


Разгон пратэстоўцаў 29 лістапада
Разгон пратэстоўцаў 29 лістапада

«У пачатку выбарчай кампаніі тагачасны кіраўнік МУС Юры Караеў сустракаўся з супрацоўнікамі буйных аддзелаў унутраных спраў. Было сказана наступнае: „Вам можна ўсё. Не падвядзіце“. Нават у страшным сьне ня мог уявіць, што „ўсё“ — гэта літаральна ўсё». Дзейны праваахоўнік шакаваны маштабам гвалту.

Палкоўнік юстыцыі, сьледчы ў асабліва важных справах аднаго зь аддзелаў Сьледчага камітэту Іван Агееў (імя і прозьвішча зьмененыя на яго просьбу) у размове са Свабодай расказаў, якія цяпер настроі ў сілавым блёку, чаму ніводзін праваахоўнік не пакараны за перавышэньне паўнамоцтваў і як ён успрыняў сваё зьяўленьне ў сьпісе «карнікаў Беларусі».

«Сьвярбяць рукі распачаць крымінальную справу за гвалт»

«Ад самага пачатку працы ў сілавых структурах нам казалі: міліцыянт, сьледчы мусяць заставацца па-за палітыкай, — кажа кадравы сілавік. — Я згодны, але ў тым выпадку, калі выконваецца асноўны прынцып: кожны роўны перад законам. Толькі пры такім раскладзе супрацоўнік можа сказаць: я па-за палітыкай, бо на варце закону. Ня важна, хто перада мной: злодзей, які нешта скраў; ці высокі чыноўнік, ці сілавік. На жаль, гэты прынцып, закладзены і ў Канстытуцыі, пачаў парушацца, калі прынялі новы Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Зьявіліся касты „недатыкальных“. Маецца на ўвазе асаблівы парадак завядзеньня крымінальных спраў адносна шэрагу асобаў — дэпутатаў, міністраў і г.д.».

У тым, што закон не для ўсіх аднолькавы, беларусы змаглі пераканацца падчас драматычных падзеяў адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Тысячы адміністрацыйных і крымінальных справаў супраць удзельнікаў мірных акцый і ніводнай — за беспрэцэдэнтны гвалт, учыненыя калецтвы і нават забойствы мірных грамадзянаў сілавікамі.

«У любога супрацоўніка павінна быць павага да закону. Бяз гэтага ня можа выконваць свае абавязкі ні міліцыянт, ні сьледчы, ні пракурор, ні судзьдзя. Калі лічыш, што маеш права ў нейкіх выпадках парушыць, то гэта злачынства. Шмат сьледчых абураны дзеяньнямі праваахоўнікаў. Ёсьць закон аб органах унутраных спраў, дзе вызначана ўжываньне фізычнай сілы, спэцсродкаў, зброі. Усе мае калегі сядзяць у тэлеграм-каналах, бачаць ролікі з разгонаў. І калі амапавец беспрычынна б’е нагой у твар, гэта перавышэньне паўнамоцтваў. У законе, у тым ліку, сказана: сілавік павінен імкнуцца прычыніць найменшы ўрон здароўю. Калі чалавек не супраціўляецца, навошта малаціць яго дубінкай?»

Сілавікі разьбілі галаву чалавеку сталага ўзросту. Менск, Няміга, 8 лістапада 2020
Сілавікі разьбілі галаву чалавеку сталага ўзросту. Менск, Няміга, 8 лістапада 2020

Дык чаму пакрываюцца злачынствы тых, у чые функцыі ўваходзяць зусім іншыя задачы — абарона грамадзянаў, а не дэманстрацыя гвалту?

«Працэсы не пачынаюцца толькі таму, што кіраўніцтва краіны цудоўна разумее: першая ж крымінальная справа супраць канкрэтнага супрацоўніка сілавых структураў стане пачаткам канца цяперашняй сыстэмы. Бо той, хто будзе далей удзельнічаць у разгонах, ужо задумаецца: „Наступным у судовым канвэеры магу стаць я“. Тым больш ёсьць праграмы распазнаваньня твараў, схавацца ад правасудзьдзя складана. Асабіста ў мяне вельмі сьвярбяць рукі пры наяўнасьці складу злачынства завесьці крымінальную справу па факце гвалту з боку байцоў АМАП ці іншых падразьдзяленьняў», — адзначае ён.

Аднак, паводле суразмоўцы, сыстэма ў літаральным сэнсе зьвязала рукі сваім сумленным падначаленым.

«Існуе пэўная працэдура: любое рашэньне мусіць узгадніць кіраўнік, — тлумачыць ён. — А з гэтым нюансы. І, хоць ёсьць некаторыя працэсуальныя хітрасьці, юрыдычныя пралазы, таму ж сьледчаму празьмерная актыўнасьць і прынятае рашэньне пагражае звальненьнем ці непрацягненьнем кантракту. І гэта ўжо адбываецца: у аднабаковым парадку спыняюцца службовыя пагадненьні, нягледзячы ні на пасады, ні на чыны, ні на заслугі — ад сьледчага да намесьніка кіраўніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту, такія факты ўжо ёсьць».

«Выкарыстаньне зброі ў крайніх выпадках і толькі па нагах»

Сьледчы Агееў ня верыць, што крымінальныя справы супраць вінаватых у гвалце пры цяперашнім рэжыме магчымыя ў прынцыпе. Паводле ягоных зьвестак, праваахоўнікі атрымалі поўны карт-блянш на ўжываньне сілы. Адпаведна, з пункту гледжаньня кіраўніцтва дзяржавы некага караць за легалізаваныя «неабмежаваныя паўнамоцтвы» не зусім лягічна.

«На пачатку выбарчай кампаніі ўжо былы кіраўнік МУС Юры Караеў і ягоныя намесьнікі сустракаліся з супрацоўнікамі буйных аддзелаў унутраных спраў. Было сказана прыкладна наступнае: «Вам можна ўсё. Не падвядзіце». На той момант, калі я гэта пачуў, зразумеў крыху інакш: усё, але ў рамках закону, дзе абсалютна зразумела прапісанае ў тым ліку выкарыстаньне агнястрэльнай і траўматычнай зброі. У самых крайніх выпадках і толькі па нагах, каб прычыніць найменшую шкоду здароўю. А не прыцэльна ў галаву ці ў грудзі. Нават у страшным сьне ня мог уявіць, што будзе так, як мела месца ў жніўні і паўтараецца цяпер. Што „ўсё“ — гэта ў літаральным сэнсе „ўсё“.

Сілавік наставіў зброю на мірных пратэстоўцаў, 1 лістапада 2020
Сілавік наставіў зброю на мірных пратэстоўцаў, 1 лістапада 2020

Гарантыі беспакаранасьці для сілавікоў Свабодзе пацьвердзіў і адзін з былых супрацоўнікаў цэнтральнага апарату Генпракуратуры. Калі ў пачатку верасьня на пасаду кіраўніка ведамства быў прызначаны Андрэй Швед, ад яго імя быў падпісаны «праграмны дакумэнт», у якім прызнавалася правамернасьць гвалту і зьмяшчаўся пералік мераў для кожнага профільнага ведамства ў рэагаваньні на розныя формы пратэстаў.

Паводле крыніцы, там расьпісана ўсё, што адбываецца проста цяпер. Фактычна дакумэнт пазбавіў магчымасьці ініцыяваць пракурорскія праверкі кшталту той, што спрабавалі правесьці ў справе пабітых байкераў. Як вынік, у знак пратэсту пачалі звальняцца аўтарытэтныя супрацоўнікі пракуратуры. Дакумэнт носіць грыф сакрэтнасьці, кола доступу да яго моцна абмежаванае.

«Дзейная ўлада хоча стварыць краіну строгага рэжыму»

За амаль чатыры месяцы, пачынаючы ад 9 жніўня, амаль 32 тысячы чалавек затрымалі за «парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах». Зрэшты, у рамках прэзыдэнцкай кампаніі актывістаў штабоў прэтэндэнтаў і кандыдатаў пачалі саджаць яшчэ раней, на этапе збору подпісаў і працэдуры рэгістрацыі.

Лічба рызыкуе імкліва расьці і далей — асабліва на фоне «пікетаваньня на бальконах» (вывешваньне сьцягоў), ініцыятывах пачынаць крымінальную справу за паўторны ўдзел у акцыі, павялічыць удвая тэрміны адміністрацыйных арыштаў і штрафаваць на 100 базавых велічыняў за выкарыстаньне «незарэгістраванай сымболікі».

Ланцуг сілавікоў на праспэеце Незалежнасьці падчас маршу ў Курапаты, 1 лістапада 2020
Ланцуг сілавікоў на праспэеце Незалежнасьці падчас маршу ў Курапаты, 1 лістапада 2020

«Стэлефаноўваліся зь сябрам, разам сканчалі акадэмію МУС. Юрыст паводле адукацыі, ён у шоку: крыміналка за паўторны ўдзел у акцыі! Што вынікае? Сыстэма хоча зрабіць краіну строгага рэжыму. Крок улева, крок управа — турма. А неўбазаве і расстрэл, калі будзем рухацца такімі тэмпамі. З другога боку, сам сабе думаю. Ну вось падпіша зьмены ў кодэкс той, хто трапіў на пасаду прэзыдэнта сумнеўным шляхам, а мне давядзецца прыцягваць да адказнасьці чалавека, які другі раз выйшаў на мітынг. Для сумленных службоўцаў гэта стане апошняй кропляй. І гледзячы, што адбываецца навокал, не зьдзіўлюся, што такія „навэлы“ і праўда могуць прыняць».

Як адзначае сьледчы, сёлетняя палітычная кампанія адкінула Беларусь на дзясяткі гадоў назад, калі ў ход шлі забойствы і выкраданьні апанэнтаў. Сваякі па некалькі дзён ня могуць знайсьці сваіх схопленых родных, зброя і спэцтэхніка супраць мірных грамадзянаў ператварыліся ў будзённасьць. А забойства мастака Рамана Бандарэнкі стала кульмінацыяй беспакаранасьці.

«Гэта жах... Калі нават у памяркоўных гарадках і мястэчках каля храмаў зьбіраюцца людзі, каб запаліць лампадкі пад партрэтам Ромы, гэта сьведчыць пра людзкі боль. Я ня ведаю, што менавіта магу зрабіць у гэтай сытуацыі. Але маўчаць больш нельга. Мяне разьбірае злосьць, калі гляджу на такое беззаконьне. І я прашу прабачэньня перад усім беларускім народам за сваё юрыдычнае бясьсільле. Ці заслужылі нашы людзі падобны зьдзек? На жаль, мы толькі па кабінэтах ды на кухнях абуральна крычым. Што яшчэ павінна здарыцца, каб і сьледчыя сказалі сваё слова ды падняліся?» — задаецца ён рытарычным пытаньнем.

Яшчэ адной адметнасьцю своеасаблівага «дыялёгу» ўлады і грамадзтва стала мэтанакіраванае паляваньне на журналістаў. Ніколі яшчэ ў сувэрэннай гісторыі Беларусі не было столькі справаў паводле сумна вядомага артыкулу 23.34. Замест «ахоўнай граматы» камізэлька з надпісам «Прэса» і рэдакцыйны бэдж сталі мішэнямі — дзясяткі супрацоўнікаў СМІ аштрафаваныя, пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС, адбылі адміністрацыйныя арышты.

Журналістка «Нашай Нівы» Натальля Лубнеўская, якую прыцэльным стрэлам у нагу паранілі сілавікі, 10 жніўня 2020
Журналістка «Нашай Нівы» Натальля Лубнеўская, якую прыцэльным стрэлам у нагу паранілі сілавікі, 10 жніўня 2020

«Гэта ж глупства, — канстатуе палкоўнік юстыцыі. — Маўляў, такім чынам народ ня ўбачыць, што сапраўды творыцца падчас разгонаў. Ужо шмат абмяркоўвалася і аналізавалася, таму ўсе цудоўна бачаць, якая мэта: будзе меней праўдзівай інфармацыі, дык градус актыўнасьці астыне, пратэст садзьмецца і зажывём, як раней. Але ня трэба спэцыяльнай адукацыі, каб зразумець: як раней, пры гэтым рэжыме ня будзе! Яго рэсурс выйшаў. Да таго ж заўсёды ёсьць запасныя пляцоўкі, куды ўлада сама людзей і выштурхоўвае — тыя ж тэлеграм-каналы. Акрамя таго, сёньня кожны сам сабе і блогер, і журналіст, і відэаапэратар, працэсу ўжо не спыніць».

«Многіх людзей у пагонах ужо не магу назваць сваімі калегамі»

Тысячы супрацоўнікаў сілавых структураў за свой ваяўнічы імпэт трапілі ў розныя «ганебныя сьпісы» — ад «Карнікаў Беларусі» да «Чорнай кнігі». У тым пераліку і наш суразмоўца. Як адбілася на маральным стане яго знаходжаньне побач з амапаўцамі, байцамі ўнутраных войскаў, судзьдзямі? Ці моцна «зачапіла» такое суседзтва?

АМАП падчас затрыманьняў 26 кастрычніка ў Менску
АМАП падчас затрыманьняў 26 кастрычніка ў Менску

«Больш непакоіла, што адаб’ецца на сям’і. Калегі падыходзілі: маўляў, пішы заяву, пачнём праверку. Я адмовіўся, бо разумею лёгіку „партызанаў“. Ня ведаю эфэктыўнасьці тых каналаў, але ў мяне няма на іх злосьці. Людзі абураныя сыстэмай у цэлым. Ды і я таксама ёю абураны. На жаль, яна даўно перастала працаваць, як павінна. І не я адзін, у сьпісе нямала тых, хто не вінаваты ў тым, што ім прыпісваюць. Што тычыцца сьледчых, яны ў асноўным там „за кампанію“. Пераважная частка выдатна ўсьведамляе, што такое парушыць закон. Што да астатніх... Думаю, бальшыня на „дошцы ганьбы“ цалкам заслужана».

Палкоўнік юстыцыі кажа, што за апошнія месяцы кола ягоных кантактаў істотна звузілася. Найперш адваліліся тыя людзі ў пагонах, якія ня толькі не паставілі пад сумнеў сілавыя акцыі, а дагэтуль лічаць іх «неабходнымі» для навядзеньня парадку. Або моўчкі пагаджаюцца.

«На жаль, многіх ужо не магу назваць сваімі калегамі, — катэгарычны ён. — Зь міліцыянтамі так ці інакш даводзіцца кантактаваць падчас працы, у расьсьледаваньні крымінальных справаў. І калі раней маглі пагаварыць на асабістыя тэмы — як жонка, дзеці, лецішча, рыбалка — дык цяпер цяжка перасіліць сябе, каб нават павітацца. Маё стаўленьне да іх адназначнае: яны саўдзельнікі злачынства ўлады супраць беларускага народу. Не перабольшу, калі скажу, што, прынамсі ў камітэце, шмат хто падзяляе мой погляд і на падзеі ў краіне, і на ролю ў гэтым нашых былых знаёмцаў з органаў унутраных спраў».

Сам сьледчы Агееў падчас размовы схіляўся да таго, што пры канцы кантракту 31 сьнежня будзе яго апошні працоўны дзень у Сьледчым камітэце — хоць сябры і ўгаворвалі не рабіць пасьпешлівых крокаў. Хвалюе найперш тое, працягвае суразмоўца, што пачнуць набіраць ня вельмі кампэтэнтных супрацоўнікаў, так званых «сакратароў», якія, не задумваючыся, будуць выконваць загады, а не законы.

Спэцтэхніка ў раёне палаца Незалежнасьці ў Менску, 20 верасьня
Спэцтэхніка ў раёне палаца Незалежнасьці ў Менску, 20 верасьня

«Не застануся галодным без камітэту, больш хвалюе сумленьне»

Ці разглядае ён магчымасьць зьехаць з краіны, як гэта ўжо зрабілі некаторыя службоўцы? Унутраныя перакананьні ды грамадзянская пазыцыя яўна вядомыя кіраўніцтву камітэту, а наступствы ў цяперашняй сытуацыі могуць быць непрадказальныя.

«Не хачу казаць высокіх словаў пра патрыятызм, але гэта мая краіна. Каб быў маладзейшы і бачыў за мяжой пэрспэктывы, можа, і так. Але яшчэ магу быць карысным і на радзіме. Хай не ў праваахоўных органах, ёсьць іншая праца, я не цураюся. З улікам апошніх падзеяў, безумоўна, разглядаў варыянты — ад публічнага звальненьня да сыходу пасьля заканчэньня кантракту або перакваліфікацыі. Не баюся, што пакіну камітэт і застануся галодны. Не праблема зарабляць меней. Больш хвалюе сумленьне. Я заўсёды зычыў калегам, каб маглі сказаць: „Гонар маю!“ Ва ўсе часы афіцэры былі асаблівай кастай — сумленныя, моцныя, высокаадукаваныя і культурныя. На жаль, адзін чалавек у імгненьне ўсё запляміў».

Паводле суразмоўцы, за апошнія чвэрць стагодзьдзя вэртыкаль улады цалкам разышлася ў цывілізацыйных памкненьнях з уласным народам, асабліва зь яго новай генэрацыяй.

«Сёньняшнія 25-гадовыя — зусім ня тыя людзі, якія яго выбіралі. Мае бацькі, якім у 1994-м было, як мне цяпер, паверылі „свойскаму хлопцу“, вырашылі, што такі кіраўнік і патрэбен. Але час вясковага слэнгу мінуў. Цяпер за такога лідэра сорамна. Законнае жаданьне — каб з тэлевізара прамаўляў не „калгасьнік“, у якога лексыкон усё больш скочваецца на абразы, а адэкватны чалавек, які ідзе ў нагу з часам. Зразумела, чаму ён не саступае ўладу, хоць быў шанец спакойна сысьці. Сёньня людзі ўжо не даруюць забітых, пакалечаных, кінутых у турмы... Я ўпэўнены: пройдзе некалькі месяцаў — і час расставіць усё на свае месцы. Гонар, сумленьне і здаровы сэнс перамогуць», — падсумоўвае палкоўнік юстыцыі Іван Агееў.

Плякат на пратэставым маршы 23 жніўня ў Менску
Плякат на пратэставым маршы 23 жніўня ў Менску

Многія супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія кінулі выклік сыстэме, трапілі пад крымінальны перасьлед і наступны фізычны ды маральны прэсінг. Не выключае для сябе падобнага разьвіцьця падзеяў і спрактыкаваны сьледчы — не з размоваў ведае пра надзвычайную помсьлівасьць сілавікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG