Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я спужалася за свае жыцьцё». У Горадні пачаўся суд над жанчынай, якая ўкусіла амапаўку

абноўлена

Марыя Палікарпава ў судзе
Марыя Палікарпава ў судзе

Гарадзенку Марыну Палікарпаву, якую затрымлівалі 9 жніўня, судзяць за гвалт над міліцыянткамі. Справу пачалі разглядаць у судзе Ленінскага раёну Горадні 7 сьнежня.

Марыне Мікалаеўне 55 гадоў. Працуе правізарам у аптэцы, мае вышэйшую адукацыю. Увечары 9 жніўня яна пайшла ў цэнтар Горадні пагуляць. У мітынгу ня ўдзельнічала, ня мела пры сабе сымболікі. Знаходзілася ў сквэры побач з Савецкай плошчай, убаку ад асноўных падзей. За ўдзел у мітынгу атрымала трое сутак.

Пацярпелыя — міліцыянткі Марыя Мазуркевіч і Дар’я Бандарчук.

Справу разглядае судзьдзя Руслан Гурын.

«Абазвалі мяне с*кай»

Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, Палікарпава зрабіла злачынства 9 жніўня каля 22:20 у службовай міліцэйскай машыне на Савецкай вуліцы ў Горадні. Яе затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэньне (ч. 1 арт. 23.34 КаАП) у цэнтры гораду. Па словах пракурора, яна «наўмысна ўчыніла гвалт над службовымі асобамі», «каб перашкодзіць іхнай законнай дзейнасьці і каб пазьбегнуць адміністрацыйнай адказнасьці». Яна ўкусіла Бандарчук за левую руку, у той застаўся сіняк, а Мазуркевіч яна ўдарыла па твары.

Марына Палікарпава
Марына Палікарпава

Палікарпава не прызнала віну цалкам.

Жанчына расказала, што 9 жніўня яна працавала. Увечары прагаласавала і пайшла са знаёмай гуляць па цэнтры гораду. Выпілі па куфлі піва (0,3 літра). Марына Мікалаеўна сустрэла брата. Каля Савецкай плошчы яна ўбачыла шмат людзей у чорнай форме і масках, разгубілася, зразумела, што дадому яна ня зьедзе, бо рух перакрыты. Палікарпава трымалася за 100 мэтраў ад асноўных падзей і затрыманьняў на плошчы.

«Я ў такой сытуацыі ўпершыню ў жыцьці аказалася, ня ведала, што рабіць», — кажа Марына Мікалаеўна.

Яна запыталася ў чалавека ў форме, як бясьпечна пакінуць плошчу, той паказаў кірунак. У тым баку яе і затрымалі, правяралі дакумэнты, пра адміністрацыйную справу ніхто не паведаміў. Жанчыну перавялі ў бус без пазнак. Там яна ўбачыла дзьвюх маладых дзяўчын у цывільным.

«Я запыталася, ці мне паказваць пашпарт. Адна дзяўчына запыталася: „Хіба ў Польшчы жывеш?“... Потым мяне абразілі. Сэнс выказваньня быў у тым, каб я заткнулася, абазвалі мяне с*кай», — Марына Мікалаеўна хвалюецца і робіць шмат паўзаў.

Яна адказала амапаўкам, што ня варта так гаварыць старэйшаму чалавеку. Бандарчук, паводле яе слоў, ударыла яе кулаком у плячо і нагой у сьцягно.

«Бандарчук сказала, што яе завуць Маша Лукашэнка, Мазуркевіч сказала, што яе завуць Насьця Лукашэнка», — успамінае Палікарпава адказ міліцыянтак на яе просьбу прадставіцца.

Марыя Мазуркевіч (зьлева) і Дарʼя Бандарчук (справа) перад паседжаньнем
Марыя Мазуркевіч (зьлева) і Дарʼя Бандарчук (справа) перад паседжаньнем

Міліцыянткі надзелі ёй кайданкі, адзін расшпіліўся. Палікарпава сказала, што тыя ня могуць нават кайданкі нармальна зашпіліць. Пасьля гэтага яе сталі біць, каб перашпіліць кайданкі за сьпінай; сарвалі з галавы заколку, цягалі за валасы, зламалі акуляры. Бандарчук паспрабавала душыць пэнсіянэрку, каб завесьці яе руку за сьпіну.

«Я спужалася рэальна за свае жыцьцё. Нада мной ніхто ў жыцьці не чыніў гвалту... Яе рука трапіла мне ў рот. Я інстынктыўна ўкусіла яе», — прызнаецца жанчына.

Амапаўкі паклікалі на дапамогу мужчыну па імі «Віця». Хтосьці выцяў яе кулаком па галаве, шыю скруцілі на бок. Потым завезьлі ў Ленінскі РАУС.

«Я ня мела намеру нікуды ўцякаць. Я абараняла свае жыцьцё і здароўе... Я не мітынгавала, не крычала, ня брала ўдзелу ні ў якім мітынгу, я выпадкова там апынулася», — падсумавала абвінавачаная.

Пасьля затрыманьня Палікарпавай стала блага, званітавала, кружылася галава, выклікалі «хуткую», яе завезьлі ў шпіталь, зрабілі кампутарную тамаграфію.

«Садрала мне ўсё скураное пакрыцьцё»

У Горадні на судзе выступілі пацярпелыя міліцыянткі.

Першая пацярпелая — Марыя Мазуркевіч, ёй 33 гады, зь іх 10 гадоў працуе ў горадзенскім АМАПе. Яе, паводле афіцыйнай вэрсіі, Палікарпава ўдарыла ў твар.

Марыя Мазуркевіч
Марыя Мазуркевіч

Як расказала Марыя Мазуркевіч, яна ахоўвала грамадзкі парадак у цэнтры гораду 9 жніўня. Каля 22:30 ім у машыну даставілі Палікарпаву.

Паводле міліцыянткі, яны назваліся прапаршчык Мазуркевіч і прапаршчык Бандарчук. Палікарпава абуралася, маўляў нікуды не паедзе, супраціўлялася, спрабавала выйсьці з машыны. Тады ёй паспрабавалі надзець кайданкі, у адказ Палікарпава ўкусіла Бандарчук за руку, а Мазуркевіч ударыла ў твар. Урэшце ёй зашпілілі кайданкі за сьпінай. Палікарпава, паводле амапаўкі, кусала яе калегу прыкладна хвіліну.

«У яе былі невялікія пазногці, але гэтага хапіла, каб садраць мне ўсё скураное пакрыцьцё, пакінуць кучу ранак», — паказала на твар Мазуркевіч.

Паводле Мазуркевіч, яны ня білі і не абражалі Палікарпаву.
Адвакатка падсуднай задавала шмат удакладняльных пытаньняў, на многія Мазуркевіч адказвала «ня памятаю».

Супярэчнасьці ў сваіх паказаньнях раней і цяпер яна патлумачыла так:
«Відаць, быў цяжкі працоўны дзень. Я як заступіла а 8-й ранку (9 жніўня), дома я была толькі 11 (жніўня) а пятай ранку... У сувязі зь вялікай маральна-псыхалягічнай нагрузкай, якую на нас усклалі ў тыя дні», — кажа Мазуркевіч.

Марына Мікалаеўна зьняла акуляры і ціха плакала, пакуль дапытвалі Мазуркевіч.

Мазуркевіч запрасіла ў Палікарпавай кампэнсацыю маральнай шкоды памерам 5 тысяч рублёў. Сярод прычын — інтэрвію, якія Палікарпава давала ў мэдыя, «пачуцьцё незаслужанага прыніжэньня і перажываньні за сваю сям‘ю».

«Цякла кроў, можа быць, быў зламаны палец»

Другая пацярпелая — Дар’я Бандарчук, ёй 26 гадоў, апошнія 7 гадоў працуе ў горадзенскім АМАП. Менавіта яе ўкусіла Палікарпава.
Ейныя паказаньні былі падобныя да паказаньняў Мазуркевіч.

Дарʼя Бандарчук (у цэнтры)
Дарʼя Бандарчук (у цэнтры)

«У мяне засталіся яе зубы ў руцэ. Цякла кроў, можа быць, яшчэ быў зламаны палец», — расказала Бандарчук пра сьляды, якія засталіся на руцэ пасьля ўкусу.

Адвакатка запыталася пра прычыну 51 пашкоджаньня ў Палікарпавай, калі яна трапіла ў РАУС. Бандарчук адказала, што ня мае да гэтага дачыненьня.

Яна таксама запатрабавала спагнаць з Палікарпавай 5 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG