Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяцей сапраўды забіраюць у маці, калі тыя хворыя на COVID-19. Што кажа Сусьветная арганізацыя здароўя?


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Падчас паездкі ў Віцебск Аляксандар Лукашэнка наведаў Віцебскую абласную радзільню і парадаваўся, што нованароджаных дзяцей забіраюць ад маці, калі тыя хворыя на каранавірус. Гэта супярэчыць рэкамэндацыям САЗ.

«Малайчына, што не паслухала гэтых „сазаўцаў“: трэба ж было дайсьці да таго, каб рэкамэндаваць не забіраць дзіцяці ў маці ў той час, калі яна інфікаваная», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да лекараў.

«Жонка 8 дзён была на карантыне»

Як даведваемся, практыка, пра якую казаў Лукашэнка, распаўсюджаная. 12 лістапада ў горадзенскай сям’і Глеба і Вікторыі нарадзілася дачка Паліна. У маці яшчэ да нараджэньня выявілі каранавірус, таму дачка і маці былі паасобку 8 дзён.

«У мяне быў адмоўны вынік тэсту, таму праз 5 дзён пасьля нараджэньня я змог забраць дачку, а маці пасьля выпіскі яшчэ некалькі дзён жыла асобна. Гэта нейкая пастанова ёсьць. Але жонка была ня супраць, бо зь ёй разам ляжалі вельмі хворыя, і яна не хацела, каб там было дзіця», — расказвае тата Глеб.

Агулам немаўля было бяз маці 8 дзён. Тэст на каранавірус паказаў у яго адмоўны вынік.

Што рэкамэндуе САЗ

Сусьветная арганізацыя здароўя сапраўды не рэкамэндуе адымаць дзяцей, калі маці інфікаваная. Больш за тое, паводле рэкамэндацый, маці можа карміць дзіця пры ўмове выкананьня рэкамэндацый.

«Такім чынам, нават калі ў маці знойдзены COVID-19, ёй рэкамэндуецца дакранацца да дзіцяці і трымаць яго на руках, бясьпечна карміць грудзьмі з захаваньнем правілаў рэсьпіраторнай гігіены, трымаць дзіця „скура-да-скуры“ і знаходзіцца зь ім у адным пакоі. У цэлым САЗ рэкамэндуе маці ажыцьцяўляць выключна грудное выкормліваньне сваіх дзяцей на працягу першых шасьці месяцаў жыцьця», — гаворыцца ў рэкамэндацыях САЗ.

Падчас кармленьня рэкамэндуецца карыстацца маскай, а перад гэтым мыць рукі.

«САЗ дае рэкамэндацыі на падставе дасьледаваньняў»

Паводле доктара Зьмітра Салошкіна, варта давяраць рэкамэндацыям САЗ, бо яны грунтуюцца на дасьледаваньнях.

«Цяжка патлумачыць, чым кіруюцца ў Беларусі. Зразумела, так яны хочуць не заразіць дзяцей ад маці, і гэта, магчыма, на падставе нейкіх агульных зьвестак пра інфэкцыйныя хваробы. САЗ жа праводзіць дасьледаваньні. Я згодны, што раньні кантакт і кармленьне малаком маці спрыяе лепшаму разьвіцьцю і адаптацыі дзіцяці», — мяркуе Зьміцер Салошкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG