Глядзім, як цяпер здаць тэст і якія яны бываюць.
Экспрэс-тэсты
У дзяржаўных аптэках Беларусі ёсьць экспрэс-тэсты на антыцелы да каранавірусу. Гэта тэст па крыві, якія паказвае, ці перахварэў чалавек на каранавірус, ці не хварэў наогул. Паводле экспэртаў, такі тэст мае сваю хібнасьць: антыцелы могуць фармавацца не адразу, і можа быць так, што чалавек хворы, але тэст гэтага не пакажа. Каштуе такі тэст крыху больш за 30 рублёў у залежнасьці ад аптэкі.
Існуюць і экспрэс-тэсты, якія паказваюць вірус у сьлізістай, але пра такія тэсты ў сталічных аптэках «пакуль не чулі». Ці зьявяцца яны бліжэйшым часам, невядома.
Тэставаньне ў мэдычных цэнтрах
У прыватных мэдычных цэнтрах ёсьць магчымасьць здаць платны тэст на антыцелы да COVID-19.
«У аналізе крыві будуць два імунаглябуліны, G і M. G станоўчы – калі вы перахварэлі на каранавірус раней, М станоўчы – калі вы хварэеце цяпер. Калі абодва паказчыкі адмоўныя – гэта кажа або пра тое, што чалавек не хварэе, або пра тое, што аналіз зроблены ня ў час. Немагчыма сказаць, на які дзень захворваньня варта здаваць такі аналіз, бо інкубацыйны пэрыяд праходзіць ва ўсіх у розныя тэрміны», – патлумачылі ў адной з прыватных лябараторый.
Аналіз каштуе больш за 30 рублёў і здаецца па жывой чарзе. Раней у прыватных цэнтрах рабілі і аналіз мэтадам PCR, які дае больш дакладны вынік, але цяпер такі аналіз «часова ня робіцца».
Аналіз на антыцелы можна здаць таксама ў некаторых дзяржаўных паліклініках і ўстановах.
Як можна здаць аналіз мэтадам PCR
Мэтад PCR дазваляе больш дакладна вызначыць, ці хварэе чалавек на каранавірус менавіта цяпер. Гэты ж тэст патрабуецца пры ўезьдзе ў шэраг краін, дзе ўведзеныя абмежавальныя захады.
У дзясятцы сталічных паліклінік, куды зьвярнулася Свабода, адказалі, што здаць аналіз мэтадам PCR можна толькі па прызначэньні лекара. То бок для гэтага трэба адстаяць чаргу да тэрапэўта ў паліклініцы, які і вызначыць, неабходнасьць такога тэсту. Як кажуць лекары, «накіраваньне на такі тэст даюць пры яўных прыкметах хваробы. Павышаная тэмпэратура – не абавязковы чыньнік».
Дарэчы, ад 4 сьнежня менскія паліклінікі спынілі плянавы прыём пацыентаў.