Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд Украіны закідалі дымавымі шашкамі і прывезьлі шыны. Тлумачым, што адбываецца


Пратэстоўцы запалілі дымавыя шашкі пад будынкам суда
Пратэстоўцы запалілі дымавыя шашкі пад будынкам суда

У Кіеве некалькі сотняў актывістаў раніцай 30 кастрычніка выйшлі на пратэст да Канстытуцыйнага суду Ўкраіны, патрабуючы ягонай адстаўкі пасьля ўхваленьня рашэньня аб скасаваньні электроннага дэкляраваньня для чыноўнікаў.

Актывісты палілі фаеры, закідвалі дымавыя шашкі і шыны на прылеглую да Канстытуцыйнага суду тэрыторыю, а таксама выгуквалі ў адрас судзьдзяў: «Чамадан, вакзал, Растоў».

Паліцыя ўзмацніла ахову і заклікала ўдзельнікаў акцыі разблякаваць дарожны рух. У часе акцыі адбыліся невялікія сутыкненьні актывістаў з паліцыянтамі.

Што папярэднічала

Канстытуцыйны суд на закрытым пасяджэньні 27 кастрычніка прызнаў неканстытуцыйнымі шэраг нормаў антыкарупцыйнага заканадаўства, у тым ліку абавязковага электроннага дэкляраваньня даходаў і выдаткаў дзяржаўных службоўцаў.

Пасьля набыцьця моцы рашэньня Канстытуцыйнага суду Нацыянальнае агенцтва ў пытаньнях папярэджаньня карупцыі вымушана было закрыць рэестар электронных дэклярацый, які існаваў з 2016 году. Як вынік, заблякаваны ўступ на пасаду новых мэраў населеных пунктаў і дэпутатаў мясцовых радаў, выбраных на выбарах 25 кастрычніка.

Цана пытаньня — бязьвіз і палітычны крызіс

Увядзеньня электроннага дэкляраваньня патрабаваў Эўразьвяз для атрыманьня Ўкраінаю бязьвізавага рэжыму. Потым да аналягічнай умовы далучыўся і Міжнародны валютны фонд, зьвязваючы гэтую норму наўпрост з выдзяленьнем чарговага крэдыту краіне. Але супраціў электроннаму дэкляраваньню ва Ўкраіне чыніўся ад пачатку распрацоўкі гэтай ініцыятывы.

Цяпер эўрапейскія структуры папярэдзілі Ўкраіну аб магчымасьці часовага прыпыненьня бязьвізавага рэжыму.

Прэзыдэнт Украіны тэрмінова склікаў Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны, каб выпрацаваць мэханізмы аднаўленьня дзеяньня нормаў антыкарупцыйнага заканадаўства. Пасьля гэтага Ўладзімір Зяленскі ўзяў удзел і ў пасяджэньні ўраду, які сваім распараджэньнем даручыў Нацагенцтву ў пытаньнях папярэджаньня карупцыі аднавіць электронны рэестар і сваю працу.

Пазьней стала вядома, што Ўладзімір Зяленскі накіраваў у Вярхоўную Раду праект закону аб спыненьні паўнамоцтваў усяго складу Канстытуцыйнага суда. Гэта супярэчыць Канстытуцыі Ўкраіны, бо Канстытуцыйны суд можа спыніць свае паўнамоцтвы толькі на падставе рашэньня судзьдзяў. Цяпер склад суда фармуюць прадстаўнікі, вылучаныя Вярхоўнай Радай, прэзыдэнтам і зьездам судзьдзяў. Тэрмін працы кожнага судзьдзі — 9 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG