Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самую галоўную навіну прапусьціць будзе немагчыма». Як жывуць людзі, якія перасталі чытаць навіны


Пратэстны марш 6 верасьня на экране смартфона
Пратэстны марш 6 верасьня на экране смартфона

На гэтыя няпростыя часы некаторыя людзі рэагуюць так — перасталі чытаць навіны і сачыць за падзеямі ў краіне. Мы такіх знайшлі, даведаліся, як яны пачуваюцца, і спыталі ў псыхоляга, ці эфэктыўны гэта спосаб супакоіцца.

«У галаве адна фраза: калі ўжо канец?»

Насьця, 23 гады, аніматар

«У канцы жніўня для мяне чытаць навіны стала напружана. Навокал усе ўсё абмяркоўвалі — на кухні, на працы, на вуліцы, па тэлевізары, усюды! Узьнікла пачуцьцё агіды ад усяго гэтага, а яшчэ калі былі непраўдзівыя „Жоўтыя сьлівы“ (тэлеграм-канал, бліжкі да дзяржаўных СМІ і спэцслужбаў. — РС), то гэта — край нэрвовай сыстэмы».

Насьця кажа, што стала зусім цяжка і жудасна бачыць навіны, калі зьявілася інфармацыя пра катаваньні на Акрэсьціна. Тады дзяўчына даведалася, што сярод людзей, якія зазналі рэпрэсіі, была і яе знаёмая.

Каля ізалятара на Акрэсьціна, 14 жніўня
Каля ізалятара на Акрэсьціна, 14 жніўня

«Гэта было ўсё! Я была рада, што яна выйшла з цэлым тварам, усяго пару сінякоў на азадку і запясьцях. Пасьля гэтага стала радзей заходзіць на розныя каналы, у асноўным атрымлівала інфармацыю дома ад мужа або ў кампаніі сяброў, калі заходзіла такая размова».`

Дзяўчына прызнаецца, што пачуваецца спакайней, але зусім адмежавацца ад інфармацыі не ўдаецца.

«Муж, працуючы ў гэтай структуры (сілавой. — РС), заўсёды прыносіць якія-небудзь навіны з чарговага мітынгу».

«Спачатку думала, што мы, беларусы, хуценька ўсё паставім на месца, дружна. Цяпер я пачала ставіцца прасьцей, калі параўноўваць чырвоных і белых на гэтай вайне, — кажа Насьця. — Пахадзіўшы на мітынгі, я бачыла розных людзей: ёсьць выдатныя людзі ў натоўпе, а ёсьць і іх адлюстраваньне. І ведаючы другі бок, сілавікоў, мне складана сказаць, што вінаватыя толькі ўнутраныя войскі. На кожным баку свае касякі. Гэта як эфэкт бумэранга: яны пачалі першыя, а мы ім зробім яшчэ горш».

Пачуцьця, што нешта праходзіць міма, дакладна няма, кажа дзяўчына, бо падзеі ў краіне закранулі сям’ю, блізкіх сяброў і жыцьцё ў цэлым.

«Кожны раз, калі еду на працу ў нядзелю і праяжджаю плошчу Мясьнікова, дзе натоўп сілавікоў і вадамётаў, у галаве адна фраза: калі ўжо канец?»

Насьця кажа, што яе сям’я ніяк не адрэагавала на тое, што яна перастала чытаць навіны.

«Мае бацькі не палітычныя людзі. Яны разважаюць, як сям’я, якая жыве ў гэтай краіне 20 гадоў, хоча простай справядлівасьці і, так бы мовіць, мірнага неба. Але і Л. іх ужо задзяўбаў сваімі казкамі».

Лукашэнка выступае са зваротам да парлямэнту і народу, 4 жніўня
Лукашэнка выступае са зваротам да парлямэнту і народу, 4 жніўня

«Ад незалежных СМІ балюча, ад „залежных“ — цягне на ваніты»

Юля, 22 гады, мэнэджарка

Перастала чытаць ды глядзець навіны некалькі тыдняў таму. На той момант, кажа Юля, псыхічна было вельмі складана ўспрымаць нэгатыўную інфармацыю.

«Былі нават дзіўныя думкі, маўляў: я ляжу дома, ложак, коўдра, ежа побач, а нехта — там, ім дрэнна, іх б’юць, а я тут. А потым засынала і ў сьне бегала ад АМАПу. На вуліцах кожны мікрааўтобус пужаў. Адчуваньне, быццам вайна, страшна выйсьці. Мне звдаецца, я не адна такая».

Празь некаторы час, калі масава затрымліваць на маршах амаль перасталі, Юля адпісалася ад некаторых тэлеграм-каналаў, некаторыя перавяла ў бязгучны рэжым, але лепш ад гэтага ня стала.

«Новае дно за дном. І я „не вярнулася“, так скажам. Я разумела: цалкам без інфармацыі не застануся, вакол мяне ўсё роўна ўсё абмяркоўваюць і перадаюць адзін аднаму. Таму я ня ў танку, вядома, але сама навіны не гартаю. Я разумею, што, мабыць, гэта слабасьць, але я не магу глядзець на гвалт».

Юля прызнаецца, што ад дрэнных навінаў проста траціла матывацыю нешта рабіць, апускаліся рукі.

«Ад незалежных СМІ балюча, ад „залежных“ — цягне на ваніты. Цяпер я проста жыву. Падкрэсьлю, я ведаю, што адбываецца, міма мяне нічога не праходзіць. Калі ты ня сочыш штохвілінна за навінамі, мне здаецца, больш адэкватна рэагуеш на рэчы, бо маса навінаў кшталту „На плошчы Перамогі затрымліваюць“, „Каля стэлы АМАП“, „На Незалежнасьці вадамётам разагналі людзей“, „РУУС“, „Акрэсьціна“.... І такіх сотні. І ўсе з карцінкамі, відэа. Мне жудасна, мне шкада людзей».

Дзяўчына кажа, што яе сям’я і сябры таксама скарацілі плынь інфармацыі, а хлопец, наадварот, глядзіць шмат аналітыкі, стрымы і ўсё, што тычыцца сытуацыі ў краіне. Ад гэтага бываюць спрэчкі і сваркі.

«Адзіныя з навін, ад якіх было цёпла, а ня страшна, — гэта нядзельныя маршы. Асабліва першыя, памятаеце? Калі мы, прыгожыя, разумныя, шчырыя, добрыя людзі ішлі ў чырвоным і белым, дзяліліся вадой, ежай, сьпявалі, размаўлялі па-беларуску і проста адчувалі сябе свабоднымі. Я шчыра веру, што аднойчы мы пабачым такі дзень нашай беларускай Незалежнасьці, калі выйдзе кожны па сваёй волі і ня будзе баяцца не вярнуцца дадому. Верым!»

Марш прыхільнікаў пераменаў у Горадні 16 жніўня
Марш прыхільнікаў пераменаў у Горадні 16 жніўня

«Калі хтосьці побач глядзіць навіны дзяржаўных каналаў, іду ў іншы пакой»

Канстанцін Ніканораў, фатограф, апэратар, ужо месяц не чытае навінаў

«У цэлым там усё аднолькава. Б’юць, калечаць, па словах МУС выйшлі 3000 чалавек, па адчуваньнях Лукашэнкі — наогул 300. Ад гэтага проста трэсла, нейкая набіралася злосьць і асуджанасьць. У асноўным загалоўкі чытаю, часам, калі навіна ўжо зусім гучыць абсурдна, магу пачытаць, што там і да чаго. Цяпер спакайней сябе адчуваю, проста прыняў як факт, што далей з гэтай уладай нічога ня будзе».

Канстанцін кажа, што загалоўкаў навін яму хапае, каб заставацца ў курсе падзей і каб нічога не праходзіла міма. А вось зь сям’ёй і сябрамі стараецца не абмяркоўваць сытуацыі ў краіне.

«Калі расказваюць навіны, пра якія ня чуў, калі яны цікавыя, то слухаю. А калі хтосьці побач глядзіць навіны дзяржаўных каналаў, іду ў іншы пакой, бо падача дзяржаўных СМІ да млосьці даводзіць».

Сьпіс беларускіх тэлеграм-каналаў
Сьпіс беларускіх тэлеграм-каналаў

«Патрэбен перапынак, каб проста ня зьехаць з глузду»

Ангеліна, рэдактарка

Перастала чытаць і глядзець навіны пару тыдняў таму. Кажа, што доўгі час спрабавала ўважліва сачыць за падзеямі ў розных крыніцах, каб бачыць сытуацыю з усіх бакоў. Але чым больш даведвалася, тым складаней было мірыцца з тым, што адбываецца навокал.

«Часам я сама станавілася сьведкай абуральнай несправядлівасьці ў адносінах да мірных грамадзян, сама трапляла ў небясьпечныя сытуацыі. Ціск толькі мацнеў ад усьведамленьня, што я нічым не магу дапамагчы. Да таго ж у мяне стварыўся вельмі выразны падзел паняцьцяў „дзяржава“ і „прэзыдэнт“. Цяжка ставіцца з павагай да чалавека, які падманам і сілай захапіў уладу і адмаўляецца ісьці на які-небудзь дыялёг».

Ангеліна прызнаецца, што ў нейкі момант проста здалі нэрвы, а піць заспакаяльныя не было найлепшым варыянтам. Калі дзяўчына перастала паглыбляцца ў навіны, стала лягчэй.

«Я зноў пачала спаць па начах. Паглыбілася ў працу з галавой, нават стала вучыцца нечаму новаму і дзяліцца гэтым зь іншымі. У мяне не засталося вольнага часу, і мне больш няма калі сутаргава гартаць стужку навін. Стала прасьцей кантраляваць свае эмоцыі, пякучая нянавісьць больш ня есьць знутры, хоць я ведаю, што прычына для яе ня зьнікла».

Блізкія, кажа Ангеліна, паставіліся да рашэньня адмежавацца ад навінаў з разуменьнем. А вось калегі лічаць, што трэба заўжды быць у курсе падзей.

«Праўда ў кожнага свая, але няпроста абрынуць на сябе столькі інфармацыі, асабліва калі перажываеш яе так моцна. Часам патрэбен перапынак, каб проста ня зьехаць з глузду. Думаю, самую галоўную навіну, якую ўсе так чакаюць, прапусьціць будзе немагчыма, тут нават інтэрнэт не спатрэбіцца, — сьмяецца Ангеліна. — Хоць мне і страшна, я бязьмерна ганаруся адважнымі беларусамі, якія не стамляюцца выходзіць на вуліцы».

АМАП у будынку БТ. Ілюстрацыйнае фота
АМАП у будынку БТ. Ілюстрацыйнае фота

«Жорсткасьць не ў навінах, а побач з намі»

Ганна Бобрыкава
Ганна Бобрыкава

Клінічны псыхоляг і экзыстэнцыяльны тэрапэўт Ганна Бобрыкава кажа, што ня варта блытаць інфармацыйную ізаляцыю і «інфармацыйную дыету». Жыць у такой інфармацыйнай ізаляцыі ня вельмі магчыма ў цяперашніх рэаліях, калі толькі вы ня зьехалі на глухі хутар ці не апынуліся ў турме. Мэтанакіравана адсочваць важную для сябе інфармацыю і бяздумна глытаць кожную новую порцыю навін — гэта прынцыпова розныя працэсы.

«Цяперашнія навіны тычацца кожнага з нас. Гэта ня тыя гісторыі, ад якіх можна зь лёгкасьцю эмацыйна дыстанцыявацца, супакоіўшы сябе тым, што гэта адбываецца дзесьці далёка і з кімсьці іншым, як мы часта робім у звычайным жыцьці, — тлумачыць псыхоляг. — Чытаючы чарговую жахлівую гісторыю, мы ня проста суперажываем і абураемся, а дакладна разумеем, што на месцы гэтага чалавека магу апынуцца я сам, а гэта падымае трывогу ў разы. Пры гэтым мы ня можам пастаянна знаходзіцца ва ўзбуджанай боегатоўнасьці, рана ці позна „пробкі выбівае“, і чалавек апынаецца ў стане, блізкім да аглушэньня і дэзарыентацыі».

Ганна ўпэўнена, што чалавек можа дайсьці да такой ступені эмацыйнага зьнясіленьня, што навіны больш ня будуць кранаць. Каб не адбылося такога «выгараньня», варта выконваць правілы псыхалягічнай гігіены. Мае сэнс дазаваць чытаньне навін: абмяжоўваць час, колькасьць крыніц, рабіць «дні разгрузкі» і гэтак далей.

«Калі чытаньне навін паглыбляе пачуцьцё віны, то напрошваецца рашэньне не чытаць навіны. Але мне здаецца, што пытаньне не ў навінах, а ў разуменьні сытуацыі і адчуваньні ўласнага бясьсільля, — кажа псыхоляг. — Мы ня зможам супакоіць сваё сумленьне, зноў і зноў паглыбляючыся ў перажываньні, перачытваючы артыкулы і пераглядаючы ролікі, уяўляючы сабе гвалт і зьверствы, ня кажучы ўжо пра тое, што гэта ніяк не дапамагае тым, каму цяпер горш, чым нам».

Ёсьць шмат розных спосабаў удзельнічаць у тым, што адбываецца, падкрэсьлівае Ганна Бобрыкава, а чытаньне навін само па сабе да іх не адносіцца. А вось як супакоіцца і прыйсьці ў адносна нармальны стан пасьля гвалту, убачанага ў навінах, — пытаньне складанае, і спосабы ў кожнага свае.

«Жорсткасьць не ў навінах, а побач з намі. І гэта не клікбэйтавыя загалоўкі, якія проста трэба навучыцца фільтраваць. Усе і так ведаюць пра сэрыялы і спартзалю, пра Каца і Шчучыншчыну, і гэта сапраўды дапамагае. Але па-сапраўднаму пераключыцца можна, толькі калі гэтаксама па-сапраўднаму ўключыцца ў нешта іншае. Што гэта будзе, нешта грамадзкае ці глыбока асабістае — іншае пытаньне, і кожны можа знайсьці толькі свой унікальны адказ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG