Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што казаць дзецям? Праўду!» Як патлумачыць малым, што адбываецца ў краіне. Парады псыхоляга і бацькоў


Ілюстрацыйнае фота. Жаночая акцыя пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску, 1 верасьня
Ілюстрацыйнае фота. Жаночая акцыя пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску, 1 верасьня

Запыталіся ў актыўных бацькоў, як іхныя дзеці прызвычайваюцца да новай рэальнасьці. А таксама даведаліся ў клінічнага псыхоляга і экзыстэнцыяльнага тэрапэўта Ганны Бобрыкавай, як правільна размаўляць зь дзецьмі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, зьнізіць іх трывогу і страх, як рэабілітаваць пасьля ўбачаных жорсткасьцяў.

«Леў апавядае сваім сябрам, што добрыя людзі зьбіраюцца на мітынгі, каб паказаць, як нас, добрых людзей, шмат»

З мастачкай Аленай і яе мужам выходзіць на акцыі іхны чатырохгадовы сын. Яны ставяцца да дзіцяці як да самастойнай асобы, і таму ўсе важныя рэчы, пляны і заняткі абмяркоўваюць, супольна прымаюць рашэньне. Бацькі перакананыя, што дзеці ў кожным разе адчуваюць усё і ўхопліваюць настрой дарослых. Таму стараюцца сыну ўсё тлумачыць з разуменьнем, што іхная рэакцыя, паводзіны і словы паўплываюць на дзіця ня толькі тут і цяпер, а і будуць падмуркам для ягонага фармаваньня.

«Усе гэтыя тыдні мы таксама перажываем разам. На выбарчы ўчастак хадзілі ўсёй сям’ёй. Сын разумее і кажа сваім сябрам, што добрыя людзі зьбіраюцца на мітынгі і акцыі, каб паказаць, як нас, добрых людзей, шмат. Каб той галоўны злодзей, які падмануў людзей, пабачыў, як шмат добрых сьмелых людзей у Беларусі. Бо добрыя людзі хочуць, каб краінай кіраваў нехта іншы — добры», — кажа Алена.

Раней, прызнаецца Алена, яны маглі спакойна гуляць у двары і калі цямнее. Цяпер жа пры першых прыцемках сыходзяць дадому, каб сын ня стаў сьведкам, калі постаці ў чорным б’юць людзей на вуліцы.

«Аднойчы мы сустрэлі людзей, якія вярталіся ў аўтобусы з праўладнага мітынгу. Мы акурат спыніліся на сьвятлафоры, а яны з чырвона-зялёнымі сьцягамі праходзілі па ходніку побач. Тады сын запытаўся, чаму яны ідуць з чужым сьцягам. Сын праз вакно памахаў ім маленькім бел-чырвона-белым сьцяжком. Яны моўчкі хавалі вочы. Толькі адзін мужчына сказаў сыну: „А ў мяне сьцяг большы!“ — „А ў нас сэрца большае!“ — такі быў наш адказ».

«Нядаўна ён пабачыў, што ў людзей каля аўтазакаў ёсьць зброя. На наступны мітынг сын захацеў узяць з сабой свае драўляныя рыцарскі меч і шчыт, каб абараняць нас. Але мы патлумачылі, што нам ня трэба зброя і што нас большасьць — важна проста паказаць гэта, праз сьцяжкі, стужкі і добрыя ўчынкі. Для сына сьцяг — бел-чырвона-белы, пад яго колерамі рыцары раней абаранялі нашу краіну. А чырвона-зялёны — сьцяг часовы, ня кепскі, але і ня сьцяг рыцараў і нашых продкаў. Вядома, цяпер, калі на аўтазаках у горадзе вісяць чырвона-зялёныя, то для дзіцяці гэта сьцяг злодзея».

Цяпер сыну цяжка зразумець, што паліцыя — гэта зусім не абавязкова добрыя людзі, як ён прывык бачыць у мульціках і ў гульнях з машынкамі, кажа Алена. Цяпер паліцыянты ёсьць добрыя і кепскія. У малюнках дзіцяці таксама прысутнічае гэтая тэма. Але зараз вельмі падтрымлівае настрой рэакцыя людзей навокал.

«Учора ехалі дадому, спыніліся на сьвятлафоры: мы на машыне, побач тралейбус. Сыну ўсьміхнулася дзяўчына з тралейбуса, ён у адказ паказаў ёй пальцамі „перамогу“, яму ў адказ траціна тралейбуса памахала рукой, тады ён дастаў і паказаў ім бел-чырвона-белы сьцяжок, у адказ ужо ўвесь тралейбус усьміхаўся і вітаў маленькага радаснага хлопчыка».

«Яшчэ маем цяпер натхняльную гульню: лічыць добрых людзей па вокнах. Едучы з садка, мы глядзім у дамы вакол і лічым, хто колькі сьцяжкоў бел-чырвона-белых там убачыў. Плякаты на нядзельныя мітынгі таксама малюем разам, абмяркоўваючы, што там напішам і чаму. „Дабро пераможа!“ — наш любімы».

«Яна раней пазнала, дзе праўда, а дзе падман»

Дачка сьпевака Пятра Клюева Вераніка-Ганна нарадзілася ў 2012-м. У свае 8 гадоў яна сама вельмі цікавіцца сытуацыяй у краіне і стараецца яе асэнсаваць. А тата апавядае і тлумачыць.

«Яна ў мяне сьмелая дзяўчынка. Яна раней пазнала, дзе праўда, а дзе падман, а гэта важны момант у жыцьці чалавека. Я браў яе з сабою на акцыі, бо хацеў паказаць, што туды ходзяць дарослыя людзі зь дзецьмі, а ня толькі там супэр-моладзь, гіпстэры і г .д. Там людзі, якія маюць дзяцей і працягваюць род краіны, якія плоцяць падаткі і зьяўляюцца адказнымі грамадзянамі . Гэта важна, бо важна паказваць прыклад», — кажа Пятро.

У Пятра яшчэ ёсьць маленькі сын Адам-Бэнэдыкт, яму 4 месяцы. Зь ім у вазочку, з дачушкай і са сьцягам разам ён хадзіў на акцыі і так паказваў прыклад грамадзянскай актыўнасьці.

«Уражаньні дачушкі моцныя былі — колькі файных людзей цукеркамі частуюць на вуліцы. Бо вельмі ў нас такое салідарнае грамадзтва на пратэстах. Асабліва важна, што ўсе адно аднаму падаюць ваду, усе вельмі ветлівыя. Салідарнасьць, адкрытасьць духу і людзі вельмі добрыя».

Пятро кажа, што дачка задавала шмат пытаньняў у ноч пасьля выбараў.

«Калі клаў яе спаць, яна ў мяне пытала: „Што адбываецца на вуліцы?“ Бо чуваць былі крыкі, нейкі ляскат... Гэта пужала. Я разумеў, што на вуліцы — бойня, арышты. І я таксама выходзіў, быў, пляскаў у далоні, нічога дрэннага не рабіў, вяртаўся і клаў спаць сваю дачульку, тлумачыў ёй, што адбываецца».

Сьпявак прызнаецца, што яго сям’я вельмі моцна заклапочаная драматычнымі падзеямі.

«Бо мы за праўду, за любоў, за сапраўдныя эўрапейскія каштоўнасьці салідарнасьці, вольнасьці, калі годны чалавек мае права выказваць свае думкі і быць сабою. Наша сям’я, вядома, перажывае вялікі стрэс ад таго, што адбываецца, але я ўпэўнены, што ўсё будзе добра. І праўда за намі, таму мы пераможам».

«Сэнс размоваў — дапамагчы дзіцяці»

Дзеці вельмі чуйныя і да інфармацыйнага поля (абрыўкі вашых размоваў, узрушаныя фразы, гукі ролікаў, якія вы гледзіце), і да вашага настрою, і да эмацыйнага стану, кажа псыхоляг Ганна Бобрыкава. Калі вы ніяк не размаўляеце зь дзіцём пра падзеі ў краіне, яно рызыкуе заставацца ў разгубленасьці і трывозе.

Ганна Бобрыкава
Ганна Бобрыкава

«Перадусім трэба памятаць, што сэнс такіх размоваў — дапамагчы дзіцяці зразумець сытуацыю і здабыць падмурак, а не адпрацаваць уласныя перажываньні. Інфармацыю варта падаваць порцыямі, уважліва назіраючы эмацыйную рэакцыю на яе. Варта пачаць з тых момантаў, якія, на ваш погляд, дзіця дакладна заўважае, на якіх факусуецца. Адно дзіця хутчэй зьверне ўвагу на дзіўныя калёны машынак на вуліцы, другое — на натоўпы людзей са сьцягамі, трэцяе — на мамчын сумны ці ўстрывожаны твар».

І аб’ём інфармацыі, і яе падача залежаць і ад узросту дзіцяці, і ад яго асаблівасьцяў, і ад таго, наколькі яно ўключана ў падзеі, заўважае псыхоляг. Калі яно выходзіць з вамі на нядзельныя маршы, яму спатрэбіцца больш тлумачэньняў і, магчыма, іншага кшталту, чым калі яно бачыць пераважна вашу рэакцыю на навіны.

«Што казаць? Праўду. Тое, як вы самі бачыце сытуацыю. А форма, у якой праўда будзе пададзеная, залежыць, вядома, ад узросту і ўзроўню рэфлексіі. Каб не «нагрузіць» дзіця празьмерна, варта абапірацца на яго пытаньні і рэакцыі. Калі яно задае пытаньні — трэба абавязкова адказваць, тлумачыць. Для малога дастаткова будзе нейкіх простых фразаў накшталт: «Нас паспрабавалі падмануць, і цяпер людзі выходзяць, каб паказаць, што гэта не ўдалося».

Што рабіць, калі дзіця пабачыла на вуліцы затрыманьне ці само трапіла «пад раздачу»?

«Вельмі, вядома, не хацелася б, каб падобнае адбывалася. І важна даць зразумець дзіцяці, што тое, што яно бачыла, — ненармальна. Менавіта каб падобнае не паўтаралася ніколі, шмат-шмат людзей цяпер змагаюцца з гэтым, выходзяць на вуліцу, аб’ядноўваюцца, падтрымліваюць адно аднаго. Але гэтыя словы — потым. Перадусім, вядома, важна адвесьці дзіця ў бясьпечнае месца, супакоіць, даць перажыць любыя эмоцыі, абдымаць, паўтараць, што вы побач і гатовыя яго абараніць».

Калі дзіця пацярпела фізычна або было зусім блізка да сытуацыі жорсткага гвалту, Ганна рэкамэндуе зьвярнуцца да дзіцячага псыхоляга, бо кожны выпадак індывідуальны.

«Агульныя парады могуць тычыцца толькі аднаўленьня базавага пачуцьця бясьпекі: даваць дзіцяці гэтулькі тактыльнага кантакту, колькі трэба, дазваляць яму спаць з вамі, калі яно просіць, прагаворваць сытуацыю столькі разоў, колькі трэба: што вы рабілі, што адбылося потым, чаму такія рэчы адбываюцца і што з гэтым можна рабіць, што цяпер усё ў парадку. Таксама зь дзеткамі можна ня толькі размаўляць, але і маляваць, ляпіць — гэта свайго кшталту арт-тэрапія атрыманай траўмы».

Што казаць дзіцяці, калі затрымалі кагосьці з бацькоў?

«Я думаю, праўду (у адаптаванай пад канкрэтны выпадак форме) важна казаць заўсёды, бо наша сувязь зь дзецьмі трымаецца на даверы і рызыкаваць ім не варта. „Тата зьехаў у службовую выправу“? А чаму тады маму не пазнаць? Чаму яна вядзе дзіўныя размовы праз тэлефон? Што такое СІЗА і РАУС? А калі ён вернецца? Што наагул адбываецца? Калі дзіця ня мае зразумелага яму адказу на гэтае пытаньне, трывога расьце. Як растлумачыць дзіцяці, што ў нас саміх не ўкладаецца ў галаве, выклікае адначасова бясьсільны гнеў і ліпкі страх? Як адказаць на пытаньні, адказы на большасьць якіх мы самыя ня ведаем? Падабраць патрэбныя словы няпроста, але гаварыць зь дзіцём трэба абавязкова».

Зьнікненьне значнага для дзіцяці дарослага — сур’ёзны стрэс, перажываньне якога можна зьмякчыць надзейнай сувязьзю з тым, хто застаўся зь дзіцём, тлумачыць псыхоляг.

«Мы часта баімся, што скажам нешта ня тое, лішняе, што, замоўчваючы нейкія рэчы, мы аберагаем дзіцячую псыхіку. Але дзеці так ці інакш ловяць інфармацыю, што называецца, „з паветра“, а мы можам толькі паўплываць на тое, як яны будуць яе перапрацоўваць і інтэрпрэтаваць — засьцерагчы ад яе немагчыма ў прынцыпе. Гаварыць зь дзіцём ня значыць апускаць яго ў сьвет нашай трывогі. Гэта ў першую чаргу быць у кантакце, не даючы страшным фантазіям запаўняць сабой пустэчу, пазначаную нашым маўчаньнем».

Ганна падкрэсьлівае, што мы ня можам аберагчы дзяцей ад перажываньняў і выпрабаваньняў, але можам — у тым ліку сваім прыкладам — дапамагчы ім пражыць цяжкія дні, навучыць не адчайвацца.

«Мы пачуваемся „маленькімі“ перад абліччам бязьлітаснай сыстэмы»

Трагізм нашай сёньняшняй рэальнасьці ў тым, што базавае пачуцьцё бясьпекі падарванае і ў бацькоў. Дарослая ўпэўненасьць, што баяцца няма чаго, якая дапамагае супрацьстаяць «монстрам пад ложкам», у цяперашніх абставінах проста зьнікае, тлумачыць Ганна. Так і ў дзяцей можа ўзьнікнуць страх хадзіць у школу ці садок, а мо нават і проста выходзіць на вуліцу.

«Перш за ўсё варта разабрацца, чаго менавіта баіцца дзіця. Не заўсёды адказы відавочныя. Пэўныя дзеці будуць баяцца, што нешта можа адбыцца з вамі, пакуль яны ў садочку або ў школе. Каб неяк „працаваць“ з канкрэтным дзіцячым страхам, важна зразумець, у якой сытуацыі, у які момант гэты страх зьявіўся, і адтуль ужо „размотваць клубок“».

Псыхоляг папярэджвае, што схаваць свае пачуцьці ад дзяцей ня ўдасца, а спроба можа прывесьці да адваротнага эфэкту. Пры гэтым дзяліцца эмацыйнымі перажываньнямі варта з тымі блізкімі, хто можа іх вытрымаць. Размаўляючы зь дзіцём, можна рабіць адначасова і вялікую працу для саміх сябе: супакойваць, суцяшаць і ўсяляць надзею ў нашу ўласную «дзіцячую частку». Вельмі важна правільна патлумачыць дзіцяці, чаму і дарослыя пачуваюцца прыгнечанымі і ўстрывожанымі.

«Праўда ў тым, што бясьсільле і апатыя зьвязаныя з адчуваньнем уласнай бездапаможнасьці. У такія моманты мы пачуваемся „маленькімі“ перад тварам бязьлітаснай сыстэмы, але для дзіцяці бездапаможныя бацькі — цяжкае выпрабаваньне. Калі згадаць усім вядомы беларускі графік „рэжыму канец — нас усіх расстраляюць“, зь дзецьмі лепш размаўляць з пункту ўпэўненасьці».

«Я б прапанавала казаць пра стомленасьць („ты ж ведаеш, што варта адпачыць — і сілы вяртаюцца“), пра смутак („мне сумна бачыць, калі адбываецца несправядлівасьць“), але адначасова трансьляваць веру ў дабро і свае сілы, свае магчымасьці», — раіць псыхоляг.

Як дапамагчы дзеткам перажыць усе гэтыя падзеі?

«Быць побач, не выпадаць надоўга з эмацыйнага кантакту, тлумачыць ім (а заадно і сабе) тое, што адбываецца, шукаць свае ўласныя апоры. Сярод лёзунгаў, якія я бачыла на маршах, быў і такі: „Ведаю дакладна я, што вы ўсе — мая сям’я“. Як дарослыя, мы ня можам ня бачыць таго, што адбываецца, у тым ліку як гуманітарную катастрофу, — кажа псыхоляг. — Як бацькі студэнтаў, школьнікаў мы бачым, як пытаньні маралі выходзяць на пярэдні плян, выціскаючы звычайныя клопаты пачатку навучальнага году. Але гэта — цёмны бок падзеяў. А ёсьць і сьветлы, выяўлены ў згаданым лёзунгу, у адчуваньні адзінства, у велізарнай колькасьці новаўтвораных гарызантальных сувязяў. На гэты сьветлы бок і варта запрашаць дзяцей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG