Псыхіятры, псыхолягі і псыхатэрапэўты запісалі відэазварот з патрабаваньнем спыніць гвалт і не дапусьціць ужываньня баявой зброі супраць мірных людзей, якія выказваюць свой грамадзянскі пратэст. Спэцыялісты ўпэўненыя, што ў цяперашніх умовах немагчыма забясьпечыць ахову псыхічнага здароўя беларусаў, паведамляе Tut.by.
Мэдыкі занепакоеныя псыхічным здароўем беларусаў з 9 жніўня і да цяперашняга моманту.
— Мы вымушаныя прызнаць: псыхічнае здароўе беларускай нацыі пад пагрозай. Мы ня можам маўчаць. Да нас паступаюць звароты людзей, якія перажылі сытуацыі гвалту з боку работнікаў дзяржаўных органаў правапарадку. Да нас зьвяртаюцца сем’і, якія стаміліся жыць у трывозе за сваіх блізкіх. Да нас зьвяртаюцца бацькі, якія ня могуць адказаць на пытаньні сваіх дзяцей пра гвалт у нашай краіне. Да нас зьвяртаюцца настаўнікі і лекары, працоўныя калектывы, кіраўнікі з просьбай дапамагчы справіцца з масавай трывогай і дэпрэсіяй.
Мы, прафэсіяналы ў пытаньнях псыхічнага здароўя, ня можам дапамагчы людзям пераадолець апатыю, бясьсільле, страх, калі ў краіне парушаюцца базавыя правы грамадзяніна. Дзеяньні ўлады ў дачыненьні да насельніцтва Беларусі мы расцэньваем як парушэньне артыкула 45 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які абвяшчае права на ахову здароўя, а таксама шэрагу міжнародных дакумэнтаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь, кажуць спэцыялісты.
Яны адзначаюць, што вымушаныя працаваць у сытуацыі страты базавых арыенціраў, а ў гэтых умовах немагчыма забясьпечыць ахову псыхічнага здароўя беларусаў.
— Гвалт, жорсткасьць і рэпрэсіі наносяць глыбінныя псыхатраўмы, якія ўплываюць на сучаснае і будучае пакаленьні. Наступствы гвалтоўных дзеяньняў разбуральныя і для тых, хто іх учыняе, асабліва для іх семʼяў. У выніку ўзьнікаюць псыхічныя разлады, гвалт у семʼях, алькагалізм, — кажуць яны.