На 29 кастрычніка прызначаная вечарына ў Курапатах, якая штогод ладзіцца ў памяць пра больш як сто расстраляных беларускіх літаратараў і грамадзкіх дзеячоў.
Напярэдадні арганізатара падзеі Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 15 сутак. Ці адбудзецца вечарына, расказвае жонка Зьмітра Дашкевіча — Наста Дашкевіч.
Паводле былой актывісткі «Маладога фронту» Насты Дашкевіч, адзначэньне «Ночы расстраляных паэтаў» сёлета як ніколі актуальнае, бо падзеі 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя наўпрост зьвязаныя з тым, што адбываецца ў Беларусі сёлета.
«Сувязь паміж непрызнаньнем рэпрэсій 1937-га і цяперашнім гвалтам сілавікоў відавочная. Тыя самыя людзі, якія абвяргаюць, што тады былі масавыя і незаконныя рэпрэсіі, сёньня зноў зрабілі інструмэнтам сваёй палітыкі гвалт і зьдзек зь людзей. Гэта недапушчальна ў 21-м стагодзьдзі — весьці палітычную барацьбу такімі захадамі», — лічыць Наста Дашкевіч.
Паводле Насты Дашкевіч, да традыцыйнага фармату вечарыны далучацца з выступамі спартоўцы, мэдыкі, настаўнікі, студэнты ды прадстаўнікі іншых групаў, якія цярпяць ад цяперашніх рэпрэсій.
«Так, прагучаць кавалкі з твораў рэпрэсаваных паэтаў і пісьменьнікаў, але таксама будуць зачытаныя імёны тых, хто пацярпеў і падчас нядаўніх падзеяў», — дадала Вольга Севярынец, жонка палітвязьня Паўла Севярынца, якога ўжо 5 месяцаў трымаюць без суду за кратамі.
«Ноч расстраляных паэтаў» плянуецца пачаць а 20 гадзіне 29 кастрычніка каля мэмарыяльнага знаку ў Курапатах.