Былога лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча Маскоўскі раённы суд Менску асудзіў на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
Пастанову вынесла Тацяна Матыль, якая шмат гадоў судзіць палітычных актывістаў. Шмат разоў, у тым ліку паводле Крымінальнага кодэксу, судзілі і былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча.
Гэтым разам актывіста судзілі за ўдзел у шэсьці 25 кастрычніка.
«Нават вады для прыбіральні не даюць»
Дашкевіча ў суд не прывезьлі, ягоны голас гучаў з кампутара. Твару зьняволенага ніхто з прысутных, акрамя судзьдзі, у тым ліку жонка актывіста, не пабачылі.
Працэс пачаўся з заявы Зьмітра Дашкевіча пра ўмовы ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, дзе ён знаходзіцца зь вечара нядзелі. Гэтыя ўмовы былы палітвязень параўнаў з тым, што раней бачыў у турмах і калёніях Беларусі, і засьведчыў, што на Акрэсьціна цяпер значна горш.
«Гэта інакш як катаваньнем і зьдзекам не назавеш. Адразу закінулі ў карцар. Не даюць спаць на ложку, не выдаюць пасьцельных рэчаў і нават вады для змываньня нечыстот у прыбіральні. Спаць даводзіцца на бэтоннай падлозе», — паведаміў суду Зьміцер Дашкевіч і хадайнічаў, каб Тацяна Матыль разгледзіла гэтую заяву, але судзьдзя адмовілася. Маўляў, ня мае дачыненьня да справы, пазьней ён зможа абскардзіць умовы ўтрыманьня, а ў кампэтэнцыю суду такія разборы не ўваходзяць.
«Адпусьці народ мой»
Паводле Зьмітра Дашкевіча, яго зь сябрам Арцёмам Ткачуком пасьля 17 гадзін 25 красавіка затрымлівалі каля «МакДональдса» адразу шэсьць мліцыянтаў у чорным, якія выскачылі з двух аўтамабіляў «Джылі». Не назваліся, не патлумачылі, што ён парушыў. «Як зацягнулі ў аўтамабіль, адрапартавалі нейкаму палкоўніку, што заданьне выканалі», — згадаў Зьміцер Дашкевіч.
Да таго Зьміцер раздаваў людзям каля крамы буклеты пра Курапаты і «Ноч расстраляных паэтаў», трымаў у руках плякат са словамі «Адпусьці народ мой». «Гэта цытата з Бібліі», — патлумачыў Зьміцер Дашкевіч судзьдзІ.
На пытаньне, ці прызнае ён, што пратэставаў супраць улады, адказаў гэтак.
«Я не пратэставаў супраць ўлады, бо законная ўлада Беларусі знаходзіцца ў эміграцыі, а тут пануе акупацыйны рэжым».
Паводле Зьмітра, у той дзень ён разам зь сям’ёй далучыўся да людзей, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю.
Сьведка-міліцыянт «на апэратыўным заданьні»
Адвакат патрабавала апытаць сьведку-міліцыянта, які ўгледзіў парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах ў тым, што Зьміцер Дашкевіч раздаваў мінакам брашуры. Бо іншых доказаў віны не прадстаўлена. Даводзіла абаронца і тое, што сьведка прывёў недакладныя абставіны здарэньня.
Судзьдзя Тацяна Матыль сходу не адхіліла хадайніцтва, а зрабіла перапынак. Праз хвіліну судзьдзя вярнулася ў залю з абвесткай, што сьведку выклікаць у суд няма магчымасьці, бо ён «знаходзіцца на апэратыўным заданьні».
Былы лідар «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч ужо 6 гадоў мае статус індывідуальнага прадпрымальніка, ён вырабляе мэблю. У Дашкевіча трое малых дзяцей. На суд, каб падтрымаць Зьмітра Дашкевіча, прыйшлі шмат ягоных сяброў і аднадумцаў, а таксама калегі па бізнэсе.
У апошнім слове Зьміцер Дашкевіч падкрэсліў, што ня стаў бы выступаць, бо лічыць суд камэдыянцтвам, але паважае тых, хто патраціў свой час і прыйшоў на працэс. Актывіст сказаў, што гатовы адбыць 15 сутак ці нават 15 разоў па 15 сутак. Бо, зь ягоных словаў, барацьба вартая, тым больш цяпер зьявіліся «промні сьвятла ў канцы». А вось судзьдзям Беларусі, на думку Дашкевіча, час задумацца пра свой далейшы лёс.
«Думайце, што будзе з вамі і вашымі калегамі», — сказаў ён.