«Тыя зьверствы і гвалт, якія дэманструе цяперашняя ўлада ў Беларусі, проста жудасныя і параўнальныя толькі з нацысцкім рэжымам у Нямеччыне 1930-х гадоў», — заявіў кіраўнік юрыдычнай камісіі праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» (БХК) Гары Паганяйла, выступаючы сёньня ў Эўрапарлямэнце падчас абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі.
Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Згодна зь яго ацэнкай, узроўнем гвалту ўлады Беларусі сёньня «перавысілі Нямеччыну 1933 году ўдвая».
«Улада разарвала дамову паміж грамадзтвам і дзяржавай, яна не забясьпечвае захаваньня правоў грамадзян, але пры гэтым дала поўную свабоду сілавым структурам. У спробах утрымаць уладу ўрад ідзе на самыя жорсткія і злачынныя мэтады барацьбы з іншадумствам», — канстатаваў Паганяйла.
Праваабаронца нагадаў, што па-ранейшаму не распачата ніводнай справы па фактах ужываньня гвалту супрацоўнікамі сілавых структураў да ўдзельнікаў дэманстрацыў, у той час як на пратэстоўцаў адкрылі ўжо 400 крымінальных справаў.
«Гэта проста не паддаецца разуменьню, — падкрэсьліў Паганяйла. — У гэтай сытуацыі мы вымушаныя прасіць Эўрапарлямэнт і ўсе структуры Эўразьвязу прадумаць і прыняць адпаведную пастанову аб пошуку і ўжываньні юрыдычных інструмэнтаў, якімі мы маглі б скарыстацца, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці як індывідуальна супрацоўнікаў сілавых структураў, так і арганізацыі».
Прадстаўнік БГК растлумачыў, што ідзецца пра магчымасьць «выкарыстаньня ўнівэрсальнай крымінальнай юрысдыкцыі».
«Гэты інструмэнт закладзены ў многіх крымінальных і крымінальна-працэсуальных кодэксах краін Эўропы, ЗША, Канады і іншых цывілізаваных краін, якія падтрымліваюць барацьбу са злачынствамі супраць чалавецтва, — сказаў ён. — Пры наяўнасьці палітычнай волі, пры наяўнасьці жаданьня ў структураў, да якіх мы сёньня апэлюем, можна стварыць адпаведныя каардынацыйныя цэнтры для юрыстаў краін, дзе можна ўжыць унівэрсальную крымінальную юрысдыкцыю, каб яна пачала дзейнічаць».
Як прыклад Паганяйла адзначыў, што сёньня прыблізна 200 беларускіх грамадзян, у тым ліку пацярпелыя ад жорсткасьці і гвалту сілавікоў, знаходзяцца ў Літве, Польшчы, Украіне.
«Украіна распачала адну з такіх справаў, Польшча і Літва таксама прадумваюць варыянты, — адзначыў праваабаронца. — Нам бы хацелася, каб гэтая праца ішла хутчэй, каб мы мелі сурʼёзны інструмэнт для барацьбы зь беспакаранасьцю ўладаў Беларусі».
«Што гэта дасьць? Калі мы здолеем распачаць справы, у межах якіх ордэры на арышт будуць выдадзеныя і перададзеныя Інтэрполу, то гэта хоць у нейкай ступені можа пацягнуць зьмену сытуацыі ўнутры Беларусі, — удакладніў праваабаронца. — Многія зь сілавога блёку зразумеюць, што беспакаранасьць заканчваецца, што рана ці позна яны паўстануць перад судом і атрымаюць пакараньне. Вядома, я разумею, што патрэбныя арганізацыйныя і матэрыяльныя намаганьні, але справа таго вартая».
Сёньняшнія слуханьні ў Эўрапарлямэнце арганізавалі камітэт замежных справаў і падкамітэт правоў чалавека ЭП сумесна з дэлегацыяй для сувязяў зь Беларусьсю і Парлямэнцкай асамблеяй Усходняга партнэрства (Euronest).