Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэрбіі абураныя допісам прэсавай сакратаркі МЗС Расеі пра прэзыдэнта Вучыча


Дональд Трамп і Аляксандар Вучыч
Дональд Трамп і Аляксандар Вучыч

Шэраг прадстаўнікоў кіраўніцтва Сэрбіі рэзка асудзілі пост у Фэйсбуку прадстаўніцы Міністэрства замежных спраў Расеі Марыі Захаравай, прысьвечаны візыту сэрбскага прэзыдэнта Аляксандра Вучыча ў Вашынгтон.

Захарава ў сваім посьце апублікавала фота Аляксандра Вучыча ў Авальным кабінэце Белага дому — на ім сэрбскі прэзыдэнт сядзіць у фатэлі насупраць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які сядзіць у фатэлі за сталом. Захарава разам з фота Вучыча разьмясьціла скрыншот кадру зь фільму «Асноўны інстынкт», на якім акторка Шэран Стоўн сядзіць у позе «нага на нагу», і дадала такі камэнтар: «Калі вас паклікалі ў Белы дом, а фатэль паставілі так, як быццам вы на допыце, сядайце як на фота # 2. Кім бы вы ні былі. Проста паверце».

Запіс Захаравай выклікаў мноства камэнтароў — як ад сэрбаў, гэтак і ад расейцаў. Частка камэнтатараў падтрымала яе, аднак іншыя выказалі сумневы ў тым, што афіцыйнаму прадстаўніку МЗС Расеі варта камэнтаваць дзейнасьць кіраўнікоў замежных дзяржаваў такім чынам.

Дырэктар канцылярыі па Косаве і Мэтохіі пры ўрадзе Сэрбіі Марка Джурыч прысьвяціў заяве Захаравай асобны запіс у Твітэры: «А ўяві сабе, гэты прэзыдэнт не сказаў ніводнага дрэннага слова супраць Расеі, нават на гэтым месцы. А ўяві сабе, гэты прэзыдэнт у расейскага прэзыдэнта па паўтары гадзіны чакаў прыёму і ніколі не прасіў сабе асобнага фатэля. Я вам не дазваляю нападаць на гордую Сэрбію. Вам павінна быць сорамна!».

Пост Захаравай у нядзелю пракамэнтаваў і сам прэзыдэнт Вучыч. Паводле яго словаў, ён шкадуе аб тым, што ў Расеі ня цэняць той факт, што Сэрбія не ўвяла санкцыі супраць Расеі, не зьбіраецца ўступаць у NATO і купляе ў Расеі газ і зброю. Пост Захаравай ён назваў праявай яе падсьвядомасьці і «прымітывізмам», які «кажа пра яе і пра тых, хто гэта апублікаваў».

Днём у нядзелю Захарава дадала да свайго запісу пастскрыптум: «Прашу прабачэньня, але мой пост быў няслушна патлумачаны! Адзінае, што ў ім утрымлівалася — непрыманьне ганарлівага стаўленьня з боку „абраных“», — напісала прадстаўніца МЗС Расеі.

Пазьней расейскае МЗС апублікавала паведамленьне пра тэлефонную размову, якая адбылася ў нядзелю паміж расейскім міністрам Сяргеем Лаўровым і Вучычам. «З абодвух бакоў выказана скіраванасьць на ўсялякае разьвіцьцё адносінаў стратэгічнага партнэрства і палітычнага дыялёгу ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Падчас нядаўняга візыту Вучыча і прэм’ер-міністра часткова прызнанай рэспублікі Косава Аўдулы Хоці ў Вашынгтон пры пасярэдніцтве ЗША было падпісанае пагадненьне аб нармалізацыі эканамічных адносінаў паміж Косава і Сэрбіяй. Пры гэтым Вучыч падкрэсьліў, што гэта не азначае прызнаньня Бялградам незалежнасьці Косава — тэрыторыі, якая выйшла з-пад кантролю сэрбскіх уладаў у 1999 годзе і абвясьціла у 2008 годзе незалежнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG