Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: прыраўнаньне журналістаў да ўдзельнікаў акцый «топча нормы права»


Журналісты выйшлі на волю, 4 жніўня.
Журналісты выйшлі на волю, 4 жніўня.

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) выказала пратэст у сувязі з арыштамі і абвінаваўчымі пастановамі суду ў дачыненьні да журналістаў.

У заяве БАЖ адзначаецца, што 4 верасьня суд Кастрычніцкага раёна Менску вынес пастановы аб адміністрацыйным арышце на трое сутак шасьці журналістаў, затрыманых 1 верасьня пры выкананьні імі прафэсійных і службовых абавязкаў.

Суд прызнаў Андрэя Шаўлюгу (БелаПАН), Надзею Калініну і Аляксея Суднікава (Tut.by), Сяргея Шчогалева (Сьвятаслава Зоркага), Мікіту Дубалеку (Недаверкава) і Марыю Эляшэвіч («Комсомольская правда» в Беларуси«) удзельнікамі несанкцыянаваных пратэстных акцый. Журналісты выпушчаныя на волю ў сувязі з адбыцьцём тэрміну адміністрацыйнага арышту.

«Судовыя працэсы прайшлі з поўным ігнараваньнем стандартаў справядлівага судовага разбору», — заяўляе БАЖ.

Арганізацыя абураная судовымі пастановамі і тым, як яны выносіліся. У БАЖ падкрэсьлілі, што прыраўнаньне журналістаў да ўдзельнікаў акцый «недапушчальнае і топча нормы права».

«Нагадваем, журналісты маюць права знаходзіцца на масавых мерапрыемствах паводле законаў „Аб сродках масавай інфармацыі“ і „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь“. У поўнай адпаведнасьці з гэтымі прававымі актамі затрыманыя і прыцягнутыя да адказнасьці журналісты былі пазначаныя бэджамі і камізэлькамі з надпісам „Прэса“, мелі пры сабе службовыя пасьведчаньні», — гаворыцца ў заяве.

Беларуская асацыяцыя журналістаў нагадвае пра выказваньні міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, які неаднаразова публічна заяўляў аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ў працу журналістаў.

«Я заўсёды супраць любога гвалту над журналістамі. Я таксама за тое, каб цывілізавана ўсё асьвятлялася... Прэса — гэта сьвятое. Які б ні быў [журналіст], іх чапаць нельга», — цытуе Караева арганізацыя.

У БАЖ адзначаюць, што на практыцы словы кіраўніка МУС «альбо ігнаруюцца, альбо не адпавядаюць рэальным указаньням асабістаму складу».

Асацыяцыя патрабуе спыніць парушэньні правоў журналістаў і СМІ, перагледзець судовыя пастановы і пакараць асоб, якія перашкаджалі журналісцкай дзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG