4 верасьня суд Кастрычніцкага раёну Менску прысудзіў па трое сутак арышту шасьці журналістам недзяржаўных СМІ, затрыманым падчас асьвятленьня студэнцкага шэсьця 1 верасьня, за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Гэта Надзея Калініна, Аляксей Суднікаў (TUT.BY), Сяргей Шчогалеў (Сьвятаслаў Зоркі), Мікіта Дубалека (Недаверкаў) і Марыя Эляшэвіч («Комсомольская правда в Беларуси»), Андрэй Шаўлюга (БелаПАН).
Каля 17-й гадзіны яны выйшлі на волю з ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
Сьведкамі ў працэсах выступаюць байцы АМАП, якія былі на акцыі ў цывільным адзеньні, яны выступаюць у судзе ў балаклавах, іх імёны засакрэчаныя.
Сачыце за абнаўленьнямі, сьвяжэйшае — зьверху:
16.58 З ІЧУ на Акрэсьціна выйшлі Андрэй Шаўлюга, Сьвятаслаў Зоркі і Мікіта Дубалека.
16.36 Аляксея Суднікава і Надзею Калініну суд вырашыў арыштаваць на трое сутак. Іх вызвалілі з ізалятара на Акрэсьціна ў 16.46.
16.18. Суд вынес рашэньне і па справе журналіста КП Святаслава Зоркага (Сяргей Шчогалеў): таксама трое сутак арышту. Яго, як і іншых калегаў, прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
16.10. Андрэю Шаўлюгу зь БелаПАН таксама прысудзілі 3 сутак арышту. Каля 16.50 усіх затрыманых журналістаў павінны вызваліць з ІЧУ на Акрэсьціна.
15.55. Такое ж рашэньне — у судзе над апэратарам «Камсамолкі» Мікітай Недаверкавым: «вінаваты», тры дні арышту, мае выйсьці на волю сёньня.
15.45. Паводле абаронцы журналіста Tut.by Аляксея Суднікава, яго падабаронны ня можа падлягаць адміністрацыйнай адказнасьці. Таксама адвакат зьвяртае ўвагу на тое, што супрацоўнікі АМАП не змаглі патлумачыць, дзе Суднікаў зьдзейсьніў правапарушэньне. Ён зазначае, што асобы сьведак з боку АМАП не ўстаноўленыя.
15.43. Адвакат Андрэя Шаўлюгі Сяргей Зікрацкі адзначае сур’ёзныя працэсуальныя парушэньні: справу не дапрацавалі, а фактычна, склалі новы пратакол. Сьведчаньні байцоў АМАП, паводле Зікрацкага, ня могуць быць прынятыя судом, бо не ўстаноўленыя іх асобы. Працэдура зьмены асабістых зьвестак сьведак не прадугледжаная законам.
Адвакат Сяргей Зікрацкі заяўляе, што прадстаўлены суду відэазапіс абвяргае сьведчаньні АМАП. На відэа бачна, што Шаўлюга ня быў у калёне пратэстоўцаў і не кіраваў людзьмі. Паводле Зікрацкага, варта разглядаць крымінальную справу аб перашкодзе журналісцкай дзейнасьці.
15.30. Рашэньне па справе журналісткі КП Марыі Эляшевіч: адміністрацыйны арышт на трое сутак. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. З улікам часу, праведзенага ў РУУС і ІЧУ, яна выйдзе ўжо сёньня.
15.25. Аднавіўся суд над журналістам БелаПАН Андрэем Шаўлюгам. У судзе ўдалося праглядзець відэа, якое раней не ўключалася. Яно мае давесьці, што журналіст не ішоў у калёне.
15.01. Надзея Калініна каля кінатэатру «Перамога» «не рабіла ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў». Такія сьведчаньні даў Павал Астравух, прэс-сакратар футбольнага клюбу «Менск». Па яго словах, Надзея Калініна рухалася убаку ад калёны. Гэта было непадалёк ад Нямігі.
14.45. У судзе над Калінінай зьявіўся сьведка Андрэй Новаш. Ён мямліць, кепска фармлуюе сьведчаньні, кажа, што Надзея Калініна «рукамі накіроўвала людзей да праспэкту Незалежнасьці», але ня чуў, што яна казала. Новаш адмаўляецца казаць, дзе ён жыве. Судьдзя Рудэнка адкідае амаль усе пытаньні адваката Калінінай да яго.
14.25. Працягваецца суд над журналісткай Tut.by Надзеяй Калінінай. Той жа сьведка, што на судах іншых журналістаў, АМАПавец Анатоль Млечка, кажа, што бачыў Надзею Калініну ў канцы калёны на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Потым, кажа Млечка, на вуліцы Камсамольскай ён бачыў Надзею Калініну, яна ішла ўздоўж калёны і “заклікала працягваць рух“. Млечка ня можа сказаць, дзе на праспэкце Незалежнасьці Надзея Калініна давала ўказаньні.
14.15. У Кастрычніцкім раённым судзе Менску ідзе працэс над журналісткай Tut.by Надзеяй Калінінай. Судзьдзя — Аляксандар Рудэнка. Надзею вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі. Яна кажа ў судзе, што падчас шэсьця выконвала свае прафэсійныя абавязкі і «нікога ні да чога не заклікала». У судзе абвясьцілі перапынак.
13.50. У Кастрычніцкім раённым судзе Менску пачаўся працэс над журналістам газэты «Комсомольская правда в Беларуси» Сяргеем Шчогалевым (Сьвятаславам Зоркім). Судьдзя Няборская. Журналіста таксама, як і іншых калег, абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
13.45. У судзе над Аляксеем Суднікавым перапынак да 15.20.
13.40. У судзе над журналістам КП Мікітам Дубалекам АМАПавец Віткоўскі кажа, што падчас руху ў натоўпе «гэты грамадзянін, як і некаторыя іншыя яго калегі, прыцягнулі ўвагу, падказвалі, што неабходна рабіць натоўпу». Паводле сьведкі, Мікіта Дубалека падказваў, як трэба рухацца. Казаў: «Хлопцы, рухаемся проста». На акцыі Віткоўскі працаваў у цывільным адзеньні, ён адмовіўся назваць, у якой вопратцы ён тады працаваў, бо гэта можа адбіцца на яго бясьпецы ў далейшай працы. Па словах АМАПаўца, ён запомніў журналіста па «акуратнай бародцы», сумцы зь яркай устаўкай, камізэльцы «Прэса».
Наступны сьведка – супрацоўнік АМАПу Анатоль Млечка. Ён таксама працаваў на акцыі ў цывільным адзеньні, але адмовіўся апісаць гэтую вопратку, бо «яму яшчэ працаваць». Па словах сьведкі, АМАПавец знаходзіўся ў калёне, каб выяўляць «асабліва актыўных правакатараў у калёне».
Млечка казаў на судзе, што Мікіта падказваў, куды ісьці людзям, накіроўваў, «хутчэй каардынаваў». Па словах сьведкі, журналіст казаў: «Праходзім да праспэкта Незалежнасьці, не спыняемся». Млечка адзначае, што гэта не даслоўныя цытаты, але зьмест іх падобны.
Адвакат заявіў хадайніцтва аб асабістай яўцы, каб устанавіць асобы сьведак, бо адвакат упэўнены, што гэтыя людзі ня тыя, кім прадстаўляюцца на судзе. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва, бо суд нібыта ўстанавіў асобы сьведак.
Мікіта Дубалека зьвярнуў увагу, што адзін са сьведак заяўляў, што журналіст узначальваў галаву калёны на вуліцы Няміга. Але, па словах журналіста, ён ня мог узначальваць калёну, што бачна па відэа, якія ёсьць у яго на камэры.
На працэсе таксама дапыталі журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча. Ён сьведчыць, што ніхто з журналістаў на акцыі, а гэта каля 20 калегаў, не даваў указаньняў удзельнікам — яны назіралі, бралі інтэрвію, але ня ўмешваліся ў ход акцыі:
«Рух студэнтаў быў вельмі хаатычны. Гэта нагадвала гульню ў зьмейку», — з суду паведамляе ПЦ «Вясна».
13.35. Кірыл Рубцоў, яшчэ адзін сьведка ад абароны на працэсе Суднікава, сьцвярджае, што падсуднага бачыў на акцыі, той працаваў як журналіст. Ён бачыў, што Суднікаў ніякіх заклікаў не выказваў.
Паводле сьведкі Антона Трафімовіча, Аляксей Суднікаў ніякіх заклікаў не выказваў, а моўчкі ішоў, гэта было на вуліцы Камсамольскай.
13.28. Сандра Масьцібродзкая, сьведка ад абароны, сьцвярджае, што Аляксей Суднікаў здымаў відэа і накіроўваў ёй, бо яна таксама працуе ў Tut.by і займалася ў той дзень прыманьнем відэа. Паводле яе, у Суднікава не магло быць часу на нешта іншае, апроч відэа.
13.20. У судзе над Аляксеем Суднікавым выступае сьведка Алег Новаш, ён не супрацоўнік АМАП. Ён блытаецца ў словах, дае паказаньні дрыготкім голасам. Кажа, што 1 верасьня вяртаўся з гандлёвага цэнтру «Няміга». На вуліцы Камсамольскай убачыў людзей са сьцягамі. На Інтэрнацыянальнай ён убачыў Суднікава, у яго была камізэлька “Прэса“, сьведка кажа, што ў яго цёмныя валасы с зачосам направа. Зь ім была дзяўчына. Сьведка кажа, што Суднікаў накіроўваў людзей.
Пры гэтым Новаш ня змог патлумачыць, як Суднікаў даваў каманды ўдзельнікам шэсьця, кажа, што ня чуў іх.
Абарона Суднікава сьцвярджае, што Новаш Алег Аркадзевіч -- гэта іншы чалавек, а ня той, што прысутнічае ў судзе.
13.05. У судзе над журналістам КП Мікітам Дубалекам (Недаверкавым) адвакат заявіў хадайніцтва аб далучэньні копіі пратаколу аб зьмене анкетных дадзеных сьведак. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва. Таксама адвакат Андрэй Мачалаў заявіў хадайніцтва, каб дапытаць у якасці сьведкі журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча. Судзьдзя Няборская задаволіла і гэтае хадайніцтва.
У пратаколе пазначана, што Мікіта Дубалека 1 верасьня з 15:30 да 16:20 браў актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Па пратаколе, ён заклікаў людзей на акцыі працягваць, не спыняцца, ісьці да плошчы Незалежнасьці і г.д.
Мікіта Дубалека катэгарычна ня згодны з абвінавачаньнямі і настойвае, што выконваў сваю журналісцкую працу:
«Я выконваў сваю працу. Я быў абазначаны бэйджам і камізэлькай “Прэса“».
Журналіст расказаў, што з супрацоўнікам міліцыі ў ІЧУ 3 верасьня яны агледзелі 68 фрагмэнтаў відэа з камеры Мікіты. Мікіта заявіў, што на відэа, якія ёсьць у матэрыялах справы, бачна і чутна, што на пазначаных у пратаколах адрасах Мікіта трымаўся ўбаку і не выкрыкваў ніякіх лёзунгаў. Першым сведкам на працэсе быў дапытаны супрацоўнік АМАПу Аляксандар Віткоўскі, — перадае ПЦ «Вясна».
12.50. Сьведка Віткоўскі выключае, што Суднікаў прапаноўваў ісьці далей сваім калегам, але пры гэтым кажа, што калегі разам зь ім былі. Кажа, што на вуліцы Камсамольскай Суднікаў «займаўся сваімі прафэсійнымі абавязкамі», але таксама «падбадзёрваў людзей». Дзе гэта было на Камсамольскай, сьведка сказаць ня змог.
12.47. Першы раз сьведка ад АМАП Аляксандар Віткоўскі пабачыў журналіста Суднікава на вуліцы Няміга. Назваць дакладны адрас ня можа. Каму Суднікаў адрасаваў заклікі «працягваць рух», АМАПавец патлумачыць ня можа. Кажа проста — «натоўпу».
12:41. Распачаўся суд над журналістам «КП в Беларуси» Мікітам Дубалекам. Судзьдзя Вольга Няборская.
12.40. Сьведка ад АМАПу тлумачыць, што працаваў у цывільнай вопратцы падчас шэсьця, што некаторыя прадстаўнікі прэсы прыцягнулі ягоную ўвагу нестандартнымі дзеяньнямі: казалі, куды ісьці людзям.
12.25. Пачаўся суд над журналістам Tut.by Аляксеем Суднікавым. Яго таксама вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Судьдзя Рудэнка. Судьдзя задаволіў толькі 3 сьведак з боку абароны Суднікава, хаця адвакат заяўляў больш. Аляксей Суднікаў заявіў, што ня браў удзелу ў шэсьці, а выконваў свае журналісцкія абавязкі. Суднікаў патлумачыў, што на вуліцы Інтэрнацыянальнай знаходзіўся ззаду ад пратэстоўцаў, на адлегласьці 5–10 мэтраў.
12.19. На судзе над Марыяй Эляшэвіч судьдзя таксама разглядала відэаматэрыялы. І тут абвешчаны перапынак да 15.00.
12.10. У судзе над Андрэем Шаўлюгам абвешчаны перапынак да 15.00.
12.05. Суд вывучае відэа з акцыі, дзе бачна, што рабіў на акцыі Андрэй Шаўлюга. Яно супярэчыць паказаньням сьведак з АМАП. На відэа бачна, што Шаўлюга быў убаку ад падзей, каб гэта фіксаваць, а не ў сярэдзіне натоўпу, як сьведчыць баец АМАП. Самы галоўны файл, які даказвае, што Шаўлюга ішоў ззаду калёны, суд ня здолеў адкрыць «з тэхнічных прычын».
12.02. У судзе над журналісткай КП Марыяй Эляшэвіч дапыталі міліцыянта, які таксама працаваў на акцыі ў цывільным адзеньні. Ён сьведчыць, што 1 верасьня ахоўваў грамадзкі парадак падчас несанкцыянаванай акцыі. Ён сказаў: «Дадзеная грамадзянка Эляшэвіч заклікала людзей рухацца далей, не спыняцца». Таксама ён паведаміў, што ў яе быў тэлефон у руках, яна нешта пісала ў ім. З словаў міліцыянта, журналістка заклікала людзей, якія былі побач зь ёй. Але Марыя Эляшэвіч паўтарае, што на тым этапе яна нават ня брала інтэрвію ва ўдзельнікаў. Першае пытаньне адваката да сьведкі: «Назавіце сваё сапраўднае імя». Але судьдзя Няборская адразу зьняла пытаньне, бо суд нібыта ўстанавіў асобу сьведкі.
Міліцыянт сказаў, што ён не заўважыў яе бэджа і ня памятае камізэлькі. Памятае толькі чорную майку на ёй, заплечнік, тэлефон.
Адвакат заявіў хадайніцтва аб далучэньні да справы копіі пратаколу аб зьмяненьні анкетных дадзеных сьведак — супрацоўнікаў міліцыі, якія апынуліся ў адваката. Судзьдзя прыняла дакумэнт, але азнаёміцца зь ім вырашыла пазьней. Потым вырашыла зрабіць агляд дакумэнта на ноўтбуку адваката, перадае ПЦ «Вясна».
12.00. Суд пералічвае фатаздымкі, знойдзеныя на тэлефоне і ў фотаапараце Шаўлюгі, там фота з акцыі.
11.58. На пытаньне Шаўлюгі, каму ён гэта гаварыў, сьведка ня здолеў нічога патлумачыць. Шаўлюга пытае, ці ня мог ягоны заклік быць адрасаваны іншаму супрацоўніку прэсы. Сьведка ня можа адказаць. Сьведка з АМАП Млечка кажа, што ня ўдзельнічаў у затрыманьні Шаўлюгі, але журналіст кажа, што менавіта ён яго і затрымліваў каля стадыёну «Дынама».
11.52. АМАПавец Андрэй Млечка цяпер сьведчыць у судзе над Андрэем Шаўлюгам. Кажа, што «нёс службу ў цывільным адзеньні. Суправаджаў калёну да плошчы Незалежнасьці». Ён зьвярнуў увагу на Шаўлюгу, які быў у камізэльцы «Прэса» і з фотаапаратам. Шаўлюгу ён пабачыў “у раёне вуліцы Гарадзкі Вал, калі выяўляў найбольш актыўных удзельнікаў. Паводле яго, Шаўлюга казаў людзям працягваць рух.
Гэта сьведка бачыў толькі адзін раз. Але ў пратаколе пазначыў, што “Шаўлюга ў калёне пэрыядычна заклікаў людзей працягваць рух“. На пытаньне аб нестыкоўцы сьведка адказаў, што «другі раз бачыў, як Шаўлюга “нешта некаму гаварыў“».
11.50. У судзе над журналісткай КП Марыяй Эляшэвіч адвакат працягвае настойваць, каб сьведкі выступалі адкрыта, бо «сакрэтны сьведка» ня можа быць удзельнікам працэсу – гэта грубае парушэньне заканадаўства. У адваката ёсьць інфармацыя, што дадзеныя сьведак Аляксандра Лідкоўскага і Анатоля Млечкі былі зьмененыя. Гэта несапраўдныя імёны сьведак. Усе спробы адваката выявіць асобу Анатоля Млечкі суд спыніў.
«Мне яшчэ працаваць, я не хачу, каб ён ідэнтыфікаваў мае дадзеныя», — сказаў сьведка. Супрацоўнік АМАПу сказаў на судзе, што падчас акцыі ён знаходзіўся і ў калёне, і збоку, і каля яе. Адвакат спытаў, ці не распачаты ў дачыненьні да яго адміністрацыйны працэс па арт. 23.34 КаАП «Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», — перадае ПЦ «Вясна».
11.48. Наступная сьведка -- Марыя Шуманская, яна бачыла Андрэя Шаўлюгу на Нямізе, пазнала яго па фатаздымку, бо падпісаная на яго ў Інстаграм. Сьведка кажа, што Шаўлюга стаяў у раёне KFC, нічога не рабіў.
11.40. Наступны сьведка — Захар Шчарбакоў, калега Андрэя Шаўлюгі. Ён расказвае, што ён і Андрэй Шаўлюга асьвятлялі падзеі як журналісты, «трымаліся ўбаку ад акцыі». Па яго словах, Шаўлюга не казаў ніякіх заклікаў, а асьвятляў падзеі.
11.35. Журналіст Радыё Свабода Антон Трафімовіч сьведчыць у судзе над Андрэем Шаўлюгам. Сьведка расказвае, што працаваў як журналіст на акцыі. Адразу пазнаў Андрея Шаўлюгу, ён ішоў зь ім поруч ад вуліцы Інтэрнацыянальнай да Камсамольскай, гэты час яны ішлі ў сярэдзіне калёны. Расказвае, што Андрэй здымаў фота. Антон Трафімовіч кажа, што Андрэй Шаўлюга не выказваў ніякіх заклікаў, а працаваў.
11.30. У судзе над журналісткай КП Марыяй Эляшэвіч высьветлілася, што ўчастковы інспэктар міліцыі 3 верасьня аглядаў фота- і відэаздымкі на тэлефоне Марыі на Акрэсьціна. Па словах журналісткі, супрацоўнік міліцыі глядзеў відэа бяз гуку на тэлефоне, але потым у пратаколе пазначыў, што людзі на відэа выкрыквалі лёзунгі. Ён сказаў, што зрабіў такую выснову па відэа іншых журналістаў.
Першым сьведкам апытваецца супрацоўнік АМАПу Анатоль Млечка. Ён расказаў, што працаваў на акцыі ў цывільным адзеньні і знаходзіўся ў калёне, — перадае ПЦ «Вясна».
11.29. Андрэй Шаўлюга спрабуе дамагчыся тлумачэньня, «як ён кіраваў натоўпам, калі быў у сярэдзіне калёны». Суд здымае пытаньне. Сьведка кажа другі раз, што «не сачыў за Шаўлюгам».
11.25. Сьведка называе два выпадкі, як Шаўлюга «даваў каманды». Зважае на тое, што Шаўлюга быў у камізэльцы «Прэса». Андрэй Шаўлюга пытаецца ў сьведкі, як ён яго пазнаў. АМАПавец кажа, што ў яго «акуратная стрыжка і барада». Менавіта так ён яго і пазнаў.
11.23. Суд над журналісткай КП Марыяй Эляшэвіч. У пратаколе пазначана, што Марыя Эляшэвіч «прыняла ўдзел у вулічным шэсьці. Пэрыядычна заклікала ўдзельнікаў акцыі працягваць, не спыняцца і г.д.». Журналістка катэгарычна нязгодная з тым, у чым яе абвінавачваюць. У судзе яна кажа, што нікога не заклікала і не прымала ўдзелу ў акцыі: «Мы нават не былі ў калёне», — перадае ПЦ «Вясна».
11.18. На судзе над Шаўлюгам сьведка з АМАП заявіў: «Натоўп перамяшчаўся, за Шаўлюгам я не сачыў». «Шаўлюга рухаўся ў калёне, калі паварочвалі на Камсамольскую, бачыў яго ў галаве калёны», — кажа сьведка з АМАП. Паводле сьведкі, Шаўлюга «вэрбальна даваў каманды ўдзельнікам маршу».
11.17. Суд над журналісткай КП у Беларусі Марыяй Эляшэвіч пачаўся з затрымкай аб 11-й гадзіне. 20 хвілін судьдзя знаёміўся зь яе «дапрацаванай» справай. Як адзначае адвакат журналісткі, у «дапрацаваным» пратаколе ўжо значыцца новае месца, новы час зьдзяйсьненьня правапарушэньня. Адвакат упэўнены, што мае месца новая справа, а не «дапрацоўка» папярэдняй справы, таму ён просіць закрыць справу, — перадае ПЦ «Вясна».
11.15. АМАПавец-сьведка ў судзе над журналістам БелаПАН Андрэем Шаўлюгам кажа, што перасьледваў калёну пешшу ад Нямігі. Упершыню ўбачыў Шаўлюгу на Гарадзкім Вале. АМАПавец ня можа сказаць, колькі людзей удзельнічала ў студэнцкім маршы, проста кажа «дастаткова».
«Ён перамяшчаўся па натоўпе. Ён заклікаў людзей працягваць шэсьце». Канкрэтны адрас, дзе гэта адбывалася, ён назваць ня можа. Суд адно за адным здымае пытаньні адваката.
11.10. Працэс над Шаўлюгам аднавіўся, але тэхнічныя праблемы засталіся.
11.05. Сьведка-АМАПавец расказвае, што Андрэй Шаўлюга быў на Студэнцкім маршы. Ён бачыў яго ў калёне. Зікрацкі просіць сьведку назвацца, але суд адмовіў. У залі кепская гукавая сувязь, удзельнікі працэсу не пачулі прозвішча сьведкі з АМАП. Адвакат прасіў адхіліць яго ад працэсу, але судзьдзя адмовіў.
Судзьдзя кажа, што “асоба сьведкі ўстаноўленая“. Адвакат Зікрацкі хадайнічае аб допыце сьведкі ў судовай залі. Суд адмаўляе. У судзе перапынак, спрабуюць наладзіць сувязь.
11.00. Пачынаецца суд над журналісткай «Комсомольской правды» Марыяй Эляшэвіч.
10.55. Андрэй Шаўлюга на судзе заявіў, што нязгодны з абвінавачаньнем ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суд пагадзіўся апытаць прапанаваных адвакатам Зікрацкім сведак. Будуць апытаныя таксама сьведкі-амапаўцы.
Расклад судоў:
• 10:40 — Андрэй Шаўлюга (судзьдзя Аляксандар Рудэнка, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
• 10:40 — Марыя Эляшэвіч (судзьдзя Вольга Няборская, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
• 11:10 — Мікіта Дубалека (судзьдзя Вольга Няборская, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
• 11:10 — Аляксей Суднікаў (судзьдзя Аляксандар Рудэнка, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
• 11:40 — Сяргей Шчогалеў (судзьдзя Вольга Няборская, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
• 11:40 — Надзея Калініна (судзьдзя Аляксандар Рудэнка, ч.1 арт. 23.34 КаАП)
Журналістаў затрымалі 1 верасьня супрацоўнікі АМАП для праверкі дакумэнтаў і акрэдытацыі. Аднак у Кастрычніцкім РУУС на іх склалі пратаколы паводле арт. 23.34 КаАП. Іх абвінавацілі ў «каардынацыі несанкцыянаваных акцый пратэсту». Перад гэтым суткі журналістаў утрымлівалі ў РУУС Кастрычніцкага раёну.
2 верасьня судзьдзі Аляксандар Рудэнка і Вольга Няборская разглядалі справы шасьцёх затрыманых, але ў выніку ўсе справы былі накіраваныя на дапрацоўку «для ліквідацыі недахопаў» у РУУС.
Саміх журналістаў на волю так і ня выпусьцілі і перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Трэцяга верасня іх справы ў суд не паступілі, журналісты заставаліся на Акрэсьціна. 4 верасьня ў другой палове дня сканчаецца максымальны дазволены тэрмін затрыманьня — 72 гадзіны.