Суботні нумар «Комсомольской правды в Беларуси» выйшаў з партрэтамі затрыманых журналістаў на першай паласе.
У пятніцу гэтых журналістаў судзяць. За кратамі яны з 1 верасьня.
Журналістаў Tut.by — Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, «Комсомольской правды в Беларуси» — Мікіту Недаверкава, Сяргея Шчогалева і Марыю Эляшэвіч, а таксама Андрэя Шаўлюгу зь БелаПАН затрымалі 1 верасьня каля 17.00 каля стадыёну «Дынама» і прывезьлі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, як ім было заяўлена, «для праверкі дакумэнтаў».
Журналісты выконвалі прафэсійныя абавязкі і асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту ў Менску. Рэпартэры былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на сьпіне. Акрамя таго, у іх былі бэджы з фота і назвай выданьня, якое яны рэпрэзэнтуюць.
На ўсіх склалі пратаколы паводле артыкула 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў») за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Гэты артыкул прадугледжвае кару ў выглядзе штрафу ці адміністрацыйнага арышту.
2 верасьня справы журналістаў адправілі «на дапрацоўку», а саміх журналістаў з Кастрычніцкага РУУС перавезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. 3 верасьня суд іхныя справы не разглядаў. Суды аднавіліся толькі раніцай 4 верасьня.