Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Службы зьнешняй выведкі Расеі пабачыў у Беларусі руку «украінскіх экстрэмістаў»


дырэктар Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргей Нарышкін
дырэктар Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргей Нарышкін

Украінскія экстрэмісты і нацыяналісты ў Беларусі імкнуцца дэстабілізаваць сытуацыю, заявіў дырэктар Службы зьнешняй выведкі Расеі і старшыня Расійскага гістарычнага таварыства Сяргей Нарышкін.

«Дзіўным было б, каб украінскія экстрэмісты, нацыяналісты заклікалі да міру і згоды ў Беларусі, — цытуе яго агенцтва ТАСС. — Ім мала таго, якое гора яны прынесьлі народу Ўкраіны, жыхарам Данецкай і Луганскай рэспублік. Яны хочуць гэты пажар распаўсюдзіць і на Беларусь. Не атрымаецца».

Шэраг краін Усходняй Эўропы выкарыстоўвае гісторыю для спробаў абяліць нацызм ва ўгоду нацыянальным элітам, удакладніў далей Сяргей Нарышкін.

«Няцяжка заўважыць, што ў шэрагу краін Усходняй Эўропы — Латвіі, Літве, Польшчы — навука перастае быць уласна навукай, яе паставілі прыслугоўваць вузкаму колу нацыянальных элітаў гэтых краін. Адсюль спробы абяліць злачынствы нацызму, у тым ліку, нацысцкіх памагатых», — адзначыў ён.

Паводле Нарышкіна, дадзеная сытуацыя нясе пагрозу захаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці.

«Гэта вельмі небясьпечны шлях, таму што гістарычная памяць разам з мовай зьяўляюцца падмуркам нацыянальнай самасьвядомасці. І калі шляхам фальсыфікацый гэты падмурак падточваць, ёсьць рызыка для захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці», — падкрэсьліў старшыня Расійскага гістарычнага таварыства.

Пры гэтым ён не зьвярнуў увагу, у якім стане праз цяперашнюю палітыку кіраўніцтва краіны апынулася беларуская мова.

Напярэдадні міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба абверг выказваньні кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова пра тое, што радыкальныя дзеяньні падчас дэманстрацыяў у Беларусі нібыта правакуюцца і фінансуюцца з тэрыторыі Ўкраіны.

Па яго словах, 1 200 украінскіх экстрэмістаў, нібыта накіраваных у Беларусь для дэстабілізацыі сытуацыі, і лягеры падрыхтоўкі экстрэмістаў ва Ўкраіне зьяўляюцца плодам хваравітай фантазіі.

Пры гэтым сама Расея нават не хавае, што ўжо накіравала некаторых сваіх «спэцыялістаў» у Беларусь і гатовая накіраваць іх яшчэ больш.

Таму спробы Масквы прадставіць сваіх «зялёных чалавечкаў» у Беларусі як украінскіх экстрэмістаў — танны і пройгрышны трук, — падсумаваў Дзьмітро Кулеба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG