Прадстаўнікі Расеі ня будуць сустракацца з чальцамі Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, пакуль тыя не сфармуюць сваю структуру ў адпаведнасьці з заканадаўствам краіны, заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на сумеснай зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве.
Расейскі міністар сказаў: «Мы ня ведаем, як была сфармаваная рада, многія з тых, каго абвясьцілі чальцамі гэтай структуры, даведаліся пра гэта ўжо постфактум. Некаторыя ўжо пасьпелі заявіць пра тое, што яны сыходзяць з гэтай структуры... Некаторыя прозьвішчы з таго сьпісу, які быў абвешчаны ў якасьці складу рады, нам знаёмыя.
І цэлы шэраг гэтых прозьвішчаў асацыюецца ў нас з асобамі, якія выступаюць за культурны разрыў з Расеяй, за выкарыстаньне лёзунгу беларусізацыі для ўціску расейскай мовы, якія выступаюць за тое, каб менш супрацоўнічаць са структурамі, створанымі на постсавецкай прасторы, у тым ліку з ідэяй выхаду з АДКБ, з Эўразійскага эканамічнага саюзу, далучэньня да NATO».
Лаўроў таксама адзначыў: «Ну, і мы ведаем заяву як найменш аднаго з чальцоў Каардынацыйнай рады пра тое, што «расейцы — гэта народ-падлюка» і што «Беларусь ніколі не была Расеяй, што Беларусь заўсёды была Польшчай». Я яшчэ раз падкрэсьлю, што гэта заявы і выказваньні, якія гучалі з вуснаў дзеячоў рады на ранейшых этапах іх кар’еры. Але тым ня менш гэта характарызуе погляды як мінімум некаторых з удзельнікаў гэтага працэсу».
Лаўроў не ўдакладніў, каго менавіта мае на ўвазе.
Кіраўнік МЗС РФ заявіў, што «да гэтага часу няма выразных тлумачэньняў з боку лідэраў гэтага мэханізму адносна той праграмы, якая вісела на сайце Сьвятланы Ціханоўскай, якая пацьвярджае накіраванасьць менавіта на антырасейскую працу і якая потым хутка зьнікла».
«У гэтых умовах мы шчыра лічым, што нам няма для чаго сустракацца з прадстаўнікамі Каардынацыйнай Рады, якія запытваюць наконт падобных кантактаў, да таго часу, пакуль яны не сфармуюць сваю структуру ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Мы працуем у розных краінах з апазыцыяй, але з апазыцыяй, якая сама функцыянуе ў легальным прававым полі», — заявіў кіраўнік МЗС РФ.
«Яшчэ адна характарыстыка Каардынацыйнай рады: на нейкім этапе, калі першыя дэманстрацыі пачаліся, першыя супрацьстаяньні з праваахоўнымі органамі, там жа гучалі прамыя заклікі да праваахоўнікаў парушаць прысягу, здраджваць прысязе, пераходзіць на бок народу, як яны казалі, і абяцалі за гэта заплаціць, — заявіў Лаўроў. — Мне здаецца, гэта ўжо проста крымінальнае злачынства. Так што мы хочам спачатку зразумець, што гэта за людзі, якія сябе прэзэнтуюць як адзіны заступнік за будучыню беларускага народу».