Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ладна ноўтбукі, але навошта ім чырвоны халат?» — на валянтэра «Вясны» завялі справу па артыкуле «Масавыя беспарадкі»


Павел Гарбуз
Павел Гарбуз

У дачыненьні да валянтэра праваабарончай арганізацыі «Вясна» Паўла Гарбуза завялі крымінальную справу па артыкуле КК 293 («Масавыя беспарадкі». Ён затрыманы і мае статус падазраванага.

Валянтэрка «Вясны» Марына Гарбуз ня можа супакоіцца ад падзей 31 жніўня, калі затрымалі яе мужа Паўла і ў прысутнасьці малых дзяцей правялі вобшук у кватэры.

У траўні Павал і Марына запісаліся ў валянтэрскую службу «Вясны» і працавалі ўсё лета, асабліва пасьля выбараў. Падвозілі ваду пікетоўцам, адвозілі перадачы палітвязьням, сустракалі з Акрэсьціна тых, хто вызваляўся, развозілі вызваленых па дамах, вялі з палітвязьнямі перапіску і адвозілі ім перадачы.

Шасьцёра ў чорных масках

У сям’і Гарбузаў двое дзяцей — дачцэ 1 годзік, а сыну 7 гадоў. У панядзелак Павал Гарбуз плянаваў паехаць па валянтэрскіх справах у БАЖ, а Марыне з дачкой трэба было на пошту — хацела адправіць чарговую партыю лістоў палітвязьням. А 12-й выходзілі з дому амаль разам. Толькі Павал выйшаў хвілінай раней, каб спачатку выкінуць сьмецьце, з разьлікам, што сустрэнуцца каля аўтамабіля. Але мужа Марына не дачакалася і ў роспачы вярнулася зь дзецьмі дамоў. Раптам званок у дзьверы. Сын пайшоў адчыняць, думаў, гэта тата вярнуўся, а замест таты ў дзьвярах — шасьцёра ў масках.

«Уявіце, на парозе — 6 мужчын у чорных масках. Два паказваюць чырвоныя пасьведчаньні, кажуць, што Павал затрыманы, нават называюць артыкул — 293, арганізацыя масавых беспарадкаў. Дастаюць пастанову аб вобшуку і пачынаюць усё ў кватэры аглядаць. Прычым адметна, што адразу ідуць да шафы, дзе муж захоўваў пнэўматычны пісталет. Адкуль ужо даведаліся?», — заўважае Марына. Жанчына тлумачыць, што муж раней працаваў дальнабойшчыкам, заўсёды браў у рэйсы дзеля бясьпекі пнэўматычную зброю. Паводле Марыны, на яе ў мужа ёсьць адпаведныя дакумэнты, і да крымінальнай справы, як яна мяркуе, пісталет не прычэпяць.

«Адразу жорстка паклалі тварам у асфальт, што тут гадаць. Над брывом і на руках задзірыны, адвакатка яго ўжо бачыла» — кажа жонка затрыманага валянтэра.

Зьвесткі пра мужа пакуль у Марыны мінімальныя.

«На дадзены момант ён яшчэ на Акрэсьціна, але заўтра заканчваюцца 72 гадзіны, як затрымалі, таму мусяць альбо вызваліць, альбо выставіць абвінавачаньне. І ўжо могуць перавесьці на „Валадарку“, як Паўла Севярынца. Мы з Паўлам ды зь іншымі палітвязьнямі перапісваліся, падбадзёрвалі, што ўсё будзе добра, абавязкова выйдуць на волю. Дык цяпер майму Пашу гэтак жа людзі хай пішуць», — спадзяецца Марына.

Жанчына не выключае, што нейкія захады могуць зрабіць і супраць яе.

«Як сыходзілі, дык папярэдзілі, каб меней куды хадзіла, бо яшчэ гадаваць дзяцей. І сказалі, што сустрэнемся. А сёньня сапраўды выклікалі да сьледчага на допыт. Сказала, што ня буду сьведчыць супраць мужа, але ўсё роўна выклікаюць. Пагражаюць даставіць прымусова. Трэба ехаць, хоць, калі шчыра, баюся — а раптам не адпусьцяць?»

Кухонныя нажы забралі на праверку

Вось што Марына Гарбуз расказала пра вобшук у іх кватэры.

«Паводзілі сябе дастаткова карэктна, але было дзіўна ад некаторых пытаньняў. Прыкладам, папрасілі выдаць усе „колючыя і рэжучыя прадметы, з дапамогай якіх муж арганізоўваў беспарадкі“. Кажу ім, што няма такіх прадметаў, ёсьць толькі кухонныя нажы. Дык забралі нажы на праверку», — кажа Марына Гарбуз.

Паводле жанчыны, з дому таксама забралі тэхніку: 2 ноўтбукі, пляншэт, стары тэлефон і ўсю перапіску з палітвязьнямі.

«Яшчэ Пагоню забралі са сьцягам, розныя белыя і чырвоныя стужкі і чамусьці — чырвоны халат. Ну, і само сабой — плякат з надпісам „Краіна для жыцьця“ — відаць, як рэчавы доказ масавых беспарадкаў», — усьміхаецца Марына.

Сярод забранай у доме валянтэраў Гарбузаў перапіскі ёсьць і лісты ад Сяргея Ціханоўскага, якія палітвязень адправіў, калі яшчэ сядзеў у ізалятары на Валадарскага.

«Мы ж раней не былі знаёмыя і пра гэта яго папярэдзілі, а ён адказаў, што яму ўсё ж нібыта знаёмае наша прозьвішча, ды запытаўся, ці ня быў хто з нас у ягонай ініцыятыўнай групе? Яшчэ дзякаваў за падтрымку, за перадачы, і напісаў, што пасьля вызваленьня абавязкова сустрэнемся».

Як магло стацца, што яўка на выбарах склала 117%?

9 жніўня і цягам датэрміновага галасаваньня Марына Гарбуз як незалежны назіральнік сачыла за выбарамі на 104 і 105 участках Фрунзенскага раёну. Жанчына перакананая, што Лукашэнка на гэтых участках не перамог, а яўка падчас датэрміновага галасаваньня наўмысна была завышаная, каб больш бюлетэняў кінуць за яго.

«Вынікова па нашых падліках на 104 і 105 участках яўка склала 117 працэнтаў — такога ж ня можа быць, так? Чаму ж гэтак атрымалася? Бо падчас папярэдняга галасаваньня яўку завышалі, каб укідаць бюлетэняў як мага болей, бо ведалі, за каго людзі. Прыкладам, у адзін зь дзён датэрміновага галасаваньня мы бачым, што прыйшлі галасаваць 110 чалавек, а афіцыйныя дадзеныя — 320. Але адкуль яны ўзяліся? Можа быць памылка ў 10, 20 чалавек, але не ўтрая? Мы накіравалі наконт гэтага скаргі — вы б бачылі адказы, якія прыйшлі. Гэта зьдзек», — абураецца Марына Гарбуз.

Сама Марына галасавала 9-га на ўчастку ў Малінаўцы, дзе прапісана. Жанчына згадвае, што пераважная большасьць выбарцаў, якіх яна бачыла на ўчастку, былі зь белымі стужачкамі. «Там таксама адназначна перамога была за Ціханоўскай, а Лукашэнку прыпісалі нашы галасы», — мяркуе Марына Гарбуз.

Ці дапамагаюць валянтэры сям’і Гарбузаў, як тыя дапамагалі іншым?

Марына кажа, што ўжо адчула падтрымку ад незнаёмых людзей.

«Учора трэба было ехаць на Акрэсьціна, везьці Паўлу перадачу, дык некалькі чалавек пазванілі і прапанавалі сваю дапамогу. Так што, думаю, справімся», — кажа Марына Гарбуз.

Марына Гарбуз разам з дачкой
Марына Гарбуз разам з дачкой

Хто такі валянтэр «Вясны» Павал Гарбуз?

Паўлу Гарбузу, якога могуць падазраваць у арганізацыі масавых беспарадкаў, 31 год. Паводле адукацыі ён выкладчык матэматыкі. Нейкі час працаваў кіроўцам ва ўправе Беларускага экзархату РПЦ у Менску, потым звольніўся і ўладкаваўся ў транспартную фірму ў Літве.

«Ён шчыры вернік, працаваў добра. Уладкаваўся дальнабойшчыкам у літоўскую фірму, езьдзіў туды працаваць, дзяцей жа трэба гадаваць. А як пачаліся праблемы з каранавірусам, і там прыпынілася. Дык адвучыўся на курсах на ІТ-шніка, яго неўзабаве меліся браць тут на працу. А замест гэтага — затрымалі. Канечне, мы даўно засьвяціліся як валянтэры. Мы ў Жодзіна езьдзілі зь перадачамі, машына наша ім добра вядома. Таму адміністрацыйную адказнасьць мы не выключалі, але каб крымінальную? Ніколі не падумала б, што можам як валянтэры ўяўляць такую пагрозу для краіны», — мяркуе Марына Гарбуз.

Першага верасьня сын Марыны і Паўла Гарбузоў меўся пайсьці ў першы кляс у той самай 16-й школе, за галасаваньнем у якой яны назіралі 9 жніўня. Сьвята ведаў для сямігадовага беларуса не атрымалася. «Пасьля таго, што там зрабілі з выбарамі, мы сваіх дзяцей гэтым настаўнікам даверыць ня можам», — кажа Марына Гарбуз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG