Міністэрства замежных спраў Польшчы абвергла паведамленьні аб нібыта незаконным перасячэньні беларуска-польскай мяжы сябрам Каардынацыйнай рады Паўлам Латушкам.
«У сувязі з інфармацыяй некаторых афіцыйных беларускіх СМІ аб нібыта незаконных дзеяннях амбасады Польшчы ў Менску з мэтай перавозкі Паўла Латушкі праз беларуска-польскую мяжу, польскае Міністэрства замежных спраў паведамляе, што такіх падзеяў не было.
Спадар Латушка прыехаў у Польшчу на запрашэньне арганізатараў Эканамічнага форуму ў Крыніцы. Ён перайшоў мяжу законна. У рамках візыту ў Польшчу ён мае намер правесьці шэраг сустрэч. Усе інсынуацыі адносна нібыта незаконнай дзейнасьці польскай дыпляматычнай місіі ў сувязі з гэтым нам незразумелыя і бессэнсоўныя.
Гэта спроба перакласьці адказнасьць на Польшчу за няздольнасьць беларускіх уладаў весці дыялёг са сваім грамадзтвам. Польшча нязьменна прытрымліваецца пазыцыі, што такі дыялёг — адзіны спосаб забясьпечыць стабільнае развіцьцё незалежнай, сувэрэннай, дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі»,— піша на сваім сайце МЗС Польшчы.