БПЦ і Ўпаўнаважаны ў справах рэлігій не камэнтуюць забароны на ўезд мітрапаліту Кандрусевічу Мітрапаліта Менска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
31 жніўня не ўпусцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся са службовай выправы з Польшчы. Ніводная дзяржаўная ўстанова не паведамляе прычыны і не камэнтуе сытуацыі.
Што сказаў Лукашэнка
Выказаўся толькі Аляксандар Лукашэнка. Лукашэнка лічыць, што мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч «атрымаў пэўныя задачы» ў Польшчы, і таму яго не ўпусьцілі ў Беларусь, перадае БелТА.
«Мы ўважлівым чынам адсочваем ўсіх, хто ўяжджае-выяжджае, — сказаў Лукашэнка падчас паездкі ў Баранавічы. — Кіраўнік Каталіцкай царквы нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся Беларусь і трапіў у сьпіс неўязных, агульны ў Беларусі і Расеі. Ня толькі ён адзін, проста гэта больш вядомая фігура».
Тым часам дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС, Дзяржаўны памежны камітэт, апарат Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў другі дзень маўчаць.
Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі выступіў са зваротам.
Што напісана ў законах
У мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча толькі адно грамадзянства — беларускае. Ён нарадзіўся ў вёсцы Адэльск Горадзенскага раёну.
13 гадоў таму ён прыехаў з Масквы служыць у Беларусь і адмовіўся ад расейскага грамадзянства. Ня выпусьціць з краіны свайго грамадзяніна можна, не ўпусьціць — нельга. Згодна з Законам аб грамадзянстве грамадзяніну Рэспублікі Беларусь ня можа быць адмоўлена ва ўезьдзе ў сваю краіну. Да таго ж гэта канстытуцыйнае права на свабоду перамяшчэньня.
Гэтае права можа быць абмежаванае толькі рашэньнем суду. Аднак толькі на выезд з краіны, не на ўезд. Не ўпускаць у краіну могуць замежных асобаў, асобаў без грамадзянства. Іх могуць прызнаць «пэрсонамі нон-грата» і не ўпускаць у краіну на пэўны тэрмін.
Артыкул 19 Закону «Аб грамадзянстве» прадугледжвае, у якіх выпадках чалавек можа страціць грамадзянства. Да прыкладу, калі асоба паступае на вайсковую службу, службу ў паліцыю, органы бясьпекі, юстыцыі ці іншыя дзяржаўныя органы замежнай дзяржавы пры адсутнасьці асобна прапісаных падстаў.
Пазбавіць грамадзянства ў такім выпадку могуць: — па заяве самога грамадзяніна; — па ініцыятыве органаў унутраных спраў або органаў дыпляматычнай службы.
Апарат Упаўнаважанага ў справах рэлігій: «Камэнтароў ня будзе»
У прыёмнай апарату Ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў паведамілі, што сам упаўнаважаны Леанід Гуляка на бальнічным. І ніякіх камэнтароў ня будзе. На ўдакладняльнае пытаньне, чаму і хто ўпаўнаважыў так адказваць прадстаўнікам СМІ, жаночы голас адказаў: «Я проста сакратарка», і паклалі слухаўку.
Намесьніца ўпаўнаважанага Алена Радчанка таксама пацьвердзіла, што апарат яго ня будзе камэнтаваць сытуацыю зь мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. На пытаньне, навошта тады ў краіне такая ўстанова, калі яна не абараняе інтарэсы кіраўніка Каталіцкай царквы і інтарэсы 20% беларусаў, якія зьяўляюцца каталікамі, Алена Радчанка заявіла: «Вы памыляецеся. Я нічога камэнтаваць ня буду» і таксама паклала слухаўку.
Праваслаўная царква: «Афіцыйных публічных камэнтароў ня будзе»
Прэсавы сакратар Праваслаўнай царквы Сяргей Лепін напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
«Сябры, з нагоды гісторыі зь мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам ніякіх афіцыйных публічных камэнтароў ні ад уладыкі Веньяміна, ні ад прэс-службы ня будзе. Адказаў на пытаньні аб прычынах такога вы таксама не атрымаеце. Спадзяюся на разуменьне. Мне застаецца толькі ад сябе асабіста выказаць словы брацкай падтрымкі ўсёй каталіцкай грамадзе Беларусі і пажадаць ёй шчасьлівага вырашэньня сытуацыі, няяснай сытуацыі. Дзіўнай і незразумелай сытуацыі! Я спадзяюся на хуткае ўзьяднаньне каталіцкай паствы са сваім першаярархам. Хай усё будзе добра!»