Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліта Кандрусевіча памежнікі не ўпусьцілі у Беларусь з тэрыторыі Польшчы. Без тлумачэньня прычын


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Свабода даведалася, што кіраўніка каталіцкага касьцёла Беларусі, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, беларускія памежнікі не ўпускаюць у Беларусь. Герарх вяртаўся дадому з Польшчы.

«Я знаходжуся на пераходзе ў Кузьніцы Беластоцкай, мяне не пусьцілі, – сказаў Свабодзе мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч па тэлефоне з польскім нумарам. – Потым будзе заява. Пакуль нічога больш сказаць не магу».

Мітрапаліт Кандрусевіч зьяўляецца грамадзянінам Беларусі.

Пазьней забарону на ўезд пацьвердзіў і генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

«31 жніўня супрацоўнікі памежнай службы Рэспублікі Беларусь адмовілі ва ўезьдзе ў краіну Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу».

Біскуп Юрый Касабуцкі ўдакладніў, што ў панядзелак 31 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вяртаўся з замежнай службовай паездкі.

На памежным пераходзе Кузьніца Беластоцкая — Брузгі супрацоўнікі памежнай службы Рэспублікі Беларусь адмовілі кіраўніку беларускага каталіцкага эпіскапату ва ўезьдзе ў краіну без тлумачэньня прычыны.

Мітрапаліт вярнуўся ў Польшчу

А 17-й гадзіне прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёлу айцец Юры Санько паведаміў Свабодзе, што мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зь беларускага памежнага перахода «Брузгі» вярнуўся ў Польшчу.

Яму не дазволілі ўезд у Беларусь, не патлумачыўшы ніяк прычын гэтага. Пачакаўшы некалькі гадзін, ён пакінуў памежны пераход.

«Машына, на якой ехаў мітрапаліт, ужо пераехала мяжу, і накіравалася ў Беларусь, а мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваўся назад на польскую тэрыторыю. Ён будзе працягваць дамагацца вярнуцца на радзіму. І мы тут будзем пратэставаць, зьвязвацца з усімі дзяржаўнымі ўстановамі ў Беларусі, таму што каталіцкі касьцёл Беларусі ня можа быць без свайго кіраўніка. Ніякіх тлумачэньняў гэтаму рашэньню ад уладаў мы так і не атрымалі», — сказаў Юры Санько.

Прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёлу айцец Юры Санько раніцай паведаміў Свабодзе, што мітрапаліт Кандрусевіч вяртаўся з Польшчы, ён знаходзіўся там тыдзень на адпачынку:

«Тое, што здарылася на мяжы, яму зусім незразумела, яму там ніяк не патлумачылі прычыны такіх дзеяньняў. Я зь ім у кантакце, ён чакае цяпер на мяжы, на стан здароўя ня скардзімцца, хоць нядаўна ён перанёс апэрацыю і рэабілітацыю. Кандрусевіч зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Мы тут у Беларусі спрабуем цяпер разабрацца ў гэтай сытуацыі».

Прадстаўнік памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што пакуль не гатовы пракамэнтаваць сытуацыю.

«На дадзены момант ніякай інфармацыі я вам прадаставіць не магу і пракамэнтаваць таксама не магу».

Начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун таксама адмовіўся камэнтаваць сытуацыю:

«Я пакуль нічога ня ведаю і вельмі заняты», — сказаў карэспандэнту Свабоды палкоўнік Бягун.

Па стане на 16.30 абодва чыноўнікі па-ранейшаму ніяк не маглі патлумачыць сытуацыю.

Хто такі Тадэвуш Кандрусевіч ​

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 году ў вёсцы Адэльск непадалёк ад Горадні ў сям’і Ігнацыя і Ганны Кандрусевічаў.

Пасля заканчэньня сярэдняй школы ў 1962 годзе Тадэвуш Кандрусевіч паступіў на фізыка-матэматычны факультэт Горадзенскага пэдагагічнага інстытуту, адкуль праз год павінен быў сысьці ў сувязі з абвінавачваньнямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касьцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах.

Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Горадні, у 1964 году паступіў на энэргамашынабудаўнічы факультэт Ленінградзкага політэхнічнага інстытута, які ў 1970 г. скончыў на «выдатна» і атрымаў дыплём інжынэра-мэханіка па спэцыяльнасьці «гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі».

У 1976 г. Тадэвуш Кандрусевіч паступіў у Духоўную сэмінарыю ў Коўне, якую скончыў у 1981 годзе і 31 траўня таго ж года прыняў сьвятарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса.


У 1981–1986 гг. быў вікарыем у віленскім касьцёле св. Тэрэзы пры Вострай Браме, у 1986–1987 гг. — вікарыем парафіі Маці Божай Шкаплернай у Друскеніках (Друскінінкай, Літва), у 1987–1988 гг. — вікарыем у віленскім касцёле Сьвятога Духа. 13 лютага 1988 г. быў прызначаны пробашчам горадзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай (былы францішканскі касьцёл) і св. Францішка Ксавэрыя (катэдра).


25 ліпеня 1989 году Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім Адміністратарам Менскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскую сакру, якая адбылася 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы сьв. Пятра ў Рыме, узначаліў Папа Ян Павел ІІ. Біскупскі дэвіз Тадэвуша Кандрусевіча Quis ut Deus — «Хто ж як Бог».

Падчас свайго біскупскага служэньня ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Горадзенскую вышэйшую духоўную сэмінарыю, спрыяў вяртаньню і адкрыцьцю каля 100 раней зачыненых касьцёлаў, а таксама прычыніўся да выданьня «Парадку Імшы» і «Катэхізісу» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэньня Касцёла ў Беларусі, з посьпехам працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімерам Сьвёнткам.

13 красавіка 1991 г. Тадэвуш Кандрусевіч быў менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду эўрапейскай часткі Расеі.

21 верасьня 2007 году папа Бэнэдыкт XVI менаваў Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Менска-Магілёўскім, перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

3 чэрвеня 2015 г. Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абрала арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сваім Старшынёй.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уваходзіць у спецыяльны савет па Эўропе пры Генэральным сакратарыяце Сінода Біскупаў, у Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую раду справядлівасьці і спакою. Зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Эўразійскага аддзяленьня Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).

Валодае беларускай, расейскай, польскай, літоўскай, ангельскай і італьянскай мовамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG