Паводле Сьледчага камітэту, за апошні час зарэгістравана больш за 150 выпадкаў пагроз і абраз у адрас чыноўнікаў.
Толькі за апошнія два дні распачалі больш за дзесяць крымінальных спраў паводле такіх фактаў, а з пачатку жніўня — каля пяцідзесяці.
Сьцьвярджаецца, што ў сувязі з заклікамі адклiкаць дэпутатаў некаторым зь іх пачалі паступаць пагрозы расправай, калі яны не складуць сваіх паўнамоцтваў. Маўляў, ахвярамі такіх пагроз сталі шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і кіраўнікоў мясцовых органаў улады зь Менску, Гомля і іншых гарадоў.
Раней Сьледчы камітэт выклікаў сяброў Каардынацыйнай рады, у тым ліку нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, на допыты ў справе аб закліку да захопу ўлады.
У Беларусі з 9 жніўня працягваюцца акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў прэзыдэнта. Пераможцам абвешчаны дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, які займае гэтую пасаду з 1994 году. Самыя масавыя акцыі адбыліся 16, 23 і 30 жніўня. У ходзе акцый пратэсту, якія прайшлі 9-11 жніўня, затрымалі каля 7 тысяч чалавек.
Да цяперашняга часу большую частку затрыманых вызвалілі. У ходзе акцый пратэсту і катаваньняў пасьля іх загінулі людзі, аднак іх колькасьць адрозьніваецца паводле розных крыніц. Сотні былі пабітыя і шпіталізаваныя.
25 жніўня Ціханоўская паведаміла, што загінулі ня менш за шэсьць чалавек. Управа Вярхоўнага камісара правоў чалавека ААН паведаміла пра гібель чатырох чалавек на акцыях пратэсту ў Беларусі.