Кіраўнік міжнародна прызнанага Ўраду нацыянальнай згоды Лібіі (УНС) Фаіз Сарадж звольніў міністра ўнутраных спраў краіны Фатхі Алі Башагу на тле масавых грамадзянскіх пратэстаў у Трыпалі, паведамляе агенцтва Reuters. Прычынай адстаўкі стала выкарыстаньне агнястрэльнай зброі супраць пратэстоўцаў — Сарадж паабяцаў расьсьледаваць выпадкі ўжываньня гвалту.
Пратэсты на кантраляванай УНС тэрыторыі працягваюцца ад сярэдзіны жніўня, удзельнікі патрабуюць адстаўкі ўраду, які, на думку дэманстрантаў, не дае рады росту цэнаў, беспрацоўю, карупцыі і пандэміі каранавірусу. У Трыпалі як мінімум дзьве вулічныя дэманстрацыі скончыліся сутыкненьнямі з паліцыяй, паведамляецца пра ўдзел у разгонах сырыйскіх наймітаў, перакінутых у краіну Турэччынай для барацьбы зь Лібійскай нацыянальнай арміяй Халіфы Хафтара, перадае «Камэрсант».
У Лібіі некалькі гадоў працягваецца грамадзянская вайна. Захад і сталіцу краіны Трыпалі кантралюе міжнародна прызнаны Ўрад нацыянальнай згоды. Усход і частка поўдня краіны — пад кантролем Лібійскай нацыянальнай арміі Хафтара, які фармальна прадстаўляе парлямэнт, што засядае ў Тобруку. Абодва бакі канфлікту карыстаюцца як ускоснай, так і прамой падтрымкай замежных дзяржаваў і ня могуць перамагчы адзін аднаго.
На кантраляванай войскамі Хафтара тэрыторыі таксама працягваюцца пратэсты. Жыхары патрабуюць адстаўкі 76-гадовага вайскоўца і вырашэньня эканамічных праблем.