Сёньня раніцай адбылося несанкцыянаванае пранікненьне на тэрыторыю амбасады Лібіі ў Беларусі. «Прычынай інцыдэнту зьяўляюцца ўнутраныя супярэчнасьці паміж лібійскімі дыпляматамі» — заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Са спасылкай на праваахоўныя органы ён паведаміў, што сёньня прыкладна ў 6 гадзінаў раніцы група асобаў пранікла на тэрыторыю амбасады Лібіі ў Менску. Пры гэтым быў зрэзаны замок зьнешняй брамы і адкрытыя дзьверы (разьбітая шыба) у будынку дыпмісіі.
Да месца здарэньня прыбыла зьмяшаная група прадстаўнікоў МУС. Аднак у адпаведнасьці з Венскай канвэнцыяй аб дыпляматычных зносінах яны ня могуць уваходзіць на тэрыторыю амбасады без адпаведнага запрашэньня.
«Беларускі бок у адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі ня можа і ня будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы замежных дыпмісіяў. Да старэйшых дыпляматаў амбасады Лібіі даведзеная інфармацыя аб адказнасьці за стварэньне сваімі дзеяньнямі пагрозы грамадзкаму парадку і бясьпецы» — гаворыцца ў заяве прэсавага сакратара МЗС Беларусі.