Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым для Лукашэнкі страшныя санкцыі? Думка экспэрта


Эўразьвяз увядзе санкцыі ў дачыненьні да 20 вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. Іх лічаць датычнымі да фальшаваньня выбараў і да гвалту ў дачыненьні да пратэстоўцаў. Аляксандар Лукашэнка прыгразіў у адказ санкцыямі Польшчы і Літве. Ён таксама сьцьвярджае, што дамовіўся з Расеяй аб выкарыстаньні сумесных войскаў «у выпадку пагрозы з Захаду». У Маскве гэта пакуль не камэнтавалі.

Былы беларускі дыплямат Валеры Кавалеўскі ў эфіры «Настоящего времени» распавёў, настолькі адчувальная для афіцыйнага Менска рэакцыя ЭЗ.

— Я думаю, што Беларусь пацерпіць ад увядзеньня санкцый — нават калі гэта будуць пэрсанальныя санкцыі, якія на сёньняшні дзень абмяркоўваюцца, гэта будзе ўжо балючым ударам. Паколькі шмат хто ў сьвеце сочаць за тым, як выбудоўваюцца адносіны Беларусі зь Эўрапейскім зьвязам, са Злучанымі Штатамі асабліва, многія трэція краіны зацікаўленыя ў вядзеньні бізнэсу зь Беларусьсю, але яны будуць гэта рабіць з аглядкай на стан адносін Беларусі са Злучанымі Штатамі, напрыклад. Ім не хацелася б патрапляць у такія сытуацыі, калі праз санкцыі ў дачыненьні да Беларусі можа пацярпець іх уласны бізнэс.

Таму Беларусь на самой справе вельмі ўразьлівая перад такімі захадамі замежных урадаў, і яна вельмі не зацікаўленая ў тым, каб санкцыі былі адноўленыя.

— Эўразьвяз кажа, што санкцыйны сьпіс будзе складацца з 20 прозьвішчаў, гэта значыць будуць пэрсанальныя санкцыі. Як вы думаеце, у ім прозьвішча Лукашэнкі будзе?

— Яно павінна там быць абавязкова. Па-першае, гэта той чалавек, які сфальшаваў выбары. Па-другое, на загад гэтага чалавека было ўжываньне гвалту ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў, ужываліся катаваньні, упершыню за гісторыю сучаснай Беларусі падчас пратэстаў загінулі людзі. І мы яшчэ да канца ня ведаем, колькі людзей на самой справе заплацілі сваім жыцьцём за права жыць у свабоднай краіне.

— Увядзеньне санкцый у дачыненьні да Лукашэнкі што асабіста для яго будзе значыць?

— Я думаю, што ўвядзеньне санкцый з боку Эўрапейскага зьвязу або Злучаных Штатаў [нічога] асабліва ня будзе азначаць для ягоных асабістых інтарэсаў, але як для дзяржаўнага дзеяча гэта, вядома, азначае ягонае чарговае банкруцтва. Гэта будзе азначаць, што чалавек зноў нерукапаціскальны, што зь ім зноў не жадаюць весьці дыялёг лідэры сусьветных дзяржаваў. І гэта перакрэсьлівае ўсе тыя дасягненьні, якія былі зробленыя беларускай дыпляматыяй за апошнія шэсьць-сем гадоў ад моманту, калі Расея ўварвалася ва Ўкраіну, гэта надало Беларусі магчымасьць выбудаваць адносіны зь Эўрапейскім зьвязам, са Злучанымі Штатамі па-новаму. І гэтая праца была перакрэсьленая менавіта падзеямі гэтых выбараў.

— Але ж 26 гадоў ён існаваў у такім рэжыме, у такім статусе. І, па вялікім рахунку, нічога не зьмянілася. Як вам здаецца, зараз нешта зьменіцца ці не?

— Тая палітыка па выбудоўваньні новых адносін, па нармалізацыі адносін зь Эўрапейскім зьвязам і са Злучанымі Штатамі была ініцыяваная як адказ на відавочную залежнасьць Беларусі ад Расеі. Занадта ў шматлікіх пытаньнях Беларусь стала ўразьлівай перад воляй Крамля. І для Беларусі стала крытычна важна выраўнаваць гэты дысбалянс. Што асабліва было відавочна на фоне таго, як разьвіваліся падзеі ў Крыме і на ўсходзе Украіны. Таму пытаньне стала на самай справе экзыстэнцыяльным для Беларусі: ці будзем мы далей існаваць як незалежная дзяржава, ці мы будзем паступова сыходзіць пад кантроль Крамля?

Таму аднаўленьне санкцый на сёньняшні дзень азначае, што гэтая палітыка, на жаль, пацярпела правал, і на гэтым этапе, напэўна, заўчасна казаць аб тым, каб выбудоўваць адносіны па-новаму. Цяпер трэба ўтрымаць адносіны, з пункту гледжаньня Лукашэнкі, для таго, каб адносіны зусім не разваліліся зь Эўрапейскім зьвязам і Злучанымі Штатамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG