Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзел АБСЭ — не замежнае ўмяшаньне, бо Беларусь у яе ўваходзіць, — міністарка замежных справаў Швэцыі


Міністры замежных справаў ЭЗ падчас нарады ў Бэрліне, 28 жніўня 2020 г.
Міністры замежных справаў ЭЗ падчас нарады ў Бэрліне, 28 жніўня 2020 г.

Сёньня ў Бэрліне адбылася сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу. Кіраўніца МЗС Швэцыі Ан Ліндэ расказала Радыё Свабода пра вынікі нарады.

— Мы вырашылі ўвесьці санкцыі, саміт ЭЗ 19 жніўня даў нам мандат на іх увядзеньне. Мы прымем гэтае рашэньне максымальна хутка адпаведна патрэбным працэдурам. Таксама павялічым падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. І, зразумела, мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітвязьняў і павагі да патрабаваньняў дэмакратыі і свабоды людзьмі Беларусі.

Ёсьць практычна поўная падтрымка ініцыятывы цяперашняга і наступнага старшынёўства АБСЭ — Альбаніі і Швэцыі — зьдзейсьніць візыт у Менск дзеля палягчэньня дыялёгу паміж апазыцыяй і рэжымам. Ініцыятыву цалкам падтрымаў Эўразьвяз, які гатовы дапамагаць ёй рознымі спосабамі.

— Ці маеце вы кантакты з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем, а калі так, што вам кажа беларускі бок?

— Яны кажуць, што ня хочуць ніякага замежнага ўмяшаньня, але наш аргумэнт у тым, што АБСЭ нельга разглядаць як замежнае ўмяшаньне, бо сама Беларусь уваходзіць у АБСЭ. Макей сказаў, што цяпер рана пра гэта гаварыць. Я, вядома, таксама кантактавала зь Ціханоўскай і атрымала поўную падтрымку нашай прапановы і ад яе, і ад іншых прадстаўнікоў апазыцыі.

На нарадзе ў Бэрліне мы таксама абмяркоўвалі ролю Расеі. Мы атрымалі розныя сыгналы. Я размаўляла больш за гадзіну з маім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым, а Пуцін размаўляў з Макронам і Мэркель. Ёсьць некалькі розных сыгналаў у залежнасьці ад таго, што гавораць звонку і ўнутры. Вельмі важна адзначыць, што ў Беларусі няма антырасейскіх настрояў. Апазыцыя, наадварот, кажа, што хоча падтрымліваць добрыя адносіны з Расеяй. Ніхто не глядзіць на гэтае становішча як на сытуацыю ва Ўкраіне, якую да пэўнай ступені можна было ўспрымаць як канфлікт паміж Расеяй і ЭЗ. У Беларусі гэта ня так, і мы павінны памятаць пра гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG