Расейскі палітык Леанід Гозман, лідэр грамадзкага руху «Саюз правых сіл», назваў апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра «варушэньне войскаў NATO» ў Польшчы і Літве каля межаў зь Беларусьсю «трызьненьнем».
«Не выключаю таго, што трызьненьне, якое ён безупынна вярзе, у нейкай меры — адлюстраваньне яго рэальнай сьвядомасьці, — сказаў Гозман у інтэрвію расейскай службе Голасу Амэрыкі. — У тым сэнсе, што гэта не абавязкова чыстая хлусьня. Напэўна, калі ён прамаўляе свае тырады, то збольшага верыць у іх і сам. Такое ў яго шчасьце».
Паводле Гозмана, апошнія заявы Лукашэнкі — вельмі дрэнны сыгнал.
«Усё гэта можа стаць падставаю для адкрытай просьбы аб вайсковым умяшаньні з боку Расеі ў адпаведнасьці з дамовамі аб Саюзнай дзяржаве і АДКБ. Такі варыянт здаецца цалкам рэальным», — адзначыў палітык.